Понедельник, 21 05 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Мікола Чарняўскі. На Новы год, на Новы год…

  • Вторник, 02 Январь 2018 10:11

Як ужо з нейкага часу павялося ў нашай сям’і, першаю пра тое, што пара ставіць ёлку, пачынала нагадваць унучка Ангелінка. Яна сама кожны раз упраўна падахвочвалася прыбіраць яе. Мне давяралася толькі дастаць з антрэсоляў картонныя каробкі, дзе чакалі свайго «выхаду» з надакучлівай цемры на калючае духмянае голле навагодняй красуні рознакаляровыя шары, шышкі, ліхтарыкі, мядзведзікі, зайчыкі ды лісічкі, пасмачкі «дожджыку», сняжынкі і шматкі ваты, ланцужкі гірляндаў, зіхатлівая зорка, каб загарэцца на ёлцы сотнямі агеньчыкаў, мігатліва заіскрыцца, падарыць сваю навагоднюю казку.

На гэты раз я таксама зняў з верхатуры антрэсоляў і асцярожна апусціў каробку за каробкай долу, паставіў каля падножжа ёлкі, а ўнучка, задаволена ўсміхаючыся, пачала даставаць адтуль цацкі і далікатна чапляць іх на гнуткія галінкі лапушыстай ялінкі. Я ведаў, што яна за вечар прыбярэ навагоднюю госцю вельмі вынаходліва, і стаяць ёлка будзе ў кватэры да самага дня яе нараджэння — да старога Новага года, а там нават — і далей.

Заўчаснае «старэнне» ёлцы не пагражала: бацькі вырашылі паслухацца заступнікаў прыроды і замест лясной прынеслі ў дом штучную ялінку. Не менш кашлатую і прывабную, чым ранейшыя, натуральныя.

— Дзед, а ці прыгожаю была ёлка, якую ставілі ў вашым доме, як ты быў малы? — раскінуўшы па галінках пасмачкі зіхатлівага «дожджыку», раптам спытала Ангеліна. — І як праходзіла свята ў тваёй школе? А якія падарункі прыносіў табе Дзед Мароз? Я дык на гэты раз яму замовіла новы планшэт. Не такі, як цяпер у мяне, а больш круты. Як ты думаеш, прынясе ён мне яго ці не?

Канешне, унучка хітравала, бо магла не сумнявацца: прынясе!

А што я мог расказаць ёй? Чым пахваліцца ці здзівіць? Унучка шмат у што не верыла, лічыла, я выдумляю, прыгадваючы калі-нікалі нейкія моманты са свайго дзяцінства. «Як жа вы жылі? Без тэліка, электрычнасці, тэлефона і мабільнікаў, нават кнігу пачытаць вялікай радасцю было?» — ёй здавалася ўсё пачутае такой неверагоднасцю, якая межавала з дзікунствам.

Мабыць, за выдумку прыняла яна і мой успамін пра Новы год у нашай школе.

Як памятаю, у нашай хаце ёлкі ніколі не ставілі. Рэдка ў каго з вяскоўцаў можна было ўбачыць яе, прыбраную, сапраўды святочную, не такую, як у лесе. Па-першае, каб пацешыць ёю дзяцей, трэба было з’ездзіць у лес па гэту самую ялінку. А яно ж — за добры дзясятак кіламетраў, бо нашай мясціне чамусьці найболей пашанцавала на балацявіны ды на альховыя і лазняковыя зараснікі, чым на яловыя і хвойныя падлескі. Па-другое, не ў кожнай сям’і вяліся лішнія грошы, каб вымеркаваць на ўпрыгоствы для лясной красуні ды навагоднія прысмакі і падарункі. Хоць з нейкай аглядкаю (свята ўсю ж рэлігійнае!), але ўсе рыхтаваліся, найбольш чакалі прыходу Каляд. Прыпасалася ў гаспадароў усё лепшае і смачнейшае з пачастункаў, тады можна было з «казою» пахадзіць па хатах, пакалядаваць. З няхітрай замаўлянкай «Шчадрую, шчадрую, каўбасу чую…» я і сам, помню, з меншым братам Валодзем ды яшчэ з тым-сім з сяброў хадзіў у такія «святыя вечары» ад хаты да хаты, спяваў пад вокнамі вяскоўцаў, і нас не ўсюды, але запрашалі ў хату, частавалі гэтай самай каўбасой, а часам яшчэ нешта з сабою ў торбу клалі: «З’ясцё потым».

А як святкавалі Новы год ў школе? Напэўна, не схлушу, калі скажу: не надта шыкоўна, але ж па-свойму незвычайна і весела. Быў у нашай школе-сямігодцы адзін клас, вялікі, прасторны. У ім і праводзіліся ўсе школьныя святы. Зцягвалі адну да адной парты, клалі на іх гладка абгабляваныя дошкі, і гэты часовы памост станавіўся сцэнай. З посцілак сшывалі заслону, падвешвалі яе на шнуры пад столлю. Здаралася, заслона не вытрымлівала цяжару, зрывалася ў залу. На гэтай самаробнай сцэне спявалі, танцавалі, паказвалі драматычныя сцэнкі. Танцавальныя і спеўныя нумары выконвалі часцей за ўсё пад акампанемент вясковага музыканта-віртуоза Івана Майчыка.

Навагоднюю ёлку ставілі пасярод класа. Высокую, да самай столі. Фабрычных цацак на ёй было вельмі мала. Толькі дзе-нідзе зіхотка паблісквалі на галінках ёлкі прыдбаныя ў раённым універмагу шышкі, рыбкі ды ліхтарыкі, павуцінкі рознакаляровага «дожджыку». Найчасцей абыходзіліся самаробкамі. Іх выштукоўвалі самі настаўнікі і вучні старэйшых класаў на ўроках працы. З рознакаляровай паперы клеілі гірлянды, рабілі выцінанкі. Хто якія ўмеў. Найболей жа прываблівалі наша вока падвешаныя за хвосцікі абгортак карамелькі, зубчатыя, як шасцярэнькі, круглячкі пячэння, дзіўныя цукеркі з мядзведзікамі на абгортках, якія называліся шакаладнымі. Гэта была наша мара — пакаштаваць такую, бо апрача «падушачак» у вясковай краме іншых купіць не маглі.

Падзівіцца на школьную ёлку, а найболей, мусіць, паслухаць «канцэрт» школьных артыстаў, сваіх дзяцей і ўнукаў, заўсёды прыходзілі вясковыя жанчыны. А мы, узяўшыся за рукі, тоўпіліся вакол ёлкі, станавіліся ў карагод, спявалі пра ёлачку, якая да нас на свята прыйшла. За Дзеда Мароза быў сам дырэктар школы Несцер Міхайлавіч. Убор яго не вызначаўся асаблівай самавітасцю: доўгі кажух, барада і вусы з кужалю і ваты, шапка, аздобленая аўчынай, сукаваты кій у адной руцэ, а ў другой — звычайная торба.

Кожны з нас імкнуўся трапіць на ёлку, бо ведалі: будзе падарунак. Хоць які, ды будзе. Каму з нас не хацелася разгарнуць самаробны кулёк, дзе можна было знайсці са жменьку цукерак, нават парачку тых, з мядзведзікамі на абгортцы, некалькі штучак пячэння, яшчэ сёе-тое з прысмакаў. Трапляліся нават аладкі-самапечкі, пасыпаныя дробкамі цукру: іх выпякаў дома нехта з настаўнікаў. Магчыма, тая ж Людміла Іванаўна, жонка нашага дырэктара школы, якая вяла ў нас урокі батанікі.

Не ўсе навагоднія ёлкі помняцца да драбніц, але той святочны ранішнік 1954 года, застаўся ў маёй памяці на ўсё жыццё. Чаму?

У той раз рэй каля ёлкі, апранутая пад Снягурку, вяла наша добрая і мілая Аляксандра Францаўна.

— Можа, хто праспявае ці раскажа верш? — звярнулася настаўніца да нас, чацверакласнікаў. — Хто хоча пачастунак? — І яна паказала на цукеркі, што прывабна звісалі з галінак ёлкі.

Як было адмовіцца ад такой спакусы? Я хуценька зрабіў крок бліжэй да ёлкі:

— Я раскажу верш пра Дзеда Мароза.

— Пра Дзеда Мароза? — перапытала Аляксандра Францаўна. — Давай, Коля, раскажы. Няхай наш Дзед Мароз паслухае яго. Толькі не спяшайся, расказвай, як на ўроку.

І я прачытаў верш Якуба-Коласа «Дзед-госць», які быў надрукаваны ў нашых чытанках:

Ходзіць дзед белабароды

Полем, лесам, пералескам,

Засцілае рэчкі лёдам,

Брыльянцістым снежным блескам…

Усе запляскалі, а наш Дзед Мароз зняў з галінкі прыгожую цукерку і падаў мне. Яшчэ адну зняла з ёлкі Аляксандра Францаўна. Мабыць, ведаючы, што я рос сіратою і дома мяне ніхто асабліва не песціў, яна раптам прытуліла да сябе, з пяшчотаю правяла рукою па маёй стрыжанай галаве, прамовіла з цёплай усмешкай. Голасна, каб чулі ўсе:

— Малайчына, Коля! Каб усе ў класе вучыліся так, як ты, не было б ніякага гора з вучобай, я толькі б радавалася.

Я сарамліва ўціснуў галаву ў плечы, прыняў ад яе цукерку, краем вока заўважыў, як зашапталіся прысутныя вяскоўкі, прыязна паглядзелі ў мой бок: не ўсіх жа вучняў гэтак хваляць настаўнікі!

Не скажу, каб прылюдна пахвала настаўніцы асабліва ўскалыхнула мяне, але ўсё ж не пакінула абыякавым да яе . Я зразумеў: калі пахвалілі — значыць я варты гэтага, значыць я — о-го-го!

Кажуць, пад Новы год здараюцца самыя нечаканыя неверагоднасці. Нешта такое адбылося і са мной, а дакладней — з маёй вучобай. Яна ў мяне раптам чамусьці пайшла не ў той бок, паехала па нахіленай уніз. Ранейшыя чацвёркі ды пяцёркі (вышэйшыя на той час адзнакі) па ўсіх прадметах у трэцяй чвэрці пачалі ператварацца ў тройкі, а часам – і ў двойкі.

— Каб ведала, што ўсё пойдзе так, ні за што б не павярнуўся язык пахваліць цябе! Што стала з табою, Коля? — не хавала свайго расчаравання Аляксандра Францаўна, падняўшы мяне на ўроку і ставячы ў дзённік чарговую не дужа высокай вартасці адзнаку. Я ж вінавата апускаў вочы, не ведаў, што сказаць ёй.

Праўда, я праз нейкі час спахапіўся, узяў сябе ў рукі, і ў пяты клас яна выпусціла мяне з тымі адзнакамі, за якія не было сорамна ні мне, ні ёй.

А я, дзякуючы той навагодняй ёлцы майго школьнага маленства, зразумеў: не заўсёды людзям пахвала бывае на карысць. Няхай сабе і заслужаная.

Што да падарунка, які заказала Дзеду Марозу ў навагодні вечар унучка Ангелінка, то ён не пакрыўдзіў яе, прынёс ноччу і паклаў пад ёлкаю той «круты планшэт». Не прамінуўшы нагадаць: «За выдатную вучобу».

Мяне ж адно ўсцешвае: ёсць што ўспомніць ды лішні раз без усялякае крыўды ўсміхнуцца той незвычайна-незваротнай навагодняй казцы і не дужа вясёлай прыгодзе, таму незабыўнаму дзіву-цуду… не ў той бок. Успомніць і, як тады, у далёкім ужо маленстве, паверыць: «На Новы год, на Новы год — дзівос і радасці багата. Калі ж без ёлкі, без прыгод, без карагода, — хіба ж свята?!»

Крынiца: Звязда

Прочитано 341 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии