Суббота, 18 11 2017
Войти Регистрация

Войти в аккаунт

Логин *
Пароль *
Запомнить меня

Создать аккаунт

Обязательные поля помечены звездочкой (*).
Имя *
Логин *
Пароль *
Подтверждение пароля *
Email *
Подтверждение email *
Защита от ботов *

Надрукавана ў “Полымі”. Наталля Канстанцінава. Усё яшчэ наперадзе

  • Суббота, 23 сентября 2017 00:19

Ігар зрабіў апошняе намаганне і адціснуў штангу ад грудзей. Ён любіў гэтыя моманты пераадолення, калі здаецца, што фізічнай моцы ўжо нестае і вялікая вага вось-вось адужае цябе, абрынецца і расцісне, альбо ты звалішся пад ёю. Але ты вырашаеш не здавацца, і воля пераўтвараецца ў сілу. Аслабелыя мышцы незразумела як зноў напружваюцца, і ты выштурхоўваеш штангу ці ўстаеш разам з ёю.

Ігар ужо шмат разоў перажываў такія моманты, і кожны раз сам захапляўся сабой: дужы і спрытны... Яго самапавага ўзрастала, а заадно раслі мускулы, напружваліся пад скурай так, нібыта там ім было цесна, ледзьве не прарываючы яе.

Ігар падымаў штангу чатыры гады са сваіх дваццаці трох. Калі ён пачынаў, ягоным арыенцірам былі культурысты з глянцавых плакатаў. І хоць яму ўдалося нарасціць тугія мышцы, на спаборніцтвах ён ні разу не выступаў. Усё тлумачыцца проста: у яго не было ахвоты прыводзіць сябе ў належную спартыўную форму: «сушыцца», седзячы на жорсткай дыеце, так, каб з арганізма пасыходзілі ўвесь тлушч і лішкавая вада і засталіся толькі завостраныя ўзгоркі мышцаў з глыбокімі барознамі паміж імі. Не, ён не нагадваў бясформенную камлыгу, але і да спаборніцкіх кандыцый яму было далёка. У Ігара проста быў выгляд вельмі мускулістага юнака, што разам з прыроднай прыгажосцю ліній і прапорцый стварала надзвычай прывабны вобраз. Ігар гэта ведаў, што яго задавальняла, і ён не імкнуўся да славы.

Зрэшты, на побытавым узроўні яму славы хапала. Амаль заўсёды, калі ён ішоў па двары, у яго за спінаю варушыліся кусты, за якімі хаваліся ягоныя прыхільніцы: Ігар лічыўся першым прыгажуном вялізнага шматпавярховага дома, у якім жыў. Вядома ж, пры сваёй фактурнасці ён мог бы прэтэндаваць і на больш салідны тытул, напрыклад, на месца ў рэйтынгу самых прывабных мужчын паводле версіі якога-небудзь жаночага часопіса. Але дзяўчаты і без таго хацелі быць побач з ім.

Цікава, аднак, што Ігар не вельмі на іх зважаў. Ён быў ахайны і фізічна, і маральна, бярог сябе і не хацеў растрачвацца на дробязі. Маючы даволі тонкую натуру, нетыповую для такой мужнай знешнасці, Ігар — чаго ніхто не падумаў бы — паспеў ужо набыць не надта шчаслівы вопыт кахання.

Выхаваны даволі прыстойна, спачатку ён быў настроены надзвычай сур’ёзна: падлеткам ужо марыў пра чыстае светлае каханне з адной-адзінай, і пра трывалую сям’ю з дзецьмі. Таму ўпершыню сышоўся з дзяўчынай па сённяшніх мерках даволі позна — у васямнаццаць гадоў. Яго абранніцай стала вельмі прыгожая дзяўчынка. Здаецца, ён пакахаў яе, яна — яго, і нейкі час Ігар адчуваў эйфарыю і хацеў ажаніцца. Аднак дзяўчына, хоць і стала ягонай, разважыла, што сімпатыя сімпатыяй, а ў жыцці трэба ўладкоўвацца, больш разумным будзе, калі яна знойдзе сабе таго, хто зможа яе добра забяспечыць.

Перад навучэнцам тэхнічнага каледжа Ігарам яна аддала перавагу багатаму бізнесоўцу, значна старэйшаму за яго. Ці пакутаваў ад такой здрады Ігар — як сказаць...

Другі ягоны раман адбыўся болей чым праз год, калі тая дзяўчына забылася, а ён ужо апантана штурхаў штангу. На ягоным целе яшчэ толькі-толькі з’явіліся адзнакі будучых моцных мышцаў, але на іх ўжо звярталі ўвагу. Ігару гэта дадало харызматычнасці ў дастатковай ступені, каб выклікаць у дзяўчыны гарачую жарсць. Іх сустрэчы былі вельмі бурнымі. Ігар зноў задумаўся пра жаніцьбу. Здавалася, і дзяўчына думала пра замужжа, прынамсі, яна нават пазнаёміла Ігара са сваімі бацькамі. Якое ж было яго здзіўленне, калі праз паўтара месяца сяброўка паведаміла, што патрэба ў ім адпала. Як высветлілася, дзяўчына кахала аднаго хлопца, а той захапіўся іншай. Каб не «кукаваць» у адзіноце, пакінутая вырашыла завесці каханка і сышлася з Ігарам, чакаючы і спадзеючыся, што каханы абдумаецца і вернецца да яе. Так урэшце і адбылося. «Нашто ж яна з бацькамі мяне знаёміла?» — больш за ўсё абурала Ігара.

Пасля гэтых выпадкаў хлопец вырашыў, што прадстаўніцы чароўнага полу — стварэнні легкадумныя і ненадзейныя, дзеля якіх не варта «замарочвацца». Ён не здолеў адразу адмовіцца ад мары пра шчасце з адзінай, але адклаў вырашэнне гэтага пытання на аддаленую будучыню, калі ён стане старэйшым і мудрэйшым, навучыцца лепей разбірацца ў людзях і не дазволіць сабе такіх памылак, як у мінулым. А пакуль што трэба быць напагатове, абараняць свой унутраны свет і нікога не падпускаць занадта блізка, каб ізноў не паранілі.

Малады лішак энергіі Ігар укладаў у трэніроўкі. Яго цела налілося сілай, дзяўчаты яшчэ больш звярталі на яго ўвагу, і хлопец атрымаў магчымасць сам выбіраць са сваіх прыхільніц самых на выгляд бяспечных, непадобных да драпежніц. Адбывалася гэта рэдка і цягнулася нядоўга. Калі дзяўчына нада кучвала яму, ён проста расставаўся з ёй...

Поспехі ў дзяўчат цешылі яго, і псіхалагічна Ігар увесь час адчуваў вялікае задавальненне. Бацькі не дапякалі размовамі пра хуткую жаніцьбу: жадаючы быць самастойным, Ігар здымаў кватэру. Маці і бацька не былі супраць гэтага, лічылі, што сыну карысна «паспрабаваць жыццё на смак», і нават дапамагалі грашыма, каб яму было лягчэй.

                                                             ІІ

Юля ў яго з’явілася нечакана. Яна займалася ў адной трэнажорнай зале з Ігарам. Юля хутка прыцягнула ягоную ўвагу найперш сваімі фізічнымі дадзенымі. Для практыкаванняў яна брала вагу найбольшую, чым астатнія жанчыны, якія наведвалі залу. Пры гэтым не сапла гучна і шумна, як астатнія, а дыхала ціха і акуратна. «Відаць, у яе вельмі добра развітыя лёгкія», — падумаў Ігар. Ён любаваўся яе зладжанымі, моцнымі рухамі, калі яна выконвала практыкаванні, і адчуў у ёй штосьці роднаснае. Да таго ж постаць дзяўчыны глядзелася вельмі ладнай і нейкай утульнай. І хоць Юля была на некалькі гадоў старэйшая за Ігара і ўжо мела пяцігадовую дачку і статус маці-адзіночкі, хлопца гэта не бянтэжыла. Ён усё часцей і часцей заглядаўся на Юлю.

А дзяўчына, здавалася, Ігара не заўважала. Яна ўвогуле не глядзела па баках, поўнасцю сканцэнтраваўшыся на практыкаваннях, і ўзнімала вочы толькі на штангу ці гантэлі. Калі адпачывала, апускала вочы, і Ігар успрымаў такую яе манеру трымацца як вельмі жаноцкую.

Аднойчы Ігар, па звычцы, амаль не хаваючыся, раз-пораз кідаў позіркі на Юлю. Яна гэта заўважыла. Ён не стрымаўся, імкліва падышоў да яе і ўсміхнуўся. Тая, глянуўшы на яго, узмахнула вейкамі, і на яе твары мільганула лёгкая ўсмешка. Акрыленага Ігара «панесла»: «Юля, пусці мяне пераначаваць. Я сёння куртку не ўзяў, пакуль дайду дадому — змерзну!» — паліліся самі сабою словы ( Ігар ведаў, дзяўчына жыла значна бліжэй да трэнажорнай залы, чым ён). Юля пачырванела, апусціла вочы яшчэ ніжэй і ціха прамовіла: «Хадзем лепей да цябе, у мяне бацькі дома».

Такая адкрытая гатоўнасць злёгку бянтэжыла Ігара, і ў ім «уключылася» ягоная звычайная насцярожанасць: сустракацца, і не больш, не даводзіць да шлюбу.

Юля, працуючы ў сталоўцы, пачала прыносіць прадукты і добра частаваць хлопца: яму ж, каб моцнымі былі мышцы, патрэбна багата бялку, вітамінаў. Такія паводзіны дзяўчыны замацавалі ў Ігара думку, што Юля своечасова «патрапілася»... Здавалася, варта яму толькі працягнуць руку, як Юля тут жа поўнасцю стане ягонай. Гэтае ўсведамленне напоўніла яго адчуваннем чарговай перамогі над жанчынай, і яму стала лянотна і нецікава нешта рабіць, каб Юля сапраўды яго пакахала. Ён «расслабіўся», глядзеў на яе крыху паблажліва.

Усё перамянілася, калі да дзяўчыны пачаў праяўляць павышаную ўвагу трэнер-інструктар трэнажорнай залы, агромністы трыццацігадовы мужчына. Звычайна інструктар распрацоўваў праграмы трэніровак для навічкоў і спярша вельмі ўважліва назіраў за імі, кантраляваў, ці правільна выконваюць практыкаванні. Калі навічкі крыху «абціраліся», трэнер быццам траціў да іх цікаўнасць, падыходзіў толькі перыядычна, каб не кідаць зусім сваіх падапечных на волю лёсу.

Юля займалася даўно і ўжо цалкам самастойна. Але чамусьці трэнер пачаў падыходзіць да яе ўсё часцей. Ён падоўгу затрымліваўся побач, нярэдка дакранаўся да жанчыны, каб дапамагчы ёй скарэктаваць позу, калі яна выконвала практыкаванне.

Ігару гэта не падабалася. Ён лічыў, што Юля належыць толькі яму, і калі бачыў, што яшчэ хтосьці звяртае на яе ўвагу, адчуваў рэўнасць.

«Візітамі» трэнера справа не абмежавалася. Калі аднойчы пасля трэніроўкі Юля зачынілася з інструктарам у раздзявальні, Ігара быццам працяла маланка... У ім закіпела самалюбства, усе пачуцці бурлілі. Аднак дзяўчыну ён ні ў чым не абвінавачваў. Ігар не лічыў Юлю распусніцай, а толькі яшчэ раз пераканаўся, што яна надзвычай жаноцкая, а таму такая...

Пасля «здрады» Ігар усю ноч не спаў, думаў, што рабіць. І — прыдумаў...

Падчас трэніроўкі ён падышоў да Юлі і сказаў, што закахаўся. Дзяўчына нічога яму не адказала. Але пасля заняткаў трэнер марна грукаўся да яе ў раздзявальню: Юля яго не пусціла, а потым сышла разам з Ігарам.

Хлопец вельмі заганарыўся. Яшчэ б!.. Яму аддалі перавагу перад самім трэнерам! Цяпер пасля заняткаў у зале Ігар сыходзіў дадому разам з Юляй. Па дарозе яны часта заходзілі ў краму і куплялі віно, закусі ў Юлі хапала.

Здавалася, ягонае шчасце з Юляй нішто не азмрочвае. Дачку Юлі глядзелі яе бацькі. Аднак паступова Ігару ўсё больш і больш надакучвала. Іншы раз, здавалася, ім нават не было пра што гаварыць. У яе свой інтарэс: праца, дачка, што купіць у кватэру, а што прынесці са сталоўкі... Ігар жа меў ад прыроды жывы, дапытлівы розум, шмат пра што задумваўся і пачытваў літаратуру і газеты. Паступова ён зрабіў яшчэ адно адкрыццё, што датычылася Юлі. Высветлілася, што яна — зусім не ўвасабленне жаноцкасці, а проста баявая жанчына, якая лёгка і з задавальненнем сыпле мацюкамі, і ўвогуле, Ігар сам мацюкаўся толькі ў мужчынскай кампаніі і яму было агідна, калі мацюкаліся жанчыны. «Атрымліваецца, Юля проста маскіравалася, каб прывабіць мяне. Цяпер жа стамілася, вырашыла, што мяне ўжо прывязала, і яе сапраўдная натура пачала праяўляцца», — думаў хлопец.

Ён усё болей адчуваў, што адносіны з Юляй яму надакучылі і гнятуць яго. А Юля, наадварот, вырашыла, што пара гэтыя адносіны замацаваць. У адзін цудоўны дзень яна, ужо не апускаючы вачэй, загаварыла пра тое, што дала Ігару шмат чаго, а значыць, час і яму нешта зрабіць для яе. Вядома, найлепшым быў бы іхні паход у ЗАГС.

Ігара быццам абухом па галаве стукнулі... Вось ужо чаго ён не чакаў і на што не разлічваў!.. Аказваецца, вось якая яна, Юля!.. І якая яна далёкая ад ягонага ідэалу дзяўчыны!

Ён паспрабаваў мякка патлумачыць ёй, што яе спадзяванні нерэальныя, ды і наогул...

Юля, нават не даслухаўшы Ігара, накінулася на яго з брыдкай лаянкай. Яна зневажала Ігара, усяляк яго абзывала, ён — яе, усё скончылася тым, што хлопец збег...

Каб не сустракацца з Юляй, Ігар нават перастаў хадзіць у сваю трэнажорную залу, хоць яна яго цалкам задавальняла, і ўзяў абанемент у больш далёкую ад дому. Ён таксама памяняў нумар мабільнага тэлефона. Але Юля не збіралася так лёгка адступаць. Яна пачала па вечарах пільнаваць Ігара каля яго дома, заходзіць разам з ім у пад’езд і спрабаваць прарвацца ў кватэру. Ігар адштурхоўваў дзяўчыну, яна лаялася і абвінавачвала яго ў чым толькі можна.

Калі Ігар заходзіў у сваё жытло і замыкаўся, Юля заставалася стаяць пад дзвярыма, грукала па іх і ціснула кнопку званка, патрабуючы, каб ён упусціў яе. Калі па лесвіцы міма праходзілі жыхары пад’езда і пыталіся, што здарылася, адказвала, што яе моцна пакрыўдзілі.

У адзін з вечароў Ігараў сусед не вытрымаў, выйшаў з кватэры і спытаў Юлю, колькі яшчэ яна будзе замінаць яму глядзець тэлевізар. Дзяўчына зноў сказала, што яе моцна пакрыўдзілі. Тады сусед замалаціў па Ігаравых дзвярах, патрабуючы, каб той выйшаў і разабраўся.

Ігару давялося выйсці. Сусед сказаў: «Разбярыцеся, а калі яшчэ раз такое паўторыцца, я буду выклікаць міліцыю!»

Пускаць Юлю ў кватэру Ігар катэгарычна адмовіўся, ён выйшаў з ёю на вуліцу і там зноў рашуча сказаў, што жаніцца на ёй не збіраецца...

Ці то Юля выдыхнулася, ці то спалохалася, што сусед выкліча міліцыю, але пасля гэтага пакінула Ігара ў спакоі.

Ігар уздыхнуў з палёгкай, быццам выкараскаўся з багны, якая яго засмоктвала. Яму пільна захацелася чагосьці зусім іншага — кантрастнага яго нядаўнім прыгодам. Ён прыйшоў да высновы, што трэба рэзка змяніць сваё жыццё, паспрабаваць падняцца на прыступку вышэй. А дзеля гэтага — палепшыць матэрыяльны дабрабыт...

                                                               ІІІ

Як казалі старажытныя рымляне, таго, хто жадае, лёс вядзе. Неўзабаве ў Ігара з’явіліся магчымасці выканаць свой намер. Знаёмы расказаў, што адна гаспадыня з рынку, уладальніца некалькіх кропак, шукае памочніка. Абавязкі нескладаныя для фізічна моцнага хлопца — суправаджаць яе ў паездках па тавары, раніцай дапамагаць дастаўляць цяжкія баулы на рынак, а вечарам — да яе дахаты. Заробак жа — нашмат вышэйшы за заводскі.

Ужо пры першай сустрэчы гаспадыня ўразіла Ігара. Ад знаёмага ён ведаў, што ёй каля сарака гадоў, і чакаў пабачыць тыповую «цётку». Але перад ім стаяла не проста зграбная, а па-дзявоцку тонкая невысокая дама з усмешлівым прыемным тварам, з густымі кучаравымі валасамі, што падалі на плечы, з вялікімі яснымі вачыма, арыстакратычным тонкім прамым носам і з вытанчанымі рукамі з доўгімі пальцамі. Ад жанчыны прыемна пахла парфумай. Ігар падумаў, што прыкладна такімі павінны быць францужанкі. А калі пазнаёміўся з Аняй, так звалі жанчыну, бліжэй, канчаткова зачараваўся ёю.

Аня валодала безумоўнай харызмай. Як высветлілася, раней яна працавала выкладчыцай ігры на фартэпіяна ў музычнай школе. Цяпер Аня прадавала жаночае адзенне. Яна казала: «Для мяне галоўнае — не прадаць рэч, а ўпрыгожыць чалавека». Кожную пакупніцу яна акружала клопатам, уважліва выслухоўвала яе пажаданні і заўвагі. Словам, яна ўмела дагаджаць жанчынам-пакупніцам розных узростаў і рознага густу. У яе ўтварылася кола пастаянных кліентак, якім яна па замове шукала і прывозіла адзенне. Жанчыны гэта цанілі.

Аня з усімі была вельмі ветлівая, за ўсё дзякавала сваім кліенткам, і нават тым, хто званіў ёй па тэлефоне. Размову з імі яна заканчвала словамі: «Дзякуй за тэлефанаванне!»

Ігар захапляўся асобаю Ані. «Яна рэдкая гандлярка, якая не проста гоніцца за прыбыткам, а працуе для людзей. Такі чалавек у наш час — вялікая каштоўнасць», — думаў хлопец. Яму спадабалася размаўляць з Аняй. Спачатку яны гутарылі толькі ў дарозе. Потым вечарамі, пасля работы гаспадыня пачала запрашаць Ігара да сябе на чай. Ён не адмаўляўся. Яе інтэлігентны, эмацыйны голас было прыемна слухаць. Аня заўсёды гаварыла пранікнёна, быццам звяртаючыся да самай глыбіні душы слухача. Яна ўжо шмат чаго пабачыла ў жыцці і шчодра дзялілася вопытам. Распавядала гісторыі знаёмых, выпадкі сасвайго жыцця, разважала пра характары і ўчынкі. Важнае месца ў яе аповедах займалі людская дабрыня і прыстойнасць. Аня заўсёды сцвярджала, што гэтыя паняцці — не пустое, такія якасці і прыносяць дабро іншым, і таму, хто іх праяўляе, хай нават адразу гэта не заўсёды бачна...

Муж Ані, Віталь, калі б яны ні прыйшлі, заўсёды быў дома. Ён нічога не меў супраць таго, што жонка прыходзіць дадому з маладым памочнікам. Найчасцей Віталь знаходзіўся ў сваім пакоі і выходзіў адтуль, каб прыязна павітацца з Ігарам, а павітаўшыся, зноў сыходзіў. Віталь нідзе не працаваў. Як расказала Аня, па адукацыі быў матэматыкам і раней працаваў настаўнікам у школе. Аднак у яго аказаліся слабыя нервы, і вучні яго «давялі». Віталь стаў нейкім запалоханым, часта хварэў. Тады на сямейнай радзе было вырашана, што ён пакіне працу. Аня да таго часу ўжо займалася гандлем і разлічвала, што яе даходаў хопіць на ўсіх. Так і сталася. Яна не толькі ўтрымлівала мужа, але і забяспечвала двух сыноў, прычым нашмат болей, чым гэта было неабходна. Хлопчыкі былі экіпіраваныя, як кажуць, па найвышэйшым разрадзе, мелі самыя сучасныя камп’ютары і мабільнікі. Апрача таго, маці аплачвала малодшаму, 11-гадоваму, заняткі ў мастацкай школе, а старэйшаму, 14-гадоваму, — у секцыі каратэ, а ім абодвум — рэпетытараў па фізіцы і замежнай мове.

Аніны сыны прызвычаіліся да Ігара. Пасля таго, як Аня з Ігарам пілі чай на кухні, ён звычайна заходзіў да іх у пакой, і хлопчыкі распавядалі яму пра свае поспехі. Малодшы паказваў свае малюнкі, старэйшы — прыёмы каратэ.

Ігару падабаліся такія адносіны з хлапчукамі. Ён пачаў адчуваць сябе ў Ані «сваім». Ён усё больш і больш захапляўся гаспадыняй. Ён лічыў, што Аня — ледзьве не святая жанчына: так высакародна абыходзіцца з мужам, узяла на сябе ўсе матэрыяльныя клопаты пра сям’ю. Зрэшты, не толькі матэрыяльныя: Віталь, як казала Аня, дома таксама амаль нічога не рабіў, праўда, трохі прыбіраў. Але нават па пакупкі хадзіць Ганна яму не давярала: тлумачыла, што такога, як ён, папросту падмануць, і толькі яна здолее выбраць якасны тавар. «Вось прыклад самаадданай жанчыны, сучаснай, энергічнай, якая шмат чаго дасягнула ў жыцці, але засталася любячай жонкай і клапатлівай маці», — упэўніўся Ігар.

                                                             IV

Аднойчы пасля таго, як Ігар з Аняй прывезлі баулы ўвечары ёй дахаты,

гаспадыня папрасіла хлопца з’ездзіць з ёю яшчэ на адну кватэру, маўляў,

трэба там забраць тавар.

Калі яны туды прыехалі, нічога падобнага ў кватэры не аказалася.

«А дзе ж тавар?» — здзівіўся Ігар. Замест адказу Аня падышла да яго, абня-

ла, шчыльна прыціснулася і пачала цалаваць. Хлопец збянтэжыўся. Ён лічыў

Аню вельмі прыгожай жанчынай, але пра больш блізкія адносіны з жанчынай

на многа старэйшай за сябе...

Іхнія такія сустрэчы сталі рэгулярнымі, а гутаркі — больш адкрытымі і шчы-

рымі. Аня расказала Ігару, што даўно расчаравалася ў мужу, і што вельмі нешча-

слівая з ім. Казала, што не можа пакінуць яго, тлумачыла, што калісьці яна яго

кахала і дасюль шкадуе, а без яе ён прападзе. Дый дзецям лепей мець бацьку.

Ігар спачуваў Ані, пачаў задумвацца: можа, ён яе кахае?

Час ішоў, іх адносіны былі падобны на адносіны закаханых. Аня хацела

паказвацца на людзях у кампаніі маладога спадарожніка і нярэдка вадзіла

Ігара ў рэстараны, дзе частавала за свой кошт. Спачатку ён адмаўляўся, казаў,

што ён не альфонс, але Аня пярэчыла: «Не крыўдзі мяне, мне прыемна, про-

ста я магу сабе гэта дазволіць». Яна намагалася яшчэ і купляць Ігару адзенне

за свае грошы, але тут ужо хлопец рэзка не пагадзіўся...

                                                                V

Так прайшло некалькі месяцаў. Ігара ўсё задавальняла, і ён, так бы мовіць,

плыў па цячэнні. Але аднойчы, калі наведаў сваіх бацькоў, тыя пацікавіліся: а

што ў яго ў асабістым жыцці?..

Ігар разумеў, што не можа распавесці пра раман са старэйшай за яго

замужняй жанчынай, і пажартаваў, маўляў, пакуль нічога сур’ёзнага ў яго ні

з кім няма... Бацькі не сталі дапытвацца, мяркуючы, што сын яшчэ малады,

можна з жаніцьбай яго не прыспешваць. Але пасля гэтага Ігар пачаў задумвац-

ца: а што ж далей? Колькі могуць доўжыцца іх з Аняй такія адносіны?

Захапіўшыся гаспадыняй, як каханкай, Ігар перастаў заседжвацца ў яе ў

гасцях: ён прыносіў баулы — і яны адразу ж ехалі на кватэру, якую яна зды-

ала, па дарозе купляючы пітво і ежу. Калі Ігару ўвечары трэба было на трэ-

ніроўку, яны ўлучалі час, каб пабыць удваіх сярод дня. Што думае Анін муж

пра жончыны вячэрнія адлучкі — Ігара, здаецца, не вельмі хвалявала. Цяпер

жа, калі ён з Аняй вельмі зблізіліся, думкі пра яе мужа пачалі непакоіць Ігара,

а як ён да гэтага ставіцца, не сляпы ж...

Віталь жа па-ранейшаму прыемна вітаўся з ім і не паказваў ніякіх пры-

кмет непрыязнасці, але Ігар адчуваў сябе перад ім вельмі няёмка. Няхай

Віталь мямля і ўтрыманец, як казала Аня, але ён таксама чалавек, мужчына.

Ці перападае яму хоць крышачку жончынай ласкі? Хоць Віталь і не падае

выгляду, не адважваецца пратэставаць, але ж атрымліваецца, што па віне Ігара

чалавек усім, чым толькі можна, абдзелены: і сродкамі, і жончынай ласкай,

якая, напэўна, ніколі яго не любіла, ды і ён — таксама... А гэта можа істотна

пагоршыць карму — Ігар верыў у такія рэчы.

А хлопчыкі, Аніны і Віталевы сыны? Мама не стала менш клапаціцца пра

іх пасля таго, як у яе жыцці з’явіўся малады сябра. Ігар усё ж адчуў перад імі

сваю віну. Магчыма, таму што, як разумеў, ён нібыта выкрадаў іх у бацькі...

Абдумаўшы ўсё гэта, Ігар зразумеў, што сітуацыя вельмі непрыгожая...

І самае галоўнае — калі такія іхнія адносіны з Аняй будуць працягвацца, можа

зашкодзіць яму дасягнуць галоўнай мэты: стварыць сваю трывалую, шчаслі-

вую сям’ю. Не з Аняй, вядома... Разважаючы так, ён пачаў заўважаць, што

Аня, не-не ды і раздражняе яго. Ён усё часцей і часцей лавіў сябе на думцы,

што яе развагі пра жыццё кладуцца на яго ніба нейкім цяжарам. Яму пачалі

надакучваць яе, а значыць, не ягоныя, чужыя гатовыя высновы пра жыццё,

адносіны між людзьмі — захацелася рабіць свае. А можа, нават і не рабіць

ніякіх жыццёвых высноў, а проста весела жартаваць з таго, што цябе акружае,

часам пасміхацца з усяго, як гэта часта бывае ў моладзі.

З Аняй такое было немагчыма, з ёю ўсё атрымлівалася вельмі сур’ёзна.

Ігар усё часцей заўважаў, што, суправаджаючы Аню, ён з сумам глядзіць на

дзяўчатак, якія ідуць па вуліцы і бесклапотна рагочуць.

Аднойчы ён наважыўся і сказаў Ані, што ім трэба расстацца. Аня, пачуў-

шы гэта, моцна пабляднела, а потым разрыдалася.

— Ты вельмі жорсткі, — сказала яна, — і эгаістычны. Ты падумаў пра

мяне? Я б’юся, б’юся, як рыба аб лёд, упарта працую, цягну на сабе трох

мужчын, імкнуся рабіць людзям дабро. Няўжо я не заслугоўваю хоць трошач-

кі шчасця?

Ігара кальнула ў сэрца, ён збянтэжыўся. Аніны словы падаліся яму ў

нечым справядлівымі. Сапраўды, хіба яна не заслугоўвае хоць трошачкі шча-

сця? Якім будзе яе жыццё без яго?..

Хлопец разгублена маўчаў, не ведаючы, што сказаць. Яго ахапіла пачуццё

бездапаможнасці, ён быццам апынуўся ў нейкім мяккім жэле: няўжо давя-

дзецца працягваць ужо непатрэбныя яму адносіны з Аняй? Ці мае ён права

пакідаць яе?..

Ён нейкі час маўчаў, потым адчуў, як у ім узнялася хваля ўнутранага пра-

тэсту:

— Але я, — прамовіў ён, — я ж таксама заслугоўваю нейкага шчасця!

Я хачу пабудаваць сваё жыццё. А нашыя адносіны, ты сама разумееш, бес-

перспектыўныя.

Колькі Аня ні плакала, ні прасіла не пакідаць яе, пахіснуць Ігара ёй болей

не ўдалося.

— Прабач, — ціха сказаў ён ёй, калі яна крыху супакоілася, — але я не

магу вырашыць твае праблемы.

                                                         VІ

На наступны дзень Ігар адвёз баулы да Ані і адправіўся дадому. Ён цвёрда

вырашыў стаць для гаспадыні толькі памочнікам, і толькі...

Прайшло два тыдні. І раптам — Ігара выклікалі да следчага. Як высвет-

лілася, гаспадыня напісала заяву, у якой абвінаваціла хлопца ў тым, што ён

украў у яе буйную суму грошай.

— Суседзі пацярпелай пацвердзілі, што Вы часта бывалі ў яе дома, —

казаў следчы. — А яе муж расказаў, што Вам давяралі і Вы неаднаразова

заставаліся ў пакоі адзін.

Для Ігара гэта было — як гром з яснага неба...

Сапраўды, ён часта бываў у Ані дома, але ніякіх грошай не краў... Толькі

як даказаць, і ці дакажаш?..

Ігара не арыштавалі, але патлумачылі, што яго становішча вельмі і вельмі

цяжкае.

Ён, калі яго адпусцілі, папярэдзіўшы, што яшчэ вызавуць, каб нікуды

не знікаў, прыехаў да Ані на рынак. Там паспрабаваў паразмаўляць са сваёй

былой гаспадыняй, але тая адмахнулася: «Я табе давярала, а ты мяне пад-

мануў».

Нічога іншага Ігару не заставалася, як шукаць дапамогі ў блізкіх людзей.

Хоць і бянтэжачыся, ён усё расказаў бацькам пра тое, што з ім здарылася і

чаму. Маці доўга плакала, казала: «Навошта ж ты з дарослай бабай звязваў-

ся?» Бацька, паўздыхаўшы, прамовіў: «Што ж, у жыцці ўсялякае бывае».

Яны, вядома ж, кінуліся дапамагаць сыну. Даведаўшыся Анін адрас, адпра-

віліся да яе, каб паразмаўляць з гаспадыняй і яе мужам. Пра тое, як прайшла

гутарка, бацькі Ігару не распавядалі, але праз колькі дзён гаспадыня забрала

заяву, патлумачыўшы ў міліцыі, што знайшла грошы, якія проста заваліліся, і,

атрымліваецца, дарэмна падазравала хлопца.

Абдумаўшы ўсё, што адбылося, Ігар вырашыў, што ён дастаткова

«паблукаў па закутках» і зайшоў зусім не туды, куды трэба. Атрымлівалася,

што ўвесь гэты час быццам адкладваў жыццё надалей. Пара выходзіць з

гэтага тупіка на нейкі шырокі жыццёвы шлях і распачынаць галоўнае. Хаця,

што галоўнае, ён уяўляў не зусім акрэслена... Натуральна, аб тым, што і

далей ён будзе працаваць у Ані, размовы быць не магло. Уладкавацца памоч-

нікам да іншай гаспадыні? Улічваючы, што ён падабаецца жанчынам, гэта

небяспечна. Ці мала што яшчэ можа атрымацца... Дый што гэта яму дасць у

будучым? Можа, самому падацца ў камерцыю? Дык жа ён не адчуваў у сабе

такой жылкі. Ды і ведаў у яго недастаткова, каб заняцца нейкім канкрэтным

бізнесам.

«Трэба вярнуцца на завод, — вырашыў Ігар. — Скончыць курсы павы-

шэння кваліфікацыі, атрымаць высокі разрад. Тады і заробак будзе большы.

А грошы, якія я назбіраў за час працы ў Ані, патрачу на вучобу ў якой-

небудзь ВНУ. Здаровы ж і моцны, хопіць сіл, каб працаваць і вучыцца. А вось

у трэнажорнай зале трэба займацца менш, толькі каб падтрымліваць форму.

Мускулаў нарасціў ужо дастаткова... Хаця, жыццёвыя праблемы, як штангу,

ад сябе не адціснеш... Але калі атрымаць вышэйшую адукацыю, адкрыецца

магчымасць зрабіць кар’еру, — думаў Ігар. — А там, у інстытуце, і дзяўчыну

добрую можна сустрэць. Усё-такі не можа такога быць, каб такіх дзяўчат зусім

не было. Няхай дасюль у мяне не надта складвалася, але трэба далей спраба-

ваць. Я абавязкова знайду свой шлях!»

                                                              VІІ

Ігар неадкладна ўзяўся рэалізоўваць свае добрыя намеры. Зноў уладкаваў-

ся на завод, дзе яго, маладога і перспектыўнага, радасна сустрэлі. Пасля рабо-

чай змены тры разы на тыдзень па-ранейшаму хадзіў на трэніроўкі, у астатнія

дні сядзеў за падручнікамі, каб падрыхтавацца да ўступных экзаменаў у тэх-

нічны ўніверсітэт. У каледжы паспяваў няблага, і цяпер, хоць і мінула некаль-

кі гадоў, адчуваў, што здольны ўспомніць многае з таго, што там вывучаў.

На прадстаўніц жаночага полу ён вырашыў пакуль не глядзець. Але яе не

заўважыць не змог. Дзяўчына выходзіла з дзвярэй крамы, у якую накіраваў-

ся ён. Ігару адразу кінуўся ў вочы выраз яе сімпатычнага твару — сур’ёзны,

разумны, мэтанакіраваны. Фігура — мініяцюрная, у вопратцы — строгасць,

спалучаная з вытанчанасцю. Ад дзяўчыны павеяла чымсьці такім, што ўся

душа ўскалыхнулася... Але, перш за ўсё, здаецца, добрапрыстойнасцю...

Менавіта гэта ён доўга шукаў... Нічога падобнага да занудлівасці, старамод-

насці ні на яе твары, ні ва ўсім вобліку не адчувалася. «Яна магла б быць маёй

жонкай!» — пранеслася ў Ігаравай галаве.

— Паненка, давайце знаёміцца, — сказаў ён.

Дзяўчына спынілася, акінула Ігара ацэньваючым позіркам, усміхнулася.

Мабыць, сімпатычны малады чалавек з ветлівым голасам зрабіў на яе добрае

ўражанне. Аказалася, што завуць дзяўчыну Палінай. Ігар назваў сябе і адразу

ж запрасіў яе ў кавярню.

Яна згадзілася:

— А чаму б і не...

За кавай яны разгаварыліся. Паліна расказала, што пасля заканчэння юры-

дычнага факультэта стажыруецца ў адвакацкай фірме. Пакуль што лічыцца

памочнікам адваката і зарабляе няшмат, але пасля, як пройдзе курс стажы-

роўкі і здасць спецыяльны экзамен стане самастойным спецыялістам, у яе

будзе высокі заробак, які, зрэшты, шмат у чым будзе залежаць ад ганарараў

ад кліентаў.

Ігар даведаўся, што Паліна жыве з бацькамі. Акрамя працы, займаецца на

курсах ваджэння і хоча назбіраць грошай, каб купіць машыну.

Усё гэта вельмі спадабалася Ігару. Ён зразумеў, што Паліна — сучасная,

дзейная дзяўчына, адукаваная і сур’ёзная. «Такіх, бадай, яшчэ я не сустра-

каў», — думаў ён.

У сваю чаргу, Ігар расказаў пра сябе. Праўда, крыху саромеючыся, бо

пакуль што не мог пахваліцца ніякімі дасягненнямі. Але ён асабліва падкрэ-

сліваў, што цвёрда намераны здзейсніць свае планы: павысіць кваліфікацыю

і паступіць у ВНУ.

Выслухаўшы яго, Паліна іранічна хмыкнула і прапанавала: «Добра, давай

пакуль пагаворым пра што-небудзь менш сур’ёзнае».

Выйшаўшы з кафэ, Ігар і Паліна вырашылі прайсціся па горадзе. Нягле-

дзячы на тое, што ў яе сур’ёзная прафесія, Паліна не выглядала сур’ёзнай. Яна

шмат жартавала і сама ахвотна смяялася. Ігара ахоплівала прыемнае пачуццё

навізны, калі ён слухаў як яна гаворыць: правільна і дакладна. У гэтай гавор-

цы спалучаліся юная жвавасць і строгая логіка: і ўсё было зразумела.

Ён стаў нават крыху пабойвацца, бо яму здавалася, што да ўзроўню Палі-

ны не дацягвае. Але ні ў яе словах, ні ў паводзінах не было ніякіх прыкмет

фанабэрыстасці. Ігар усё болей пераконваўся ў думцы, што Паліна была б

неблагой жонкай, якой можна было б ва ўсім ганарыцца. Ён даведаўся, што ў

Паліны ёсць брат.

Яны сталі сустракацца. Неўзабаве высветлілася, што Паліна любіць тэатр.

Ігар заўзятым тэатралам не быў, але некалькі спектакляў за сваё жыццё пагля-

дзеў. Каб бліжэй сысціся з Палінай, ён запрасіў яе ў тэатр. Потым яны схадзілі

ў музей горада і на мастацкую выставу. Ігару гэта было нязвыкла, але цікава:

аказваецца, жыццё — гэта не толькі завод, спартзала, рынак... Ёсць яшчэ

шмат іншага, што кранае цябе...

Праз два месяцы сустрэч Ігар вырашыў грунтоўна паразмаўляць з Палі-

най пра свае намеры вучыцца, і — ажаніцца з ёй.

Дзяўчына ўважліва выслухала яго і сказала, што ён ёй падабаецца: сім-

патычны, з мужнай знешнасцю, пры гэтым у ім няма самаўлюбёнасці, легка-

думства, пошласці. «Я бачу, што ты сур’ёзны, і веру, што ў жыцці на цябе

можна разлічваць, — сказала Паліна. — Але тваё месца працы нікуды не

вартае. Завод — гэта так непрэстыжна! Я не магу звязаць свой лёс з заводскім

хлопцам. Мне будзе сорамна знаёміць цябе з бацькамі і сябрамі: у нас жа зусім

іншае кола. Табе трэба знайсці больш прэстыжную працу».

Колькі Ігар ні даводзіў ёй, што высокакваліфікаваныя рабочыя маюць

нядрэнныя грошы і што вышэйшая адукацыя адкрые яму магчымасць зрабіць

кар’еру, і яшчэ невядома, кім ён можа стаць, — Паліна не памяняла свайго

меркавання. «Калі я для цябе штосьці значу, выканай маю просьбу, — сказала

яна. — Калі праз паўгода ты будзеш працаваць у якім прэстыжным месцы

і зоймеш трывалае становішча, мы пажэнімся. А пакуль давай перастанем

сустракацца, каб нічога не адцягвала цябе ад пошукаў».

Вельмі не хацелася Ігару збочваць са шляху, які здаваўся яму прамым.

Але, як кажуць, чаго не зробіш дзеля кахання!.. Хлопец ламаў галаву: куды б

уладкавацца, маючы з адукацыі — толькі тэхнічны каледж, і не знаходзіў

адказу. Ён пачаў апытваць сваіх знаёмых, можа, у каго з іх ёсць на прыкмеце

якое грашовае месца, але безвынікова...

                                                          VIІІ

Адначасова разам з Ігарам у трэнажорнай зале займаліся некалькі супра-

цоўнікаў нейкага рэкламнага агенцтва. Зрэшты, займаліся — моцна сказана.

Упэўненыя ў сабе хлопцы няспешна хадзілі паміж спартыўнымі снарадамі,

перакідваліся жартамі і толькі зрэдку спакваля выконвалі паўпрактыкавання.

Стваралася ўражанне, што яны прыходзяць у залу, быццам у нейкі клуб, каб

проста развеяцца. Сярод іх вылучаўся старэйшы мужчына — кіраўнік. Усе

называлі яго не так як адзін аднаго, па імёнах, а — Валерый Уладзіміравіч.

Нягледзячы на тое, што ён быў значна старэй за сваіх супрацоўнікаў — віда-

вочна перасягнуў саракагадовую мяжу — Валерый Уладзіміравіч ставіўся да

трэніровак не так легкадумна, як яго падначаленыя. Ён, не звяртаючы ні на

што ўвагі, упарта выконваў адно практыкаванне за другім. І хоць падымаў не

надта цяжкія штангі, але яго сур’ёзнасць і ўпартасць Ігару імпанавалі. Хлопец

вырашыў, што не пашкодзіць пагаварыць з Валерыем Уладзіміравічам, можа,

у таго для яго знойдзецца якая добрая праца.

Калі Ігар спытаў у Валерыя Уладзіміравіча пра гэта, кіраўнік агенцтва

ўважліва паглядзеў на Ігара і сказаў: «А ведаеш, магчыма, знойдзецца для

цябе месца. Бачыш маіх малайцоў, якім фірма аплачвае трэніроўкі? — ён

абвёў позіркам залу, па якой сноўдаліся яго супрацоўнікі, заляцаючыся да

дзяўчат. — Вось такія самыя яны і ў працы. Не, я нічога кепскага пра іх не

хачу сказаць, хлопцы яны таленавітыя, таму я іх і трымаю, але вельмі лянот-

ныя і неарганізаваныя. Усе лічаць сябе за геніяў, якія могуць дзейнічаць па

сваіх праграмах. Калі мы атрымліваем заказ, ніхто з іх, пакуль не загадаеш, не

кінецца адразу над ім працаваць. Спачатку мае малайцы доўга думаюць, што і

як, папіваюць каву, гуляюць на смартфонах, сноўдаюць па калідоры... А калі я

раблю ім заўвагі, агрызаюцца: маўляў, так у іх праходзіць творчы працэс, яны

настройваюцца, абдумваюць, як лепш зрабіць. Падыходзіць тэрмін выканан-

ня заказу, нічога не гатова, я нервуюся. І тады літаральна за два дні да здачы

мае хлопцы мяняюцца: яны сядзяць на працы да дванаццаці ночы і ў рэшце

рэшт выдаюць прыстойны прадукт. Яны яшчэ ні разу мяне не падвялі, кліенты

застаюцца задаволеныя. Але я ўсё адно ўвесь час так нервуюся, што вельмі ад

гэтага стаміўся. Мне патрэбен чалавек, які арганізаваў бы маіх геніяў, стаяў

бы над імі як нянька і наглядчык у адной асобе. Я не магу гэтага рабіць, у

мяне шмат іншай працы: шукаць кліентаў, весці перамовы, падпісваць кант-

ракты... Дый не да твару дырэктару быць і нянькай, і наглядчыкам для сваіх

супрацоўнікаў. А вось табе, мне здаецца, гэтая справа цалкам падышла б.

Я назіраў, як ты трэніруешся. Ты хлопец валявы, настойлівы, мэтанакіраваны.

Табе пад сілу навесці парадак, нават самы элементарны. У маіх геніяў вечна

паўсюль раскіданы паперкі ад цукерак, вафляў, печыва, пакункі ад чыпсаў,

жуек, бутэлькі з-пад кока-колы. Такі творчы вэрхал. Яны кажуць, што гэта

стымулюе іх. Вядома ж, я плачу прыбіральшчыцы, але яна прыходзіць уве-

чары. А днём мне проста непрыемна заходзіць у пакоі. Я не хачу страчваць

маіх хлопцаў, яны талковыя і перспектыўныя. Але трэба абудзіць у іх павагу

да дысцыпліны. Такую працу я табе прапаную. Твая пасада будзе называцца

«менеджар па персанале». А заробак у цябе будзе...»

Валерый Уладзіміравіч назваў лічбу, якая падалася Ігару вельмі прываб-

най. Дый назва пасады гучала салідна. «Паліне павінна спадабацца», — узра-

даваўся ён. Доўга не раздумваючы, Ігар пагадзіўся.

                                                           ІХ

Прайшло чатыры месяцы. Сітуацыя ў агенцтве Валерыя Уладзіміравіча

кардынальна змянілася. Ігару хутка ўдалося заваяваць сярод супрацоўнікаў

аўтарытэт. Мужчыны, якія бачылі яго на трэніроўках, адразу ж паставіліся да

Ігара з павагай. У агенцтве працавалі і маладыя жанчыны. Ігар ім падабаўся.

Ці не кожная хацела звярнуць на сябе ўвагу нішто сабе мускулістага прыгажу-

на, і яны стараліся выконваць ягоныя патрабаванні.

Дысцыпліна ў агенцтве наладзілася не адразу. Ігар літаральна стаяў над

галовамі «геніяў», угаворваў, пераконваў, падганяў. Ён завёў журнал, у які

запісваў усё зробленае кожным супрацоўнікам на працягу рабочага дня. Спа-

чатку «геніі» абураліся, даводзілі, што ён нічога не разумее ў творчым працэ-

се, але паступова Ігарава настойлівасць прынесла плён. Аказалася, што словы

пра непрадказальную творчую натуру, якая не пераносіць ніякіх абмежаван-

няў, — проста міф. Цяпер праца над заказам пачыналася неадкладна пасля

яго афармлення. «Геніі» пабойваліся Ігара, стараліся. І ў іх усё атрымлівалася.

Дырэктар быў задаволены і сваімі «геніямі», і Ігарам.

І аднойчы Валерый Уладзіміравіч сказаў яму: «Ты ў нас галоўны ахоўнік

дысцыпліны. Але забаўляцца ў твае маладыя гады таксама трэба. Я хачу зра-

біць табе падарунак — адвесці ў элітны начны клуб. Мы прыдумалі для клуба

ўдалую рэкламу. Яна дапамагла яму раскруціцца, і цяпер нашых супрацоўні-

каў там прымаюць бясплатна».

У начным клубе Ігар апынуўся ўпершыню. Дзяўчаты-стрыптызёркі адра-

зу ўразілі яго: якія прыгажуні!.. І хаця ўсе дзяўчаты, з якімі ён сустракаўся

раней, таксама былі прыгожыя, але тут панавала зусім іншая прыгажосць!..

Асабліва спадабалася яму адна: высокая, з доўгімі чорнымі валасамі. Здаец-

ца, ён нават пакахаў яе... З гэтага дня Ігар карыстаўся прывілеяй, бясплатна

наведваў клуб, пачаў хадзіць туды рэгулярна...

Прайшло яшчэ два месяцы. Дзяўчына з начнога клуба, якая ўразіла Ігара,

за гэты час стала ягонай каханкай. Ён, няблага зарабляючы, утрымліваў яе, як

лічыў, у раскошы.

Карыне падабаўся Ігар, не проста як каханы, яна яго і не кахала, а зне-

шнасцю: спартыўнага выгляду, «накачаны», не тое што большасць хлюпікаў,

якія аціраліся вакол яе. Вось толькі Ігар гэтага не разумеў і лічыў, што яна яго

кахае...

Пра Паліну Ігар узгадваў рэдка. А калі і ўспамінаў, дык думаў, што зараз

мог бы сказаць ёй, чаго дабіўся без яе, без той, на якой хацеў ажаніцца, і якая

па-сутнасці не прыняла яго, як неўладкаванага ў жыцці...

Але вось надышоў дзень, калі, як яна казала, ён павінен патэлефанаваць

сваёй нявесце і расказаць чаго дасягнуў. Ігар моцна задумаўся: а ці варта...

Здавалася б, вось яна, магчымасць... З Карынай яму добра. Але яна... Палі-

на ж — добрапрыстойная, сур’ёзная дзяўчына, якой цяпер не будзе за яго

сорамна.

Аднак як Ігар ні спрабаваў успомніць Палінін твар, так і не змог. І тады

ён успомніў, што яна яго вельмі моцна пакрыўдзіла. Успомніў, з якой пагардай

Паліна казала, калі развітваліся, пра ягоную былую працу, з якой упэўнена-

сцю даводзіла, што ён не «ўпішацца» ў той асяродак, у якім яна жыве: крыўда

проста спальвала яго.

Але як ні дзіўна — усё ж ён удзячны Паліне за тое, што яна «падштурхну-

ла» яго да дзеяння і цяпер ён не проста нейкі там неўладкаваны ў жыцці юнак,

а сапраўдны мужчына, які ведае сабе цану...

«Не буду я ёй тэлефанаваць, — урэшце вырашыў Ігар. — Пагрэбавала

мною, палічыла нявартым — няхай цяпер шукае лепшых. А ў мяне яшчэ

нямала часу наперадзе. Ёсць Карына, будуць яшчэ дзяўчаты, калі што...

А можа, я на Карыне ажанюся. А што?.. Дзяўчына вабная... А Паліна?.. Можа,

і мне стаць юрыстам, як яна? Грошай хопіць і на рэпетытараў, і на вучобу.

А хутка іх будзе яшчэ болей: дырэктар, калі пайду вучыцца, абяцае зрабіць

сваім намеснікам па персанале.

Не, што ні робіцца — усё да лепшага.

Добра, што Паліна мне адмовіла, — думаў Ігар. — Так, жыцця пачатак —

мноства калідораў. Ніхто не ведае, які з іх выведзе да сапраўднага кахання.

І што рабіць? Заходзіць па чарзе ў кожны, рабіць некалькі крокаў і, зразумеў-

шы, што ён не твой, уцякаць? Або выбраць адзін наўдачу, і крочыць па ім да

канца, куды б ён ні завёў — ва ўтульны пакойчык, дзе ты апынешся разам з

сям’ёй, ці да новага шляху, які зноў разыдзецца на некалькі сцежак, і так бяс-

конца? Магчымасцей шмат, жыццё адно. У мяне яно толькі пачынаецца, і ўсё

яшчэ наперадзе».

Прочитано 360 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии