Суббота, 18 11 2017
Войти Регистрация

Войти в аккаунт

Логин *
Пароль *
Запомнить меня

Создать аккаунт

Обязательные поля помечены звездочкой (*).
Имя *
Логин *
Пароль *
Подтверждение пароля *
Email *
Подтверждение email *
Защита от ботов *

Кейстут

  • Пятница, 29 сентября 2017 00:54

Ён нібыта сышоў са старонак гісторыка-прыгодніцкага рамана — высакародны князь-воін, абаронца роднай зямлі. Нават ворагі-крыжакі прызнавалі ягоную высакароднасць і мужнасць. «Кейстут болей за ўсё любіў вайну і праўду. Калі ён жадаў напасці на прускую зямлю, заўсёды папярэдне паведамляў пра гэта маршалам Ордэна, а калі паведамляў, заўсёды з'яўляўся», — адзначаў ордэнскі храніст. Успамінаецца рускі князь-воін Святаслаў Ігаравіч, які папярэджваў сваіх ворагаў: «Іду на вы». Кейстут, як і яго старэйшы брат Альгерд, быў сынам Гедзіміна ад яго другой жонкі Вольгі, полацкай князёўны. Гэта і абумовіла іх братэрскае сяброўства і пэўнае супрацьстаянне астатнім братам — дзецям ад першай і трэцяй Гедзімінавых жонак. Паводле летапісцаў Кейстут і Альгерд пераўзыходзілі зводных братоў розумам і актыўнасцю. Хоць, у адрозненне ад разважлівага і хітрага Альгерда, Кейстут вызначаўся рашучасцю і прастадушнасцю. Гэта ён у 1345 годзе, не чакаючы Альгерда, захапіў Вільню, а пасля ўрачыста сустрэў брата, добраахвотна аддаўшы яму вялікакняжацкі пасад.

Са згоды Альгерда Кейстут правіў «воляю сваёй» у Троцкім княстве, куды ўваходзілі Гарадзенская, Берасцейская землі і Падляшша. І калі Альгерд пераважна займаўся «рускімі» справамі, дык Кейстут ваяваў з Ордэнам. Аднак у найважнейшых агульнадзяржаўных справах удзельнічаў і Кейстут. Ён удзельнічаў у паходах Альгерда на Маскву, ваяваў разам з Любартам супраць польскага караля Казіміра Вялікага за Валынь, адстаяўшы ад яго дамаганняў Луцк. Але часцяком Кейстут дзейнічаў самастойна, і, бывала, толькі знаходлівасць і авантурная дзёрзкасць дапамагалі яму выйсці пераможцам са складанага становішча. Калі ў 1350 годзе 90-тысячнае ўгорскае войска рушыла на Берасцейшчыну, Кейстут пераправіўся цераз Буг і заявіўся ў варожы стан каля Мельніка. Здзіўленаму каралю Людовіку Кейстут прапанаваў мір і абяцаў хрысціцца ў каталіцтва. Кейстут пакляўся па адмысловым язычніцкім рытуале, і ўражаны Людовік паверыў «паганцу». А той і не думаў трымаць сваю клятву, якую лічыў несапраўднай. Праўдападобна, што Кейстут, як і яго бацька, быў арыянінам і сваім паганскім рытуалам проста абдурыў угорскага караля. Пазней угорскі храніст Ян з Кікулёва прызнаўся, што паход быў не супраць паганцаў, а «супраць літоўскіх хрысціян і самай вялікай дзяржавы Русі», чым, у адрозненне ад тэндэнцыйных ордэнскіх храністаў і рускіх летапісцаў, засведчыў аб існаванні асобнай хрысціянскай канфесіі літвінаў.

Скарыстаўшыся даверлівасцю ўгорскага караля, Кейстут па дарозе ў Венгрыю ўцёк, а ўгорскае войска разышлося. Неверагодна, але вось такім хітрым чынам Кейстут выратаваў свой край ад варожага нашэсця. Двойчы ён трапляў у палон да крыжакоў і двойчы ўцякаў.

Калі ў 1361 годзе яго злавілі на паляванні крыжакі і ўвязнілі ў Мальбаркскім замку, Кейстут праявіў зайздросную вытрымку і знаходлівасць. Ён схіліў на свой бок ахоўніка, і той прынёс у ягоную камеру кірку. Па начах князь прабіваў у сцяне дзірку, а раніцай завешваў яе шпалерай. Ахоўнік падчас малітваў ордэнскіх братоў у касцёле выносіў з каморы друз. Калі пралом быў зроблены, Кейстут па вяроўцы спусціўся ў замкавы двор, дзе чакаў ягоны спадручнік. Яны пераапрануліся ў крыжацкую вопратку і на конях, узятых у стайні, выехалі з замка. Вартавыя нічога не западозрылі, калі аклікнулі іх. Кейстут добра валодаў нямецкай мовай і выдатна сыграў ролю крыжака. Высланая пагоня так і не знайшла ўцекачоў. А Кейстут ужо з Трок напісаў магістру ліст і падзякаваў яму за добры прыём і запрасіў да сябе, паабяцаўшы найлепшы пакой. Не словы гневу, праклёну і пагроз, а дабрадушны жарт з няўцямнага магістра, які не ўсцярог свайго «госця».

Не здзіўляе аднадушнасць ордэнскага храніста і польскага хроніка Яна Длугаша, якія прызнаюць найлепшыя якасці Кейстута. «Калі ён заключыў мір з магістрам, дык трымаў яго моцна. Калі ён лічыў каго-небудзь з братоў нашых чалавекам храбрым і мужным, дык праяўляў да яго шмат любові і гонару». «Кейстут, хоць паганец, быў доблесным мужам: сярод Гедзімінавых сыноў ён вызначаўся разважнасцю і знаходлівасцю, і, што больш за ўсё робіць яму гонару, ён быў адукаваны, чалавекалюбы і праўдзівы ў словах», — пісаў непрыхільнік да Літвы Ян Длугаш. А пахвала ворага — гэта прызнанне відавочнага, што нельга ачарніць ці проста замаўчаць. Ведаючы праўдзівасць Кейстута, гарнізоны крыжацкіх замкаў здаваліся яму на абяцанне захаваць жыццё. Ці многа мы знойдзем у тагачаснай гісторыі падобных постацяў? Пытанне, на якое цяжка адказаць, а можа, чэсна прызнаць, што няма такіх. Але ў жорсткім свеце войнаў, інтрыг, крывадушша і падману высакародныя героі гінуць. Так здарылася і з Кейстутам.

Пасля смерці Альгерда ў 1377 годзе Кейстут дапамог ягонаму сыну Ягайлу зацвердзіцца на вялікакняжацкім пасадзе. Мудрай парадай Кейстут дапамагаў маладому гаспадару правіць дзяржавай. Але падбухтораны сваёй маці, княгіняй Уллянай і крыжакамі, Ягайла западозрыў Кейстута ў жаданні захапіць вялікакняжацкі пасад. Ён заключыў патаемны саюз з Ордэнам, паводле якога крыжакі маглі нападаць на Троцкае княства, а Ягайла абавязваўся не дапамагаць Кейстуту і больш за тое паведамляць ім аб яго планах. Кейстут ніяк не мог здагадацца, чаму ўладанні Ягайлы не спусташаюцца крыжакамі, а ягоныя церпяць ад іх нападаў, чаму яны загадзя ведаюць аб ягоных паходах і чакаюць яго, пакуль не даведаўся ад аднаго з камандораў аб здрадзе Ягайлы. Тады Кейстут у 1381 годзе нечаканым нападам захапіў Вільню і ў вялікакняжацкай канцылярыі знайшоў патаемную дамову Ягайлы з Ордэнам. Тайнае зрабілася відавочным. Ва ўсе часы здраднікаў каралі вельмі жорстка. калі не смерцю, дык няволяй. Кейстут пашкадаваў братаніча. Чалавечае перамагло ў ім дзяржаўнае. Ягайла пад невялікай вартай быў адпушчаны ў свае родавыя Крэва і Віцебск. І гэта было фатальнай памылкай Кейстута.

Заняты арганізацыяй адпору крыжакам, а пасля падрыхтоўкай паходу на ягайлавага брата ноўгарад-северскага князя Дзмітрыя-Карыбута, Кейстут прагледзеў змову братаніча з віленцамі і крыжакамі. Праз пасярэдніцтва братоў Свідрыгайлы і Скіргайлы Ягайла заключыў з Ордэнам дамову, саступаючы яму Жамойць і абяцаючы прыняць каталіцтва. Што не зробіш за ўладу, і маці родную прадасі, а не тое, што радзіму.

Падчас паходу Кейстута ў 1382 годзе на Ноўгарад-Северскі Ягайла з Крэва нечакана з'явіўся ў Вільні, дзе яго памагатыя здалі яму віленскія замкі. А пасля Ягайла з крыжакамі пайшоў на Трокі. Кейстут, даведаўшыся пра чарговую здраду братаніча, вярнуўся з паходу і загарадзіў шлях на Трокі. Тады Ягайла прапанаваў Кейстуту і ягонаму сыну Вітаўту прыехаць да яго ў стан для перамоў. Кейстут ужо не верыў братанічу, але Вітаўт угаварыў бацьку ехаць на перамовы. Высакародныя людзі вераць, што нават у апошняга нягодніка застаецца хоць трохі годнасці, а таму часта і становяцца ахвярамі сваёй наіўнай даверлівасці. Кейстут паверыў Ягайлу, бо хацеў пазбегнуць братазабойчай вайны, а ў выніку апынуўся ў лёхах Крэўскага замка. На пятыя суткі ў камеру ўварваліся ахоўнікі і нейкі крыжак і задушылі князя. Так загінуў герой вайны з Ордэнам, паплечнік Альгерда, вялікі князь, які змог бы прадухіліць крывавую міжусобіцу паміж Вітаўтам і Ягайлам, пазбегнуць згубнай для ВКЛ Крэўскай уніі, вывесці краіну з тупіковага шляху, куды завёў яе Ягайла. Наступствы смерці Кейстута адгукнуліся Люблінскай уніяй, стратай ВКЛ свайго рэальнага суверэнітэту, польскай палітычнай і культурнай экспансіяй.

Вітаўт ЧАРОПКА

Крынiца: Звязда

Прочитано 113 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии