Вторник, 21 08 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Уладзімір Пернікаў. Жыццёвінкі

  • Понедельник, 26 Март 2018 09:25

Прыхільнік Сабанеева?

Хоць з таго часу і мінула ўжо два гады, але і дагэтуль Васіль Васілевіч, з аднаго боку, саромеецца, а з другога — задаволены той слабінкай, якую ён дапусціў тады. У заводскім прафілакторыі як было? Адпачываў сабе на ўсе сто. Любаваўся прыгожымі краявідамі, дыхаў свежым, настоеным на хвойным паху паветры, збіраў лугавыя кветкі, хадзіў на танцы. І гэтак далей. Не жыццё было, а маліна. А тут мужыкі з іхняга цэха падбіваць яго пачалі. Ты, Васільевіч, запэўнівалі, калі хочаш па-сапраўднаму здароўе падмацаваць, рыбалкай займіся. Як мы, бо гэта — стымул найважнейшы для ўзняцця настрою, для абуджэння душы. Па-новаму на ўсё зірнеш тады.

Васіля Васілевіча рыбалка ніколі не цікавіла. Праўда, збіраючыся ў прафілакторый, ён прыхапіў з сабой сынаву вуду. Так, на ўсякі выпадак, але ні на рэчку, ні на азярыны з ёй так і не выбіраўся, з чаго і кпілі заводскія аднакашнікі, якія ўсё больш і больш настойвалі: давай хоць разок да нас прылучыся. Калі не ўмееш, дык навучым. А далей усё пойдзе як мае быць.

І Васіль Васілевіч адважыўся на наступны крок. У іхняй кампаніі яны яго не ўбачаць, бо засмяяць няўмеку могуць (бо ён і кручок як трэба прывязаць не можа, і з якога боку чарвяка на яго прычапіць не ведае), а вось адзін — паспрабуе выправіцца да вады. Самастойна будзе лавіць.

Як было задумана, так і зроблена.

Атабарыўшыся каля дуба, за якім потым густа ішлі лазнякі, што навісалі над вадой, эканаміст механічнага цэха Васіль Васілевіч Гусакоў першы раз у жыцці прыладкаваў таўшчэзнага чарвяка-выпаўзка да кручка і, размахнуўшыся, шыбануў вудай у рачны прастор. І от, на табе: паплавок тут жа пусціўся ў польку-трасуху. У Васіля Васілевіча так дух перахапіла, што ён з усяе сілы шмаргануў на сябе вудзільна, і лёска, апісаўшы паўдугі, увагнала ў яго куртку кручок. Паўгадзіны валтузіўся наваспечаны рыбак над ім і нарэшце, вызваліўшы яго з палону, сцяміў, што калі спешка патрэбна пры лоўлі блох, дык пры лоўлі рыбы яна толькі шкодзіць.

Таму пачаў дзейнічаць з асцярожнасцю, чакаючы наступнай полечкі-трасухі. Але яе не было. Паплавок спаў у затоцы гэтак жа моцна, як вартаўнік калгаснага сада дзядзька Піліп у сваім будане, калі ён, падлетак Васіль, з такімі ж, як сам, падшыванцамі напаўнялі яблыкамі запазухі.

Гадзіна, другая, трэцяя. Мёртва. Васіль Васілевіч у чаканні. Цярпенне, і яшчэ раз цярпенне, супакойваў сябе. Гэта не лічбы сухія па камп'ютары ганяць, а — рыбалка. Жывая штуковіна. У такім вось роздуме Гусакоў раптам учуў за лазнякамі нейкі плёскат. І праз тры-пяць хвілін — пайшло-паехала!        А праз дзесяць — на ладненькай, мабыць больш як на кілаграм, нізцы, дружна махалі хвастамі ў вадзе каля самага берага акуні-«матросікі».

І тут Гусакоў заўважыў, што ў яго бок аднекуль кіруе заядлы рыбак слесар Аркадзь Сівы. Васіль Васілевіч вырашыў «падзавесці» яго. Ён выцягнуў з нізкі верхняга паласаціка, які, да таго ж аказаўся самым вялікім сярод іншых, загнаў у яго рот кручок і на вудзе адправіў у ваду. Калі слесар апынуўся побач з Васілём Васілевічам, паплавок выпісваў такія бугі-вугі, што люба-дорага было глядзець. Васіль Васілевіч нетаропка, з алімпійскім спакоем, вывалак рыбіну на беражок, і тая заняла на нізцы сваё месца.

Зірнуўшы на яе, Сівы пахваліў рыбака і з веданнем справы адзначыў, што той натрапіў на цэлую стайку акунёў, а вось яму і іншым не пашанцавала: іхняй здабычай былі сёння толькі два-тры саплівыя ёршыкі ды столькі ж нягеглых печкуроў.

З рэчкі Васіль Васілевіч вярнуўся пазней за ўсіх аматараў юшкі. Тыя ўжо пад зялёнымі шатамі дрэў «забівалі казла» і павылуплівалі вочы на нізку Васіля Васілевіча, якую той паважна нёс у руцэ. А токар Максім Дзяружкін ажно не вытрымаў і падскочыў да яго: дзе лавіў? «Месца трэба ведаць», — з годнасцю адказаў ён і ўсміхнуўся.

А далей — як прарвала. Васіль Васілевіч дзень за днём насіў рыбу. Рознай масці і відаў: плотак, акунёў, пад'язкаў, жэрахаў, галаўлёў. А калі прывалок двухкілаграмовага ляшча, мужыкі западозрылі: ці не ставіць ён на рэчцы дзе-небудзь «тэлевізар»? Ці не купляе тую рыбу ў кагось? Праверкі паказалі: не, усё чыста. Эканаміст па-ранейшаму выдзяляў ім рачных насельнікаў для наварыстай юшкі, перадаваў рыбку дадому ў горад і рабіў з яе таранку.

Цэхавыя аднакашнікі дзіву даваліся, што за метамарфоза адбылася з Васілём Васілевічам: з гразі — ды ў князі! Вочы ім адкрыў Арцём Карась, які жыў у адным нумары з ім. Ён сказаў, што настольнай кнігай Гусакова з'яўляецца ўнікальны твор тонкага знаўца і заўзятага аматара рыбалкі Леаніда Сабанеева, які жыў у дзевятнаццатым стагоддзі, «Жыццё і лоўля прэснаводных рыб». Але гэта была не зусім праўда. Сапраўдную ж Васіль Васілевіч выказаў толькі свайму сябру начальніку цэха Пятру Іванавічу, калі ў таго была нявыкрутка: мужыкі настойвалі, каб Гусакоў узначаліў каманду цэха па рыбалоўстве на заводскіх спаборніцтвах. І той прызнаўся, што ў час летняга адпачынку рыбу ён купляў у мясцовага дзядка, які пад'язджаў да яго на сваім чоўне-душагубцы. Абодва дзейнічалі з партызанскай асцярожнасцю.

Гэты сакрэт так і застаўся паміж двума былымі аднагрупнікамі ўніверсітэта. У спартакіядзе Васіль Васілевіч не ўдзельнічаў з-за прастуды (афіцыяльная версія). Напэўна, таму механічны цэх і заняў у ёй першае месца.

Прыйшла каза да воза

Такімі словамі ў савецкія часы сустракалі ў рэдакцыі «Гомельскай праўды» ўласнага карэспандэнта БелТА (Беларускага тэлеграфнага агенцтва) па гэтым рэгіёне, калі ён прыходзіў туды. З дакладна акрэсленай мэтай: разжыцца цікавай інфармацыяй. Калі не са свежага нумара газеты, дык з гутаркі з калегамі па пяры, якія ўжо «нашчупалі» тую ці іншую навіну і гатовы падзяліцца з ім. Яму тады заставалася толькі ўдакладніць факты, пашырыць матэрыял і даслаць заметку ў Мінск, у сваю «фірму».

Але Сяргей Барысавіч (назавём яго так) не ведаў, што сярод творчых работнікаў газеты меліся такія штукары, якія маглі прыдумаць да таго вясёлую, смешную, а то і правакацыйную гісторыю, якая, хочаш не хочаш, — вымусіць слухачоў ці чытачоў хапацца за жываты. Адзін такі жарт падрыхтавалі яны і для «белтаўца», які, вядома ж, нічога не падазраваў. А было гэта так.

Той раз у сельгасаддзеле рэдакцыі нікога не аказалася. «Напэўна, машыністкам дыктуюць чарговы матэрыял», — падумаў Сяргей Барысавіч, і заўважыў на стале аддрукаваную на машынцы заметку. Была яна невялікая па аб'ёме, але цікавая па змесце. З яе вынікала, што ў Жыткавіцкім раёне па прыкладзе чэхаў адкінулі прэч традыцыйны метад зарыблення вадаёмаў і прымянілі новы, куды больш эфектыўны: паветраны, з самалёта. Эксперымент аказаўся настолькі ўдалым, што ім зацікавіліся ўжо рыбгасы Віцебшчыны, чые прадстаўнікі пабывалі на Гомельшчыне і маюць намер прымяніць яго ў сябе.

Заметка з каментарыем вучонага-іхтыёлага была падпісана аўтарам і зацверджана загадчыкам аддзела. Таму сумнявацца ў праўдзівасці яе не даводзіцца, падумаў Сяргей Барысавіч і гэтак жа нікім не заўважаны, як прыйшоў, паспяшаўся ў свой карэспандэнцкі пункт. Каб, барані Божа, ніхто з канкурэнтаў (уласных карэспандэнтаў рэспубліканскіх СМІ) не перайшоў яму дарогу. Інфармацыя па тэлетайпе паляцела ў Мінск у той жа дзень. А на другі — па тым жа тэлетайпе Сяргей Барысавіч атрымаў прачуханку. За газетную «вутку», якую ён выгадаваў.

Тым часам двое жартаўнікоў з сельгасаддзела занепакоіліся: ужо цэлыя тры дні «белтаўца» не відаць у рэдакцыі. Пэўна — захварэў ці ў камандзіроўцы недзе, падумалі яны і ўжо наважыліся тэлефанаваць яму, як той сам з'явіўся. «Акулы пяра» весела, наперабой, паведамілі яму, што ёсць цікавая інфармацыя. З Жыткавіцкага раёна.

— Пра зарыбленне?

— Ага. Па чэшскім метадзе.

— Дык я перадаў яе ўжо. За што «ўзнагародзілі» мяне строгай вымовай і пазбавілі квартальнай прэміі. Дзякуй вам.

Першы фантазёр задуменна пачухаў патыліцу, другі трэснуў сябе па ілбе:

— Прабач, Барысавіч. Не думалі падводзіць цябе пад манастыр. Меркавалі так: павыскаляемся трохі з цябе, але не дапусцім, каб заліпуха дайшла да тэлетайпа. А ты...

— Сам вінаваты ва ўсім, — перабіў іх Сяргей Барысавіч. — Бо парушыў правіла, якога заўсёды прытрымліваўся: давярай, але правярай.

...Пасля работы названая тройка замачвала «вутку», якая намаганнямі «акул пяра» хоць і набыла крылы для палёту, але ўсё ж не апусцілася на газетныя старонкі і не запэцкала іх.

Фота Анатоля Клешчука

Крыніца: Звязда

Прочитано 181 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии