Воскресенье, 18 11 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Таіса Сямёнава. Матчын грэх

  • Среда, 26 сентября 2018 09:00

Таіса Сямёнава — ветэран беларускай журналістыкі, шмат гадоў аддала рабоце ў газеце «Астравецкая праўда». Гэта толькі чалавеку недасведчанаму можа падацца, што ў раёнках праца не мітуслівая, спакойная, пакідае шмат вольнага часу. Той жа, хто на практыцы паспытаў яе смак, ведае, што на самай справе — усё наадварот, і чалавеку творчаму нават у выхадныя дні бывае не да ўласных літаратурных практыкаванняў.

Можа, таму першая кніжка Таісы Сямёнавай «Давясёлкі» пабачыла свет толькі летась, і ўвайшлі ў яе як апавяданні, так і вершы — найлепшае з таго, што напісалася за даволі працяглы перыяд. Дарэчы, два апавяданні, што трапілі ў кнігу, у свой час друкаваліся ў «Звяздзе», і адно з іх у 2007 годзе заняло ў нашым конкурсе першае месца.

Алесь Бадак

 

Таіса Сямёнава

Матчын грэх

Палата рыхтавалася да абходу. Жанчыны пераапраналіся, прычэсваліся. Некаторыя нават лёгкі макіяж накладвалі, каб прывабна выглядаць перад доктарам. Валянціна Пятроўна ў гэтай мітусні не ўдзельнічала, ляжала, адвярнуўшыся да сцяны, накрыўшыся коўдрай да самых вачэй. Бо ведала, што будзе далей: павязуць на аперацыю, з якой яна... Не, пра гэта лепш не думаць. Што Бог дасць. Вось толькі Наташка, дачушка... Што будзе з ёю, калі мамы не стане? Забяруць у дзіцячы дом. Валасы густыя і доўгія, абстрыгуць — хто захоча важдацца з дачушчынай касой-красой?

Абследаванне ў анколагаў Валянціна Пятроўна адкладвала да канікулаў, каб адправіць малую ў летнік. Дзяўчынка адпачне, сіл набярэцца. А яна тым часам з'ездзіць ды праверыцца, што там у яе не так.

Зрэшты, жанчына даўно здагадвалася, што іменна «не так». Сем гадоў таму памерла ад раку яе маці, Надзея Міронаўна. Нядоўга пражыла пасля аперацыі. І калі ў самой пачаліся нелады па жаночай частцы, Валянціна Пятроўна зразумела: паўтарае матчын лёс...

*  *  *

Маці пакрыўдзіла прырода, выправіўшы ў свет непрыгожай. Радня недаўмявала: чаму? У сям'і ўсе былі прывабныя. Бацькі — пара на падбор, стой і любуйся. Два браты статныя, асілкі, старэйшая сястра мілавідная, фігурыстая. А найменшая, Надзейка, таўставатая, прыземістая, з рэдкімі рудаватымі валасамі. Твар псавалі рабацінне, масіўны нос і маленькія вочы. «Вылітая Тэкля», — уздыхалі сваякі ды суседзі. Тэкля была бацькава цётка, старая дзеўка, злая ды сварлівая. У вёсцы яе не любілі.

«Ну чаму я такая страшная?» — часам, паглядаючы ў люстэрка, пыталася Надзя немаведама ў каго. У школе яе дражнілі дзеці, ды і ў сваім двары яна бавілася часцей адна. Зрэшты, пазней адносіны аднакласнікаў пацяплелі. Надзейка вучылася выдатна, упэўнена ішла на залаты медаль, таму сябраваць з ёю палічылася выгадным — дасць спісаць дамашняе заданне, растлумачыць незразумелае граматычнае правіла. А на кантрольных рэшыць свой варыянт і перадасць іншым. Любімыя прадметы — хімія з біялогіяй, тут Надзейцы не было роўных ні ў школе, ні на раённых алімпіядах. Выбар шляху адбыўся сам сабой — паступіла ва ўніверсітэт на хіміка-біялагічны факультэт.

Студэнцкае жыццё бруіла, але неяк усё міма. На вечарынках Надзя звычайна сядзела незаўважанай. Аднойчы выйшла ў кола на агульны хуткі танец, злавіла некалькі пагардлівых позіркаў. Пачула: «Ну і пачвара!» і кінулася прэч з залы...

Далей была толькі вучоба, вядома, выдатная, на чырвоны дыплом. Надзеі прапанавалі застацца на кафедры, паступаць у аспірантуру, а яна адмовілася: «Хачу працаваць у сельскай школе». Ну, хочаш — дык едзь, працуй.

Здачу апошняга экзамену ўсёй групай «замочвалі» ў хлапечым пакоі інтэрната. Надзя дагэтуль амаль не каштавала спіртнога, а тут — надзвычай смачная, духмяная хатняя налівачка, садавіна, шакаладныя цукеркі. І яна расслабілася. «А мае аднакурснікі, здаецца, зусім неблагія людзі. Чаму я іх цуралася?» — думала і весела смяялася разам з імі. Здаецца, на яе зацікаўлена паглядвае першы прыгажун курса Ігар. Усе пяць гадоў не заўважаў, а тут... Яна ж тайна сохла па ім з таго дня, як убачыла ў аўдыторыі...

Надзея не заўважыла, як усе паразыходзіліся. Чамусьці пагасла святло. Дужыя рукі Ігара абдымалі яе за плечы, расшпілілі сукенку і гладзілі пругкія дзявочыя грудзі, гарачы пацалунак перахапіў дыханне. Было горача і балюча... Прачнулася яна ад яркіх сонечных промняў, голая, на чужой пасцелі. Побач спаў Ігар. На суседнім ложку таксама ляжала пара. У яе граху-сораму былі сведкі...

Потым усё панеслася, як у калейдаскопе. Уручэнне дыпломаў, пажаданні дэкана на добры шлях... Надзея не схацела браць адрасы цяпер ужо былых аднакурснікаў і не засталася на выпускны. Вячэрнім цягніком паехала дадому. Адпачывала, ад'ядалася, купляла абновы. Бацькі далі грошай, бо як жа настаўніца будзе хадзіць на ўрокі ў студэнцкіх уборах? Прайшоў месяц, і яна зразумела, што цяжарная. Нікому нічога не сказаўшы, прыспешыла ад'езд на будучае месца працы.

З начальствам ды калегамі Надзеі пашанцавала: прынялі цёпла, уладкавалі на кватэру да добрай, спагадлівай жанчыны. Як маці аднеслася да яе, як бабуля — да народжанай дачушкі. Бацькі ж ад Надзеі адракліся: зняславіла сям'ю, байстручку нарадзіла... Так і не прыехалі адведаць унучку. Імя малой дала матчына — Валянціна, але не растапіла лёд іх сэрцаў.

З часам калгас выдзяліў маладой маці з дачушкай невялікі спраўны дамок. Гараджанка Надзея аказалася сялянкай у душы — з ахвотай працавала на зямлі, хутка давяла да ладу агарод, двор і кветнік. Словам, стала маладая настаўніца ў вёсцы сваёй. А як палюбілі яе дзеці! За справядлівыя адзнакі, цікавыя ўрокі, экскурсіі на прыроду, працу на доследным прышкольным участку, які неўзабаве стаў найлепшым у раёне...

Валечка тым часам падрастала, асабліва не хварэла. Прастуджвалася часам, не без таго, але названая бабуля ставіла малой гарчычнікі, паіла чаем з малінай, малаком з мёдам, і дзяўчынка хутка папраўлялася..

Надзея Міронаўна адчувала сябе шчаслівай. Жаданае мацярынства, любімая праца, запоўненае цікавымі справамі жыццё. Што яшчэ трэба? Раманы? Кіньце вы! Настаўніцкі калектыў у школе збольшага жаночы, толькі дырэктар ды фізрук — мужчыны, абодва добрыя сем'яніны. А па курортах-санаторыях яна не ездзіла, не было патрэбы...

*  *  *

Валя скончыла школу, універсітэт, вярнулася ў родную школу выкладаць гісторыю з геаграфіяй. Адна, без пары. І гэта вельмі трывожыла Надзею Міронаўну. Няхай сабе дачка не пісаная прыгажуня, усяе красы — густыя каштанавыя валасы, але ж працавітая, акуратыстка, характар — золата. І жыццёвай мудрасцю Бог не абдзяліў. Нават старэйшыя калегі парады просяць. А каханага побач не назіраецца. Чаму?

— Давай, дачушка, гарбаты пап'ём, — Надзея Міронаўна адарвалася ад тэлевізара і пайшла на кухню, уключыла электрачайнік, падрыхтавала заварку, дастала з буфета вазачку з пячэннем. Абдумвала, як зноў загаварыць аб патаемным і балючым. Бывала, пачне размову, а Валя падыдзе, абдыме, у шчаку цмокне, нешта смешнае скажа і сур'ёзнасць моманту знікне. А потым зноў доўга не надыходзіць сон...

Надзея Міронаўна спакваля прывучала сябе да думкі, што дачка застанецца бязмужняй. Дык хоць бы дзіцятка нарадзіла. Памагла б гадаваць, пакуль... Вось пра гэтае «пакуль» нарэшце трэба неяк сказаць...

Пацягнула тонкім водарам цудоўна заваранай гарбаты. Валянціна адклала ўбок таўсценную кнігу — няхай вочы адпачнуць. А чаёк мо санлівасць прагоніць. Ды і любіла яна такія кухонныя пасядзелкі з матуляй. Пра ўсё-усенькае перегавораць, паўспамінаюць... Але цяпер нечаму стала трывожна.

— Як добра было б, каб разам з намі зараз сядзелі ўнук ці ўнучачка. Я б пірог які спякла ці торцік...

— Ой, мама, не пачынай, калі ласка. Не суджана мне, відаць, быць у пары. А несур'ёзных адносін я не хачу. Толькі сораму набярэшся...

І зноў тэма была закрыта. Паведаміць дачцэ, што на тым тыдні сказаў ёй урач-анколаг у раённай паліклініцы, Надзея Міронаўна так і не адважылася.

Надышло лета, у школе распачаўся вялікі рамонт. У некаторых кабінетах спатрэбілася памяняць праводку. Дырэктар выклікаў спецыялістаў з раённых электрасетак. З брыгадай манцёраў прыбыў майстар — сімпатычны чарнявы хлопец Раман. Надзея Міронаўна пазнала яго — вучыўся тут, хоць і не ў яе класе. Павіталіся. Хлопец расказаў, што пасля службы ў войску скончыў электратэхнікум, паступіў завочна ў інстытут.

— Жанаты?

— Пакуль не, — усміхнуўся. — Нарачоная дыплом абароніць, на працу ўладкуецца, а там і вяселле згуляем. Ды вы яе ведаеце — Галечку, аднакласніцу маю.

Надзея Міронаўна адразу ўспомніла бялявую блакітнавокую прыгажуню, выдатніцу, гонар школы. Гожая будзе пара — падумала. І — вырашыла ўзяць на душу грэх. У наступны прыезд паклікала Рамана ў настаўніцкую і, шчыльна прычыніўшы дзверы, сказала:

— Рома, закруці ты любоў з маёй Валянцінай. Ненадоўга. Каб толькі зацяжарыла яна...

— Аб чым вы, Надзея Міронаўна? Я Галінку моцна кахаю, не хачу страціць. Яна не даруе мне здрады...

— А ты не кажы. Адкуль яна даведаецца?

— Не змагу. Мы нічога не ўтойваем адно ад аднаго. Ды і подласцю гэта будзе з майго боку.

Настаўніца памаўчала ў задуменні, а потым вымавіла:

— Рак у мяне, Рома. Нядоўга працягну. Валянціна застанецца зусім адна. Хай было б у яе дзіцятка... Калі здарыцца ў вас з Галінкай разлад, прыбягу, растлумачу ёй усё, на калені ўпаду, каб даравала табе...

Электраправодку, разеткі і выключальнікі ў кабінеце гісторыі Раман мяняў сам. Разгаварыліся з Валянцінай, успаміналі школьныя гады, смяяліся. Вызваўся правесці яе дадому. На другі дзень напрасіўся на каву. Валянціна крыху сумелася: маці паехала ў суседнюю вёску праведаць хворую калегу, магчыма, заначуе ў яе. Няёмка гасцей запрашаць. Ды ладна, Рома ж амаль аднакласнік...

Да духмянай, цудоўна заваранай кавы Валя дадала каньяку — у шафцы знайшлася раскаркаваная бутэлька. Потым пакарміла госця вячэрай, і ён застаўся да раніцы...

Праз тыдзень электрыкі скончылі свае справы і з'ехалі. Раман — таксама. А Валянціне нечакана прапанавалі «гарачую» пуцёўку ў дом адпачынку. Адтуль яна вярнулася адпачыўшая, загарэлая і... цяжарная.

Надзеі Міронаўне зрабілі аперацыю, правялі ўсе неабходныя працэдуры, але праз тры гады здарыўся рэцыдыў. Валянціна засталася адна, з маленькай Наташкай на руках. Зараз дачушцы дзесяць, адпачывае сабе ў летніку. А яна ляжыць у «ракавай» палаце і чакае прысуду ўрачоў. І ведае ён: будзе — смерць...

*  *  *

На абходзе Валянціне сказалі, што аперацыя прызначана на заўтрашнюю раніцу. А сёння трэба адпачываць і — сустракаць гасцей.

— Якіх гасцей? Я нікога не чакаю.

— Валянціна Ігараўна, да вас прыехалі родзічы, — аб'явіла, зазірнуўшы ў палату, маладзенькая медсястрычка. — Сустракайце.

Дзверы адчыніліся, і ў палату ўвайшла... Галя. За ёю нясмела прасунуўся Раман. У Валянціны перахапіла дыханне, з вачэй пырснулі слёзы. Яна хапала ротам паветра і не магла прамовіць ні слова. Суседкі, адчуўшы няёмкасць сітуацыі, адна за адной рэціраваліся з палаты.

— Мы даведаліся, што цябе рыхтуюць да аперацыі, і прыехалі падтрымаць, суцешыць, каб не баялася, — Галя першая аправілася ад збянтэжанасці і загаварыла. — Гасцінцаў хатніх прывезлі. За Наташку не хвалюйся, яна ў нас. У лагеры моцна пасябравала з нашай Таццянкай, і тая запрасіла яе ў госці. Рома ўчора прывёз абедзвюх.

Валянціна, хутаючыся ў коўдру, паспрабавала сесці на ложку. Галя кінулася дапамагаць.

— Скажы, ты... ведала?

— Так. Рома перад вяселлем усё мне расказаў. Плакаў, прасіў прабачэння. Я была ў разгубленасці, хацела нават заяву з загса забраць. Ды прыехала Надзея Міронаўна і маліла не рабіць паспешных крокаў. Пагаварылі мы з ёю, паплакалі. Я даравала і ёй, і Раману. Толькі папрасіла мужа па магчымасці не сустракацца з дзіцем. І маці твая прасіла аб тым жа. А дачушка наша, Таццянка, відаць, адчула родную душу, пацягнулася да яе, палюбіла. Мы з Ромам вырашылі: вось паправішся, вернешся дадому, тады сустрэнемся і скажам дзяўчынкам, што яны — сёстры.

— А можа, пазней, калі падрастуць?

— Паглядзім. Галоўнае, ты зараз не хвалюйся і дарэмна не панікуй. Урачы тут добрыя, кваліфікаваныя, зробяць аперацыю і ты выздаравееш. Не сумнявайся нават. Мы яшчэ наведаемся, добра?

Галя нахілілася, асцярожна абняла Валянціну, лёгенька прыціснула да сябе, пацалавала. Развітаўшыся, яны з Раманам выйшлі з палаты.

...Валянціна, як і маці, пражыла пасля аперацыі тры гады. Пасля пахавання Раман з Галінай забралі асірацелую Наташку ў сваю сям'ю. «Я адчувала, што ты — мая сястра», — радасна абдымала яе Таццянка.

 

Крыніца: Звязда

Прочитано 260 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии