Воскресенье, 18 11 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Святлана Курганава. Парасон

  • Четверг, 04 октября 2018 09:36

Урывак з аповесці «Пра цябе, даражэнькая».

На думку Святланы Курганавай, тэкст — гэта не гульня аўтара ў хованкі з чытачом, а гульня чытача ў хованкі з аўтарам. «Ва ўяўным тэксце ўяўны чытач шукае ўяўнага аўтара і знаходзіць толькі сваё ўяўленне. І так хораша часам у тэкстах знаходзіць менавіта сваё. А часам вельмі хораша не знаходзіць». 

Маё цела — гэта не маё цела. Гэта цела некага іншага, хто дазваляе мне карыстацца ім. І кожны раз я прымушаю сябе казаць, што маё цела мне належыць.

— Я, канешне, разумею, што такія вялізныя парасоны — гэта, быццам бы, прыгожа. Але ў сумачку яго не пакласці, так? Вось забудзешся дзе-небудзь — і што будзеш рабіць?

— Вярнуся і запытаюся, ці не знаходзіў хто-небудзь парасон.

— Запытаецца яна, глядзі. Колькі запытваюцца, а колькі знаходзяць, га? Не знойдзеш.

— Куплю новы.

— Купіць яна, глядзіце, купіць! Бацькі купляць будуць, а не ты. Вылезла такая краля, каб ёй новыя парасоны куплялі.

— Я свой аніводнага разу яшчэ не губляла.

— Вось! Яшчэ не губляла. Згубіш — бацькам новы прыйдзецца купляць. З нармальным парасонам трэба хадзіць, а не з гэтай прафанацыяй.

Я не згублю свой парасон, бо я не выходжу без яго з пад'езда.
Я не магу забыцца пра парасон, бо, каб ісці дадому, мне патрэбны ён: калі я выходжу, то неабходна трымацца за яго — як за парэнчы.

Зараз я еду да бацькоў, бо нарэшце з'явіўся вольны час, і шкадую толькі пра адно: я пакінула сваю чорную трысціну дома.

***

— Глядзі, глядзі, вось яна! Так, гэта яе — таго. Так, у пад'ездзе. Не, не ўвечары — днём. То-бок, калі дамоў ішла, а бацькоў яшчэ не было. Цікава, а ён быў у прэзерватыве ці не? — яна расказвала на вуха сяброўцы занадта гучна. Пытанні не чуліся, адказы — занадта добра: і мне, і яшчэ палове калідора, якая глядзела на тую дзяўчыну. Я таксама глядзела. Мне было сорамна, але я глядзела. Як гэта, яна ж не дазваляла нікому кранаць сваё цела, сябе, але яе тады краналі, быццам яе цела ёй не належыць.

— Кажуць, калі не заціскацца, то не балюча. І калі ён з прэзерватывам быў, то ўвогуле нічога страшнага, — ёй занадта падабалася вымаўляць «прэзерватыў», быццам яна парушае нейкую забарону на гэтае слова.

— Увогуле, чаму яна прыйшла: можна ж было пасля гэтага ў школу тыдзень не хадзіць. Дурная нейкая, — калідор крыху гуў, але яна была занадта добра чутна. І ніхто не перарваў, не спыніў і не параіў закрыць рот. Я не заткнула яе брудны рот, які смакаваў невядомыя падрабязнасці, калі яна амаль ела вачыма дзяўчыну насупраць, ела прагна і апантана.

Адзін за адным ішлі тры дамы, паміж імі было месца: двары, дзе мы звычайна гулялі. Мой крыху збоку ад іх, з літаркай пасля лічбы нумара, і стаяў трэцім. Дзяўчат у іх гвалцілі па чарзе.

З прыпынку з чамаданам іду да бацькоўскага дома — выйшла так, каб абмінуць тыя дамы. Але ўсё роўна, як дрэнна, што вырашыла не браць парасон.

***

— Усе дзяўчаты ідуць у актавую залу! Хлопцы пойдуць на наступным уроку. Наталля Мікалаеўна, прасачыце, каб усе прыйшлі абавязкова. Прафілактыка СНІДу і абортаў. Каб усе былі, калі ласка.

— Калі ласка, дзяўчаты, усе ў актавую залу.

— Навошта, Наталля Мікалаеўна?

— Трэба, чарговая «размова», хлопцы потым пойдуць, вам разам нельга, — яна крыху саромеецца. І мы аўтаматычна саромеемся па ўзоры.

Маё цела — гэта нешта непрыстойнае. Маё цела — гэта нешта, чаго трэба саромецца.

Мы толькі аднойчы сядзелі на такой лекцыі разам з хлопцамі. Нам тады расказвалі толькі пра СНІД, без абортаў. Пра аборты расказалі толькі дзяўчатам. Пра СНІД чыталі лекцыю кожную чвэрць, пра аборты — кожнае паўгоддзе абавязкова ды яшчэ, можа, раз завітаюць калі, тады будзе ўжо тры разы за адзін год. Так — пачынаючы з дзявятага. Пра кантрацэпцыю нам расказвалі толькі двойчы: на адпаведнай лекцыі ад гінеколага і на ўроку біялогіі.

Я затыкаю вушы і прымружваю вочы, каб не глядзець на макеты, дзе маляўніча паказана, як невялічкае цела наколваюць на штыр; каб не чуць, як маляўніча расказваюць, што рвуцца вантробы.

— Праз секс вы можаце зацяжараць. Праз секс з кантрацэпцыяй таксама можна зацяжараць: кантрацэпцыя не заўсёды дапаможа. І тады вам нельга будзе рабіць аборт, бо з абортам будзе вось так, — і яна паўтарае зноўку, каб было маляўніча, непрыемна і сорамна.

Я не ўсведамляю, чаму мяне трасе. І я не ўсведамляю, чаму я тут сяджу. Я не хачу мець цела, бо праз яго мяне прымушаюць адчуваць непрыемнае і сорамнае. Я ніводнага разу яшчэ не цалавалася ні з кім, але зараз павінна праз штосьці зацяжараць і не рабіць аборт. У мяне не павінна быць першага пацалунка: павінна адразу быць цяжарнасць і не-аборт.
Я баюся пацалунка, бо ён цягне за сабой цяжарнасць і аборт.

Маё цела мне не належыць, бо мне нельга вырашаць, што рабіць з ім: яны самі вырашылі, што маё цела павінна рабіць.

***

Я іду да дома бацькоў, чамадан грукоча па дарозе, і я не чую, ці ідзе хтосьці ззаду. У школе я хадзіла дадому без навушнікаў, каб чуць, ці не тупае нехта, — але тады не грукатаў чамадан. І я баялася, што не пазнаю некага з людзей з фотаробатаў, якія развешвалі побач з дзвярыма гандлёвых цэнтраў. І праз дрэнны зрок я не бачыла
твары тых мужчын, якія стаялі крыху далей.

Я ведаю, што ён праз колькі маіх крокаў пайшоў за мной. Але я не бачыла яго твару. Яго твар, яго твар, яго твар... І неяк сорамна абарочвацца і разглядаць: а калі ён не падобны да тых партрэтаў? А калі падобны — тады што?

І як усё-ткі дрэнна, што не ўзяла парасон. Ноўтбук проціўдарны, калі што, але я не ўмею — з ноўтбукам.

— Малая, трымайся лепей. А цяпер яшчэ раз: пад дых, пад жывот — у пахвіну. Намячаеш удары — давай яшчэ раз на мне. Як ты трымаеш кулак, малая? Ты сабе так усе пальцы пераламаеш. Давай пакажу, як трэба, — дзядзька акуратна і моцна перакладае мае пальцы, каб я дакладна нічога не зламала. І я адчуваю сябе спакайней.

— Глядзі, з палкай прасцей — можаш трымаць дыстанцыю. Сачы за тым, каб апанент не перахапіў: б'еш не з боку далоні, а за далонню — збоку. — Я паварочваю палку неяк не так, ён перахоплівае і рэзка цягне на сябе. — Не атрымалася. Зараз пакажы, як выкруціцца з захопу, і паспрабуеш яшчэ раз.

***

Парасон — амаль палка. Карацейшы, на жаль. Але ў майго парасона ёсць жалезнае наверша. Яно не дапамагае, але дадае ўпэўненасці.

Я ўжо каля пад'езда, але тут стаіць натоўп крыху п'яных. І на мяне — з чамаданам і ноўтбукам — яны глядзяць занадта пільна. Я не баюся такіх каля свайго пад'езда: яны заўсёды ветліва вітаюцца, у якім бы стане ні былі. А гэтыя забыліся на гутарку і пільнуюць. На адным з іх вісіць, здаецца, цвярозая дзяўчына, якую ўладарна абдымаюць, цалуюць падпарадкавальна, каб яна звісала анучай з чужых рук.

Парасон надае ўпэўненасці, таму што я магу давесці: гэтае цела — маё. Гэта не абалонка, якую спачатку далі пакарыстацца мне, а потым аддадуць іншаму. Яно — маё. І я маю права ім распараджацца. Я адказваю за гэтае цела, не замінаючы ім нікому. Трэба паўтараць, што я маю права ім распараджацца. А то забываюся часам.

Пазваніць па дамафоне, каб мяне дакладна чакалі з адчыненымі дзвярыма.

Як толькі прыйду, трэба выцягнуць стары парасон з шафы. Заўтра давядзецца вяртацца ў абедзенны перапынак, калі ўвесь пад'езд на працы.

— Ірыш, як дабралася?

— Вітаю, добра, мам. Пакуль я распрануся, паставіш чайнік?

Прочитано 217 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии