Воскресенье, 15 12 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Народнае свята для народнага паэта

  • Вторник, 16 июля 2019 16:51
  • Автор 

Цьмяная фігура, абапіраючыся на палку, назірае за паркам. Твар адначасова ўсмешлівы і засяроджаны — выраз яго залежыць ад настрою таго, хто ў яго ўглядаецца. Янка Купала стаіць сярод дрэў у самым цэнтры Мінску, у гэты дзень, як і шмат гадоў дагэтуль, яму зноў прыносілі кветкі.


Фота Дар’і Смірновай.

Фота Дар’і Смірновай.

Каля зялёных сцен аднаго з найважнейшых літаратурных музеяў Беларусі паступова збіраліся людзі. Пісьменнікі, выдаўцы, акцёры, публіцысты — літаратурная інтэлігенцыя Беларусі — адзін за другім ускладаюць белыя ружы да бронзавай постаці чалавека, які з’яўляецца адным са слупоў беларускай літаратуры. Тыя, з чыіх рук ужо зніклі белыя кветкі, паважліва адыходзілі і разбіваліся на групы. «Я ў дзяцінстве ведаў сучасную рускую, беларускую, польскую і ўкраінскую літаратуру. А сёння ў моладзі проста няма такой патрэбы, яны могуць зазірнуць у Вікіпедыю, каб уся інфармацыя праз хвіліну выветрылася», — абмяркоўваюць два чалавекі, назіраючы за цырымоніяй. Між тым сярод тых, хто прыйшоў ушанаваць памяць паэта, ёсць і дзеці.

Урачыстая частка шмат часу не заняла. Акцёрка Купалаўскага тэатра Марыя Захарэвіч прадэкламавала радкі паэта. Літаральна праз дваццаць хвілін пляцоўка каля помніка Янкі Купалы апусцела, і пра дзень нараджэння класіка нагадвалі толькі белыя кветкі. Асноўнае святкаванне адбываецца не тут, пад бронзавым позіркам, а там, дзе заўсёды застаецца душа паэта, — у месцы яго нараджэння, у Вязынцы.

Літаратурную дэлегацыю ў Вязынцы сустракаюць гукі музыкі і традыцыйныя хлеб-соль. Пасля прывітальных спеваў гаспадары маладзечанскай зямлі, фальклорны гурт «Маркаўчанка», жадаюць гасцям натхнення, каб у іх тут, у Вязынцы, нарадзіліся новыя радкі новых твораў. «Ужо нарадзіліся, па дарозе», — перамаўляюцца некалькі чалавек у натоўпе. Каля бюста пісьменніка — зноў ускладанне белых ружаў і першы паэтычны выступ: Міхась Башлакоў палымяна заклікаў сапраўдных паэтаў да адказнасці за слова.

Свята народнага паэта мусіць быць не толькі паэтычным, але і народным. Таму ўздоўж дарожкі на тэрыторыі музея раскінуліся палаткі з ежай і рамёствамі, а вакол іх блукаюць, азіраючыся, самыя розныя людзі. Ці з’яўляюцца яны ўсе прыхільнікамі творчасці Янкі Купалы або аматарамі літаратуры, ці яны проста прыехалі правесці выхадны дзень на прыродзе, але паэтычнае слова іх закране ў любым выпадку. Тут добра працуюць мікрафоны, а ў паэтаў добра працуюць галасы.

Калі літаратурная дэлегацыя даходзіць да месца выступу, усе месцы ўжо занятыя. Прыхільнікаў і аматараў сапраўды дастаткова.

Такія канцэрты звычайна пачынаюцца з пераліку афіцыйных пасадаў і такіх жа афіцыйных прамоў, але тут усе словы гучалі шчыра, сапраўды, як віншаванні з днём нараджэння. Сёлета нагода двайная: у дзень нараджэння Купалы згадалі і 75-годдзе яго музея — аднаго з найстарэйшых літаратурных музеяў Беларусі. Першыя віншаванні — і музею, і класіку — прынеслі галоўныя носьбіты спадчыны паэта: дырэктар музея Алена Ляшковіч і дырэктар Купалаўскага тэатра Павел Латушка.

Усе прамоўцы называлі Купалле ў Вязынцы добрай традыцыяй, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне. Прадстаўнікі ўсіх пакаленняў сядзелі на лаўках, на траве, на камянях. Дзяўчаты плялі вянкі з лісця папараці і каляровых кветак. Нехта фатаграфаваўся каля вялікіх чырвоных літар «Янка Купала». Дзяўчынка з размаляваным тварыкам абдымала кнігу з назвай «Спадчына».

За тры гадзіны, што доўжыўся канцэрт, нават тыя, хто трапіў у Вязынку выпадкова, пазнаёміліся з Янкам Купалам, не толькі згадаўшы вершы са школьнай праграмы, але пераважна пачуўшы тыя, якіх у школьнай праграме няма. Кожны з паэтаў, хто выходзіў на сцэну, чытаў або Купалавы творы, або свае, прысвечаныя класіку. Свята паэзіі аб’яднала ўсіх агульнай тэмай. Літаратары з Мінска, Мінскай і Гродзенскай абласцей выказвалі сваё прычыненне да гэтай тэмы. Таксама павіншаваць беларускага класіка з днём нараджэння завітаў расійскі літаратар Віктар Кулэ — перакладчык вершаў Купалы на рускую мову. Купала — літаратар сусветнага маштабу.

Купала — гэта наша сумленне. Купала — сімвал незалежнай Беларусі. Пакуль мы памятаем пра яго, будзем беларусамі. Такія словы гучалі са сцэны, што часам здавалася: нават партрэт Купалы на сцяне пачырванее ад хвалявання. Але разам з гэтым працягвалі гучаць вершы, якія кажуць пра класіка больш, чым усе ўзвышаныя словы.

Калі пачалася залева, слухачы спакойна апранулі дажджавікі, раскрылі парасоны ці проста схаваліся пад дрэвамі або на ганку, які і служыў паэтычнаму святу сцэнай. Купальскі дождж літаральна зблізіў паэтаў і аўдыторыю, загнаўшы іх пад адзін дах.

Музычная частка святочнага канцэрта была своеасаблівая. Поп-музыка на словы класіка — прэм’ера праграмы «Тутэйшы» Аляксандра Віслаўскага — атрымалася альтэрнатыўным шляхам Купалавых твораў да слухачоў.

Сонечнае надвор’е паступова вярнулася, вакол палатак з ежай і сувенірамі пабольшала народу. На вадзе каля самага берага гайдаліся вянкі з папараці і каляровых кветак. За сцяной галоўнага будынка музейнага комплексу невялікая кампанія гуляла ў штосьці накшталт гарадкоў. Некалькі чалавек сабралася каля ўвахода ў музей і нясмела зазірнулі ў драўляныя вясковыя дзверы: «Вы працуеце? Да вас можна?»

Вязынскі анёл-ахоўнік незаўважна ўсміхнуўся. Місія гэтага свята была выканана.

Дар’я СМІРНОВА

Крыніца: ЛіМ

Прочитано 142 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии