Четверг, 21 11 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Круглы стол «Беларусь — Кітай: кнігавыданне як форма дыялога культур»

  • Воскресенье, 05 мая 2019 17:58

Тэма пасяджэння абраная невыпадкова, таму што з КНР у Беларусі асаблівыя і даўнія ўзаемаадносіны. Яшчэ 100 гадоў таму ў нас друкаваліся кітайскія народныя казкі, а творы кітайскіх пісьменнікаў выходзілі асобнымі выданнямі. Цяпер у Беларусі выдаецца шмат мастацкай і гісторыка-культурнай кітайскай літаратуры, а айчынныя аўтары ездзяць на стажыроўкі ў Кітай. 

Ключ да разумення сучаснага Кітаю

Падчас круглага стала абмеркавалі сучасныя літаратурныя ўзаемаадносіны дзвюх краін і прэзентавалі некалькі выданняў. Кітайскі бок расказаў пра адметнасці сямі кніг серыі «Ключавыя канцэпты кітайскай думкі і культуры». У Беларусі ўжо выдадзены першы яе том на беларускай мове і амаль падрыхтаваны да друку другі.

Над серый на кітайскай мове працавалі больш як 100 спецыялістаў з 40 кітайскіх універсітэтаў і больш за дзясятак кітаістаў-замежнікаў з усяго свету, акрэсліла Фань СЯАХУН, намеснік дырэктара Выдавецтва па выкладанні і даследаванні замежных моў:

— Яны ўважліва выбралі і акрэслілі асноўныя канцэпцыі, якія маюць тыпічную спецыфіку традыцыйнай кітайскай культуры, адлюстроўваюць спосабы мыслення кітайскай нацыі і перадаюць ключавыя кітайскія каштоўнасці. Правільна і дакладна растлумачылі гэтыя канцэпты простымі і даступнымі для разумення словамі.

Гэтая работа мае не толькі даследчае значэнне, але і дапамагае іншаземцам яшчэ больш пазнаць і зразумець кітайскую нацыю і развіццё сучаснага Кітая. Яна таксама дзваляе кітайскай моладзі лепш зразумець сябе, а дзецям — асэнсаваць крыніцы сваёй нацыянальнай культуры. Фактычна, кнігі гэтай серыі — ключ да разумення сучаснага Кітая, дадала яна.

Кітайскае выдавецтва ўжо падпісала дагаворы на выданне гэтай серыі з 22 выдавецтвамі розных краін і рэгіёнаў. «Канцэпты» ўжо выдадзены на 11 мовах, а будуць перакладзены на 24.

— Выдадзены на беларускай мове першы том — гэта спецыяльны падарунак для беларускіх чытачоў, падрыхтаваны выдавецтвамі дзвюх краін, — лічыць Фань Сяахун. — Кожны канцэпт з сабраных у кнізе з’яўляецца базавым па кітайскай культуры. Гэтае выданне дапаможа беларускім чытачам адкрыць акно для разумення Кітая.

Канцэпты, выкладзеныя ў кнізе, дапамагаюць таксама лепш зразумець кітайскую паэзію, заўважыў Алесь БАДАК, беларускі пісьменнік, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура», якое надрукавала першы том на беларускай мове.

— Паэзія Кітая — вельмі своеасаблівая, і каб зразумець яе, трэба зразумець душу кітайскага народу, ведаць яго культуру, філасофію. І серыя кніг вельмі дапамагае ў гэтым.

— Я задаволены, што беларускія чытачы змогуць прачытаць гэтую цудоўную кнігу, — адзначыў Чжан ХУНВЭЙ, першы сакратар пасольства Кітайскай народнай рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь. — Сяброўства паміж нашымі краінамі мае доўгую гісторыю і традыцыі. У апошнія гады пад кіраўніцтвам ініцыятывы «Адзін пояс — адзін шлях» супрацоўніцтва Беларусі і Кітая ў розных галінах хутка развіваецца колькасна і якасна. Але трэба яшчэ больш кніг.

Кітайскія выпускі беларускіх часопісаў

У савецкія часы перакладалі шмат кітайскай літаратуры і яна была даступная чытачу. Пасля атрымання Беларуссю незалежнасці ў беларуска-кітайскіх адносінах пачаўся новы этап і мы пачалі наноў адкрываць адзін аднаго, кажа Алесь Бадак:

— Аказваецца, многія кітайскія чытачы ўспрымаюць беларускіх аўтараў як савеціх пісьменнікаў, дадаючы сюды ж расійскіх, украінскіх творцаў.

З гэтай прычыны адна з задач айчынных выдавецтваў — паказаць, што беларуская літаратура, культура і гісторыя — цікавая не толькі беларускім, але і кітайскім чытачам, лічыць пісьменнік. Акрамя таго, унікальнасць літаратуры ў тым, што кітайскія аўтары ўжо ў нейкім сэнсе сталі і беларускімі таксама.

— Яна родніць народы. Дзякуючы кнігам, мы адчуваем сябе бліжай адзін да аднаго, — заўважыў Алесь Бадак.

Выступленні прадстаўнікоў Выдавецкага дома «Звязда», які і пачынаў выданне серыі кніг «Светлыя знакі: паэзія Кітая», пацвердзілі, наколькі актыўна кітайскія творы пранікаюць у свет беларускай літаратуры. Акрамя мастацкай, выдавецтвам «Звязда» надрукавана шмат іншай літаратуры пра Кітай. У прыватнасці, «Беларусь — Кітай на шляху ўсебаковага супрацоўніцтва», «Чыноўнікі ў старым і новым Кітаі», кажа Алесь ЧАРОТА, намеснік дырэктара Выдавецкага дома «Звязда», галоўны рэдактар часопіса «Нёман»:

— Упэўнены, што ніводзін народ і краіна так не клапоцяцца пра папулярызацыю сваёй культуры і літаратуры, як Кітай.

Рэдактары часпоісаў, якія ўваходзяць у Выдавецкі дом «Звязда», прадставілі тэматычныя нумары часопісаў, прысвечаныя Кітаю і падрыхтаваныя сумесна з Рэспубліканскім інстытутам кітаязнаўства імя Канфуцыя.

Святлана ВОЦІНАВА, галоўны рэдактар часопіса «Маладосць», паказала два міжнародныя нумары выдання, дзе надрукаваны пераклады кітайскіх твораў:

— Нашы перакладчыкі вельмі розныя. Гэта і студэнты, і вопытныя літаратуразнаўцы. У часопіса ёсць нават сумесная з Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэтам (МДЛУ) рубрыка, дзе студэнты перакладаюць для нас творы з розных моў, у тым ліку і з кітайскай.

Яна расказала, што ў майскім нумары чытачоў чакаюць пераклады кітайскіх твораў, ілюстрацыі да некаторых з якіх зрабіў другакурснік МДЛУ Цяо Джэнь. Гэтымі публікацыямі тым, хто ў Беларусі вывучае кітайскую мову, можна карыстацца як дапаможнікам, бо, акрамя перакладу, на старонках часопіса змешчаны і арыгінал.

Алена МАЛЬЧЭЎСКАЯ, галоўны рэдактар часопіса «Полымя», асабліва падкрэсліла навуковае супрацоўніцтва на старонках часопіса, паколькі «Полымя» ўнесены ў шэраг выданняў, публікацыі ў якіх залічваюцца вышэйшай атэстацыйнай камісіяй як навуковыя:

— Летась мы апублікавалі кітайскую аспірантку Джан Хаянь, якая вучыцца ў БДУ. Такім чынам мы змяшчаем на сваіх старонках яшчэ літаратуразнаўчыя тэксты. — Кацярына ЗАХАРЭВІЧ, галоўны рэдактар часопіса «Бярозка», паказала нумар, прысвечаны Кітаю, і заўважыла, што «з яго дапамогай мы намагаліся пасеяць у душах чытачоў зярняткі цікавасці да кітайскай культуры».

Уражаны Чжан Хунвэй пасля прэзентацый нават прапанаваў прывезці чытачоў разам з часопісамі ў Кітай, каб правесці сумесную сустрэчу і абмеркаванне гэтых выданняў. Так што, думаецца, літаратурнае кітайска-беларускае супрацоўніцтва стане яшчэ больш шчыльным і разнастайным, а перспектывы ў яго вялікія.

Ірына Сідарок, фота аўтара

Крыніца: Звязда

Прочитано 2149 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии