Среда, 16 01 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Вынікі конкурсу “Мой Чынгіз Айтматаў”

  • Четверг, 13 декабря 2018 01:00

"Маладосць" правяла конкурс эсэ “Мой Чынгіз Айтматаў”, у якім прянылі ўдзел аўтары з розных краін, і прапануе вашай увазе найлепшыя творы-кансурсанты.


Усё датычыцца ўсіх

Выхаваная у савецкі час на прыкладах стаханаўскага руху, пяцігодак з апераджэннем, пакарэння космасу, я была ўражаная адкрыццём, якое зрабілі для мяне Айтматаў і яго «Буранны паўстанак». Сапраўды, пакарыць Сусвет — гэта здорава, быць першымі, лепшымі ў шматлікіх справах — таксама. Але як быць з памяццю, продкамі, сувяззю паміж пакаленнямі?

Я на хвіліну ўявіла сабе, што, страціўшы памяць, не змагу прыйсці на могілкі і пакланіцца сваім дзядулі і бабулі, што ні Дзяды, ні Радуніца не будуць патрэбныя. А ў гэтыя дні мы сустракаемся на могілках не толькі з памерлымі продкамі, але і са знаёмымі, суседзямі, сваякамі, якіх жыццёвым ветрам разнесла па свеце.

На хвіліну ўявіла, што ў выніку навукова–тэхнічнага прагрэсу перастане існаваць тое, што цяпер існуе. І паўсталі пытанні: навошта? Каму гэта трэба? Ці сапраўды так неабходна развівацца грамадству і чалавецтву? А самае галоўнае: што чакае нас напрыканцы шляху?

Манкурты… Невялічкая легенда пра паходжанне могілак, якую на старонках свайго рамана распавядае Чынгіз Айтматаў, і тады, у гады студэнцтва, і цяпер, ужо у дарослым жыцці, калі і ў мяне падрастаюць дзеці, прымушае хвалявацца і чарговы раз думаць: а мы не манкурты?

З цягам часу я пазнаёмілася з іншымі творамі Чынгіза Айтматава. Галоўным яго творам да сёння лічу раман «Плаха». Як грунтоўна, па–філасофску падводзіць нас аўтар да асэнсавання таго, што адбываецца навокал! І разумееш, што праблемы мінулага стагоддзя не згубілі актуальнасці і ў сучаснасці. Лёгкія грошы, наркотыкі, імкненне абагаціцца любым шляхам, бязвер’е, нежаданне разумець, што любое ўмяшальніцтва у прыроду пагражае бядой, — гэта ўсё Чалавек.

Некалькі гадоў таму твор чытаўся, аналізаваўся на ўроках; вывучэнне яго зместу давала магчымасць размаўляць аб праблеме, разважаць, развіваць праектную дзейнасць на выхаваўчых гадзінах. Але нават цяпер, калі спіс твораў для вывучэння істотна змяніўся, я знаходжу час, і мы з вучнямі абмяркоўваем гэты тэкст. На пытанне «чаму?» адказ адзін: чалавеку вельмі цяжка адмаўляць сабе ў спакусах, яшчэ цяжэй аднаму супрацьстаяць зграі; лёгкая нажыва заглушае голас розуму… У выніку ваўчыца з ваўком становяцца прыкладам міласэрнасці, ахвярнасці і вернасці. І менавіта ваўкі даюць магчымасць убачыць кантраст паміж чалавечымі слабасцямі і воўчымі намаганнямі захаваць жыццё сабе і сваім ваўчанятам.

Сімвалічны, на мой погляд, біблейскі эпізод пра Хрыста і Пілата. «Памыў рукі», паказваючы рашучасць пры вынясенні прыгавора. Але каму прыгавор? Так і мы, людзі, караем, не думаючы, у чым наша ратаванне і за чые грахі настане расплата. Усё датычыцца  ўсіх…

Любоў АЗАРКА


Роздум пра Чынгіза Айтматава пад векавым вязам

Такога магутнага волата–вяза ва ўсім нашым Мядоцкім краі больш не знойдзеш. Колькі б ні хадзіў ўздоўж павольнай лясной прыгажуні Беразіны, фантастычна прыцягальнага Бабра, жывапісных спакойных рэчак Начы і Мужанкі, ён тут адзіны ў сваім чатырохмятровым ахопе ствала і амаль трыццацімятровай вышыні з віхрастай шыкоўнай кронай. Узрост яго цікавы — 90 гадоў. І расце ён на маёй мядоцкай сядзібе, што ў канцы школьнага сада.

Такога сусветна вядомага сваімі яркімі творамі з легендамі, міфамі і фантастыкай пісьменніка як Чынгіз Айтматаў цяжка не параўнаць з вязам. Ён адзіны і ўнікальны — Чынгіз Айтматаў. Вязнем яго кніг «Першы настаўнік», «Бывай, Гульсары!», «Мацярынскае поле», «Белы параход», «Джаміля», «Буранны паўстанак», «Плаха» я застаюся ўжо больш за паўстагоддзя. Гэты палон не параўнаеш ні з чым. Гэта такі палон, у якім хочацца праяўляць свае лепшыя якасці, калі душа адчувае гармонію вечнага — вечнага жыцця і вечнай памяці. Таму напярэдадні 90–годдзя пісьменніка захацелася падзяліцца думкамі і пачуццямі.

Стаю пад старымі галінамі. На памяць прыходзіць радок Пастэрнака: «И дольше века длится день». У перакладзе Рыгора Барадуліна ён гучыць як «Даўжэй за век трывае дзень», а ў перастварэнні Міхася Стральцова — «І вякуе дзень даўжэй за век». Менавіта з такой назвай убачыў вядомы аўтар не менш вядомага эсэ «Загадка Максіма Багдановіча» раман Чынгіза Айтматава «Буранны паўстанак» на беларускай мове.

Дваццаць гадоў таму пад вязам мы ажыўлена гутарылі з выпускніком Мядоцкай школы 1986 года, сярэбраным медалістам Васілём Сікорскім. Мой былы вучань расказваў пра палёт з вядомага Байканура касмічнага карабля «Буран», да арганізацыі якога і яму давяшлося прыкласці свае веды і ўменні. Ён тады, памятаю, час ад часу пераводзіў позірк на вяз. Быццам адчуваў энергетыку яго космасу.

І тады захацелася мне распавесці Васілю драматычную гісторыю нашага вяза. А мне яе расказала бабуля Тарасевіч Ніна Карнееўна з суседняй вёскі Селішчы.

Школьны настаўнік восенню 1928 года папрасіў вучняў прынесці саджанцы розных дрэў для пасадкі на школьным двары. Бацька Ніны Карней з вядомага толькі яму лесу на суседняй Крупшчыне здабыў і аддаў дачушцы маленькі вяз. Вось ён і быў пасаджаны побач з драўлянай школай вёскі Новая Мётча. Якая, дарэчы, была пабудавана ў далёкім 1911 годзе і захавалася да нашых дзён…

«Ланцужок чалавечай памяці ўжо цягнецца ў космас», — нечакана прагаварыў мой малодшы субяседнік. Я ж працягнуў яго думку, толькі ўжо словамі Міхася Стральцова: «Чалавек без памяці пра мінулае, пастаўлены перад неабходнасцю наноў вызначаць сваё месца ў свеце, чалавек, пазбаўлены гістарычнага вопыту свайго народа і іншых народаў, апынаецца па–за гістарычнай перспектывай і здольны жыць толькі сённяшнім днём».

Не мог я, ды і права не меў не прадоўжыць свой драматычны аповед пра лёс працавітага і сумленнага Карнея Тарасевіча. У 1931 годзе яго аб`явілі кулаком і разам з жонкай і дачкой звезлі ў далёкі паўночны Котлас, дзе праз некалькі гадоў ён памёр, а жонка з дачкой Нінай праз шматлікія выпрабаванні–нягоды вярнулася ў родныя Селішчы. Але ў вёсцы іх хаты ўжо не было. Кулацкія «харомы» былі перавезеныя ў суседнюю Новую Мётчу і прыстасаваныя пад школу. Праўда, пасля пабудовы сучаснай двухпавярховай цаглянай Мядоцкай школы ў 1967 годзе ў гэтай былой Селіцкай хаце абсталявалі школьную майстэрню.

Але, як у Васіля Быкава, «знак бяды» і надалей суправаджаў гісторыю Карнеевай хаты. Іншымі словамі, не была яшчэ пастаўлена апошняя кропка. У 1991 годзе Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь вярнуў маёмасць спадкаемцам Тарасевіча Карнея (тром яго ужо дарослым унучкам). Іх бравыя мужы ў адзін суботні дзень заехалі на «Камазах» з прычэпамі ў школьны двор, разабралі былую хату і звезлі за Барысаў пад летнік. Праўда, частку той хаты выкупіў і перавёз на машынны двор мясцовы саўгас. Яшчэ многія гады абдувалі вятры перамен той ужо пахілены, нікому не патрэбны зруб. Не патрэбны таму, што сёння і ад самога саўгаса «Мётча» мала што засталося.

Але ў тую суботу 1991 года ўся школа бачыла, як тры вялікія мужчыны са сваімі спадарожніцамі жыцця перад тым, як адправіць у апошні шлях гаротную дзедаву хату, падышлі да магутнага ўжо вяза і схіліліся перад ім на калені. Магчыма, яны падумалі, што гэты святы сведка зберажэ для гісторыі памяць пра драматычны лёс не толькі іх сям’і…

Стаім мы з Васілём пад густой зялёнай чупрынай, а ў памяці ўзнікаюць фрагменты колішняга ўрока рускай літаратуры, прысвечанага аповесці «Першы настаўнік». І амаль узнікае малюнак — настаўнік Дзюйшэн і любімая яго вучаніца Алтынай садзяць ля школы дзве таполькі: «…тады мы стаялі на пагорку пад ясным небам, сярод вясновых зялёных перадгор’яў, і кожны марыў пра сваё». А потым, на схіле жыцця, акадэмік Алтынай Сулейманава, вядомая ўжо не толькі ў сваёй краіне, прыехала ў аіл на адкрыццё новай школы. Першае, што яна ўбачыла, калі глянула на той пагорак, дзе стаяла калісьці глінабітная школа, — дзве вялікія таполі. Нахіленыя адна да адной, яны пагойдваліся на ветры…

Пагойдваецца на ветры голле высачэзнага вяза. Мой вучань Васіль, натхнёны лірычнай і філасофскай размовай, успамінае яшчэ адзін наш урок. У яго памяці ўзнікаюць навуменкаўскія «Таполі юнацтва». І нечакана ён прапануе вярнуцца да лірычнага маналогу Алтынай пра тыя школьныя таполі. Паколькі чыталі мы ў школьныя гады «Першы настаўнік» у перакладзе на беларускую мову, то і ўспамінае яго Васіль па–беларуску: «Эх, таполі! Таполі! Колькі ж вады сплыло з таго часу, калі вы былі маладзенькімі дрэўцамі з шызымі стволікамі! Усё, аб чым марыў, усё, што прадказваў чалавек, які пасадзіў і ўзгадаваў вас, збылося. Чаму ж вы так сумна шуміце, аб чым журыцеся? Ці, можа, скардзіцеся, што зіма набліжаецца, што халодныя вятры абрываюць вашу лістоту? Ці боль і скруха народныя пасяліліся ў вашых ствалах? Так, яшчэ будзе зіма, і сцюжы будуць, і лютыя завірухі, але прыйдзе і вясна…»

Наш мядоцкі вяз, сімвал мудрасці і сілы, не толькі сучаснік Чынгіза Айтматава, але і сведка гісторыі нашай былой вялікай савецкай краіны і лёсаў асобных яе людзей, а таксама герояў кніг. Думаў я пра тое не раз і тады, калі перачытваў «Бывай, Гульсары!». Вось і пазалетась вельмі часта прыходзілі эпізоды і сцэны з айтматаўскага твора. Таму што год той быў юбілейны, сто гадоў для майго бацькі Піліпа Лайкова, які ўсё пасляваеннае жыццё аж да самага выхаду на пенсію працаваў калгасным конюхам. Помніцца, падчас аднаго з апошніх прыездаў у Мётчу чытаў яму мой сын Янка пад разгалістым вязам свой верш:

І цені коней над ракой

Мой зірк цягнулі, чаравалі.

Святая ноч, святы спакой

Памалу ў вечнасць адплывалі.

У студэнцкія гады ўзяў я ў «ленінцы» слоўнік асабовых імёнаў, знайшоў імя Піліп — не паверыў сваім вачам: у старажытнагрэчаскай мове гэта імя азначала чалавека, які вельмі любіў коней. А як любіў іх бацька — пра гэта можна пісаць не толькі вершы, але і аповесці, і раманы.

Калі я ў каторы ўжо раз чытаю «Бывай, Гульсары!», калі маё сэрца хвалюецца ў такт выпрабаванням Танабая Бакасава, мне пачынае думацца пра нялёгкія жыццёвыя дарогі бацькі. Бо лёс яго — гэта адбітак беларускага народнага жыцця амаль усяго мінулага XX стагодзя. Яго бацькі Рыгор Ларывонавіч (1868–1950) і Марыя Ціханаўна (1869–1952) пасля вядомай сталыпінскай рэформы атрымалі хутар, які існаваў да часоў гвалтоўнай калектывізацыі і называўся Лайковым. Нарадзіліся сыны Дзяніс, Іван, Аляксандр, Уладзімір, Леанід, Піліп, дочкі Ганна і Аляксандра. Спачатку сталінская калектывізацыя, а потым войны з фінамі і немцамі парушылі хутарскі працоўны і сямейны ўклад, загубілі жыцці ўсіх маіх дзядзькаў.

Усё вытрымаў у жыцці Піліп, выйшаў на пенсію і не стаў працаваць у калгасе ніводнага лішняга дня. Больш за тое, займеў каня і завёў немалую хатнюю гаспадарку. Чамусьці запомніў я той дзень, калі падчас аднаго летняга адпачынку вынес бацька з хлява плашкі вязу. Рамантавалі тады мы колы. Я пачаў распавядаць яму тую сцэну з «Бывай, Гульсары!», дзе Танабай купляе карагачовы лес для сваіх колаў. «Няўжо наш вяз у той Кіргізіі называецца карагачом?» — пытаецца ў мяне бацька. І ўся далейшая наша гутарка — гэта доўгія ўспаміны пра коней, пра ўсялякія выпадкі, у рэшце рэшт, пра нялёгкае жыццё усіх людзей Зямлі пад адзіным небам…

Адышоў быцька з жыцця ціха, у роднай хаце, на любімай цёплай печцы, на другі дзень апошніх у XX стагодзі Калядаў. Мне здаецца, калі б прыйшлося быць з ім у тую хвіліну і калі б у бацькі былі моц і час развітацца з усімі сваімі роднымі і сваякамі, то ён, несумненна, сказаў бы нам сваё апошняе «Бывайце!» Толькі засталася б на твары збянтэжанасць: «Як жа я без вас буду ТАМ? Як гэта я пакіну назаўсёды лясы, дарогі, гэтыя Сцяпанавы, Герасімавы, Сымоніхіны, Максімавы, Аверчыхіны, Лайковы хутары? Хто сходзіць за мяне на Гарыватку і Плянтоўку, у Забор`е, Лагі, Дзяньгубку, Хватынку, Кіявец, Бяляны, Бобрык і Абчугу? І няўжо летам не прыйдзецца пахадзіць за баравікамі, а восенню — за апенькамі?»

Наш мядоцкі вяз, вершаліна якога ўпіраецца ў нябёсы, а карані амаль дасягаюць апраметнай, у сваёй касмічнай памяці занатоўваў шматлікія яркія падзеі. Ён памятае ўсе тры сустрэчы ў Мётчы з народным паэтам Беларусі Рыгорам Барадуліным. Гэта ў яго памяці захоўваюцца прыезды ў Мядоцкую школу больш чым шасцідзесяці іншых беларускіх і рускіх пісьменнікаў.

Мне хацелася б успомніць яшчэ адну вялікую падзею, што потым з гадамі верне мяне да Чынгіза Айтматава. У 1999 годзе Мядоцкая школа праводзіла Барысаўскае раённае свята, прысвечанае 200–годзю са дня нараджэння Пушкіна. І, як вядома, з наступнага, 2000 года ў Маскве пачаў праводзіцца Міжнародны Пушкінскі конкурс. Мне пашчасціла ў 2015 годзе не толькі прыняць у ім удзел і стаць пераможцам, але і быць запрошаным на свята Масквы. Тады ў гатэлі «Maxima» мы некалькі дзён правялі ва ўзаемінах з Рэнатам Мусаевічам Сайфутдзінавым, дырэктарам навукова–адукацыйнага цэнтра Расійскай Федэрацыі пры Таджыкскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Садрыддзіна Айні. Рэнат Мусаевіч нарадзіўся ў Татарстане. У тыя вераснёвыя маскоўскія дні мы шмат прагаварылі пра майго і яго Чынгіза Айтматава. З тых размоў я даведаўся, што, хаця Айтматаў нарадзіўся ў Кіргізіі, ён напалову татарын. Бо радзімай усіх продкаў па лініі маці была вёска Маскара Кукморскага раёна Татарстана. Існавала таксама ў «шаджары» (з татарскай — у радаводзе) імя дзеда пісьменніка Хамзы Абдуваліева, які пражыў у Маскары да трыццаці гадоў, а пасля, услед за старэйшым братам–купцом, пераехаў у Кіргізію, дзе ажаніўся другі раз. Бабуля пісьменніка — Газіза — таксама была татарка. У шлюбе нарадзілася восем дзяцей. Маці пісьменніка — Нагіма — малодшая з дачок.

Годам пазней я зрабіў чытацкі экскурс у кнігу роднай сястры пісьменніка Розы Айтматавай «Белыя старонкі гісторыі». Менавіта тады і даведаўся пра драматычныя старонкі жыцця іх роду. Хаця многае з усяго гэтага прачытвалася ці ўгадвалася ледзь не ва ўсіх аповесцях і раманах Чынгіза Айтматава.

Можна было б на гэтым татарскім перыядзе жыцця роду Айтматавых спыніцца… Але нядаўна ў маім чытацкім пошуку здарылася найцікавейшая творчая сустрэча з маладой сучаснай татарскай пісьменніцай Гузель Яхінай і яе кнігай «Зулейха адкрывае вочы». Божа! Ад слоў, вобразаў, старонак кнігі гэтай як цяжка было адарвацца! Неадступна пульсавала думка: які трэба мець талент (хіба што айтматаўскі!), каб пісьменніцы, якая нарадзілася ў 1977 годзе, пад сілу былі падзеі, людзі, характары і міфы з далёкіх 1930–х гадоў!

Помніцца, як узрушыў маю свядомасць «Маабіцкі сшытак» Мусы Джаліля. Потым — усе прачытаныя (дзе ў кнігах, а дзе — у часопісе «Новый мир») творы Чынгіза Айтматава. Сёння яшчэ — раман Гузель Яхінай, які сама пісьменніца абазначыла як «каханне і пяшчота ў пекле». Якая сапраўды багатая на таленты татарская зямля!

Чынгіз Айтматаў пайшоў з жыцця ў 2008 годзе і быў пахаваны на мемарыяльным комплексе «Ата–Бейіт» («Магіла Бацькоў») у трыццаці кіламетрах ад Бішкеку. Выразна ў тыя дні паўставалі ў памяці старонкі «Бураннага паўстанку», выплывалі з небыцця Эдыгей, Казангап, быццам чуўся няспынны плач Найман–Апы па сыну–манкурту, узнікалі ва ўяўленні абрысы могілак Ана–Бейіт.

І нават быццам ва ўнісон шаптаў сваімі даўнімі галінамі і новай лістотай наш агромністы вяз–карагач, спадарожнік, аднагодак і спадкаемца сусветна вядомага, але, адначасова, майго Чынгіза Айтматава.

Уладзімір ЛАЙКОЎ


Сустрэчы з «Плахай» Чынгіза Айтматава і маё ўспрыманне рамана

Чытаць творы кіргізскага пісьменніка Чынгіза Айтматава нам раіла яшчэ школьная настаўніца літаратуры, хаця яны і не ўваходзілі ў абавязковую праграму. Яна часта яго згадвала, адзначаючы, што творы яго незвычайна глыбокія, што ў іх закранаюцца праблемы і ставяцца пытанні, пра якія многія нават не наважваюцца загаварыць або зусім не задумваюцца.

Чынгіз Айтматаў напісаў шмат: апавяданні, аповесці, раманы, — пісаў на розныя тэмы, пра абсалютна розных людзей, але асабіста мне найбольш значным здаецца раман «Плаха», выдадзены ў 1986 годзе. Гэты адзін з самых вядомых твораў пісьменнніка вытрымаў мноства перавыданняў, экранізацыю, шматлікія тэатральныя пастаноўкі. І кожная інтэрпрэтацыя рамана адрозніваецца ад астатніх — так шмат у ім ідэй і сюжэтных ліній, такія розныя ўзнімаюцца тэмы, што пастаноўшчыкам міжволі даводзіцца выбіраць, што яны хочуць данесці да гледача, якую з гісторый распавесці.

Толькі адна тэма нязменна прысутнічае ў любой версіі інтэрпрэтацый рамана — паралель «чалавек–воўк». Якім вялікім было майстэрства пісьменніка, здольнага паказаць «звярынае ў чалавеку і чалавечае ў зверы», як мудрагеліста звязаныя ў рамане воўчы і чалавечы лёсы, які страшны напамін людзям пра іх прыроду, пра зло, якое ўнутры іх заўсёды імкнецца супрацьстаяць дабрыні, утрымлівае гэты раман. Ніводная яго адаптацыя на сцэне тэатра ці на кінаэкране не здолела абысці маўчаннем гісторыю нялёгкага лёсу ваўкоў. Ніякі рэжысёр не застаўся раўнадушны да гісторыі драпежніка, што спрабуе знайсці сабе месца ў свеце, які імкліва змяняецца. З гэтай гісторыі пачынаецца і маё знаёмства з творчасцю Чынгіза Айтматава.

Першая сустрэча з раманам «Плаха» адбылася ў сярэдняй школе, калі запрошаны артыст чытаў нам урыўкі з гэтага твора. Нам, вучням сёмых–восьмых класаў, ён вырашыў расказаць толькі гісторыю ваўчыцы Акбары. За паўтары гадзіны, падпарадкаваныя яго голасу, убачылі мы бяскрайнія Маюнкумскія стэпы, шалёны бег сайгакаў ад прыцэльных куль паляўнічых, гібель аднаго за адным ваўчанят і апошнія сутычкі Акбары з пастухом Бастонам і яго маленькім сынком. Неверагодная выяўленчая сіла тэксту вельмі тады ўразіла, і вобразы блакітнавокай ваўчыцы, халодных снежных гор і няшчаснага Бастона, які адпускае Акбару, засталіся ў маёй памяці назаўсёды, каб вярнуцца, ледзь толькі разгарну старонкі рамана.

Тады перад артыстам наўрад ці стаяла задача данесці да падлеткаў, якія не чыталі твор цалкам, праблему дабра і зла і тое пасланне чалавецтву, тую перасцярогу, якія імкнуўся данесці да сваіх чытачоў Чынгіз Айтматаў. Затое яму ўдалося данесці да нас неабходнасць думаць пра навакольны свет і яго ратаваць, а таксама агіду да бяссэнсоўнай жорсткасці. І пакінуць пасля свайго выступлення адчуванне, што ў рамане ёсць нешта большае, чым заклік да «аховы прыроды».

Праз некалькі гадоў, пачаўшы вучыць кіргізскую мову і, натуральна, літаратуру, я зноў акунулася ў творчасць Чынгіза Айтматава. Ужо «Бывай, Гульсары!», «Тапалёк мой у чырвонай касынцы», «Джаміля» і іншыя творы былі прачытаныя і ляжала на паліцы, чакаючы прачытання, чарговы раз перавыдадзеная «Плаха», але і другі раз я сустрэлася з гэтым раманам у якасці гледача, а не чытача.

«Плаха» ў пастаноўцы Падольскага драматычнага тэатра да 90–годдзя пісьменніка. Цёмная сцэна, мінімум дэкарацый, акцёры ў чорнай вопратцы, выканаўцы роляў ваўкоў — Акбары і Ташчайнара — у шэрай. Гэта гісторыя іншага лёсу, лёсу Аўдзія, выключанага з семінарыі сына дыякана. Ён адзін — у белым. Самая запамінальная сцэна — размова з Грышанам пра дабро і зло ў чалавеку. Трагічная гібель Аўдзія і яго апошняя сустрэча з блакітнавокай ваўчыцай, і пакінутае без адказу пытанне: чаму ж зло ў чалавеку так часта апынаецца пераможцам над дабром? На першы план у спектаклі выведзена праблема духоўнасці, маральных каштоўнасцей. Тое, што адбываецца на сцэне, быццам выяўляе заклік успомніць і падумаць пра самае важнае, на што забыліся ў «грамадстве спажывання».

Тады, пад уражаннем ад спектакля, раман быў мной нарэшце прачытаны ад пачатку да канца. Складана пералічыць усе праблемы, якія на старонках гэтага твора так ці іначай закрануў Чынгіз Айтматаў. Ён піша пра людзей і іх стаўленне да прыроды, пра лёс і пра Бога, пра жорсткасць і міласэрнасць.

Аднак самым важным і нечаканым для мяне ў рамане стаў заклік пісьменніка не ператвараць планету ў «стадыён, на якім усе гледачы — заложнікі». Толькі ўласны страх чалавечы сціскае і звужае да такой ступені нашу вялікую планету. Страх, што нам на ёй не хопіць месца, рэсурсаў, паветра. Каб пазбегнуць канфлікту, людзям трэба пераадолець гэты страх. Чынгіз Айтматаў нагадвае пра гэта, і яго запавет чалавецтву — свет. Свет, у якім няма месца страху цеснаты, у якім ніхто не павесіць «жалезны занавес». Свет, у якім дастаткова месца для кожнага чалавека, таму што кожны паважае і сябе, і свайго суседа.

Гэтая думка — на першы погляд, простая — выказвалася мноства разоў. У васямнаццатым стагоддзі, якое яшчэ не ведала сусветных войн, нямецкі паэт і філосаф Фрыдрых Шылер сфармуляваў для аднаго са сваіх персанажаў правіла «жыві і дай жыць іншым». Тым не менш, менавіта сёння, у век глабалізацыі праблема наладжвання мірнага дыялогу паміж нацыямі і краінамі стаіць найбольш востра. Увасаблення падобнага дыялогу ў жыцці дабіцца амаль немагчыма, на гэта спатрэбяцца гады і дзесяцігоддзі. Ці здзейсніцца запавет Айтматава? Хто ведае…

Але свет без страху пачынаецца не ў залах для перамоў. Кожны з нас можа зрабіць першы крок да гэтага свету — задумацца. Пра свае адносіны да сяброў і блізкіх. Пра павагу да людзей. Пра сваё месца ў свеце. Пра тое, як «быць чалавеку чалавекам са дня ў дзень». Думаецца, менавіта да гэтага ў далёкім 1986 годзе заклікаў нас пісьменнік. Хочацца верыць, што гэты заклік і сёння знаходзіць водгук у сэрцах чытачоў.

Паліна ЗГІБНЕВА,

студэнтка Інстытута краін Азіі і Афрыкі МДУ імя М. В. Ламаносава


Культ асобы

«Мой Чынгіз Айтматаў»? Хутчэй «Наш Чынгіз Айматаў», бо Чынгіз Тарэкулавіч — з савецкай эпохі, калі быў адзін дом на ўсіх. Ён пісаў не для аднаго народа, а для ўсёй краіны, і вось таму «Наш Чынгіз Айматаў»…

У яго гонар названы вуліцы, школы, розныя дзяржаўныя ўстановы. Помнікі Айтматаву ёсць у кожным нашым горадзе, кожнаму школьніку з малых гадоў вядомая яго біяграфія, і ў школах, і ва ўніверсітэтах можна знайсці прысвечаныя яму куткі, у гонар яго называюць дзяцей. Іншымі словамі, у нас у Кіргізіі ўсталяваўся культ асобы, культ асобы — у добрым сэнсе.

Хто такі Айтматаў Чынгіз Тарэкулавіч? На гэтае пытанне кожны кіргіз адкажа вам так: «Пісьменнік, пасол і дзяржаўны муж». Але не кожны зможа сказаць, пра што ён пісаў: у нас у Кіргізіі пра Айтматава больш гавораць, чым чытаюць яго. І гэта мяне вельмі засмучае, бо ён стварыў вельмі блізкія народу сюжэты — пра тое, як векавыя традыцыі сутыкаюцца з выклікам новага часу, як лёсы простых людзей пераплятаюцца ў вялікім казане пад назвай жыццё.

Будзь ты кіргізам, казахам, армянінам, рускім або беларусам, пасля прачытання яго кніг ты ўсвядоміш агульную гісторыю, бо пакуты і дабрабыт аднолькава не маюць нацыянальнай прыналежнасці. Вялікая Айчынная вайна, лікбез, ГУЛАГ, адліга — кожны народ, кожная сям’я, усе грамадзяне Савецкага Саюза гэта ведаюць. У кнігах Айтматава так пададзены гэтыя тэмы, што пасля прачытання застаецца ўражанне, быццам ён слухаў аповеды членаў маёй сям’і. Але гэта не так: Айтматаў слухаў гісторыі ўсяго савецкага народа, ды і сам быў сведкам шмат якіх падзей.

«Паспець выканаць на гэтай зямлі сваё прызначэнне», — так гаварыў Чынгіз Тарэкулавіч. Ці выканаў? Мяркую, так. Бо ён данёс да ўсяго свету свае гісторыі, а галоўнае — стаў слупом, на якім трымаецца краіна. Не сакрэт, што кіргізы дзеляцца на паўднёвых і паўночных, і што супярэчнасцей паміж намі хапае, і толькі тры рэчы нас аб’ядноўваюць: першае — тое, што мы — кіргізы, другое — «Манас», які нас аб’яднаў, трэцяе — той, хто пісаў пра нас, Айтматаў. Выходзіць, ён не проста пісьменнік для нас, а чалавек, дзякуючы якому трымаецца ўся краіна, нават пасля яго смерці.

Я вучуся ў тым жа ўніверсітэце, у якім вучыўся Чынгіз Тарэкулавіч. Кожны дзень хаджу па тых самых калідорах, па якіх некалі хадзіў ён. Часта чую ад выкладчыкаў, як ён вучыўся і ў якія гісторыі трапляў. Чынгіз Тарэкулавіч быў такі самы чалавек, як вы і я. Але паміж мной і Айтматавым — цэлая эпоха. Мяне заўсёды смяшылі людзі, якія гавораць пра яго як пра старога сябра, хоць ніколі яго не бачылі, і тыя, хто разважае пра яго творы, іх не чытаючы. Нам усім, кіргізам, і асабліва моладзі, трэба задумацца пра тое, як нам не толькі гаварыць пра яго дваццаць чатыры на сем, а чытаць яго кнігі і разважаць над імі. Усё ў нашых руках, мы павінны пакінуць спадчыну нашай будучыні, і творы Айтматава тут не выключэнне.

Эмірбек ІСАКАЎ,

студэнт Кіргізскага нацыянальнага аграрнага ўніверсітэта імя К. І. Скрабіна

 

Крыніца: "М"

 

Прочитано 183 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии