Вторник, 11 12 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Па старонках "Маладосцi" 1-2018. Прадстаўлена на конкурс «Першацвет». Святлана Курганава. Апавяданнi

  • Суббота, 27 января 2018 10:47

Святлана Курганава нарадзілася 26 сакавіка 1996 года ў Магілёве. Вучыцца і працуе ў Мінску. Піша тое, што пішацца. Тое, што не пішацца, не піша. А астатняе, мабыць, у тэкстах.

 

 

Манекен

Дзяўчынка ідзе па вуліцы, ад якой курынымі лапамі разыходзяцца іншыя.

У дзяўчынкі ёсць цукерка. Фанцік — яшчэ яркая плямка на шэрай вуліцы.

Цукерка прыгожая — каляровая. На фанціку ёсць зырка-ружовы — як на шматлікіх затаптаных паперках, ёсць жоўты — як на шматлікіх шыльдах. Ёсць і зялёны — як на рэдкіх астраўках сінтэтычнай травы. Сярод сінтэтычнай часам бачна сапраўдная — пажоўклая, рыжая.

Дзяўчынка крочыць па скалелых лапах вуліц і нарэшце падыходзіць да вітрыны.

Там, у вітрыне — столік, крэсла, два чалавекі.

Дзяўчынка (на шэрай вуліцы) у паношаным адзенні, але — з цукеркай. Два чалавекі (у яркай вітрыне) — Паненка і за ёю Кавалер — у прыгожай вопратцы, але — з танным імбрычкам на стале.

Дзяўчынка амаль вымазвае шкло карамельным пеўнічкам, шморгае носам, каб не запэцкаць ідэальна чыстую вітрыну яшчэ і ў соплі.

На гэтай вуліцы-лапцы, якая вырастае з тоўстага стрыжня галоўнага праспекта, больш таго — шматкаляровага, прывабнага. Брыдкая вуліца, брыдкія дамы, брыдкае шэрае неба, а ў вітрынах усё загадкавае, прывабнае. Прыгожае.

Дзяўчынка вельмі хоча вось так жа вытанчана сядзець за сталом у вячэрнім строі. Лепш, вядома, у бальным, але ў вячэрнім таксама можна. Дзяўчынка ведае, чым адрозніваецца адно ад другога: на пальцах вуліц сустракаюцца прыгожыя малюнкі, афішкі з подпісамі. На афішках ёсць і нейкі тэкст, але набраны ён дробным шрыфтам, ды і зашмат яго. Дзяўчынка не так добра чытае, каб, тупаючы за татам, паспець прачытаць доўгі подпіс.

Манекены прыгожыя, бліскучыя, быццам і не пластыкавыя. Быццам жывыя.

Кавалер сагнуўся ў паўпаклоне, завёў адну руку за спіну, другою трымае паднос з тонкім парцалянавым кубачкам. Паненка, што стаіць у цэнтры вітрыны, глядзіць па-над галовамі прахожых, па-над галавой дзяўчынкі. Глядзіць вельмі высока «над»: нават калі падскочыць, усё роўна не зазірнуць ў вочы. А так хочацца, каб гэтая чароўная Пані паглядзела і ўсміхнулася. І каб паабяцала, што калі дзяўчо з вуліцы вырасце, то будзе прыгожым. Такім жа прыгожым, як Пані. Будзе — як яна, жыхарка вітрыны, піць гарбату за пекным столікам.

Хаця можна і іначай.

Можна і вось так прыгожа, з паклонам, падаваць гарбату чароўнай Паненцы, як прыгожы Кавалер. У дзяўчынкі будзе прыгожы касцюм, як у яго, — такі самы святочны фрак. Толькі, можа, яшчэ туфлікі на абцасах, высокіх-высокіх, каб усе пабачылі: яна — Паненка. Зусім як тая, якой падаюць гарбату.

Дарослыя цяпер выбіраюць ціхі абутак на плоскіх падэшвах. Ціхія, шэрыя дарослыя. У дзяўчынкі, калі яна вырасце, абцасы павінны быць. А потым яшчэ высветліцца, што яна прынцэса. Або замаскіраваны шпіён. Тут ужо няважна.

Паглядзець Кавалеру ў вочы таксама вельмі хочацца. Было б выдатна, каб яны ў яго былі сінія, як узор на кубачку. Манекен сціпла глядзіць убок, на абрус, зусім не на дзяўчынку. Дзяўчынка ж гатова пакрыўдзіцца і заплакаць: яна ж цікавейшая за абрус!

Дзяўчынка адбягае ад вітрыны і спрабуе ўявіць, быццам яна сама — гэта прыгожы манекен, чароўная Пані. Быццам яна сядзіць у прыгожым крэсле (у дзяўчынкі на брудным тратуары няма свайго крэсла, таму яна стаіць, але ўпарта робіць выгляд, што сядзіць), у прыгожай сукенцы (у дзяўчынкі брудныя на каленках штонікі і зверху спадніца з перапэцканым падолам) і вытанчана працягвае руку з карамелькай, да ўяўнага падноса.

Яна цяпер быццам такі самы манекен.

Дзяўчынка перабягае на другі бок, наступаючы на брудныя ружовыя ўлёткі, каб падаць той Паненцы, якою сама толькі што была, гарбату. Кавалер з вітрыны зусім не падобны да тых мужчын, што працуюць з татам. Ёй тыя — не падабаюцца. Усе брудныя, бледныя, у шэрай вопратцы. А гэты іншы — мабыць, ён лепшы за іх? Што прыгажэйшы — дакладна.

Малая становіцца на дыбачкі (у дзяўчынкі няма абцасаў, але яна стаіць так, быццам яны ёсць), закладвае руку за спіну, не забываючы сачыць, каб фрак сядзеў ідэальна (на дзяўчынцы рваная куртачка, шмат разоў зацыраваная, дыхтоўная, у якой можна хадзіць яшчэ год, а потым аддаць сястрычцы). Дзяўчынка нахіляецца са сваім уяўным падносам і толькі трохі прыўзнімае галаву, каб паглядзець на ўяўны абрус. Ці на тую Пані, што цікавейшая за абрус.

— Хадзем дадому, не глядзі на іх! — да дзяўчынкі падбягае бацька, скідвае яе з уяўных абцасаў, выбівае з рук уяўны паднос. Разбурае ўсё старанна выдуманае «быццам бы».

Бацька хапае дзяўчынку за руку, незнарок прыляпляючыся да яе заціснутай у далоні карамелькі. Дзяўчынка енчыць і азіраецца на прыгожую вітрыну з прыгожымі манекенамі.

Бацька адводзіць дзяўчынку прэч. Ён сам хоча азірнуцца і заплакаць.

Ён зусім не жадае, каб яго дачка, калі вырасце, стала такой жа прыгожай.

…у суседняй вітрыне стаяў манекен, што калісь быў яго сястрой. Бліскучы, быццам не пластыкавы, вельмі прыгожы манекен.

На вітрыне яна, сястра, усё яшчэ нібы жывая.

Толькі вочы ўжо назаўжды іншыя — шкляныя.

І цяпер сястра падаецца сумнай.

Быццам сумнай.

 

***

«Вам надакучыла ваша беднае існаванне ў маленькім забытым Богам гарадку?

Прыходзьце да нас!

Касметычныя працэдуры, лепшыя куцюр’е!

Толькі ў нас — прыгожы, як карцінка, побыт, што застанецца з вамі да канца вашага жыцця і нават даўжэй.

Прыходзьце да нас!»

 

Ваўчыца

Ужо даўно было цёмна, але Кан толькі прыйшоў з кузні. На лаве стаялі абкручаныя ручніком чыгуны з кашай і мясам. Было бачна, што абодва заварочвала Эва, — злева направа. Дачка заўсёды заварочвае ручнік справа налева.

Маленькая служка цяпер у хаце рабіла ўсё сама — як двухжыльная. Эва глядзела за гаспадаркай, выходжвала Канаву дачку і нават ірвалася дапамагаць самому Кану, але хто пацягне кволую драбязу ў кузню!

А почырк у Эвы быў роўны і чысты, быццам дзяўчынка адвучылася гадоў пяць у гарадской школе.

Эва з’явілася ў яго два гады таму. Знайшоў замораную дзяўчынку ў лесе напрыканцы лета.

Яна сядзела каля сцяжынкі, якая вяла ў іх вёску, і плакала. Ён бачыў яе ў суседнім селішчы — у старасты працавала за ежу, дапамагала рыхтаваць пасаг для дачок: вышывала, ткала, шыла. Пасля стараста дачок выдаў замуж, дзяўчо стала непатрэбным — і яго выкінулі на вуліцу. Эва пайшла не ў бліжэйшую вёску, а ў лес. І жыла ў лесе на працягу месяца ці крышачку больш. Цёткі хадзілі ў лес — бо шкадавалі, але да сябе не бралі: сваіх ратоў хапае.

Дзяўчынцы магло быць ад васьмі да чатырнаццаці. Слабенькая, худзенькая, без пухлых дзіцячых шчок, з непрыгожа пазначанымі скуламі.

У той раз было туманна і мокра. Па лесе шнарылі цёткі — раней баяліся ў такое надвор’е ісці, але апошнім часам асмялелі. Казалі: у лесе ціха стала.

А Эва сядзела каля сцяжынкі і плакала.

— Пойдзеш да мяне служкай? У мяне на гаспадарцы толькі дачка засталася. Не спраўляецца, — ён сядзеў перад маленькай абарванай дзяўчынкай на кукішках і глядзеў на яе.

— Вы біць будзеце… балюча? — яна пыталася гэта сур’ёзна, гледзячы на яго падазрона і з кволай надзеяй.

…падлеткі білі маленькае ваўчаня. Гэта ж яшчэ невялікі воўк: не страшна. Яго можна карміць, запрагаць у каляску і прымушаць цягнуць цяжкія бітоны з вадой. Потым можна даць трохі ежы, каб не здохла, пасадзіць на ланцуг і весці паказваць дзяўчынкам. А потым можна паказаць, як ён — герой — забівае зласлівага ваўка. Няважна, што гэта яшчэ бяскрыўднае ваўчаня.

— …мядзяк у тыдзень, мая ежа і вопратка. Будзеш працаваць разам з дачкой — як дачка. Я ж яе — не б’ю.

Яна паднялася і працягнула руку:

— Эва.

Выхаваная. Зусім як яго Ханка.

— Буду тваёй жонкай, Кан. Больш няма куды падацца. Толькі ведай: руку на мяне не падымеш, — Ханка тады стаяла ганарлівая, хаця і з абгарэлай касой, адкінутай за спіну, каб не тузаць і не плакаць.

Ён тады яшчэ падумаў, што ўсе сваіх баб б’юць, — і нічога. Але назваць яе, Ханку, бабай, той, што гатова цярпець, калі яе цягаюць прылюдна за касу...

— Пальцам не крану, — абяцаў ён. Ханка была прыгожая нават з абгарэлай ў пажары касой, спраўная, з залатымі рукамі. Была — як прут, які гнецца, але не ламаецца. Кранеш з сілай — і табе ж самому па лбе прыляціць.

Зрэшты, і без гэтага ніколі не крануў бы, не абразіў: тое, што захапляе, аберагаюць, а не спрабуюць зламаць.

Дзяўчынка-заморак глядзела на яго сур’ёзнымі вялікімі вачыма.

— Кан, — ён акуратна паціснуў велічэзнай лапай каваля маленькія дзіцячыя пальчыкі.

Вясковыя і хутарскія чакалі, што ён нарэшце не вытрымае і прывядзе ў дом новую жонку: каб працавала, сачыла за гаспадаркай, трымала ўсё ў руках. Усе чакалі. Многія дзеўкі хацелі апынуцца на месцы шчаслівіцы.

Але каваль Кан прывёў дадому маленькую служку.

Жонкай яго была Ханка. Пасля яе ў гэтай хаце гаспадыні быць не магло.

 

…Эва выйшла з пакоя і лёгка пакланілася:

— Вечар, дзядзька Кан, — яна несла міску з рэшткамі булёну. Другі дзень улівала ежу ў яго хворую дачку. Апошняй хапіла глупства зімой сунуцца ў лес. Мужыкі — і вясковыя, і хутарскія — хадзілі шукаць. І не прывялі.

А Эва збегла з дому і прывяла, практычна прыцягнула на сабе.

— Як яна? — Кан цяжка сеў на лаву.

— Спіць. Ужо лепш. Кашаль будзе, але падлечым, — Эва спраўна злівала рэшткі назад у яшчэ адзін чыгунок. Ашчадная: ежу ніколі не выкіне.

— Трэба лекара з горада. З лекарам бяспечней, чым самім, — ён падпёр велічэзнымі рукамі галаву і прыкрыў вочы. — Грошай цяпер няма, але… знойдзем.

Эва хутка павярнула галаву і ўтаропілася ў яго, замяла ў руках ручнік.

Ведала: Кан аднёс амаль усе грошы ў банк у горадзе — цяпер там клалі пад працэнты. Бліжэйшыя тыдні грошай не будзе. Кан хацеў праз пару гадоў купіць зямлю — дом і майстэрню — у горадзе. Ён і вучыў дачку, быццам будучую гарадскую паненку. Як яшчэ жонка пачала.

А на рэшткі купіў дачцэ і Эве — дачкам — прысмакі, каляровыя стужкі і самыя сапраўдныя кніжкі. Дарагія, вядома, але Кан смяяўся і казаў, што яшчэ заробіць: у яго ўжо заказы ёсць з горада — якраз. Няхай абедзве вучацца, як яго жонка калісьці.

Ніхто не думаў, што адразу пасля гэтага спатрэбяцца грошы на лекара.

— Дзядзька Кан, не трэба нікога. Я… сама. Я ўмею. Я ... — Эва ўсё стаяла і камячыла ручнік у руках.

— Што — ты сама? — Кан падняў бровы. І выгукнуў — зло, адчайна: — Што ты, драбяза, умееш? Коз даіць? Алоўкам пэцкаць? Што ўмее дробная смаркачка, якой… восем гадоў? Дзевяць?..

Тут Кану прыйшло ў галаву, што ён не ведае, якога яна, гэты маленькі лясны зморак, узросту.

А Эва ўсё гэтак жа стаяла насупраць.

— Дзядзька Кан, — сказала цярпліва. — Мне… дваццаць.

 

Маці з дзяўчынкай пераязджалі. Яны пераязджалі кожныя два гады, каб у мясцовых не было ніякіх пытанняў датычна ўзросту і яго несупадзення са знешнім выглядам. Ехалі з аднаго правінцыйнага гарадка ў другі: жанчына заўсёды разумна выбірала буйнейшыя. Яна ўжо выхавала сына, які потым — ужо сам — перабраўся ў сталіцу, служыў. Здаецца, на флоце.

Маці ганарылася ім, старэйшым, і вучыла дачку ўсяму, што ведала. У людзей, можа, і бываюць дурныя дзеці, а ў іх, неўраў, дурных дзяцей не бывае: неразумныя, някемлівыя проста не выжываюць.

— Мама, чаму я не магу паказаць, якая ў мяне прыгожая поўсць, нашай хатняй гаспадыні?

Бязглуздых дзяцей не бывае наогул. Але, каб дзеці былі разумныя, іх трэба вучыць.

 

— Дзядзька Кан, я ўмею. Мы ўсе такія ўмеем. І мама ... таксама ўмела.

Кан падняў галаву і сачыў за яе маленькімі рукамі. Сэнс у яе словах быў, але быццам вылузваўся, не даваўся.

— Мы… мы хваробы адчуваем нюхам, разумееце, так? І траўкі да іх падбіраем. Я не ўсе назвы ведаю, але я ў траўніцы набрала таго, што дапамагае. Ёй, малой, сапраўды ўжо лепш. Хаця чагосьці яшчэ не хапае, але я магу збегаць на хутар і там яшчэ ў траўніцы панюхаць, павыбіраць. Я… дзядзька, я магу, — Эва казала ўсё хутчэй, з гарачнасцю. — У мяне поўсць цёплая, лапы хуткія, я дабягу!

Кан адчуваў сябе ідыётам, спрабуючы сабраць усе гэтыя словы ў адно:

— Поўсць?..

— Дзядзька, я вось так магу, зараз, — Эва хутка, мітусліва здымала з сябе цёплую камізэльку і баваўняную кашулю. Калі яна сцягвала нацельную кашулю, то Кан як зачараваны глядзеў на шэрую — не русую, як ва ўсіх па вёсках, а менавіта нейкую шэрую з жаўтаватымі падпалінамі макушку і касічку.

Пасля нешта здарылася. Бо Эвы не было — толькі цыбатае ваўчаня. Ужо не шчанюк, але яшчэ далёка да дарослага ваўка. Такія яшчэ лічацца шчанятамі, не лезуць у дарослыя разборкі, гуляюцца, быццам дзеці, сваволяць.

…у яміну яны зваліліся разам. І мама, яе мама наляцела на вострыя калы, убітыя ўнізе.

Яе ж выратавала толькі тое, што яна інстынктыўна перавярнулася, адразу ж. І калі на іх натрапілі паляўнічыя, яна сядзела на дне яміны і плакала. Калі яе вялі прэч, плакала таксама, але ішла, сціснуўшы зубы, не дазваляючы сабе азірнуцца.

Яна б хацела мець месца, куды можна было б прыйсці, каб развітацца з мамай. Але месца не было.

 

Дзяўчо перавярнулася назад, седзячы на падлозе на каленях і сарамліва прыціскаючы да сябе адзенне. Маленькае, безабароннае, абсурдна-даверлівае.

У Канавай галаве збіраліся разрозненыя кавалачкі, якія трэба было сабраць ужо даўно.

Эва нічога яму не казала два гады. Калі яна толькі трапіла да яго, збольшага толькі маўчала і слухала, гаварыла рэдка. А пасля вечара сядміцы, калі духоўнік чытаў прыходу пра неўраў, злавесных крыважэрных пярэваратняў, што палююць на людзей, Эва сядзела і ціха плакала ў куце пад абразом. Кан яшчэ думаў: напужалася расповедаў пра драпежных неўраў, што жывяцца чалавечынай. Але цяпер успомніў: Эва падымала галаву і глядзела на абраз з крыўдай.

А потым у яе ненадоўга з’явілася дурная звычка казаць: «Я недастаткова зрабіла, каб быць добрай. Што яшчэ трэба зрабіць?»

І цяпер яна сядзела на падлозе, хутаючыся ў адзенне, і нават не думала, што ён зараз можа дастаць стрэльбу і застрэліць яе проста тут.

 

— Не, у гэтую не страляй! — але Кан працягваў цэліцца. — Не страляй, каму сказаў! — хлапчуку прыляцела моцная аплявуха. — Бачыш, што яна дзіцятак вывела? Калі б тваю мамку з табой прыстрэлілі?

Кан абтрос з твару снег, у які яго акунулі, прыціскаючы да сябе стрэльбу. Маленькія пацешныя шчанюкі гулялі ў снезе, ваўчыца нюхала паветра.

— Ідзіце, дурныя, — бацька Кана напружана глядзеў на шэрых. — Ну?

І ваўчыца падняла галаву — быццам зразумела.

 

— Ідзі апраніся і дай мне ўжо есці, ці што, — Кан глядзеў хмурна, трохі міма дзяўчынкі, і задуменна барабаніў пальцамі па стальніцы: гук ішоў глухі і выразны — тры ўдары, тры ўдары, тры ўдары, а мезенца чамусьці было не чуваць.

Хоць ёй, можа, і чуваць.

— А потым мы з табой пагаворым і дамовімся, як там з траўніцай. Не трэба на… сваіх лапах. Мала хто яшчэ пабачыць. Добра?

Дзяўчынка хутка ківала галавой, радасна ўсміхалася.

Самае жудаснае, што яму зусім не хацелася даставаць стрэльбу. Але Кан баяўся, што стрэльбу можа дастаць нехта на хутары, калі ўбачыць, што да іх прыйшоў госць у ваўчынай шкуры.

 

***

Шэры цень на мяжы магчымасцей ляціць праз чарговы яр. Прызямляецца каля самага абрыву — уніз абсыпаецца зямля.

Раней бы ў жыцці не пераскочыла. А тут падганяе, нясецца ззаду натоўп.

— Сцяпан, куды гэтая курва рванула? — раней хутарскі ганчар не дазваляў сабе такіх слоў у яе бок.

— Кусты каля рова абшарылі. Гэтая дрэнь туды паляцела. Хуткая, сцерва, — і ў гэтым мужчынскім голасе не засталося ні кроплі трапяткога захаплення.

Натоўп, са зброяй куды больш сур’ёзнай, чым рыдлёўкі, старанна прачэсваў кусты каля «раўка», з якога паказваўся сухі цярноўнік, што маскіраваў шасціметровую глыбіню.

 

— Эв, пойдзем пагуляем? Да ночы магу збегчы, — парабак стаяў, расслаблена абапёршыся аб касяк. Напэўна, яго пусціла малая, дакладна, не сам Кан. Бо Кан аплявухамі пагнаў бы лайдака назад працаваць, не дазваляючы перашкаджаць. Часам крыўдна, але дзядзька Кан мае рацыю: для ўсяго свой час.

Эва падняла вочы ад кнігі, дзе рабіла запісы, дапаўняючы іх тымі ведамі, што ўжо былі ў яе галаве, і суадносячы з тым, што ёй падказваў нос.

— Куды? Ды і часу няма, — яна паклала локці на дарагую паперу, трохі саромеючыся перад Янам таго, што яна ўмее пісаць.

— Я там частку працы на іншых мужыкоў перакінуў, — Ян выдатна ведаў, што ў яе пад лакцямі, пазіраў трохі з перавагай: вось сам я чытаць жа ўмею, а больш гэтыя вашы крамзолі не патрэбны. Тым больш навошта спускаць ўсе грошы з пасагу на гэтую лухту.

Ян пасмейваўся ціха, сам сабе. Уголас смяяліся хутарскія і вясковыя.

— Давай у лес. Там нас цяпер ніхто не знойдзе, — у фразе чыталася «там мяне гаспадар не вылавіць, каб прымусіць працаваць», але тое, што не агучана, часта можна праігнараваць.

 

Натоўп настойліва прачэсвае кусты. Асабліва жвавыя нават залезлі глыбей у сухія калючкі. Раз-пораз чуліся нястрыманыя ўскрыкі, калі моцныя тонкія шыпы кагось чаплялі.

На абрыве з другога боку стаілася, ледзь дыхаючы, ваўчыца. Ляжала нерухома. З левай пярэдняй лапы, праткнутай высахлай галінкай, ішла кроў, але, калі б яна падняла галаву і пачала вылізваць рану, кусты б варухнуліся.

Вясковыя дурні сюды не далезуць, не. А вось шпульнуць сякеру хтосьці з мужчын мог бы. На гэта секунд дзесяць сыдзе, не болей. А каб устаць на слабых лапах, трэба не менш за дваццаць.

 

Ужо цёпла. Гэтым дваім сапраўды цёпла.

Ян практычна спусціў з яе адну з нязручных сукенак, да якіх Эва так і не паспела прывыкнуць за гады жыцця тут. Сукенка падтрымлівалася толькі руками.

Ціхія крокі па лесе, крокі на чатырох лапах прымусілі яе замерці. Сукенка ўпала да ног, пакінуўшы на целе толькі тонкую кашулю. Трэба было паводзіць сябе правільна, але яна была занятая: яна слухала.

Калі ашчэраная зяпа мякка вывернула з зараснікаў, яна ўжо скінула кашулю і прыпала да зямлі. Дробныя валасінкі ўздоўж пазваночніка на чалавечым целе ўзвіліся.

— Ээв? — голас хлопца сарваўся б, калі б слова было даўжэйшым.

— Не лезь, — ён бы і не падумаў: выдатны інстынкт самазахавання Ян меў з дзяцінства, — я большая.

Яму падалося, што па яе спіне прайшла шэрая хваля поўсці.

І Ян закрычаў.

 

Кучка разгарачаных вясковых хлопцаў прайшлася дубцамі па зарасніках каля дрэў. Трава апускалася на зямлю, быццам па ёй секанулі касой.

— Так, хлопцы, з гэтым быльнікам скончыце, ідзіце сюды. Тут сляды нейкія.

— Ян, там варушыцца нешта, — мужчына яшчэ раз замахнуўся дубцом і, верагодна, рэзка зрэзаў траву: было чуваць, як яна апала на зямлю.

Ваўчыцы здавалася, што кроплі зялёнага соку далятаюць і да яе.

 

— Ян, нічога ж не змянілася? — дзяўчына была падобна да таго звера, які знік у лесе. Такая ж загнаная і насцярожаная.

Дрэнна, што стварэнне сышло ў лес, а не ў іншасвет. Эва адганяла рысь ад хутароў ўжо два разы.

Але перапэцканая крывёю Эва выглядала б яшчэ страшней.

— Эв, усё добра, — хлопец падышоў бліжэй і абняў. — Пойдзем у чацвер у царкву і цябе ачысцяць.

— Ян, ты… не зразумеў. Гэта не чысціцца.

— А ты спрабавала? — жорстка спытаў Ян. — Сходзіш і паспрабуеш! Бацька Афанасій — умелец.

 

На тым баку ўжо пачалі супакойвацца. Моладзь сядзела на прыкамечанай зямлі і голасна, са смакам лаялася. Было чуваць «так калі б я яе злавіў», «я мінулай зімой ваўка паклаў, вось і цяпер бы!», «павесяліўся б, калі б гэтая шэльма мне ў ложак трапіла — таксама паклаў бы». Прыслухоўвацца не хацелася.

— Дык Яну ж і трапіла. І што ў выніку? А нічога, — сказала растрапаная дзяўчына, прыціскаючыся да таго, які нібыта паклаў зімой ваўка, за якім, верагодна, ездзіў у суседнюю вёску або нахутар. Бо апошнія гады драпежнікі і блізка не з’яўляліся.

 

…было прыемна ляжаць з ім у абдымку. Цёпла, утульна. Пахла травой.

Хлопец акуратна перабіраў яе валасы і думаў пра сваё.

— Эв, ты дакладна не пойдзеш да святога айца? — такія пытанні заўсёды прымушаюць тонкую далікатную дрымоту зляцець.

— Дакладна. Ян, нават калі б была магчымасць, я б нічога з гэтым не зрабіла. Разумееш, я…

— А дзеля мяне? — мужчына павярнуў галаву да дзяўчыны і панадна ўсміхнуўся.

— Гэта ўсё роўна не чысціцца, — гаварыць прама не хацелася, хлусіць, што гатова змагацца з «хваробай», — таксама.

 

…Ян цэліў лязом ў артэрыю. Лязо павінна было трапіць у згіб на назе, пад сцягно, туды, дзе пульсавала жыццё.

Але нават у ваўчанят часам атрымлівалася ўхіліцца ад нажа. Лязо прайшло па назе, амаль да калена, глыбока распорваючы светлую далікатную скуру.

 

На абрыве засталіся толькі самыя ўпартыя і самыя адказныя, якія, калі ўсё не прачэшуць, не супакояцца.

Кан адышоў ад групкі яшчэ бадзёрых дзядкоў і уладкаваўся воддаль на прытаптанай траве. Былы гаспадар задуменна абшукваў вачыма процілеглы бок. Ваўчыца мацней уціснулася ў зямлю, гатовая ў любы момант падскочыць. Вось ужо хто ўмеў шукаць тое, што яму трэба, дык гэта дзядзька Кан. Дзіўна, што не заўважыў яе сляды на абрыве. Затапталі да яго прыходу, мусіць.

Каваль перавёў пагляд направа — не знайшоў. Пакасіўся на грамаду, быццам пераконваўся, што за ім ніхто не сочыць.

І паглядзеў проста туды, дзе ляжала ваўчыца.

— Рэчы ў вузле ў закінутай хаце на ўскрайку. Лекі. Два клінка. Дзякуй, што засцерагала нас, дачушка. Выжыві.

Кан пайшоў дамоў, лёгка, быццам хлапчук. Па дарозе яму спачувалі, што такую змяю на грудзях прыгрэў. Ён пасмейваўся і адмахваўся жартамі. Калі б не паважалі, то такое яму не сышло б з рук.

Але людзі толькі дагодліва перашэптваліся: «Вось, хвалюецца Кан, што асабіста не прыбіў свалоту».

З іншага боку лесу на мяккіх лапах, незаўважаная, выходзіла паляваць рысь.

Трэці — удалы — раз.

 

***

Спачатку адбудавалі кузню. Потым адбудоўвалі дом.

Кан працаваў — выконваў заказы, а падмайстра — будучы зяць — каваў ручкі, скобы, цвікі — усё ў дом.

Падмайстра свяціўся ад гонару і баяўся адкрыць лішні раз рот: і гаспадарская дачка, і горад, і новы дом выглядалі занадта неверагодна.

— Добрага дня, шаноўны гаспадар! — хлапчук часам быў занадта ліслівы. — Праходзьце, агледзьцеся!

Каваль адклаў інструмант і пайшоў на галасы ў прахадны пакой з рэчамі для продажу.

— Кана мне трэба, — перад ім стаяў падцягнуты малады афіцэр марскога флоту: яшчэ не ўзмужнелы марскі воўк, але ўжо блізка.

— Я гэта, спадар. Нешта жадаеце замовіць? — Кан заўсёды стараўся заставацца памяркоўна ветлівым, не апускаючыся да ліслівасці гандляроў, якія перакупляюць вырабы майстроў і перапрадаюць іх на базарах за трайны кошт.

— Я б хацеў набыць пару нажоў, калі ў вас ёсць гатовыя, — афіцэр аглядаўся. Ён доўга, з веданнем справы перабіраў, а ў выніку паказаў на тры нажы — два для сябе, адзін на жаночую руку.

— Вы што, усё робіце без царкоўных гравіровак? — пакупнік дастаў валізку з манетамі, прыадкрыў, пералічыў. — Глядзі-і-це.

Кан нахмурыўся.

— Толькі таўро майстра стаўлю. Але мае гравіроўкі, ваша мосць, — не справа нашай доблеснай арміі, — Кан больш уважліва прыгледзеўся да пакупніка. — А ваш твар нешта занадта...

— Ну, нарэшце. Я ўжо думаў, што буду таямніча запіхваць запіску вам у руку, а ўсё астатняе прыносіць вам пад парог.

— Спадар, я не зусім ...

— Яна прасіла зайсці, узяць у вас новы нож і перадаць сёе—тое. Яна вас памятае да гэтага часу. Яна… наогул занадта любіць людей.

Сэрца ў Кана забілася часцей.

— Дзе… дзе яна цяпер?

— З’ехала год таму. Не дачакалася вас.

 

Ён ўжо тады быў нароўні з гэтымі чалавечымі хлопчыкамі. Сышоў на карабель да таго суровага капітана. Яго два разы выкінулі за борт, а потым — на трэці раз — капітан рызыкнуў:

— Упарты малы хоча здохнуць ў далёкім плаванні? Ну, давай, калі так хочаш.

Ён быў удачлівым юнгам. Не схапіў ніякіх хвароб на іншых берагах, слаў маці вясёлыя лісты. Рос пад наглядам свайго капітана.

Ён доўга заставаўся на поўначы, заслужыў свой карабель, плаваў некалькі гадоў. А потым вярнуўся да старога капітана.

 

Малады афіцэр выскаліўся:

— А вы як думаеце, чаму? Знешняе старэнне — гэта нішто. Знешнасць — гэта вяршыня ледзяной глыбы ў моры. А асоба, сапраўднае «я» — гэта тое, што ўнізе, пад халоднай цёмнай вадой. Вы засталіся тым жа, якім былі раней? Тым жа разумным, добрым, справядлівым, моцным?

Маладзенькі афіцэр глядзеў не як маладзенькі афіцэр. Ён, напэўна, быў Канавым аднагодкам. А мо і старэйшым?

— Вось і яна… сястра пасталела за гэты час.

— Яна ж пайшла ўжо дарослай, — Кан быццам пратэставаў: занадта хацеў убачыць яшчэ раз тое малое дзяўчо — дачку сваю, хай не па крывi, а па духу.

Афіцэр як загарэўся, так і астыў. Быццам прамільгнуў нейкі ўспамін і знік:

— Можа, і так. Мы нераўнамерна сталеем. Ад асяроддзя залежыць.

— У людзей таксама, — пагадзіўся Кан. І ўздыхнуў: — Лепш бы болей вучылася, чым гуляла з тым ёлупам.

Выглядала, можа, яна ўжо дзяўчынаю, але ён ведаў, што яна яшчэ засталася цыбатым ваўчанём, усё яшчэ дурнавата-наіўным, зусім не як тая мудрая ваўчыца, якую ён бачыў у маленстве.

— Трымайце… дзядзька Кан.

У скрутку быў ліст і мяшочкі з травой. Эва заўжды казала: траўніцтва — адзінае, што я добра ўмею. І пісаць — трошачкі.

Кан трымаў у руках ліст, мяў канверт, не адважваючыся адкрыць адразу.

 

На караблі трымалі суровую дысцыпліну, але капітана любілі.

З гадамі стары стаў мякчэйшым, а разам з капітанам, здаецца, састарыўся і сам карабель, і яго каманда.

Усё ішло павольна.

Усё стала быццам драбнейшым.

— Ого! Ну, добры дзень, паскуда! — стары быў сапраўды рады яго бачыць. — Што, надоўга да нас?

Ён кіўнуў.

 

Кан павольна адкрываў канверт, павольна чытаў, а потым сеў за стол, дастаў паперу, чарнільніцу. Павольна і старанна пачаў выводзіць літары.

Кан саромеўся, бо тады вучыўся чытаць і пісаць разам са сваімі дзяўчынкамі. Саромеўся таго, як павольна піша, якімі крывымі атрымліваюцца літары, як ён няўмела складае словы ў сказы, але ў той жа час і ганарыўся, што ўмее гэта рабіць.

 

 — Кан, ды ты расчуліўся, як баба. Што, старэеш? Або на маладзенькіх дзяўчынак пацягнула?

У Кана заўсёды былі не самыя добрыя адносіны з тым хутарам. І цяпер цягнула сціснуць кулакі і паказаць, што яны лухту вярзуць.

— Усіх па сабе не раўняй, — Кан не вытрымаў і пагразіў вялікім кулаком, у той жа час супакойваючы маленькую Эву, якая стаяла, сцяўшыся, поруч.

Ён ім не баба. Але і адчуваць таксама можа.

 

— Я думаў, што такія, як ты, умеюць адно каламі махаць, — марскі воўк легкадумна абапіраўся адной рукой аб стол і з усмешкаю глядзеў на крывыя Канавы літары.

— Каб ты ведаў, я ні разу ў сваім жыцці не махаў ні на каго каламі, — Кан падняў на нахабніка злосны позірк і вярнуўся да ліста. Закончыў. Уздыхнуў і працягнуў госцю. — І дачка не будзе. І зяць. І ўнукі. Ясна?

— Ясна.

Пасля малады афіцэр сыходзіў, відавочна спяшаючыся.

— Дабра вашаму дому, — стандартнае развітанне чалавеку.

— Бясхмарнага неба, — стандартнае развітанне мараку. І — таксама стандартна — ваўку:

— Шчаслівай… поўні.

 

Дзверы грукнулі неяк правільна, са значэннем.

З паразуменнем.

Прочитано 535 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии