Суббота, 24 02 2018
Войти Регистрация

Войти в аккаунт

Логин *
Пароль *
Запомнить меня

Создать аккаунт

Обязательные поля помечены звездочкой (*).
Имя *
Логин *
Пароль *
Подтверждение пароля *
Email *
Подтверждение email *
Защита от ботов *

Друкуецца ў «Маладосці». Сучасная проза

  • Пятница, 19 января 2018 00:32

Алёна Беланожка. Зорка Ракхігархі

Урывак з аповесці

У 2012 годзе «Маладосць» друкавала яе авантурную іранічную аповесць «Чамадан з кракадзілавай скуры». З таго часу чытачы пыталі, ці будзе працяг — так ім спадабаліся прыгоды Аліны. І вось ён, працяг. Тая самая Аліна гэтым разам мае справу з каштоўным каменем, які нейкім чынам спачатку трапіў да яе, пасля знік, пасля...

«Любыя супадзенні з рэальнымі падзеямі і персанажамі — выпадковыя», — папярэджвае аўтар.

Аліна ўвайшла ў хату, адсунула дзядулеў куфар, адкінула дзверцы склепа і наставіла на генерала пісталет.

Але знізу, са змроку, на Аліну з жахам паглядзеў не Шандар Сінгх, а звязаны Юрок з рушніком у роце.

— Ты што тут робіш, паскуднік? — абамлела Аліна. Юрок мыкнуў і закалаціўся ў паніцы.

— Ну што — «мы-ы-ы-ы»? — абурылася Аліна. — Зачыню цябе тут і з'еду дадому на паўгода, і ператворышся ты ў мумію, і сточаць цябе мышы!

Юрок жаласна піскнуў ды заматляў галавой. Аліна спусцілася ў склеп і выняла з рота небаракі ручнік.

— Гавары! А то ў міліцыю пазваню. Чаго ты сюды ўсунуўся?

— Ну... па агурочкі...

— Па якія агурочкі, галава твая — гарбуз? Я тут бываю гады ў рады, страха хутка абваліцца — няма каму і калі рамантаваць, агарод лазняком парос, якія агурочкі?

— Салёныя... Думаў — у склепе ёсць...

Аліна схапіла Юрка за вуха і прыставіла да яго шыі пісталет:

— Дзе генерал?

— Такі вусаты?

— Вусаты-валасаты! Дзе?

— Не ведаю. Звязаў мяне і збег. Ударыў балюча! Па галаве! А я ж толькі па агурочкі... каб закусіць! Не страляй! Не забівай!

Аліна заткнула пісталет за пояс і развязала Юрка. Той дастаў з кішэні бутэльку гарэлкі. Бутэлька рассыпалася на аскепкі, — гарэлка пацякла Юрку на фуфайку.

Той заплакаў.

— Разбіў! Чорт вусаты. Разбіў маю бутэлечку! Ух, я яму! Па зубах дам! — замармытаў ён.

— А ну, давай адсюль, хутка! — Аліна схапіла Юрка за карак і пацягнула наверх, а выцягнуўшы, адвесіла добрага выспятка. — Пайшоў прэч! Нават блізка сюды не падыходзь! Агурок ты малахольны! Дзе мне зараз шукаць майго генерала? Яго ж тут ваўкі з'ядуць, будзе міжнародны скандал!

— Ты па слядах ідзі, — сказаў Юрок і шморгнуў носам. — Па снезе. Снег свежы.

— Зараз як дам! — замахнулася Аліна, але біць недарэку не стала. Яна выбегла на двор і ўбачыла ланцужок слядоў, што цягнуўся ад хаты праз поле ў бок Стараселля.

— Дык гэта ж твае сляды! — крыкнула яна.

— Не мае. Я агародамі ішоў, з Лапнікаў...

— Дзверы за сабой зачыні! Будзеш красці — у міліцыю здам! — пракрычала Аліна Юрку, скокнуўшы за руль, і націснула на газ. «Буцэфал» сарваўся з месца.

— Няма тут чаго ўжо і красці, — сумна прабубніў Юрок услед аўтамабілю і пацягнуўся дадому.

Пад'ехаўшы да Стараселля, Аліна спыніла аўтамабіль і моцна задумалася.

— Цікава, куды ён мог пайсці? ФАП зачынены, у інтэрнаце — канікулы, пуста... Проста да людзей? Засталося толькі чакаць...

Аліна заглушыла матор і прыслухалася. Да яе вушэй даляцелі крыкі, якія чаргаваліся з адборнымі мацюкамі. Нешта вельмі цікавае адбывалася
ў тым баку, адкуль даносіўся шум. Аліна вырашыла пад'ехаць бліжэй — і праз хвіліну спынілася акурат насупраць Немчыкавага жылля.

У двары каля дома разгарнулася дзіўнае відовішча: старасельскія мужыкі самкнуліся шчыльным колам, а ў цэнтры стаяў і раз'юшана размахваў паленам Шандар Сінгх.

Аліна выняла пісталет ды рынулася ў гушчу падзей — і, трэба сказаць, вельмі своечасова!

— А ну-тка, хлопцы, выпускай на яго Джокера! — крыкнуў Немчык.

Пара мужыкоў падбегла да клеткі, абсыпанай трэскамі. Пасярод яе горда сядзеў вялікі бабёр з разумнымі вачыма. Выпусціць яго мужыкі не паспелі.

— Усе назад! — закрычала Аліна і зрабіла папераджальны стрэл у неба.

Усе замерлі, павярнулі галовы да Аліны і адразу ж, без лішніх угаворванняў, адышліся назад.

— Як ён тут апынуўся? — дзяўчына паказала ствалом на Сінгха, які таксама замёр — з паленам, ускінутым над галавою.

Мужыкі, на ўсялякі выпадак, маўчалі.

— Расказвайце, кажу, а то буду страляць! — крыкнула Аліна.

Наперад нерашуча выйшаў Немчык. Ён з недаверам паглядзеў на Аліну, на пісталет, які яна сціскала ў руках, і паведаміў:

— Гэты... Шындур, ці як яго... Прыйшоў, пагрукаў у акно... спытаўся пра нейкую Аліну, а ў нас ніякай Аліны і няма. Ну, бачу: у яго кроў на галаве. Давай, кажу, дапамагу табе! Самагонам рану яму прамыў, стопку наліў, закусіць даў — ён жа змерз увесь. Кажу: грэйся, адшукаем тваю Аліну. Ну — мужыкам пазваніў... Падцягнуліся. Генка вось — па-англійску трохі шпрэхае. Спыталіся ў яго, ці гуляе ён у карты... ну, тое-сёе... ён прайграўся. Кажу: бранзалет свой давай! А ён падскочыў, схапіў палена ды давай ім махаць. Ну, хлопцы — да яго, каб суняць. А тут якраз і ты. Твар нейкі ў цябе знаёмы... Ты не з Сякеркі будзеш?

— Я зараз як вазьму сякерку! — абурылася Аліна. — Міліцыі на вас няма!

— А што — усё чэсна... — сказаў Немчык.

— Я вам пакажу — чэсна! — Аліна махнула ствалом на двух мужыкоў, што стаялі з краю. — Вы двое! Звяжыце іншаземнага грамадзяніна.

— Чым? — спыталіся мужыкі.

— Вяроўкай, чым! Немчык, дзе вяроўка ў цябе?

— У хляве, — шчыра прызнаўся Немчык, хаця вяроўка была і не яго.

— Вазьміце вяроўку і звяжыце! А ты — не варушыся! — загадала Аліна Шандару. Той кінуў палена ў снег.


Святлана Курганава. Ваўчыца

Урывак з апавядання

Святлана вучыцца ў Інстытуце журналістыкі БДУ і працуе рэдактарам у часопісе «Маладосць». Вядзе калонку «НеФармат» пра фантастыку і піша тое, што пішацца. Прыняла ўдзел у конкурсе маладых літаратараў «Першацвет» і ўвайшла ў лік фіналістаў.

Ужо даўно было цёмна, але Кан толькі прыйшоў з кузні. На лаве стаялі абкручаныя ручніком чыгуны з кашай і мясам. Было бачна, што абодва заварочвала Эва, — злева направа. Дачка заўсёды заварочвае ручнік справа налева.

Маленькая служка цяпер у хаце рабіла ўсё сама — як двухжыльная. Эва глядзела за гаспадаркай, выходжвала Канаву дачку і нават ірвалася дапамагаць самому Кану, але хто пацягне кволую драбязу ў кузню!

А почырк у Эвы быў роўны і чысты, быццам дзяўчынка адвучылася гадоў пяць у гарадской школе.

Эва з'явілася ў яго два гады таму. Знайшоў замораную дзяўчынку ў лесе напрыканцы лета.

Яна сядзела каля сцяжынкі, якая вяла ў іх вёску, і плакала. Ён бачыў яе ў суседнім селішчы — у старасты працавала за ежу, дапамагала рыхтаваць пасаг для дачок: вышывала, ткала, шыла. Пасля стараста дачок выдаў замуж, дзяўчо стала непатрэбнае — і яго выкінулі на вуліцу. Эва пайшла не ў суседнюю вёску, а ў лес. І жыла ў лесе на працягу месяца ці крышачку больш. Цёткі хадзілі ў лес, бо шкадавалі, але да сябе не бралі: сваіх ратоў хапае.

Дзяўчынцы магло быць ад васьмі да чатырнаццаці. Слабенькая, худзенькая, без пухлых дзіцячых шчок, з непрыгожа пазначанымі скуламі.

Той раз было туманна і мокра. Па лесе шнарылі цёткі — раней баяліся ў такое надвор'е ісці, але апошнім часам асмялелі. Казалі: у лесе ціха стала.

А Эва сядзела каля сцяжынкі і плакала.

— Пойдзеш да мяне служкай? У мяне на гаспадарцы толькі дачка засталася. Не спраўляецца, — ён сядзеў перад маленькай абарванай дзяўчынкай на кукішках і глядзеў на яе.

— Вы біць будзеце... балюча? — яна пыталася гэта сур'ёзна, гледзячы на яго падазрона і з кволай надзеяй.

...Падлеткі білі маленькае ваўчаня. Гэта ж яшчэ невялікі воўк: не страшна. Яго можна карміць, запрагаць у каляску і прымушаць цягнуць цяжкія бідоны з вадой. Потым можна даць трохі ежы, каб не здох, пасадзіць на ланцуг і весці паказваць дзяўчынкам. А потым можна паказаць, як ён — герой — забівае зласлівага ваўка. Няважна, што гэта яшчэ бяскрыўднае ваўчаня.

— ...Мядзяк у тыдзень, мая ежа і вопратка. Будзеш працаваць разам з дачкой — як дачка. Я ж яе — не б'ю.

Яна паднялася і працягнула руку:

— Эва.

Выхаваная. Зусім як яго Ханка.

— Буду тваёй жонкай, Кан. Больш няма куды падацца. Толькі ведай: руку на мяне не падымеш, — Ханка тады стаяла ганарлівая, хоць і з абгарэлай касой, адкінутай за спіну, каб не тузаць і не плакаць.

Ён тады яшчэ падумаў, што ўсе сваіх баб б'юць — і нічога. Але назваць яе, Ханку, бабай, той, што гатова цярпець, калі яе цягаюць прылюдна за касу...

— Пальцам не крану, — абяцаў ён. Ханка была прыгожая нават з абгарэлай у пажары касой, спраўная, з залатымі рукамі. Была — як прут, які гнецца, але не ламаецца. Кранеш з сілай — і табе ж самому па лбе прыляціць.

Зрэшты, і без гэтага ніколі не крануў бы, не абразіў: тое, што захапляе, аберагаюць, а не спрабуюць зламаць.

Дзяўчынка-заморак глядзела на яго сур'ёзнымі вялікімі вачыма.

— Кан, — ён акуратна паціснуў велічэзнай лапай каваля маленькія дзіцячыя пальчыкі.

Крынiца: Звязда

Прочитано 143 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии