Среда, 19 09 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Друкуецца ў «Маладосці». Дар'я Значонак. "У эфіры сон". Урывак

Аўтарцы 22 гады. Яна з адзнакай скончыла факультэт прынттэхналогій і медыякамунікацый БДТУ, працуе рэдактарам у выдавецка-паліграфічным цэнтры БДАТУ. Сярод найбольш моцных захапленняў — авіяцыя і ўсё звязанае з ёю, асабліва ў кантэксце Вялікай Айчыннай вайны. Дыпламант літаратурных конкурсаў «Аўтограф» (2014) і «Першацвет» (2016), фіналіст конкурсу «БрамаМар» (2017).

Экраны, якія шырокім паўкругам абступалі пульт кіравання, стракацелі схемамі і праграмнымі кодамі, але галоўны экран — самы вялікі — пакуль пуставаў. Ды і што яму паказваць, калі ў эфіры зараз «фортка»? Недзе ў неверагоднай далечыні кліент (а дакладней, кліентка) у непрытомнасці матыляецца паміж зямным светам і светам нябесным, і перавага апошняга робіцца прыкметнейшай з кожнай хвілінай. У такія моманты нават перадавыя кампаніі больш не імкнуцца ўвапхнуць у эфір сон-другі: надыходзіць час спецыяльнага сну, якім сімвалічна завяршаецца жыццё чалавека. Сцэнарыі могуць быць розныя, але ў выпадках, падобных гэтаму, развязку яны маюць аднолькавую. Такая ўжо спецыфіка сноў-перадсмяротнікаў.

Кудлаты аператар-стажор па мянушцы Пірат насуплена гайдаўся на стуле, скрыжаваўшы рукі на грудзях. На фоне гэтага неахайнага гарбаватага хлапчыны Пашка выглядаў сапраўдным джэнтльменам — хоць бы таму, што старанна трымаў плечы распраўленымі, быццам кіраваў не сном, а баявымі дзеяннямі. Праўда, у рэжысёра атрымлівалася нашмат прыгажэй і натуральней, але Пашка не журыўся. Калі намагаешся наблізіцца да ўзроўню майстра, напачатку пераплюнь дылетантаў, а пакрысе і сераднячкі адпадуць. Тут галоўнае — звычка і ўпартасць. Нават не важна, што трымаць спіну пакуль удаецца толькі за пультам.

Пашка выключыў абодва галаўныя мікрафоны (свой і Піратаў), паправіў навушнік, каб не прапусціць выклік дыспетчара, і пакасіўся на хмурнага суседа:

— Чаго хандрыш? Дай угадаю: ізноў заўвага?

— Што значыць ізноў? І што значыць заўвага? — імгненна ашчэрыўся той. — Ты не блытай, у мяне толькі «апошнія папярэджанні». Розніца! Плюс учарашняе дзяжурства было дзённае, а днём да мяне не прыкалупваюцца. Няма сноў — няма папярэджанняў, лагічна?

— Калі добра пастарацца, можна і ў час «форткі» атрымаць на арэхі, — са значэннем хмыкнуў Пашка. — Асабліва калі бузіць на рабочым месцы.

Пірат праз сціснутыя зубы гыркнуў:

— А цябе хіба не выводзіць гэты міністэрскі правяральшчык? Якога хрэна ён прыпёрся за паўгадзіны да эфіру? А яго першая фраза — увогуле проста трэш! «Малады чалавек, не маглі б вы растлумачыць, чаму каманда яшчэ не ў зборы?»

Пашка зрабіў выгляд, што паліруе рукавом куточак аднаго з экранаў, а сам утаропіўся ў цьмянае адлюстраванне студыі — звыклы прыёмчык, які дазваляў паспяхова сачыць за прысутнымі, не прыцягваючы іх увагі. Нежаданы візіцёр прымасціўся на канапе за часопісным столікам і дэманстратыўна кідаў позіркі на наручны гадзіннік. І гэта пры тым, што літаральна насупраць, паміж экранамі, заклікальна свяцілася масіўнае табло гадзінніка электроннага; нават безнадзейна блізарукая вахцёрка цёця Тося бачыла лічбы ажно з калідора, і для гэтага ёй не патрабаваліся ніякія дадатковыя прылады. Посны выраз твару міністэрскага служачага наводзіў на думку, што ён мысленна выкрэслівае адзін пункт патрабаванняў за другім: і гэта яму не так, і тое не гэтак... Адным словам, на яго думку, маленькая кампанія SkуDrеаm не выглядала сур'ёзнай арганізацыяй, якую ён мог бы ўважыць сваёй прысутнасцю. Так, ахламоны нейкія!

Сітуацыю не ратаваў і Сямён Данілавіч, кругленькі пажылы работнік з аддзела лёсаў, які, падсеўшы да госця, раз-пораз рабіў няўклюдныя спробы ўцягнуць яго ў размову. У добрых вачах Сямёна Данілавіча трапятала пакутлівая няёмкасць: ну не ўмеў ён забаўляць усялякіх важных персон, ну не ведаў, з якога боку да іх падступіцца! Кожная няўдалая фраза ўганяла яго глыбей у бездань засмучэння, і ён змаўкаў, разгублена паціраючы рукі.

Магчыма, у такіх абставінах самым правільным было ўмяшацца і нейкім чынам выручыць бедака, але Пашка працягваў маладушна вытарэшчвацца ў экран, адчуваючы, як у грудзях непрыемна варушыцца сорам. «Я вядучы аператар, у мяне дзяжурства, — вяла абараняўся ён, цудоўна разумеючы, што гэта не апраўданне. — Вы трымайцеся там, дзядзя Сём, а я потым раздабуду вам білеты на які архіўны зямны кінафільм...»

Вядомая рэч, выкладваць усё гэта Пірату — не варыянт, таму Пашка толькі ўхіліста мармытнуў:

— Хто б мяне ні выводзіў, гэта не нагода шукаць праблемы на сваю галаву. І я не хацеў бы запароць Хрысцінкін дыпломны праект. Дзяўчо расстроіцца...

Пірат закаціў вочы:

— А дзе ж яна дасюль швэндаецца, Хрысціначка наша ненаглядная? Нешта яе не цікавіць лёс уласнага дыплома!

— Ну, спазняецца, падумаеш. Студэнты такія студэнты... Дык і надвор'е не цукар: дождж так і лупіць, хутка вынесе вокны. Ты як, плаваць умееш?

— Яшчэ і не тое ўмею. Зараз у гэнага рэвізора выдатна паплыве ў вачах. Сядзіць увесь такі нявінны: на каленках нататнічак, на носе акулярчыкі, зенкамі лып-лып... А сам сканіруе — дзе б да чаго прычапіцца? Проста шалею ад такіх суб'ектаў, ажно рукі свярбяць!

Тут ужо пасуравеў і памяркоўны Пашка:

— Ану, завяжы свае рукі вузлом і сачы за паказаннямі прыбораў! Не хапала яшчэ, каб гэты фрукт і насамрэч якуюсьці паперку накатаў. Дзякуй богу, ад цябе тут нічога не залежыць, хіба толькі я сам напартачу.

Пірат непакорліва прыжмурыў адно вока, як бы прымяраючыся да вытанчанай контратакі, але ў студыю, ляпнуўшы дзвярыма, куляй уляцела мокрая як мыш Хрысцінка: капюшон куртачкі насунуты на самыя вочы, з чорных хвосцікаў струменіцца дажджавая вада.

— Усім-дзень-добры-колькі-да-эфіру? — скорагаворкай прапыхкала яна, ледзь пераводзячы дух.

— Шэсць хвілін і трыццаць пяць секунд, — машынальна азваўся Пашка, зірнуўшы на таймер у кутку экрана.

— Фу-у-ух, паспела... — Хрысцінка знясілена прыхілілася да сцяны.

Павесялелы Пірат рагатнуў:

— Пашка, бач ты — некаму ўсё ж прыйшлося плысці!.. Чаго парасон не прыхапіла? Горда гартуешся, гаротніца?

— Я і хацела ўзяць, але ў апошні момант перадумала. Само сабой, варта было выйсці — дождж лінуў!

— Дык вярнулася б. Ці ты прымхлівая?

Адціскаючы з хвосцікаў ваду, Хрысцінка вымучана ўсміхнулася:

— У інтэрнаце ліфт зламаўся, дык у мяне ўжо трэці дзень нешта накшталт пазапланавай фізкультуры. Чатырнаццаць паверхаў уніз, чатырнаццаць угору...

Пірат прысвіснуў:

— Ого, як жа ты ногі цягаеш? Ну ты, блін, спартсменка-камсамолка! Я б ужо і поўзаць развучыўся.

Хрысцінка адліпла ад сцяны, пацерла твар і сама сабе скамандавала:

— Не спаць, не спаць, вочы не заплюшчваць... Так, усё, час працаваць. Стартую!

Яна сцягнула куртачку, метка закінула яе на кручок вешалкі — абцякаць — і таропка пашлёпала да пульта кіравання, пакідаючы мокрыя сляды.

— Вой, і вам добры дзень! — спахапілася яна, прыкмеціўшы за часопісным столікам незнаёмца.

— Добры-добры, — кісла павітаўся рэвізор. Яго ідэальна сухое паліто вісела на суседнім кручку, і былі ўсе падставы апасацца, што такім яно застанецца ненадоўга.

Уцягнуўшы галаву ў плечы, Хрысцінка хутчэй шмыгнула да Пашкі з Піратам і зашаптала:

— А гэта што яшчэ за дзядзька?

— З Міністэрства лёсаў, — нягучна растлумачыў Пашка. — Будзе правяраць, ці не сапсуём мы праграму жыцця, якую яны там распрацавалі для кліента.

— Але ж у нас перадсмяротнік! — акругліла вочы Хрысцінка. — Нашто правяраць, калі жыцця больш не будзе?

— Вось і я хачу запытацца, — прабурчэў Пірат. — Па-мойму, лёсавікі шныраць проста для ўласнага задавальнення, каб пазнаходзіць памылачкі. Добра хоць не ва ўсе сны лезуць, а то мы б ужо адурэлі. І ахвота ім марнаваць час? Можна спрасціць на раз-два: пагарталі сцэнарый, чырканулі грыф узгаднення — і баста! Не трэба цягацца па студыях, кантраляваць... Я б так і рабіў. Тым больш з перадсмяротнікамі.

Хрысцінка няўцямна паміргала.

— Так-так-так, спакойна... Мне капец, — паўнепрытомна канстатавала яна.

— З бульбай? — не ўтрымаўся Пірат, але Хрысцінка ўжо паплялася да «апендыкса» пульта кіравання — стала з некалькімі дадатковымі камп'ютарамі. Дзяжурны медык Віталіч, сонна прыапусціўшы павекі, меланхалічна пазіраў у свой манітор, куды выводзіліся паказальнікі стану кліенткі. Хрысцінка накіравалася да суседняга рабочага месца і плюхнула перад сабой падмоклую папку са сцэнарыем, а сама плюхнулася на стул. Папка была з тых бессмяротных, кардонных, што завязваюцца на вяровачкі і маюць клапатлівы надпіс «Дело №», хоць у дадзеным выпадку ўнутры і не «дело» зусім, а заказ.

— Ну ўсё, у мяне пачынаецца калатун, — бездапаможна пралепятала Хрысцінка, адкрываючы папку. — Хоць бы дыялогі паўтарыць ці што...

Яна дрыготкімі рукамі адклала пакет дакументаў, які суправаджаў заказ, і паглыбілася ў сцэнарый (зусім танюткі, не тое што азначаныя дакументы). Толькі задумацца: стосік паперы, косенька раздрукаваны на прынтары, — а ад яго столькі ўсяго залежыць! Ніжняя планка — дыпломны праект, вышэйшую і ўявіць боязна.

Аднак перачытаць сцэнарый Хрысцінцы не давялося.

— Стук-стук, я не спазнілася? — пачуўся бойкі ўпэўнены голас, і ў студыю пырхнула дагледжаная бландзінка Анжэла — таго тыпу жанчын невызначальнага ўзросту, якім і ў васямнаццаць, і ў сорак гадоў стабільна даеш дваццаць пяць.

Пірат, не зважаючы на прысутнасць рэвізора, гучна пашкадаваў:

— Трэба ж — і гэты раз паспела. Бедная яна, няшчасная, не суджана ёй спазніцца. Ну проста ніяк!

— Не трэніруй на мне сваю з'едлівасць, добранька? Я толькі са здымак, магу і пакусаць, — парыравала Анжэла і павярнулася да вялікага люстэрка. — Цьфу, ізноў сляды ад налобнай камеры! Ну што яна так цісне? Пасля нейкай пары дубляў хоць на вуліцу не выходзь.

Яна адышлася ад люстэрка на колькі крокаў і прыдзірліва ацаніла: ці вельмі прыкметна? Хада ў яе была тая самая, фірмова плыўная, па якой можна здалёк пазнаць тытульную актрысу сну. І зусім не таму, што яны ўсе скрозь зазнаюцца, а таму, што хада — іх прафесійная рыса. Вось паспрабуй зняць сон здавальняючай якасці, калі камера пачэплена на лоб! Без пастаўленай хады наздымаеш з такімі хістаннямі, што пры праглядзе ажно будзе кружыцца галава, а гэта добра толькі для сноў-жахлівак і сноў-пагоняў. Таму больш-менш папулярныя кампаніі аддаюць перавагу тым акцёрам, якія маюць адпаведную адукацыю і хоць нейкі вопыт... Нават калі пунктуальнасць кульгае ў іх на абедзве нагі.

Пашка, не адрываючыся ад манітора, параіў:

— Дык падключы сваё прыроднае абаянне і выбі нам новыя камеры. Мы ўжо паўгода чакаем, ніяк дачакацца не можам.

— Ты гэта мне ці што? — Анжэла карцінна ўзняла бровы. — Не на той адрас, дружа. Вось шаноўны Раман Сяргеевіч можа выбіць і камеры, і камп'ютары, і розныя там прыбамбасы для пульта кіравання, і суперсучасныя версіі праграм для апрацоўкі... Прычым выбіць нават не выбіваючы нікому зубы, — адным дарам пераканання. Моцна, га? Не рэжысёр, а каштоўнасць. Шчэ і нежанаты... — яна мнагазначна падміргнула свайму адлюстраванню.

Хрысцінка, якая марна спрабавала засяродзіцца на паўтарэнні, нарэшце капітулявала і з надзеяй запыталася:

— А ніхто не ведае, калі ён будзе?

— Да заўтра можна не чакаць, — расчаравала яе Анжэла. — Усё-ткі дзяржзаказ, натурныя здымкі поўным ходам...

— У такі лівень? — захоплена вылупіў вочы Пірат. — От будзе камусьці сон!

Мабыць, Хрысцінка не выглядала б такой ашаломленай, нават калі б яе вытурылі з універсітэта за пяць хвілін да ўручэння дыплома.

— Не, стоп, як жа гэта... Раман Сяргеевіч абяцаў! Я і за сцэнарый яшчэ не ўзялася, а ён ужо запэўніў, што прыйдзе на зацвярджэнне. Не можа ён так проста...

— Прабачце, — нечакана перарваў яе рэвізор, не верачы сваім вушам. — Вы хочаце сказаць, што кіраўнік праекта будзе адсутнічаць?

Дагэтуль ён яшчэ стрымліваўся, пакорліва выслухваючы асабістыя размовы работнікаў, але цяпер... Не, скайдрымаўцы дакладна пабілі ўсе рэкорды па бесталковасці!

Дар'я Значонак

Крыніца: Звязда

 

 

Прочитано 106 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии