Среда, 19 09 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Ксенія Крывецкая. Вяршыні. Урывак

На абвестку пра тое, што ў самы летні месяц «Маладосць» мяняе рэдакцыйны партфель на сакваяжы, чамаданы і дарожныя торбы чытачоў-сяброў-аўтараў, прыйшло шмат тэкстаў-вандровак. Адзін з іх прапануецца чытачам «Чырвонкі. Чырвонай змены» ў скарачэнні, што, канешне, вельмі шкада, бо чытаецца ўвесь матэрыял на адным затоеным дыханні.

Тунэлі. У горы мы ехалі на цягніку. Чыгунка выгінаецца па схілах і пабудавана так, каб пасажыры змаглі ў поўнай меры ацаніць прыгажосць горнага пейзажу. Сустракаюцца старадаўнія арачныя масты. Масты, як стратэгічныя аб'екты, ахоўваюцца вартавымі. Я ўпершыню ў жыцці ехала праз тунэлі. Адчуванні, я вам скажу, неверагодныя: ты едзеш скрозь гару! Пабудаваныя яшчэ аўстрыйцамі, тунэлі і масты выдатна захаваліся і спраўна служаць чыгунцы да гэтага часу. Калі мы праязджалі праз самы доўгі тунэль (а ўсяго іх было чатыры), у вагоне ўключылі святло. Я чамусьці вельмі здзівілася. Думала, што мы застанёмся ў апраметнай цемры з незнаёмцамі, — сюжэт, упадабаны кіношнікамі, аднолькава прыдатны як для драматычнай, так і для камічнай сітуацыі.

Карпаты. Горы былі да нас добразычлівыя і гасцінныя. Як шмат залежала ад іх настрою і прыхільнасці! Бо яны проста маглі не дапусціць нас да сваіх прыгажосцяў, схаваўшыся за дажджамі. І мы праляжалі б на шэзлонгах пад навесам, уздыхаючы па згубленых магчымасцях. Вядома, у нас усё роўна былі б мілыя ўспаміны ад басейна ды СПА, дзіцячай гульнявой са спагаднымі аніматарамі, трохразовага харчавання «ад пуза», добразычлівага персаналу, тэрасы ў нашым нумары з відам на горы. Аднак усе гэтыя выгоды цывілізацыі пры ўсёй сваёй важнасці і незаменнасці не далі б нам таго, што дала прырода. Веласіпедныя прагулкі ўздоўж горных рэк, камяністыя сцежкі, узыходжанне да горных вяршынь, мігценне зорак на начным небасхіле. Такіх вялікіх, такіх яркіх зорак і такога чорнага-чорнага неба я яшчэ не бачыла. Лес пачынаецца проста каля тваіх ног і заканчваецца дзесьці ў небе. Так што глядзі ва ўсе вочы, каб, як у казцы, не зваліўся зверху які-небудзь велікан. Трэба сказаць, што такія даўгаствольныя яліны мне яшчэ не сустракаліся. У гарах лес шумны: вецер пастаянна перабірае кроны (але неяк выбарачна, не ўсе дрэвы яму даспадобы), рэчкі з плёскатам і цурчаннем абчэсваюць камяні.

Калі мы толькі прыехалі ў Карпаты (пасёлак Валавец), стаяла спякота пад трыццаць градусаў. Але ўжо літаральна праз гадзіну надвор'е стала змяняцца: з усходу прыплыла хмара, зачапілася за вяршыню гары і паліў дождж.

Ад Валаўца да Ждзеніева, дзе знаходзіўся гатэль, нас вёз загарэлы каравокі ўкраінец Іван. Вельмі-вельмі добразычлівы. Толькі такія людзі і сустракаліся ў Карпатах. Вядома, людзі ўсюды розныя, але ў нашым падарожжы нам сустракаліся толькі такія: спагадныя, неабыякавыя, хто любіць сваю Радзіму, з павагай ставіцца да сваёй гісторыі і шчыра цікавіцца гісторыяй нашага беларускага народа. Іван спытаў, чаму мы вырашылі прыехаць менавіта сюды. Мы адказалі: паглядзець горы. «А, наші зелені Карпаты», — сказаў ён, і мне гэта азначэнне ўрэзалася ў памяць. Так, не зялёныя яны, а менавіта «зелені», лепш і не скажаш, чым на іх роднай мове.

Туманы. Відаць было, як хмары, чапляючыся за вяршыні гор, праліваліся дажджом. З пасёлка прыехала машына, уся мокрая, а ў нас яшчэ толькі хмурылася, бурчэла, гразілася. Пакуль мы аглядаліся, прывыкалі да новага месца, дождж прайшоў. Дзе-нідзе з'явілася смуга: здавалася, гэта тыя хмары, якія нядаўна парвалі сваю адзежку аб вяршыні гор, неахвотна злазяць з нябёсаў, каб падабраць лахманы. Пад ноч туман ахутаў усю даліну, горы, неба. Былі відаць толькі найбліжэйшыя пабудовы. І недзе праз белую заслону чуўся шолах бязмежных лясоў і шум горных рэк. Туман жыў, накатваўся на сцены дамоў, апякаўся іх цяплом і, адскочыўшы, рабіў новыя і новыя спробы пранікнуць унутр чалавечага жытла, забрацца да спячага пад коўдру, выклікаўшы зябкія дрыжыкі. Можна было ўявіць, як несалодка прыходзілася тым, хто начаваў у палатцы.

Сонца ў гарах устае доўга. Пакуль пераадолее ўсе гэтыя вяршыні і хрыбты, ты ўжо зачакаешся: калі ж! І ўжо светла, а яго ўсё няма. Сонца ў гарах гультаяватае. Яно не адразу паказваецца, не адразу разганяе туман, змахваючы яго то з адных, то з другіх верхавін дрэў. Але вось і Сонца! Добры дзень, Сонца! Добры дзень, Горы! Добры дзень, новы Дзень! Сонца свеціць проста на нашу тэрасу, і ў вокамгненне становіцца ярка і цёпла. У сонечных прамянях скачуць пушынкі і ўюцца розныя мушкі, як у пыльным пакоі.

Гара Высокі Камень. Да падножжа гары, дзе пачынаецца сцежка, мы даехалі на веласіпедах. Галоўнае, не прапусціць паказальнік, які знаходзіцца літаральна каля першага дома пасёлка Ждзеніева. Дакладней, па-за ім, каля самага лесу. Знаходзіш пачатак сцежкі — і можна пачынаць узыходжанне. Дапамога інструктара нам не спатрэбілася: на ствалах ёсць спецыяльныя пазнакі, якія падказваюць, што вы на правільным шляху. Таму ішлі мы без правадніка ды іншых турыстаў. Нашага маленькага падарожніка з намі таксама не было, бо складана яму яшчэ так высока караскацца. Сцежка вяла нас праз лес, які станавіўся радзейшы бліжэй да вяршыні. Зусім хутка ў прасветах паміж дрэвамі мы ўбачылі вышыню, на якую падняліся. Гэта прымусіла мяне схапіцца за ствол хвоі, удыхнуць і выдыхнуць, перш чым працягнуць шлях. Для мяне, ураджэнкі Палескай нізіны, любы пагорак — гара. Тут жа было, мабыць, з паўкіламетра, а трэба было вышэй. Калі выбраць патрэбны тэмп, падымацца зусім нескладана, тым больш што надвор'е самае ўдалае: сонца падсушыла зямлю пасля ўчарашняга дажджу, спякота адступіла, вецер быў цёплы і адганяў ад нас камароў. А горы працягвалі дарыць нам свае падарункі. Зялёныя камяні, мох на ствалах дрэў казалі нам пра тое, што ранняй вясной тут сыходзяць у даліну патокі расталага снегу. Кветка на невялікім кусціку шыпшынніку, як ружовы матылёк, прынесены сюды невядома з якіх далячынь. А на вяршыні — такі від! Такое захапленне і хваляванне! Страх і шчасце! І мы ўдваіх, толькі мы, а вакол горы, а ўнізе — вёсачка, рэчкі, лес, дарога і зноў горы, горы, горы. Мы былі цалкам задаволены сваім паходам, а па дарозе назад ужо загарэліся ідэяй забрацца на наступную гару — Пікуй. Пра гэта імкненне ўжо праспяваў некалі Высоцкі: «Лучше гор могут быть только горы, // На которых ещё не бывал».

Гара Пікуй. Шлях пачаўся з сяла Беласовіца, куды нас прывёз на машыне інструктар Васілій. Да ўзыходжання на гэтую гару лепш быць хоць бы мінімальна падрыхтаваным: спартыўнае адзенне і абутак, шапка, заплечнік з самым неабходным, бо невядома, як вам дасца пад'ём. Для нас у інструктара з сабой былі ланч-боксы гатэля з абедам, дадатковыя курткі, сродкі ад камароў і ўкусу гадзюкі і нават палкі для скандынаўскай хады, калі стомяцца ногі (яны не спатрэбіліся, але вельмі парадавала прадбачлівасць нашага правадніка).

Калі ўсё квітнее і паветра напоўнена летнімі водарамі, убачыць снег — сапраўдны цуд. Хіба не цуд у пачатку мая ляпіць снегавіка і кідацца снежкамі амаль за тысячу метраў над узроўнем мора?! А як толькі выходзіш з лесу, пачынаюцца лугі. Вецер дзьме са страшнай сілай, не мяняючы свайго кірунку. Дзьме так, быццам хоча садзьмуць казюльку-чалавека ў даліну, дзе яму і месца. Моцны вецер — асноўная прычына таго, чаму людзі будуюць свае гнёзды каля падножжа гор. Тут нават дрэвы нейкія нізкарослыя, з пакручанымі галінамі. На лугах расце шмат чарніц. Гэта незвычайна, бо ў нас чарніцы — гэта лясная і балотная ягада, а тут луг і вяршыня гары. І была яшчэ сустрэча з гадзюкай! Інструктар сказаў: «Стой!» — і літаральна праз некалькі крокаў прамільгнула чорная стужка і знікла ў траве. Як высветлілася, змеі тут сустракаюцца часта — любяць грэцца на камянях пад сонейкам.

І так ідзеш, караскаешся, перавальваеш цераз горны хрыбет — і вось тое, дзеля чаго трэба было пераадолець усе цяжкасці. Тваім вачам адкрываецца такі від, і адчуванні, быццам ты знаходзішся на вяршыні свету. Свет бачыцца ў аб'ёме: неба, зямля, рэкі, горы, з якіх можна бачыць чатыры дзяржавы — Славакію, Польшчу, Румынію і Украіну. «Весь мир на ладони — ты счастлив и нем // И только немного завидуешь тем, // Другим — у которых вершина ещё впереди» (У. Высоцкі, «Вяршына»). Калі ўжо пасля ўсяго глядзіш знізу на гару, усё роўна не верыцца, што гэтая вяршыня скарылася, бо здаецца, што да яе некалькі дзён шляху.

У гарах ты пастаянна адчуваеш сябе шчаслівым. Можа, таму, што пераадольваеш сябе: мускульнае напружанне, страх — і ганарышся сабой. Можа, таму, што ты пазбаўлены руціны і побыту, вольны запаўняць свой дзень тым, што табе цікава. Можа, таму, што ўвесь час знаходзішся са сваёй сям'ёй, бачыш дарагіх табе людзей радаснымі, падзяляеш з імі свае эмоцыі. Бо мясцовыя ў гэты ж самы час працягваюць жыць сваім звычайным жыццём, вырашаюць надзённыя праблемы. Земляробства ў іх не развіта з-за камяністай глебы, заводаў і калгасаў даўно няма, і літаральна адразу пасля школы маладыя людзі (тыя, якія не знаходзяць працу ў сферы абслугоўвання турыстаў) вымушаны з'ехаць за мяжу.

Дзіця. Пасля паездкі ў нашага сына з'явіліся новыя параўнанні. Напрыклад, ён так ахарактарызаваў старэнне чалавека: «Ты будзеш змяншацца, як старыя горы». Усё ж такі, калі дзіця падрастае, падарожжа пашырае яго кругагляд. Мы рабілі з ім невялікія пад'ёмы, веласіпедныя прагулкі, праходзілі вераўчаную дарогу, ездзілі на экскурсіі, плюс зарадка на свежым паветры, танцы і гульні з аніматарамі — усё гэта так вымотвала нашага сына, што пасля «адбою» ён засынаў моцным сном. Можна было размаўляць на ўвесь голас і спакойна адпраўляцца на вячэрні шпацыр. Парада: калі ў вас гіперактыўнае эмацыянальнае дзіця — вязіце яго ў горы.

«Карпатыя» ў Карпатах. У якасці казкі на ноч я ўзяла з сабой кнігу Майкла Марпурга «Каспар, прынц катоў». Галоўны герой, хлопчык Джоні, пасябраваў з чорным катом па мянушцы Каспар. У працэсе развіцця сюжэту яны трапляюць на «Тытанік» і тых, хто выжыў пасля крушэння, ратуе параход «Карпатыя». Дзіўна тое, што ў першы ж вечар нашага знаходжання ў гарах мы пазнаёміліся з гатэльным катом, абсалютна такім жа чорным і гладкім, як на ілюстрацыях у кнізе. Натуральна, мы адразу празвалі яго Каспарам, і ён ахвотна адгукаўся на гэтую мянушку. Ну а «Карпатыя» ў Карпатах... Можа, таксама з'явілася невыпадкова?

Ноч у гарах. Гуляючы, мы адышлі далей, туды, дзе канчаецца вулічнае асвятленне, — і ўбачылі ашаламляльнае зорнае неба. Яно літаральна абрынулася на нас. Гэта як нырнуць у іншае вымярэнне. Космас проста над галавой, мігценне зорак, Млечны Шлях. Руку працягні — і здымеш любы ўпадабаны зіхатлівы крышталік. Горны лес, такі жывы, такі шумны. Нават не трэба было далёка паглыбляцца — хапіла ўражанняў і так: густая чарната вакол, шум лесу і зоркі, зоркі! З гарамі хочацца гаварыць, хочацца дзякаваць ім за дары — цудоўнае надвор'е, прыгожыя віды, яшчарку (якую так марыў убачыць наш сын і якая выскачыла яму проста пад ногі, а затым доўга пазіравала, перш чым уцячы), шыпшыннік на схіле, елачкі ў тры сантыметры вышынёй, маленькія і кранальныя ў сваім імкненні жыць. Пахі такія знаёмыя, якія нагадваюць маё дзяцінства. І дзіўна, што і ў людзей знаёмыя твары. Час пастаянна гуляў са мной, заводзіў у забытыя куткі памяці. То кружыў на месцы, то ўцякаў наперад. І так добра было на вуліцы: не горача і не холадна, не слізка і не суха. Ідэальна. А хутка з'язджаць.

Крыніца: Звязда

Прочитано 89 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии