Воскресенье, 18 11 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Віктарыянскі раман па-нашаму

  • Вторник, 14 августа 2018 12:28

Новыя дэтэктывы ў беларускай літаратуры з’ява нячастая. Таму кніга Ксеніі Шталенковай «Губернскі дэтэктыў. Справа аб крывавых дукатах» (Мінск, Кнігазбор, 2017) не магла не прыцягнуць увагу чытачоў і крытыкаў.


Што ж можна сказаць пасля прачытання, акрамя таго, што сказала сама аўтарка пра сябе напрыканцы кнігі? У яе пасляслоўі — даволі крытычнае самакаментаванне, з якім часткова можна пагадзіцца. Варта адзначыць тонкі гумар Ксеніі Шталенковай, бо яно атрымалася самаіранічнае і крыху здзеклівае. І на працягу твора аўтарка быццам крышачку пакеплівае з таго, пра што піша і што ўтварае канву яе расповеду. То-бок, мы разумеем, што пісьменніца сама бачыць і ведае ўсе недахопы сваёй гераіні.

Ксенія Шталенкова паспрабавала стварыць постмадэрнісцкі раман, стылізаваны пад віктарыянскі. Гэта не містыфікацыя, але асоба апавядальніка час ад часу мяняецца: галоўная гераіня Яўгенія ў ходзе твора сама піша дэтэктыў, і аўтарка пакідае нам яе дзённікавыя запісы. Па тэксце расстаўлены спасылкі на дзённік, які падаецца ў канцы, — гэта намёк на гульнявы пачатак.

Расследаванне і звязаныя з ім разважанні гераіні складаюць значную частку рамана, але ўсё ж, падаецца, яго нельга аднесці цалкам да дэтэктыўнага жанру. Бо вобраз Яўгеніі напісаны куды больш цікава за само злачынства, у якім яна разам з бацькам карпатліва разбіраецца. У выпадку іншай аўтарскай задумы інакш выглядала б і дынаміка твора. І вось тут відаць, наколькі добра Ксенія Шталенкова змагла трапіць у тое творчае поле, якога ад яе патрабуе абраная стылізацыя.

Але варта зазначыць, што дэтэктыўны складнік, на жаль, месцамі аказваецца «не выцягнуты»: лагічныя выкладкі часам падаюцца досыць нязграбнымі. Гэта крыху псуе ўражанне. «Своечасовасць» падкінутых доказаў выглядае штучнай (сцэна з сабакам у гнойнай яме, выказванні пра «залацішка», сустрэчы з патрэбнымі людзьмі ў патрэбны час). Раман ратуе якраз тое, што ён шырэйшы за дэтэктыў. Мы ў большай меры канцэнтруем увагу на адносінах паміж людзьмі. Дакладным прапісваннем стасункаў захінаецца і тое, што аўтарцы ўсё ж бракуе дакладнасці ў апісанні эпохі: час, калі адбываецца дзеянне, выглядае схематычна, нават лубачна.

Галоўнай гераіні на момант падзей, паказаных у рамане, 21 год. Прыемна назіраць за цікавым, моцным жаночым вобразам. Але не падобна, што дзеянне адбываецца ў ХІХ стагоддзі. Бо «вытыркаюцца» некаторыя дэталі. Напрыклад, складана ўявіць дзяўчыну шляхецкага роду, якая сядзіць на кукішках. Аўтарка разважае пра месца жанчыны ў грамадстве таго часу са свайго пункту гледжання: гэта сучаснае мысленне сучаснай дзяўчыны, загорнутае ў антураж Рэчы Паспалітай і пэўнага моўнага стылю. Такая неадпаведнасць эпохі і паводзін гераіні робіць твор трохі ненатуральным. Але, зрэшты, напачатку нібыта была заяўлена эклектычная гульня дзвюх эпох. Варта звярнуць увагу і на мову твора. Вытрыманы на працягу ўсяго рамана стыль з ужываннем іншамоўных выразаў — адметнасць, якая дазваляе паглыбіцца ў атмасферу эпохі. Стылёва «Губернскі дэтэктыў» — вельмі грунтоўная праца. Ён адпавядае часу па дынаміцы, па лексічным складніку, па сюжэтным стрыжні. З першых старонак мы разумеем, што месца дзеяння — Мінск. Далей аўтар раскідвае прыкметы часу, яго маркеры. Праўда, калі-нікалі спатыкаешся на практычным сучасным мысленні і выхаванні галоўнай гераіні. Губляешся пасярод стагоддзя...

Гэтай жа стылістыцы — стылістыцы віктарыянскіх раманаў і паблажлівага стаўлення да іх сучаснага чытача — адпавядае крыху насмешлівае ўспрыманне аўтаркай сваёй гераіні: быццам выпадкова яна атрымалася трохі наіўнай, крыху недарэчнай. Цудоўна, што Ксенія Шталенкова ведае, каго яна стварыла, і сама ж пасмейваецца з гэтага. Дваістасць вобраза галоўнай гераіні нібыта была задумана: з аднаго боку, Яўгенію выхоўвалі як спадчынніцу шляхецкага роду, што відаць у адносінах з бацькам, але, з другога боку, нам паказваюць яе няўважлівасць, несур’ёзнае стаўленне да пісьменніцкага майстэрства, якое быццам бы прыцягвала яе больш за ўсё астатняе. Неабдуманыя, імпульсіўныя паводзіны маладзенькай наіўнай паненкі — і разам з тым зусім інакшыя, сталыя, разумныя думкі, ёй уласцівыя. Гэта стварае іншы вобраз — вобраз сучаснай маладой жанчыны, якая не хоча залежаць ад кагосьці. Хаця не хапае акцэнтаў, якія б давалі больш цэласнае ўспрыманне.

«Губернскаму дэтэктыву» ўласцівая рамантызацыя, амаль караткевічаўская, на што, верагодна, і арыентавалася аўтарка. Але ў такім выпадку не стае «лыжкі дзёгцю» — нейкага сапраўднага болю, праз які мусяць прайсці героі.

Аднак, нягледзячы на недахопы, раман атрымаўся. Папрацаваўшы з гістарычнымі рэаліямі, стварыўшы для чытача сапраўды іншую прастору, Ксенія Шталенкова ярка і неардынарна заявіла пра сябе. Астатняга ж можна дасягнуць праз імкненне да дасканаласці, якое ўключае ў сябе адшліфаванасць, больш глыбокі падыход да гістарычных рэалій з распрацоўкай новых стылістычных прыёмаў.

Святлана КУРГАНАВА

Прочитано 461 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии