Понедельник, 21 05 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Акінчыцы — радзіма Якуба Коласа

  • Понедельник, 26 Март 2018 13:02
  • Автор  Сугучча

Яшчэ ніхто так пранікнённа не выказваў пачуцці да сваёй малой радзімы, як гэта зрабіў Народны паэт Беларусі Якуб Колас, напісаўшы неўміручыя радкі: “Мой родны кут, як ты мне мілы, забыць цябе не маю сілы!..” . Выраз стаў крылатым, зразумелым кожнаму беларусу, з яго пачынаецца адзін з раздзелаў паэмы “Новая зямля”. Вядома, ён напоўнены пяшчотай, светлым сумам і шчырым прызнаннем ў любові да бацькоўскай зямлі. І таму мы часта, у след за паэтам, паўтараем кранальныя для сэрца, мілагучныя словы.

Сёння кожны школьнік ведае, што малая радзіма нашага песняра – Стаўбцоўскі раён, а калі казаць дакладна – Нёманскае ўзбярэжжа, на якім маляўніча размясціліся былыя хутары – Акінчыцы, Альбуць, Смольня. Трошкі далей ад іх месціцца Ласток. І, вядома, Мікалаеўшчына – вёска, з якой паходзілі бацькі і дзяды славутага паэта. Усе гэтыя месціны з’яўляюцца філіялам Дзяржаўнага літаратурнага мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Дабрацца сюды нескладана, нават студзёнай і завейнай зімою. У любою пару тут адчуеш непараўнальны спакой і нечаканае азарэнне.

...Цішыня ў лесе. Пад нагамі гучна скрыпіць капустай снег. Ранішняе сонца яшчэ не вынырнула з-за глухой сцяны хвой, бяроз і елак. Перада мной — кладачка праз ручаінку, тую самую, якую паэт назваў вобразна, алегарычна: “крынічкі вузенькае ложа”. За крынічкай  — Альбуць. Плот з брамай, гумно, хлеў, у самым канцы – хата. Першыя цені кладуцца на некрануты снег. Кожны раз, калі я наведваю коласаўскія мясціны, першым чынам іду да гэтай – альбуцкай сядзібы – моўчкі пастаяць, услухацца ў мройныя гукі, уявіць жыццё, якое цякло на лясным хутары болей за сто гадоў таму. У паэме “Новая зямля” Якуб Колас даў гэтаму месцу другое імя — Парэчча.

Як не завітаць у Акінчыцы — калыску славутага паэта?!. Некалі лесніковая камора, дзе служыў Міхал — бацька Якуба Коласа, стаяла адзінока, самотна, прымасціўшыўся на раскрыжаванні лясных дарог. Цяпер Акінчыцы ўваходзяць у гарадскую зону Стоўбцаў, і музейная хатка ўжо стаіць у атачэнні сучасных пабудоў. Нягледзячы на суровую пару году, у Коласаўскія Акінчыцы едуць экскурсіі. Снег трывала лёг тоўстай коўдрай на гонту даху хаты і склепа, пабяліў чаротавы дах адрыны, зрабіў яшчэ выразней графіку панадворка. Вокнамі-вачыма сядзіба па-ранейшаму ўглядаецца ў старажытныя шляхі, быццам бы і не было тых далёкіх, цяжкіх часоў. 

Кожны раз, калі даводзілася бываць у Коласаўскіх месцах, мяне сустракаў дасціпны і гаваркі чалавек – Юрый Міцкевіч. Ён — унучаты пляменнік Якуба Коласа. Дакладней – унук малодшага брата песняра Іосіфа, таго самага Юзіка – героя новзямельскай паэмы, пра якога было зарыфмавана: “А гэты Юзік, шаляніца, малы яшчэ, зусім дурніца, так пад нагамі і таўчэцца, або як хвост той валачэцца…” Я думаю, многія мае землякі помняць гэтыя вясёлыя радкі. Юрый Міхайлавіч шмат гадоў працаваў у музеі старшым навуковым супрацоўнікам, ведаў на памяць усю паэму, яго часта прасілі пачытаць урыўкі з гэтага твора. Нажаль, Юрыя Міхайлавіча Міцкевіча больш за год няма з намі. Мне здаецца, што без яго Акінчыцы асірацелі.

Па-ранейшаму з літаратурнымі мясцінамі Стаўбцоўшчыны наведвальнікаў знаёміць Соф'я Міцкевіч. Больш за сорак гадоў водзіць эксурсіі па запаведных сцяжынках, палову з гэтага тэрміну была загадчыцай філіяла. Калі не стала мужа, перайшла на пасаду навуковага супрацоўніка. Зося — так яе называюць сябры, суседзі і сваякі, па-ранейшаму з’яўляецца галоўнай захавальніцай скарба – коласаўскіх сядзіб. Сама яна таксама народжаная на беразе Нёмана – у вёсцы Мікалаешўчына. Таму “мілы кут”, пра які так замілавана гаварыў паэт, гэта і яе малая радзіма.

Анатоль Кляшчук

Фота аўтара

Крыніца: Звязда

Прочитано 70 раз Последнее изменение Понедельник, 26 Март 2018 13:03
Другие материалы в этой категории: « Як захоўваецца спадчына Якуба Коласа ў яго сям'і
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии