Суббота, 20 07 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Князь Альгерд (1296 — 1377)

Летапісец з павагай да яго напісаў: «Гэты Альгерд вельмі разумны быў... і пераўзышоў санам і ўладай усіх; і ўстрыманне меў вялікае, усякай мітусні ўнікаў, на забавы, гульні і падобнае не зважаў, але клапаціўся дзень і ноч пра дзяржаву сваю і п'янства ўнікаў: віна і піва, і мёду, і ўсялякага напою хмельнага не піў, бо ненавідзеў п'янства і вельмі ўстрыманы быў ва ўсім: і ад гэтага вялікі розум і развагу набыў, і дасціпнасць прыдбаў, і гэтым многія землі і дзяржавы паваяваў, і гарады, і княствы ўзяў за сябе, і трымаў уладу вялікую, і прымнажалася княства яго болей за ўсіх, чым за бацьку, чым за дзеда, такі быў. Бо звычай Альгерда такі, ніхто не ведаў што, куды думаў раццю выступіць або навошта збірае шмат воінства, як і самыя тыя вайсковыя чыны і раць уся не ведалі куды ідуць: ні свае, ні чужыя, ні госці прышэльцы: у таямніцы ўсё тварыў разумна, каб не дайшла вестка ў зямлю, на якую хацеў ісці раццю: і такой хітрасцю забраў многія землі, узяў многія гарады і дзяржавы зняволіў; не столькі сілай, як дасціпнасцю. І быў ад яго жах на ўсіх, і пераўзышоў княжаннем і багаццем». Альгерду па праве можна даць тытул Вялікі, ён яго заслужыў.

Сваёй нястомнай дзейнасцю ён не толькі абараніў Вялікае Княства ад крыжакоў, але і значна пашырыў дзяржаўныя межы, вызваліў украінскія землі ад татара-мангольскага ярма.

У 1318 годзе Альгерд ажаніўся з дачкой віцебскага князя Яраслава Марыяй і пасля смерці цесця ў 1320 годзе пераняў віцебскі пасад. Альгерд дзейсна дапамагаў бацьку ў яго справах, узначаліў у 1327 годзе паход на Брандэнбург. Доўгае княжанне ў Віцебску сярод праваслаўнага люду зрабіла яго сваім сярод русінаў. У Віцебску ён пабудаваў царкву і ўзвёў мураваныя сцены. А калі ў 1342 годзе Альгерд разам з братам, троцкім князем Кейстутам (яны нарадзіліся ад другой жонкі Гедзіміна, полацкай княгіні Вольгі), і пляменнікам Любкам Воінавічам адбілі крыжацкі паход на Узборск, пскавічы прапанавалі Альгерду хрысціцца і стаць іх князем. Ён адказаў, што ён хрышчоны, а замест сябе прапанаваў князем свайго сына Андрэя. Неўзабаве Андрэй з бацькавай дапамогай стаў Полацкім князем, а Псковам правіў праз намеснікаў. Калі ўлічыць, што ад бацькі Альгерду дасталося Крэўскае княства, дык Альгерд быў самым моцным князем у ВКЛ. Але роля ўдзельнага князя Альгерда не задавальняла. У 1345 годзе з дапамогай Кейстута Альгерд авалодаў Вільняй і пазбавіў малодшага брата Яўнута велікакняжацкага пасада, зрабіўшыся вялікім князем. Пераварот, які сапраўды пайшоў на карысць дзяржаве. Альгерд не толькі ўзначаліў кіраванне краінай, але дзейсна дапамагаў братам: Кейстуту абараняць Троцкае княства, валынскаму князю Любарту ваяваць супраць польскага караля Казіміра, навагрудскім князям абжываць Падолле. Сам жа праводзіў палітыку збірання ўсходнеславянскіх зямель, вызначыўшы яе так: «Уся Русь павінна належаць Літве». І Альгерд мэтанакіравана ажыццяўляў пастаўленую задачу. У 1356 годзе, скарыстаўшыся замятняй у Бранску, ён авалодаў гэтым горадам, а праз два гады далучыў да ВКЛ Мсціслаў. Найбольшага поспеху Альгерд дамогся ў 1362 годзе, калі на рацэ Сінія Воды разбіў войскі Крымскай, Перанойскай і Ямбалуцкай ордаў, што дало магчымасць вызваліць ад татарскай улады ўкраінскія землі і далучыць да ВКЛ Кіеў, Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі, Пуціўль, Белую Царкву, Звянігарад, Падолле, якое перадаў сынам наваградскага князя Карыята. У Кіеве стаў княжыць Уладзімір Альгердавіч, які адбудаваў горад і аднавіў Сафійскі сабор. Тыя ж Карыятавічы падымалі з руін Падолле. Так вось княжылі на Русі «літоўскія заваёўнікі». Калі князь Андрэй Багалюбскі разбурыў Кіеў, дык літвін Уладзімір Альгердавіч ратаваў «маці рускіх гарадоў» ад заняпаду. Меней паспяховым было змаганне Альгерда з Маскоўскім княствам. Малады і дзейсны маскоўскі князь Дзмітрый Іванавіч (вядомы пазней па мянушцы Данскі) таксама збіраў вакол Масквы рускія землі. Тройчы, у 1368, 1370, 1372 гадах, Альгерд пры падтрымцы Кейстута, смаленскага князя Святаслава Іванавіча хадзіў на Маскву. Мэтай паходаў было заступніцтва за Цвер, якой пагражаў маскоўскі князь. У барацьбе за сваю самастойнасць цвярскія князі абапіраліся на Альгерда, які ажаніўся з цвярской княгіняй Уллянай. Для бачнасці Дзмітрый Іванавіч адмаўляўся ад прэтэнзій на Цвярское княства, нават вяртаў захопленыя ў яго землі, але пасля адыходу Альгерда зноў нападаў на Цвер, а ў 1375 годзе ўвогуле захапіў яе. Каб нейтралізаваць уплыў Альгерда, маскавіты ачарнялі яго перад канстанцінопальскім патрыярхам, называючы «паганцам», «ворагам крыжа». З іх падачы была складзена показка аб трох закатаваных Альгердам літвінах-хрысціянах. Патрыярх зняў з рускіх князёў, што прынеслі Альгерду клятву вернасці, крыжовае цалаванне. Альгерд вельмі абураўся падобным нягодніцтвам маскоўскага князя і мітрапаліта. І наракаў на апошняга ў грамаце да патрыярха: «Трэба мітрапаліту блаславіць маскавітаў, каб дапамагалі нам, паколькі мы ваюем за іх з немцамі».

Літвіны і русіны ВКЛ ваявалі з немцамі не толькі за маскавітаў, наўгародцаў і пскавіцян, але і за палякаў. Польскі кароль Казімір дзеля міру з ордэнам саступіў яму Памор'е і накіраваў свае сілы на заваяванне Галіцкай Русі і Валыні. Альгерд дапамагаў валынскаму князю Любаргту адбіць польскую пагрозу, але давесці вайну да перамогі перашкаджалі крыжакі. Уражвае лічба паходаў крыжакоў на ВКЛ: з 1345-га па 1377 гады (час праўлення Альгерда), 70 тысяч прускіх і 30 лівонскіх рыцараў. У асноўным гэта былі дробныя набегі, «рэйзы», на памежныя землі, але адбываліся і буйныя паходы з прыцягненнем да іх еўрапейскіх сіл. Гэтак у паходзе 1345 года ўдзельнічалі чэшскі і ўгорскі каралі, Маркраф Мараўскі і іншыя. Імклівыя дзеянні Альгерда, які напаў на Прусію, прымусілі крыжакоў паспяшыць з Літвы на абарону сваіх уладанняў. Паход 1348 года, у якім удзельнічалі нямецкія, французскія і нават англійскія рыцары, закончыўся буйной бітвай 2 лютага на рацэ Стрэве.

Войска Альгерда, у якім былі дружыны з Пінска, Полацка, Віцебска, Берасця, Смаленска і Уладзіміра Валынскага, пацярпела паражэнне, загінуў пінскі князь Глеб-Нарымонт. Але і крыжакі панеслі значныя страты і вымушаны былі перайсці да тактыкі дробных набегаў. Іх як мог адбіваў Кейстут. А калі надаралася магчымасць, Альгерд арганізоўваў буйныя паходы ў адказ. 17 лютага 1370 года ў бітве каля замка Рудава (цяпер Мельнікава Калінінградскай вобласці Расіі) з абодвух бакоў загінула больш за 5 тысяч воінаў.

Альгерд і Кейстут спрабавалі дыпламатычнымі захадамі спыніць ордэнскую армію. Яны гатовы былі прыняць каталіцтва. У 1358 годзе на перамовах з імператарскімі і ордэнскімі пасламі Альгерд прапанаваў перасяліць ордэн у «Дзікае поле», каб там крыжакі абаранялі хрысціян ад нападаў татараў, а ордэнскія землі перадаць Літве. У сваю чаргу крыжакі патрабавалі землі, падараваныя ім яшчэ Міндоўгам. На гэта Альгерд рашуча адказаў: «Цяпер відавочна бачу, што ў вас клопат не аб маёй веры, як кажаце, а аб грашах».

Пры Альгердзе ВКЛ зрабілася сапраўды магутнай дзяржавай, найважнейшым удзельнікам міжнароднай палітыкі і адыгрывала ў ёй значную ролю. Але, пэўна, не гэта ўсцешыла Альгерда перад смерцю, а ягоныя 12 сыноў, якім даставаўся плён яго жыцця. А сам ён прыняў манаства пад імем Алексій, каб з'явіцца перад Богам з ачышчанай душой.

Вітаўт ЧАРОПКА

Крынiца: Звязда

Прочитано 776 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии