Понедельник, 24 06 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Проза «Маладосці». Кірыл Стаселька. Шалмей. Апавяданне

  • Понедельник, 15 апреля 2019 23:05

Яго вырабіў яшчэ мой дзед. Ён навучыўся рабіць шалмеі ад свайго бацькі, той — ад дзеда, яго навучыў прадзед, якога навучыў прапрадзед, а яму ўменні перадаліся ад яго бацькоў. Першым быў наш далёкі продак, якога звалі ці то Міхал, ці то Мікалай. Быў ён ці то вельмі высокім і худым, як вярба, ці то нізкарослым і дужым, як дубовы пень. У любым выпадку, важна зусім іншае. Міхал жыў у музыцы, як рыба ў вадзе, як птушка ў паветры, як крот у зямлі, а музыка ўдзячна і пяшчотна ахутвала Міхала, нібы марскія хвалі — карабель, быццам вецер — вяршыні гор, як нетры — свае багацці. Музыка была з ім усюды і ва ўсім. Яна будзіла яго на світанні свежасцю звонкай зеляніны і калыхала позна ўвечары ў цішыні мяккай прахалоды. Сустракала яго ў гульнях лісця дрэў, тупаце жаночых ножак і нават у плачы дзіцяці. Ды і ён сам з лёгкасцю нараджаў прыемныя мелодыі пры дапамозе воплескаў, свісту, груку, думак, вугалю і шмат чаго іншага.

Асабліва прыгожыя гукі яму ўдавалася выманьваць з музычных інструментаў, якія ён змайстраваў на трыццатым годзе, у перыяд, калі дзень роўны ночы, на шосты месяц пасля дару Зюзі: трашчотак, дуды і шалмея. Яго гранне на трашчотках прымушала сонечныя прамяні перакрыўляцца, а расліны заквітаць. Вушы пашыраліся, прагна убіраючы цурчанне гукаў, ды так, што ў іх можна было курыцу схаваць, а то і каня. Ногі і рукі губляліся ў хаатычных рухах. А ў вялікіх кампаніях нярэдка, бывала, даходзіла да таго, што адзін не мог да ранку адшукаць сваю правую руку, а другі — кончык носа або локаць. Здаралася, ляжа муж з жонкай, а толькі на світанні заўважыць, што застаўся адзін яе позірк ці пах, а пальцы належаць двум дзясяткам іншых людзей, калені — кавалю, язык — жабраку, барада — папу.

Дуда, наадварот, наводзіла на спакойны лад, прымушала гаспадара замкнуць свае вочы, вушы, рот і спусціцца па таемных сцежках глыбока ўнутр, бліжэй да сэрца. Дзякуючы гранню Міхала, філосафам удавалася спазнаць сутнасць быцця, мастакам — адлюстраваць яе, вернікам сустрэць стваральніка таго, што пазнавалася i адлюстроўвалася; тым, што жывуць тут і цяпер — зазірнуць туды і тады. Ад заходу час вяртаўся да ўсходу. Кроў цякла ў процілеглым кірунку. Віно ператваралася ў ваду. Што было звонку, пралівалася ва ўнутр, а што хавалася ўнутры, прасочвалася вонкі. Благое сыходзіла да берагоў Леты, а добрае засцілала вочы.

Найбольш падступнай і небяспечнай была музыка шалмея. Яна вялікім чорным сабакам з вострым позіркам, здольным любога працяць наскрозь ад галавы да пятак, бязлітасна гойсала між слухачоў у пошуках пахаў душы. У баязлівыя вушы яна кідала насенне панікі, якое сваімі атожылкамі раздзірала знутры, а сэрца адважнага павялічвала, гартавала разам з моцнымі нагамі і нязломнымі каменнымі рукамі. Моцнаму падтрымлівала меч, а слабому сціскала горла. Забівала хворага і падаўжала жыццё здароваму. Мужыкі ў корчмах ірвалі раты ад смеху, а лемантухі забіваліся, быццам самі неўзабаве адправяцца птушынай дарогай.

На трашчотках Міхал пераважна граў на выхадных, калі не страшна надоўга страціць пупок або ўскубнуць сваю бабу за чужы азадак, асабліва ўлетку і ўзімку, калі яны прагна шукаюць адно аднаго паміж вясны і восені, калі ў расстанні Сонца–жонка і Месяц–муж. Дуду ён любіў аддаваць то прыгажуні Лёлі, то старому Жыценю, каб грубаскурыя і сівавалосыя накарміліся сокамі, а зялёныя плады здабылі афарбоўку. За шалмей Міхал браўся рэдка, у асаблівых выпадках. Калі дурная зорка захрасла ў хмары і цягнула яе да дна самага глыбокага яра. Калі звон адчаю расколваў самую моцную шкарлупіну гарэха. Калі вясёлка пераставала сілкаваць дождж.

Аднойчы, калі Міхал зноў разбудзіў шалмей, непадалёк праязджаў праваслаўны гетман, праўнук святога, што падтрымаў ерэтыка, якога спалілі ў горадзе, названым ў гонар цёзкі гетмана. Яго барада была настолькі густая, што з яе не выбраўся б і Тэсей, а позірк — настолькі глыбокі, што пранізваў да самага дзяцінства і трошкі да продкаў. Пачуўшы гранне Міхала, гетман на сваім бязногім кані накіраваўся да яго, каб пераканаць, прапанаваць, а хутчэй — прымусіць зрабіць тое, чаго Міхал зусім рабіць не жадаў: адправіцца з ім на бітву, каб сваім мастацтвам паспрыяць перамозе над першым імператарам, другім сынам свайго бацькі, уладальнікам трох імёнаў.

Міхал не быў смельчаком. Абдымкі Белоны былі яму агідныя, а яе чырвонагарачыя пацалункі палохалі да спазмаў. Ён быў гатовы адмовіцца ад марсавай сатурналіі, бо быў верны толькі жонцы і Эўтэрпе, але каханая сказала: «Ідзі». У нашым родзе заўсёды было прынята раіцца з жонкай. І ён пайшоў. Яна не патлумачыла, навошта, не супакойвала вішнёвымі вуснамі, не ліла мёртвых слёз. Проста сказала «ідзі»...

І ён пайшоў.

Ён сеў на каня і рушыў за гетманам. Міхалу было страшна. Ён заплюшчыў вочы так, што павекі прыраслі да шчок. Заліў вушы воскам так, што сірэны ператварыліся б у скалы. Толькі перад гэтым папярэдзіў гетмана: варта дакрануцца да яго левага пляча, ён ажывіць свой шалмей, а як спатрэбіцца спыніць, то каб дакрануўся да правага пляча.

Нічога, акрамя двух удараў, пасля якіх на плячах (на ўсё жыццё) засталіся квадратныя сінякі і ўвагнутасці глыбінёй у палову пчалінай лапкі, Міхал потым успомніць не мог. Але казалі, варта было яму зайграць, як ваяры гетмана авалодвалі сілай Галіяфа і адвагай Давіда. Праціўнікі ж, наадварот, нібы зменшыліся галоў на дзесяць, а ад страху калаціліся, нібы дзіравая дошка на хвалях. Ды і як інакш адзін мог пабіць траіх?!

За службу гетман прынёс яму ў дар зямлю непадалёк ад горада жалезнага ваўка. А Міхал у падзяку пакінуў гетману свой шалмей. Але на выпадак, калі аднойчы зноў паблізу апынецца які–небудзь гетман, Міхал навучыў свайго сына рабіць шалмеі.

Той навучыў свайго сына, той — унука, той — праўнука і так да майго дзеда, які памёр за дзень да нараджэння майго бацькі.

Кірыл Стаселька 

Ілюстрацыя: фрагмент мініяцюры Радзівілаўскага летапісу, XV — XVIII стст. (крыніца: staryolsa.com).

Крыніца: Маладосць

Прочитано 196 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии