Среда, 26 02 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Анталогія сучаснага туркменскага апавядання: Знаёмцеся – Камек Куліеў

  • Пятница, 20 декабря 2019 18:02

Да гэтай працы мяне падштурхнуў супрацоўнік туркменскага літаратурна-мастацкага часопіса «Дунья эдэбіяты» («Сусветная літаратура») Максат Бяшымаў. І вось ужо недзе паўтары гады я паступова знаёмлюся з сучасным туркменскім апавяданнем. Максат дасылае мне творы блізкіх яму па духу аўтараў, у якіх і адлюстроўваецца сучасны свет туркменаў, адлюстроўваецца Каракумскі край. Так я і пераклаў апавяданні ўжо ці не дзесяці туркменскіх празаікаў.

З новых сустрэч і адкрыццяў для мяне як для перакладчыка паўстала апавяданне Камека Куліева «Танец “Карсакы”». Заўважу, што празаік мне знаёмы яшчэ з гадоў маіх першых вандровак у Туркменістан – у сярэдзіне 1980-х гадоў. Камек Куліеў – яркая асоба ў туркменскай прозе. Пісьменнік не выбірае гучных тэмаў, ён не драматызуе тыя ці іншыя падзеі. Але ён выступае як «сацыёлаг», бярэ выразны зрэз жыцця, паказвае з’яву ва ўсіх яе адметнасцях. Вось і ў апавяданні «Танец “Карсакы”» ён гаворыць пра гістарычнае бяспамяцтва, пра тое, што любіць Айчыну спраўднаму грамадзяніну, патрыёту – гэта не значыць, крычаць ва ўвесь голас. Камек Куліеў сцвярджае вартасці гістарычнай генетычнай памяці, робіць гэта па-майстэрску рэльефна, паказвае сувязі пакаленняў на вастрыні псіхалогіі. І ў выніку выступае пераканаўчым мастацкім летапісцам, разглядаючы, здавалася б, досыць просты сюжэт.

Знаёмцеся – Камек Куліеў і яго апавяданне «Танец “Карсакы”».

 

Алесь Карлюкевіч

 

 

 

Камек Куліеў (Туркменістан)

Танец «Карсакы»

Апавяданне

Вандруючы па свету з тых даўніх часін, як узнік зямны шар, пабачыўшы на сваім вяку і дабро, і зло, ужо звар’яцелыя вятры-валацугі пранеслі неяк  неяк над стэпам Мангышлак страшэнную вестку:

– Насоўваецца бяда… Вялікая бяда!!!

У каго быў конь, той сядлаў каня, у каго вярблюд – вярблюда, а ў каго не было ні таго, ні другога, той асядлаў асла. Коннікі надзелі даспехі. Агалілі шаблі і выставілі шчыты. З імі ў адзін рад паўсталі і тыя, хто страціў былую моц, каму не пад сілу было валодаць цяжкай зброяй.

Пакінуўшы жонак сваіх ў глыбокім смутку, пакінуўшы малых сваіх дзяцей на чорныя дні, селі на коней і мужчыны з племя эсгі – магутная абарона аднаго крыла гэтага жорсткага стэпавага народа.

Як толькі атрад згубіўся за даляглядам і пыл рассеяўся за ім, у ваколіцах племя эсгі пачуўся барабанны бой. Сталага веку жанчына, прыняўшы суровы, пагрозлівы выгляд, закрычала на ўсю ваколіцу:

–  Ау-у-у, жанчыны! Выходзьце, выходзьце на сярэдзіну ўсе, хто жадае хуткага вяртання мужа з вайны жывым і здаровым.

У халатах, моцна апярэзаных, абматаўшы галовы хусткамі, жанчыны збіраліся на кліч.

Шырокая, пустая плошча паміж чорнымі кібіткамі, якія, быццам баючыся, што іх можна знесці ветрам, моцна прыціскаліся да зямлі, запоўнілася жанчынамі. Яны кружылі ў сярэдзіне, пляскаючы ў далоні. То ўдвух, то, становячыся ў круг, яны накідваліся адна на другую, затым адступалі і ізноўку кідаліся наперад, пляскаючы ў далоні то над галавой, то нізка ля ног, то справа, то злева. Не было б вяселля ці хаўтур, яны не кружылі б, так р’яна пляскаючы. Плешчуць – значыць нездарма…

Але зараз цяжка было разабраць – вяселле ідзе, ці гэта ўжо хаўтуры, ці гэта танец-гульня, альбо ім зусім не да гульні. Іх вочы не былі вачыма танцораў. Тым, хто пазіраў на іх збоку, здавалася, што не на танец яны выйшлі, не – выйшлі яны на смяротную сутычку! І воплескі, што суправаджалі танец, даносілася да іх слыху, як лязгат шабляў, а шалёны барабанны бой быццам сцвярджаў: «Мужайся, народ мой, мужайся! Уставайце, сыны, на бой!»

Такім быў іх звычай: правёўшы мужоў і братоў на бой, яны і самі «уступалі ў лютую сутычку», па-свойму паўтаралі рухі тых, хто ішоў у атаку, мяркуючы тым самым, што так падтрымліваюць родных. Наіўна? Хто яго ведае… Шчырасць і боль былі сапраўднымі.

… Сталага веку жанчыны не адставалі ад маладых. Кожнай здавалася, што варта ёй стаміцца, не вытрымаць, упасці ці адступіць, як у той самы міг, недзе там, на полі боя, муж ці брат, бацька ці сын ў паядынку з ворагам будзе забіты. Калі танцорка не сустрэне і не адкіне назад выцягнутыя наперад рукі жанчыны, якая кружыць насупраць, то меч заклятага ворага, абрынецца на галаву яе мужа, знясе яе з  плеч.

Такой была іх вера, і гэтая вера перамагала. Няхай і з вялікімі ахвярамі, з плачам удоў і сірот, з цяжкім болем страт, але перамагала.

Але гэтым разам, на жаль, іх падтрымка спазнілася…

Шмат дзён і начэй запар самаахвярна біліся воіны, але перамагчы ворага ім так не ўдалося. Іх адкрытыя вочы на знесеных галовах пакрыліся пылам з-пад капытоў варожых коней.

Пераможаны народ альбо павінен змірыцца з лёсам і стаць перад ворагам на калені, альбо бегчы ад яго. Разам з астатнімі суровы стэп пакінула і племя эсгі. Горка стогнучы, хаваючы дзяцей сваіх, у асаблівасці хлопчыкаў, уцякалі яны са злашчасных мясцін. Хто, перасягнуўшы горы і моры, застаўся ў далёкіх краінах, хто, паспадзяваўшыся на магутнае заступніцтва, прыбіўся да іншых плямён, а нехта знайшоў прытулак ля берагоў Амудар’і. І цяжка выжываў, станавіўся на ногі…

У жалобе, з белай павязкай на ілбе, прыходзілі яны ў чужыя зямлі. З гадамі белае стала вечнай вопраткай сталых жанчын.

З рыпеннем пранеслася арба стагоддзяў. Надыйшоў новы час. І вось ужо сталі вывучаць забытыя з гадамі нязвыклыя абрады, дзіўныя традыцыі людзей з племя эсгі. Асаблівую ўвагу вучоных захапіў іх старажытны танец.

У адзін з аддаленых калгасаў прыехаў аднойчы малады вучоны з Ашхабада. Разам з загадчыкам клуба Аразам Агаліевым ён наведаў усе вяселлі, што спраўляліся ў ауле, не прапусціўшы ніводнага. Распытваў, высвятляў усё пра танец, нітка якога прывяла вучонага ў глыбокую старажытнасць.

– У гэтым танцы, э-э-э, існуюць элементы мастацтва антычнай эпохі. Ды і сама назва племя эсгі значыць, э-э-э, «старажытны, старадаўні», – з асаблівым стараннем тлумачыў ён жанчынам-танцоркам.

– Вой, мілыя, што ж значыць яго «антык»?

– Можа быць, маецца на ўвазе «у часіны майго дзеда»?..

Малады вучоны доўга ламаў галаву над тым, як назваць танец.

– А мы называем яго «карсакы», – збянтэжана сказала адна з жанчын.

– Што значыць «карсакы»? У літаратурнай мове няма такога слова, ёсць «варсакы» – балбатня, а карсакы – няма. Э-э-э, давайце назавём яго «чапак» – ладачкі.

– Вой, ладачкі-ладачкі – гэта ж дзіцячая гульня…

– Не, якраз «чапак», як таго і патрабуюць спецыфічныя асаблівасці танца.

Што б ні казаў ім малады вучоны, жанчыны згодна ківалі, і ўсё ж сэрца кожнай падказвала, што сапраўдная назва танца – «карсакы» і нішто іншае.

Толькі яны паспяхова справадзілі маладога вучонага, як следам за ім з’явіўся новы чалавек і, сабраўшы ўсіх жанчын, пачаў праводзіць рэпетыцыі.

– Як толькі скажу: «І-і-і» – пачынайце, а крыкну «Стоп-стоп» – спыніцеся. Ясна? Ну, паехалі! І-і-і! Раз-два! Раз-два, раз-два… Стоп-стоп. Не так, ды не так жа! Дзе вы бачылі, каб жанчыны так скакалі?! Вы ж не мужчыны, каб так кідацца адна на другую. У жанчын рухі павінны быць  плыўныя, лёгкія. Пластыка патрэбная. Пла-а-астыка! Зразумела? – асіплым голасам ужо ў соты раз паўтараў ён.

Так у канцы канцоў і быў створаны калектыў. Для Араза насталі шчаслівыя дзянёчкі! Раней як было? Папросіш маладых паспяваць, дык трэба: па-першае, адмовіцца ад гадавога прыбытку невялікага калгаса; па-другое, ім падавай электронную апаратуру і каб абавязкова яна была замежнай вытворчасці, ды не абы якой краіны, абавязкова – капіталістычнай. Пасля – касцюмеры, цырульнікі, грымёры. А для гэтых жанчын нічога гэтага не патрэбна, і перад старшынёю калгаса не давядзецца чырванець. Збяры іх, ды дай у рукі два старэнькіх бубны, і справа з канцом. Вось табе і калектыў! Вось табе і самы старажытны з танцаў!

– Добрую забаву Аразбек знайшоў нашым бабулям, – весела смяяўся  муж цётачкі Сахрагуль, Джума-ага. Але калі даведаўся, што і жонка яго ўдзельнічае ў гэтай «забаве», ён адразу ж змяніўся ў твары. Яшчэ болей яго ашаламілі словы Араза: «Хутка я павязу іх на ўсесаюзны агляд».

– Эх, ведаў бы я раней, што гэтыя яе танцы да дабра не давядуць. О, Алах, сорам які, і гэта цяпер – пасля сямідзесяці ездзіць на агляды, конкурсы… Эх-эх-эх! – услых падумаў стары. На што Араз сярдзіта сказаў:

– Ты, Джума-ага, цёмны, адсталы ад жыцця чалавек. Выходзіць, што ты супраць хуткаснага развіцця культуры ў нашым ауле…

– Ладна, ладна, няхай едзе! – паспешліва здаўся Джума-ага. Яго прыклад падтрымалі і астатнія мужчыны.

Але  што было з пастаноўшчыкам танца, калі ён убачыў выступленне створанага ім ансамбля на сцэне раённага клуба!.. У жаху ён схапіўся за галаву. А ў час агляду ў вобласці схапіўся за сэрца.

Жанчыны, якія на рэпетыцыі танцавалі лёгка і плытка, калі надыходзіў рашаючы момант, выйшаўшы на сцэну, ізноў з лютасцю накідваліся адна на другую. Яны быццам гаварылі: «Эх, шкада, што мы нарадзіліся жанчынамі. Былі б мы мужчынамі, мы б так і зрабілі!..»

Пастаноўшчык танца на ўсё жыццё застаўся пакрыўджаным на цётачак, якія разбілі ў пух і прах яго «пластыку». Палічыўшы выпадковасцю іх поспех, які вырастаў з дня ў дзень, даваў ім права на выступленне ў сталіцы, ён ужо не прыходзіў на наступныя канцэрты і агляды, ды конкурсы, на якіх ансамбль набываў  усё большую папулярнасць.

… Так, атрымаўшы перамогу ў вялікіх і малых спаборніцтвах, стаўшы першымі на шэрагу аглядаў, цётачкі дабралітся і да самой Масквы.

… – Мне не патрэбная твая гісторыя! Важна, каб наш калгас, раён, рэспубліка ў канцы канцоў не бразнуліся тварам у калюжыну. Разумееш? – груба кінуў Араз па прозвішчу Культур сямідзесяцігадовай цётачцы Сахрагуль. – Ты ж старая жанчына, сказала б: «Давайце гэта зробім, тое. Парэпеціруем крышку. Добрае імя нам жа і патрэбна!» Ды не, усё дурыш галаву аповядамі часін нашых продкаў, да таго ж і іншых уцягваеш. «Мангышлак», – сказала, «сорак кібітак», а далей што?!.

Так Араз-Культур, сам таго не падазраючы, падсек сук, на якім сядзеў. Ён настроіў супраць сябе кіраўніцу гэтых жанчын.

Спачатку цётачка Сахрагуль, затым і астатнія звялі і Араза, і яго ансамбль, і добрае імя на нішто і прыступілі да  задушэўных аульных размоў. Яны нават не заўважылі, як Араз, што кіпеў ад абурэння, устаў і гучна грымнуў дзвярыма, выйшаў.

Але як было не кіпяціцца! Вось ужо два дні, як ансамбль «Чапак» прыехаў у Маскву і ніводнага разу за гэты час яны нават не правялі нармальнай рэпетыцыі. Незнаёмыя мясціны, незнаёмая сцэна. Трэба было б прыгледзецца, прызвычаіцца!.. А яны, быццам на базар прыехалі, гандляваць шмоткамі ці плесці плёткі. Добра, былі б маладыя, дык жа самай малодшай ужо пераваліла за сорак!..

Араз думаў, што, як толькі прыедуць у Маскву, яны ні на крок не будуць адставаць ад яго. Ён будзе паўсюль вадзіць іх за сабою, як малых дзяцей.

Прыгожыя будынкі Масквы, дамы, якія імкнуліся ў вышыню, павінны былі, па меркаванню Араза, сцішыць старых, прыглушыць іх актыўнасць.

«Эй, Аразджан, мілы, ідзі марудней, не спяшайся так!» – чакаў  ён ад іх. Быццам гэтыя будынкі былі тварэннем іх рук, яны імкліва насіліся па незнаёмых вуліцах, сноўдалі па гіганцкіх крамах.

З прыгожымі, заманлівымі вітрынамі, адна багацей за другую, крамы, быццам магніт, прыцягвалі іх. І гэта стала для Араза сапраўднай бядой. Варта яму знайсці адну з гэтых жанчын, якая згубілася ў натоўпе, як не стала ўжо дзвюх, знойдзе іх – прападуць яшчэ трое.

Нават калі праходзілі побач з крамай паляўнічых тавараў, глядзіш, ужо не стае двух-трох артыстак.

І як быццам наўмысна, перад самым іх ад’ездам, калгас выдаў ім гадавы заробак, на руках у жанчын грошай хапала.

Неяк аднойчы ля ўвахода ў метро Араз, тыцкаючы пальцам, пачаў іх лічыць.

– Ай, Араз, так толькі скаціну лічаць. А мы такія ж людзі, як і ты, – спынілі яны яго. Што рабіць, давялося лічыць вачыма.

Як толькі цягнік метро спыняўся і адчыняліся дзверы, як з натоўпу даносілася:

–  Вой, а дзе ж, мая сястрычка? Ці яна ўжо выйшла?

«Так», – адказвае адна; «не» – гаворыць другая.

І трэба ж было б: менавіта ў гэты момант яны пранікаліся адна да другой празмернай павагай.

– Праходзь ты!

– Не, спярша ты!

– Толькі пасля цябе!

Да гэтага часу дзверы вагона зачыняюцца перад самым іх носам, і поезд імкліва ляціць далей.

«Ну і акаянны, сыйшоў без нас», – сварацца яны следам.

І тады Аразу даводзіцца сыходзіць на наступнай станцыі і чакаць іх. Яны ж, у другой электрычцы, прыкмеціўшы яго, барабаняць пальцамі па шклу, і з узнёслымі крыкамі: «Вунь Араз, бачыце, вунь ён!» – праносяцца міма.

Аднойчы вечарам яны сабраліся ў холе гасцініцы.

– Не хапае яшчэ паўсюль бегаць за вамі, быццам пастух за козамі, – абрушыўся Араз на жанчын. Яны ж, хіхікаючы, замянілі старую мянушку Араза «Культур» на «казліны пастух». Так загадчык клуба, высокаадукаваны, таленавіты Араз Агаліеў стаў носьбітам гэтай даволі крыўднай мянушкі. І гэта дзе, у Маскве?!

– Ну, нічога, пачакайце, вось вернемся ў сяло, да «Медыніяту», там, там паглядзім, хто чый пастух! – пагрозліва вынес свой вердыкт Араз. Але хіба можна было гэтых жанчын, якія стаялі ля калыскі колуба «Медыніят», гэтым запужаць!

– Мілыя цётачкі, ну што вы на самай справе! Прыехалі ў такую далячынь, дык давайце не будзем сарамаціцца перад людзьмі. Крый Божа, адна з вас прападзе ці патрапіць пад машыну, што я скажу яе родным, як буду ў вочы ім глядзець?! – узмаліўся Араз.

– Можа быць, гэта ты губляешся ў вялікіх гарадах? А мы і не такія гарады пабачылі, – спакойна адказвалі яны.

Араз ізноў пачаў гаварыць гучней:

– Я вывеў вас на сцэну раённага клуба, пасля на сцэны вобласці, рэспублікі. Вось цяпер прывёз у Маскву. І чым вы мяне аддзячылі?! А-а-а!

– Ты чаго гэта раскрычаўся? Бацька твой на нас не крычаў, ты ж чаго так робіш? А што да Масквы – не ты на сабе нас, дзякуй Богу, прывёз, самалёты лятаюць, – ужо па-сур’ёзнаму сталі злавацца жанчыны.

– Вось калі хто прыедзе са сталіцы і нешта скажа вам, дык вы слухаеце яго, разявіўшы рот, як ён загадае, так і робіце. А да мяне прызвычаіліся, вось і.., – праглынуў канец фразы Араз.

Так ужо выйшла, што жанчын размясцілі на розных паверхах гасцініцы. Але і гэта не памяшала ім у любы час, на любой адлегласці «абменьвацца адна з другой сваімі думкамі».

– Ау, Кызылгуль, – даносіўся голас Сахрагуль з другога паверха.

– Што-о? – пыталася тая з дзевятага.

– Майго ўнука, аднагодку Араза, помніш?

– Гадама хіба што?

– Ды не, я пра малодшанькага, пра Кандыма.

– Ну?

– Бачыш, вунь праходзіць нейкі хлопчык? Можа быць, купіць унучку такую самую шапку, як у яго на галаве?

– Ты спытайся, дзе ён купіў. Толькі вось твой унук не такі хіленькі, як Араз, шапку ж для яго давядзецца браць памерам большым.

– Сапраўды!.. Хлопчык, хлопчык, пачакай!..

Араз, які жыў у нумары паміж іх паверхамі, выглянуў з балкона. І ў яго адразу ж закружылася галава. Яму не аднойчы даводзілася чуць, што быццам дамы ў Маскве хістаюцца з боку ў бок на некалькі метраў. Відаць, сапраўды, так яно і ёсць. На нейкае імгненне яму падалося, што зямля плыве з-пад ног. «Калі палячу ўніз, то толькі разам з домам. А вы, што сабе хочаце!..» – падумаў Араз і хуценька вярнуўся ў пакой.

          Унізе, насупраць акна цётачкі Сахрагуль, чухаючы патыліцу, стаяў хлопец у прыгожай шапцы. Пастаяў, пастаяў, усміхнуўся, пакачаў галавой і, паціскаючы плячыма, пайшоў сваёй дарогай.

– Ох-ох-ох, Кызылгуль, бедненькі, нічога не разумее, зусім, як наш Араз…

– Здзекуецеся! Ну, ну ..., – працадзіў скрозь зубы Араз.

А тым часам паміж другім і дзевятым паверхамі размова ўжо ішла пра кароў і быкоў. Прычынай на тое, відаць, стаў раскінуты перад гасцініцай зялёны газон. А мо што іншае…

«Другія жанчыны… жанчыны ўсяго свету выходзяць на вуліцу з транспарантамі ў руках: «Далоў вайну! Далоў імперыялізм!» Па тэлевізару смела глядзяць у вочы ўсёй планеце і даюць інтэрв’ю, адказваючы на самыя складаныя пытанні! А якія прамовы кранальныя гавораць! Аж за душу хапае! А паглядзіце на іх! Шмоткі, шапкі, скаціна…»

Аразу прыйшлі на памяць словы намесніка па культурнай  частцы: «Ты, таварыш Агаліеў, павінен правесці сярод сваіх цётачак выхаваўчую работу». Але дзе ўзяць час для выхаваўчай работы? Зараз пачнецца рэпетыцыя. Пасля…

Араз пагрукаўся да жанчын. Некаторыя нават дзверы яму не адчынілі.

Тады ён спусціўся на другі паверх і, панурыўшы галаву, прадстаў перад цётачкай Сахрагуль.

– Цётачка Сахрагуль, мілая, родная цётачка, дапамажы сабраць іх. Ды нас жа на сцэну не пусцяць… Сораму не абярэшся… Насварыся на іх!..

– Ягнятка ты маё! Навошта на іх сварыцца?! Яны не меней за цябе пякуцца пра добрае імя. Такой бяды, што ніводная жанчына не ў сілах выстаяць перад анучамі і іншымі фінціфлюшкамі. Што зрабіць, такімі іх стварыў Гасподзь…Так што, непрыгожа з твайго боку панукаць! І пасля, дзецуі і ўнукі чакаюць дома гасцінцаў. Што з таго, што ў цябе ёсць дыплом, усё ж нядобра, няправільна прыдзірацца да бедных бабулек. І пасля…

Араз стойка вытрымаў усе яе «і пасля».

– Ты, сынок, будзь спакойны. Я сама прыганю іх на тваю рэпетыцыю! – закончыла цётачка Сахрагуль.

Твар Араза ўпершыню за ўсю паездку засвяціўся шчырай усмешкай. Але і пра сябе не забыўся ён падумаць: «Вось дабрацца б да «Медыніята», а там…»

Трам-тара-рам!..

Сёння на сцэне, праз столькі стагоддзяў, ізноў успыхнула жорсткая бітва. Забыліся на ўсё: і на анучы, і на крамы, пагрозы, крыўды. Ці то даўні боль страты дзяцей, ці то жаданне падтрымаць сыноў, якія паўсталі грудзьмі супраць страшэннай, жахлівай бяды, назва ў якой вайна. Карацей, нейкая цудатворная сіла ў імгненне вока змяніла гэтых жанчын: амаладзіла, надала ім пагрозлівы, адважны выгляд. Вочы іх загарэліся, цела налілося сілай.

Да Араза толькі цяпер дайшло, што гэтым жанчынам не патрэбны ні транспаранты, ні інтэрв’ю. Гэты танец шмат стагоддзяў назад сабраў у сабе ўсё, што яны хацелі сказаць і маглі сказаць. Цяпер Араз і не сядзеў, і не стаяў. Ён ледзьве пераводзіў дыханне. У гэтым дыханні ён забыўся на ўсе турботы, якія прынеслі яму цётачкі з роднага сяла.

Яны кружыліся на сцэне, у белых павязках, моцна апаясаныя жанчыны, яны зліліся адна з другой, пераўтварыліся ў магутнае адзінства. Пераўтварыліся ў адну адзіную жанчыну – у Маці! Паглядзіце, яе вогненны позтрк скіраваны ў вашы вочы. У адной руцэ яна трымае дзіця. Другая працягнута да вас. У ёй, у жанчыне-Маці, ўся тая ж старажытная апантанасць, той старадаўні заклік: «Будзь мужным, народ! Дадзім разам ворагу адпор!»

Усе, хто сядзеў у перапоўненай зале, пляскаючы ў далоні, падняліся са сваіх месцаў. Араз ледзь стрымліваў слёзы…

З туркменскай. Пераклад Алеся Карлюкевіча

        

 

 

 

 

Прочитано 519 раз