Вторник, 24 10 2017
Войти Регистрация

Войти в аккаунт

Логин *
Пароль *
Запомнить меня

Создать аккаунт

Обязательные поля помечены звездочкой (*).
Имя *
Логин *
Пароль *
Подтверждение пароля *
Email *
Подтверждение email *
Защита от ботов *

Друкуецца ў "Полымя". Валерыя Навуменка. Дзіцячымі вачыма...

  • Вторник, 19 сентября 2017 11:32

І

Няпростыя штукі часам падкідае нам жыццё. А пачалося ўсё з таго, што 13 студзеня 2017 года пад Стары Новы год па пошце я атрымала электронны ганарар з рэдакцыі «Звязды» вартасцю 9,08 рубля. Ну што ж, як той казаў! Мусіць, надрукавалі нешта з бацькавых апавяданняў, малайцы, не забыліся, у снежні споўнілася 10 год, як яго няма. І газету «Новы час» мне далі з успамінамі аб Іване Навуменку. У «Звяздзе» ж бацька некалі працаваў.

Праз 10—12 дзён раптам тэлефануюць, што ганарар гэты чужы, ёсць супрацоўніца бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук Валерыя Георгіеўна Навуменка, бухгалтэрыя памылілася.

Я не імкнуся скарыстацца чужым ганарарам. Я яго адпрацую. А таму прапаную чытачам зрэбную торбачку ўспамінаў і прашу прабачэння за недасканалы стыль, бо, апроч медыцынскіх артыкулаў і медыцынскай дысертацыі, я нічога ніколі не напісала. А незнаёмай Валерыі Георгіеўне Навуменка жадаю творчага плёну.

У свой час і ў школе, і ў медыцынскім інстытуце на 250 студэнтаў лячэбнага факультэта я была адзінай Валерыяй.

Паколькі вучылася добра і зносінаў з дэканатам ніколі не мела, то і дэкан не ведаў мяне асабіста. У дзень атрымання дыплома ён выклікаў Навуменку Валерыя Іванавіча. Я падышла — дэкан глядзіць, нічога не разумеючы, а зала-амфітэатр рагоча. Добра, што ў дыпломе было пазначана правільна.

Першы месяц жыцця ў мяне не было імя, і ўсё праз бацьку, які лічыў, што ў яго павінны нараджацца сыны...

Я ўбачыла гэты свет праз год пасля смерці першынца ў нашай сям’і — ужо ладнага прыгожага хлопчыка. Пачуўшы навіну пра дачку, трохі агаломшаны бацька пайшоў пехатою па Чэрвеньскім тракце да цешчы. Як вядома, мабільнікаў тады не было.

Стаяў гарачы май, буяла радыска. Бабуля хадзіла па гародзе. Як яна пазней успамінала: «Якаўлевіч стаў каля плоту і паведаміў:

– І ў нас ужо дзевачка ёсць».

Вось тут мая баба ўсхадзілася:

– Божа! Добра Вам, Якаўлевіч, і дзевачка!

Тут жа прапанавалася гарачая яешня са скваркамі (былі і куры, і свая свежаніна), гатовая да ўжывання радыска і «Партвейн», альбо «Мадэра». Гэта дакладна, як і тое, што баба пастаянна падкрэслівала: «Я са шляхты, нашы землі цягнуліся ад Заслаўя да Аляхновіч!» У яе ў хаце заўсёды прыхоўвалася пляшка добрага віна.

Была нядзеля. З бабуляй разам жыла сям'я яе старэйшай дачкі — маёй цёткі Рэні: яна, яе муж Васіль і дзве дзеўкі. На той момант усе былі дома. З'яўленне на свет новага чалавека адзначылі шыкоўна.

Мець многа свята ніколі не шкодзіць, потым гэту падзею ўрачыста адзначылі ў рэдакцыі часопіса «Маладосць» (бацька загадваў сектарам  прозы, але прымаў удзел і ўвесь сектар паэзіі на чале з Міколам Аўрамчыкам, які ў свой час назіраў развіццё раману бацькоў), на філфаку БДУ (там тата выкладаў) і ў нашым асобным пакоі па вул. Кірава, 11 — з суседзямі па агульнай кухні.

Бабуля Настасся Феліксаўна была каталіцкага веравызнання. Усім унукам яна прапаноўвала імёны згодна са сваім светапоглядам. Для мяне ў яе існавала некалькі варыянтаў: Эфця, Аўрэлія, Вэрця і Вікця...

Бацька ж пайшоў яшчэ далей. Пасля смерці першага дзіцяці ў мамы цэлы год не высыхалі слёзы. Таму было сімвалічна даць такое імя, каб яно азначала здароўе. І бацька, улюбёны ў латынь і замежныя мовы, ведаў, як старажытныя рымляне віталі адзін аднаго:

— Валя! Валеквэ! — маўляў, — Здароў!

Але Валянціна ніяк не падыходзіла, бо меўся верш:

Валя, Валентина! Что с тобой теперь?

Белая палата, крашеная дверь…

Мяне назвалі Валерыяй. У Буніна ёсць апавяданне «Валерыя і Зойка», дзе тая Валерыя, натуральна, Валя.

Я дзіўлюся са знаёмых, асабліва з тых, што належаць да філалагічнага асяроддзя: Святлану называюць Светаю і Ланаю, Людмілу — Людаю, Люсяй і Мілаю. Марыя — Маня, Марыся, Маруся, Марылька, Маша і г. д. Толькі ў маім выпадку намагаюцца звярнуць на Валянціну. Не! Бацька мой меў густ! Маё поўнае імя куды прыгажэй, і я маю права мілагучна звацца Валяю. Часам бацька зваў мяне Валюшэнцыя, вельмі часта Валюшка. Такога выдатнага таты, як мой, ні ў кога не было. Зяць Настассі Феліксаўны патрафіў адразу дзвюм канфесіям: аднойчы я прымала ўдзел у хрэсьбінах, дзе бацюшка, хрысцячы дзяўчынку Вікторыю (у праваслаўных няма Вікторыі), тлумачыў, што яе імя пры хрышчэнні Валерыя.

У гады майго дзяцінства існавала іншая мода. У класе, дзе я вучылася, сярод 21 вучня было 5 Ірак і 5 Сяргеяў. У паралельным класе — процьма Наташ і Вольгаў. Цяпер з’явілася мода на Настассю і Валерыю.

 

ІІ

 

Бацькі мае пазнаёміліся ў Купалаўскім тэатры ў студзені 1953 года. Насупраць дабудоўваўся на сродкі Літфонду дом, які на той час увесь быў у рыштаваннях.

Праз адзінаццаць год, у лютым 1964 года наша сям’я пераехала на новае месца жыхарства. Мы атрымалі былую кватэру Івана Паўлавіча Мележа ў гэтым самым доме. Ад таго часу я жыву тут, адсюль давялося назаўсёды праводзіць бацькоў і не толькі іх...

Я памятаю сябе крыху раней, як і памятаю папярэднюю кватэру на Ленінскім праспекце, 13, дзе часта сядзела на падваконні чацвёртага паверха.

Нашымі добрымі суседзямі па пляцоўцы была сям’я Уладзіміра Міхайлавіча Юрэвіча, уладальніка шыкоўнага голасу. Уладзімір Міхайлавіч працаваў дыктарам радыё.

Жонку Лідзію Сямёнаўну ён прывёз з Масквы. Што гэта была за масквічка! Ніколі потым ў жыцці я не сустрэла такой арыгінальнай жанчыны.

У свой час Лідзія Сямёнаўна вучылася ў школе разам з Васілём Сталіным. Яе родны брат пабраўся шлюбам з дзяўчынай-іспанкай, з тых дзяцей, якім СССР даваў прытулак.

Калі загінуў Патрыс Лумумба, мне помніцца суседчына жалоба па ім, як яна прыгаворвала ў нашай кватэры:

— Ах, Лумумба, Лумумба!

Маці маёй тады было трохі за трыццаць, яна ўжо мела мяне з маёю сястрою, з чырвоным дыпломам скончыла БДУ і аспірантуру, працавала над дысертацыяй і кожны дзень бегала на працу. Лідзія Сямёнаўна не працавала, даглядала Лёню і Галю, заўсёды мела чыстую газавую пліту. Чысціня ў іх кватэры была ідэальная. Маёй маці яна магла заявіць:

— Ты, Ядя, одеваешься не за свои деньги.

Мама ніколі не крыўдзілася, яна тады была здаровая і вясёлая. З нападак Лідзіі Сямёнаўны толькі рагатала. Іх Лёня ўжо быў старшакласнікам. Галя, крыху старэйшая за мяне, любіла гуляць з намі і разам вячэраць.

Ёсць у мяне адна смешная асацыяцыя: бацька ходзіць па кватэры ў паласатых піжамных нагавіцах і спявае:

— Ах ты, Семёновна! Да юбка в клеточку, да выполняем с тобой семилеточку!

Лідзія Сямёнаўна сапраўды насіла спадніцу «в клеточку», і я ніяк не магла даўмецца, што такое «семилеточка».

Яна заўсёды мела рацыю, бо была справядлівая. Жыццё ўспрымала з гумарам.

Памятаю апошнюю сустрэчу з Юрэвічамі, калі пасля маіх выпускных дзяржэкзаменаў мы з бацькам адпачывалі ў Дубултах, у пісьменніцкім Доме творчасці. Было многа сем’яў з Масквы, і да іх было троху лепшае стаўленне з боку адміністрацыі.

У сталоўцы мы сядзелі побач з Юрэвічамі. Лідзія Сямёнаўна двойчы сцярпела, калі замест курыцы былі нейкія косткі са шкуматамі мяса. Потым яна выклікала дзяжурнага па сталоўцы і запыталася:

— Уважаемый! Сколько кур вы приготовили на обед?

Той нешта прамармытаў.

— У каждой курицы две ножки. Так где же ножки? Кто их съедает?

З той пары наш столік абслугоўвалі па першым класе.

Уладзімір Міхайлавіч быў поўная супрацьлегласць. Заўсёды спакойны, памяркоўны, ветлівы. Вельмі любіў дзяцей. Заўсёды намагаўся адпачыць з Галяй. Хадзіў Юрэвіч павольна, не памятаю, каб ён хоць калі прыбавіў кроку. Як у той арабскай прымаўцы: «Хто спасціг таямніцу жыцця, той не спяшаецца».

Пражыў ён дзевяноста з гакам, перажыўшы жонку. Калі бацькі не стала, Галя патэлефанавала на радыё, «нарвалася» на раўнадушную асобу, якая адказала:

— Я такого не знаю.

З маёй маці працаваў на гістфаку прафесар Гілер Маркавіч Ліўшыц. Калі студэнт заяўляў:

— Я не знаю, – то чуў ад Гілера Маркавіча:

— А што, Вы, да знаете?

Але ж не ўсе такія, як тая на радыё. Дзякуй Богу, стварылі фільм з цыклу «Святло далёкай зоркі» пра выдатнага непаўторнага чалавека.

Мае, тады маладыя, бацькі часта ладзілі госці, бывалі мы і ў Юрэвічаў. Трэба адзначыць, што Лідзія Сямёнаўна вельмі любіла слухаць беларускую мову, вывучыла яе. Пра Лёню і Галю і казаць няма чаго — яны ведалі на самым высокім узроўні. Вось вам і маці — масквічка.

Да бацькоў у той час наведваліся Міхаіл Яўгенавіч Цікоцкі (сын кампазітара), шмат хто яшчэ з журфака, маладыя філфакаўцы — Алег Лойка, Сцяпан Александровіч, Ніл Гілевіч, Леў Шакун.

Былі ў нас кружэлкі, якія ўсе рухаліся з хуткасцю 78 абаротаў за хвіліну. Ужо пазней з’явіліся больш сучасныя, хуткасцю на 33. Бацька заўсёды іх набываў, і па выходных днях мы абавязкова слухалі.

Сёння мне здаецца, што дзіцячае выхаванне ў Навуменкі адбывалася належным чынам. Бацька заўсёды купляў нам, апроч цацак, кнігі і сам прыдумваў казкі, напрыклад, пра машыну для смецця. Спачатку былі кнігі для малодшага ўзросту (мама казала, што балгарскія), дзе, напрыклад, у казы меліся ўстаўныя шкляныя вочы з чорнай зрэнкаю. Тады ў кватэры цэлую гадзіну панавала цішыня: седзячы на падлозе ў свае 1—2 гады, я рыхтавалася да будучай прафесіі афтальмолага — выкалупвала тое вока. Лічыце, рабіла энуклеацыю (enucleatio (лац.) — выдаленне вока).

Бацька гаварыў усюды і заўсёды выключна па-беларуску. Таму і казкі прыносіў беларускія. Гадоў у пяць, водзячы па старонцы пальчыкам, я слібзавала тыя тэксты. Тое самае рабілі сястра і брат. З бацькавых паліц у любы час можэна было зняць любую кнігу. Сястра ў першым класе дабралася да «Анны Карениной», але зазначыла, што нічога цікавага няма — пасварыліся муж і жонка. Пазней пяцікласнік-брат у бібліятэцы Дома творчасці ў Кактэбелі патрабаваў Мапасана. Бібліятэкарка расшукала бацьку і пачала яго выхоўваць. Той паціснуў плячыма.

Перад маім першым класам тата прынёс кнігу «Тимур и его команда» Гайдара, якую на тагачасны розум я называла «Цімурая каманда». Праз год, захапіўшыся гэтым пісьменнікам, я праглынула ўсё, што мелася ў бібліятэцы.

Былі яшчэ адны мілыя сэрцу шафы з непаўторным пахам старых кніг, што стаялі ў холе вялікага дома ў Каралішчавічах. Там дазвалялася самому браць, але потым вярнуць.

У Каралішчавіцкі Дом творчасці наша сям’я заязджала ад майго нараджэння на працягу наступных дзесяці год. Потым бацька атрымаў соткі на славутай Лысай гары, і недзе напачатку 70-х пабудаваўся.

У Каралішчавічах бацькі імкнуліся жыць у асобным фінскім дамку. Такіх дамкоў было тры. Сярэдні заўсёды займалі Гурскія. Яшчэ адзін па чарзе арандавалі Панчанкі, Сабаленкі і Калачынскія. Іншых жыхароў я не памятаю. Калі наша сям’я сялілася пасля Панчанкаў альбо Калачынскіх, то мы, дзеці, ведалі, што ў шуфлядзе пісьмовага стала нас чакаюць шакаладныя цукеркі. У нас было свята.

Домік меў тры пакоі. Самы маленькі, дзе месціўся толькі ложак і столік з графінам вады, аддавалі мне. Малыя спалі разам з маці. Пісьменніку належаў кабінет. Над маім ложкам віселі «Грачи прилетели». Цяпер, калі я сустракаю гэтае палатно Саўрасава, у вачах паўстае той пакойчык, адчуваю яго пах і заўсёды паляпшаецца настрой. Проста за вакном быў чорны яловы лес, якога я ўночы пабойвалася А паўсюль — пад вокнамі, уздоўж сцежкі да прыбіральні, раслі баравікі. Колькі ж мы, дзеці, іх там збіралі! Бацька заўсёды тлумачыў, што рабіць гэта трэба акуратна.

У адно лета другі крайні дамок занялі Сабаленкі. Я тады сябравала і часта гуляла з Ронай (Веранікай), іх унучкай. Вось яшчэ адзін прыклад нетрадыцыйнага абыходжання з прыгожым жаночым імем! Жонка Рамана Карпавіча (не памятаю яе імя) сядзела перад хатай на лаўцы. Пад гэтую лаўку залезла наша трохгадовая Таня і з-пад Сабаленчыхі выцягнула прыгожага баравіка. Па дарожцы якраз ішоў бацька, то малая з баравіком ляцела насустрач што было моцы. Сабаленкава жонка толькі дзівілася, чаму сама не заўважыла грыб.

Грыбы мы ведалі з дзяцінства. Бліжэй да елак ля хаты, а таксама па лініі тэлеграфных слупоў раслі вялізныя абсалютна чыстыя чырванагаловікі.

І гэта на 19-ым кіламетры ад Мінска па Магілёўскай шашы!

Колькі разоў незабыўныя Каралішчавічы апеты рознымі пакаленнямі пісьменнікаў і паэтаў! Дом творчасці збяёдаў адзін з сакратароў Саюза пісьменнікаў, прадаўшы за бясцэнак нейкаму заводу. Ён сваё лета бавіў не тут, яны не былі яму мілымі. На добры гаспадарскі розум іх можна было ўтрымліваць і сёння. Усім бы хапіла месца. Адбудавалі шыкоўную «Іслач», захацелі камфорту, а ці карыстаюцца ёй пісьменнікі — невядома.

У Каралішчавічы апошні раз мы з’ездзілі разам з сястрою летам 2000-га года пасля смерці мамы. Нешта пацягнула туды. Доўга шукалі шлях, так усё змянілася. Яны ўжо мелі назву «На ростанях», якую, вядома ж, запазычылі ў класіка, забыўшыся на тое, што і класік там бываў, нават мелася Коласава лаўка на паўдарозе ад галоўнага корпуса да сталоўкі.

Падчас нашага кароткага візіту там былі заезджыя палякі, якія, паставіўшы на прыступкі транзістар (на тыя прыступкі, дзе звычайна фатаграфаваліся ўдзельнікі семінараў маладых пісьменнікаў), выломваліся ў «ламбадзе». Насупраць іх імправізаванай танцпляцоўкі — тая самая паляна, дзе Міхась Ціханавіч Лынькоў распальваў вогнішча, а ўдзень дзеці бегалі за матылямі. Увесь прыгожы яловы лес быў высечаны і вывезены. Дарога да фінскіх домікаў стала лысай. За «домам Сабаленкаў» узводзілі нейкі корпус. Толькі сталоўка ды більярдная выглядалі гэтаксама, як і ў нашым дзяцінстве. Праўду кажуць, не трэба вяртацца ў мясціны, дзе быў шчаслівы...

На момант пераезду на вуліцу К. Маркса, 36 мне было без трох-чатырох месяцаў пяць гадоў, малой Тані праз два месяцы павінна было споўніцца тры.

Бацька, атрымаўшы ордэр на кватэру, пайшоў паглядзець, што і як. Першым, каго ён сустрэў у двары, быў Янка Маўр, які ў свой час адказваў за будаўніцтва дома з боку Літфонду.

– Ты чалавек добры ці кепскі? — запытаўся ён у бацькі.

Той трохі разгубіўся:

– Гэта людзям меркаваць, Іван Фёдаравіч.

– А як ты лічыш, К.....а што за чалавек?

Бацька разважыў і адказаў, што хутчэй кепскі.

– То тады ты добры чалавек, можаш пераязджаць, — пачуў у адказ ад Маўра.

Пераезд адбыўся першага лютага, а дзясятага маці некуды знікла. Я бачыла, што перад гэтым яна цягала кнігі, нешта ўладкоўвала, мыла падлогу ў калідоры. Па абедзе нас паклалі спаць, да вечара з намі была бабуля Настасся Феліксаўна. Потым вярнуўся з працы бацька. У атмасферы новага жытла з’явілася штосьці таямнічае...

Было ўжо цёмна. Таня спала. Я перабралася на канапу ў вялікі пакой, абняла вышываную падушку і ціхенька плакала. Потым зноў заснула. Прачнулася ад таго, што ў кватэры ішла гамонка. У кухні ўбачыла бацьку і трох нашых новых суседзяў: Івана Антонавіча Брыля, Івана Аляксеевіча Скрыгана, Івана Пятровіча Шамякіна. На стале стаялі салёныя сыраежкі. Чатыры Іваны сядзелі да раніцы — а 10-й гадзіне вечара 10 лютага нарадзіўся мой малодшы брат Павел...

Каб мець тады цяперашні розум, ды падслухаць тую гаворку, ды занатаваць. Маё меркаванне: дзеці пісьменнікаў старэйшага пакалення проста абавязаны напісаць успаміны з свайго пункту гледжання. Тым больш, што амаль усе маюць філалагічную адукацыю.

Старэйшыя дзяўчаты з нашага дома помняць візіты Уладзіміра Дубоўкі. Ён прыязджаў з Масквы і нейкі час арандаваў кватэру № 12. Ордэр на тую кватэру здабыў вайсковец А. І. Чурносаў, прызначаны рэдактарам газеты «Во славу Родины», які мусіў даслужваць свой тэрмін у Германіі. Верагодна, Максім Лужанін альбо Пятро Глебка дамаўляліся з гаспадаром, і Дубоўка сяліўся ў кватэры, вокны якой выходзілі на будынак ЦК кампартыі.

Праз нейкі час пасля нараджэння брата ў адведкі завітала Святлана Міхайлаўна Клімковіч з дачкою АлесЯй і пляменнікамі Нікай (Веранікай) і Максімам. Прынеслі вялікага мядзведзя. Мне ўжо споўнілася пяць, Тані тры гадкі. Той мядзведзь не дачакаў часоў сталення нашага брата, расцерушылі мы яго хутка на шкамуты. Трохі раней прыходзілі, прычым самастойна, дзве дзяўчынкі-падлеткі — Галя Скрыган і Люда Карпава, якія, ашчадзіўшы тых грошай, што давалі ім бацькі, купілі немаўляці пінеткі.

Праз некалькі год прыгажуня і спявачка Галіна Іванаўна Скрыган выходзіла замуж таксама за музыканта. Танчылі госці над пакоем, дзе былі мы, дзеці. Да нашага агульнага задавальнення са столі абрынулася вялікая люстра. Назаўтра прыбегла прабачацца Ганна Міхайлаўна — маці маладой. Наша мама адмовілася ад усякай кампенсацыі, маўляў, вяселле ёсць вяселле, ды і лямпу тую перавезлі з папярэдняй кватэры.

Сям’я Мележа, ад’язджаючы, на нейкі час пакінула старое піяніна. Мама задумала вучыць мяне музыцы. Мае здольнасці правярала Галіна Іванаўна. Памятаю, што я пагадзілася спяваць з-пад стала, затуліўшыся абрусам.

Як паставілася да гэтай справы — такі і вынік. Не хацелася мне музыкі катэгарычна. Малая ж сястра пішчом лезла да чужога інструмента. Бацькі мусілі набыць уласны.

Танака скончыла адзінаццацігодку пры кансерваторыі, потым інстытут Гнесіных у Маскве. Сёння Таццяна Іванаўна Навуменка — доктар мастацтвазнаўства, прафесар, загадчык кафедры той жа ўстановы. Чаму Танака? Бацька перарабіў Таню на Танаку ў гонар прэм’ер-міністра Японіі. Малую яе ведалі як Танаку. Нават Лынькоў на Нарачы сведчыў:

— Вось і Танака прыйшла.

Сястра ў два гады была мікраскапічная, нізавошта не ішла ў ваду возера, толькі мачыла кончыкі пальцаў на нагах.

Наша сям'я і Шамякіны былі суседзямі па пляцоўцы. На паверх вышэй жылі сем’і Янкі Брыля і Яна Скрыгана. Ніжэй — Глебкі і Віткі, на другім паверсе міліцэйскі генерал і сям’я Клімковіча. Першы паверх і сёння займае кніжны магазін. У гады майго дзяцінства ён быў большы: пасля будаўніцтва метро яго частку, што глядзіць на вуліцу Энгельса, аддалі турыстычнай фірме. Менавіта ў гэтай частцы мама купіла мне некалі кніжку казак Ганса Хрысціяна Андэрсэна, якую мы зачыталі дазвання.

У кватэры над намі спачатку жыў Усевалад Краўчанка. Ён меў трох сыноў, а ў кастрычніку 1960 года нарадзілася Волька. Вольцы было тры месяцы, калі яе бацька трагічна загінуў у Францыі. Вольчына маці з дзецьмі перабралася ў суседні пад'езд, у кватэру на другім паверсе, з якой выехала сям'я Міхася Калачынскага. Кватэру Краўчанкі занялі Скрыганы.

У выхаванні дзяўчынкі і дапамозе яе маці ўдзельнічалі пісьменніцкія жонкі. На Вольчын дзень нараджэння прыходзілі Ніна Міхайлаўна Брыль, Марыя Філатаўна Шамякіна, мая мама Ядвіга Паўлаўна, жонка Віткі Вольга Рыгораўна, Ганна Дзмітрыеўна Зарыцкая. Мо на каго я цяпер і забылася. Заўсёды збіралі пэўную суму грошай, дапамагалі апранаць. Еўдакія Емяльянаўна, удава Краўчанкі, была роднай сястрой Пімена Панчанкі. Безумоўна, адтуль таксама ішла дапамога. Як жывая, стаіць у вачах іх маці, Дар’я Факееўна, якая жыла са знакамітым сынам, але кожнага дня прыходзіла ў наш двор, калі дачка была на працы.

Я ўжо вучылася ў першым класе. Мама прывяла мяне са школы і пакінула гуляць. Адольвала смага. Я прысела ля лужыны пад балконам Краўчанкаў і прыгаршнямі чэрпала ваду. Напілася тады добра. На балконе разлямантавалася Дар’я Факееўна, уся ўсхадзілася, потым распавяла пра мой подзвіг маці. І, ведаеце, нічога са мной не здарылася, відаць, імунітэт быў на ўзроўні. Маці ж мяне адлупцавала. Было за што.

Часам здаралася і адваротнае... Расла я чалавекам сур’ёзным, бо заўсёды мела адказнасць за сястру і брата. У маіх 6—7 год бацькі спакойна пакідалі іх на мяне і на  дзве-тры гадзіны ішлі ў кіно. Ведалі, што дзверы я нізавошта не адчыню і пліту распальваць не буду.

Брату Паўліку, калі я стала школьніцай, было тры гады. Ён увесь час круціўся побач, калі рыхтаваліся хатнія заданні. Першай вывучыў літару «о» і дзе толькі не ішоў, заўсёды паказваў на яе. У свой час я вывучала арыфметыку, а  калі ў школу пайшла Танака — у нашай кватэры з’явілася матэматыка з іксамі. Паўлік вельмі спрытна вылічаў тыя іксы. У чатыры гады ён добра чытаў.

Зімою 1969 года ў Маскве, здаецца, у крамлёўскай бальніцы, памёр Пятро Глебка. Развітацца з братам з Уздзеншчыны прыехала яго сястра. Неяк так атрымалася, што ў Глебкаў нікога не было. Мама прапанавала ёй пасядзець у нас, пагрэцца, падсілкавацца. Пяцігадовы Паўлік пачаў распытваць:

— Чаго ты плачаш?

— Брат у мяне памёр, яшчэ не стары быў...

— Адзін?

— ?? Адзін...

Малы пабег у бацькаў кабінет і прывалок два тамы «Нюрнбергскага працэсу».

— Паглядзі, колькі людзей фашысты закатавалі, — даводзіў ён субяседніцы і паказваў фотаздымкі. Потым гэтая жанчына казала, што гора горам, але ж і сынок у вас цікавы.

Усе без выключэння пісьменнікі да дзяцей ставіліся па-бацькоўску. Іван Антонавіч Брыль, захапіўшы дзіцячую хеўру, мог павесці ўсіх туды, дзе прадавалася марожанае. Наш сусед па пляцоўцы, Іван Пятровіч Шамякін, быў скоры на слязу, калі бачыў, як танцавала яго трохгадовая Алеся. Усіх дзяцей, што прыходзілі, гладзіў па галоўцы. Мой бацька не гладзіў, а неяк паляпваў, кажучы: «Мамачка!»

У яго заўсёды меліся схованкі з цукеркамі і пернікамі.

Аднойчы на лесвіцы сустрэў Іван Аляксеевіч Скрыган майго брата. Той, выставіўшы наперад нагу, кажа:

— Во!

— Што во? – запытаўся сусед.

— Ты што, не бачыш, што мне новыя чаравікі справілі?

Іван Аляксеевіч усміхнуўся:

— Павел Іванавіч! Я адразу заўважыў. Я і сам бы такія насіў.

Рабілі мы і шкоду, якое ж гэта дзяцінства без шкоды. Была ў двары дзяўчынка Наташа, што вучылася на клас вышэй. Яна была майстрам усякага паскудства: то вырве альяс з вазону на падваконні першага паверху, то пачне дражніць меншых дзяўчат, быццам у іх крывыя ногі. Аднойчы падбухторыла астатніх, каб усадзіць малую ўнучку Цімафея Васільевіча Крысько (Васіля Віткі) на паштовыя скрынкі ў пад'ездзе. Юлька падпарадкавалася, але потым усчыніла вэрхал. Тыя старыя скрынкі былі драўляныя, добра зробленыя, вялікія, не цяперашнія пляскатыя, у якія яшчэ трэба пастарацца ўсунуць часопіс. Прымацаваны былі высока. На Юльчын лямант прыбегла яе маці: больш за ўсіх атрымала тады я.

Калі сёння гэта давядзецца прачытаць вядомаму чалавеку ў літаратурных колах, Юліі Вісарыёнаўне Чарняўскай, то я прашу прабачэння за ўдзел у тым мерапрыемстве. Але хачу, каб яна ведала, што «не з мяне гарэла». Сяброўскія адносіны паміж пісьменніцкімі сем’ямі былі настолькі моцнымі, што з сярэдзіны 50-х да той пары, пакуль не падраслі іх дзеці, Брылі, Віткі і Зарыцкія разам праводзілі лета ў Купе на Нарачы, выязджалі ў Радашковічы.

Іншая кампанія — Шамякіны, Карпавы, Хадкевічы (пра гэта напісаў Іван Пятровіч у «Начных успамінах») мелі свае мясціны.

Вясёлыя былі і застоллі... Праўда, мы, дзеці, маглі назіраць іх толькі часам, з адлегласці: што-што, а дысцыпліна ў выхаванні заўсёды прысутнічала. Але я памятаю, як хораша аднаго разу спяваў «Златые горы» Янка Брыль. Потым яго зяць Рыгор Семашкевіч, неяк праслухаўшы прафесійнага спевака-тэнара з Львова, які гасцяваў у Беларусі ў свайго зяця, адзначыў маме:

— О! Брыль лепш спявае.

Усе без выключэння пісьменнікі нашых пад’ездаў былі харызматычныя асобы, не фарматныя, адметныя. Тая любоў, якой яны нас адорвалі, годнасць і шляхетнасць у дачыненні адзін да аднаго, тая іх працаздольнасць і адказнасць не маглі не адбіцца на нашым выхаванні. Ніколі і нідзе потым, адпрацаваўшы трыццаць тры гады ў медыцыне, я не сустрэла такіх высакародных адносін.

У 1969 годзе першым выбраўся з дома Іван Шамякін. Ён як Старшыня Вярхоўнага Савета атрымаў былую кватэру Сяргея Прытыцкага. У 1973-м пераехаў Ян Скрыган. У 1975-м цяжка стала падымацца на апошні паверх Янку Брылю. З’явіліся новыя пісьменнікі сярод нашых жыхароў — Ніл Гілевіч, Уладзімір Караткевіч, Вячаслаў Адамчык. Падрастала і я, як кажуць, «бралася на дзеўку». Далейшае жыццё ўжо бачыцца вачыма падлетка, а не дзіцяці. Цяпер у нашых пад’ездах пісьменнікаў не засталося.

Кланяюся ўсім суседзям дзяцінства і здымаю перад імі капялюш

Фота: nn.by

Прочитано 104 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии