Воскресенье, 13 10 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Пра што Ажэшкаўскія чытанні

  • Понедельник, 10 июня 2019 11:23

Міжнародныя Ажэкаўскія чытанні, прымеркаваныя да 178-га дня нараджэння пісьменніцы Элізы Ажэшкі, прайшлі 7 чэрвеня ў Гродзенскай абласной бібліятэцы імя Я. Карскага.

Арганізаваныя ў неюбілейны для пісьменніцы год, яны, тым не менш, вызначаліся і паўнавартаснасцю кантэнту (прадстаўленыя вынікі даследаванняў датычыліся і малавядомых старонак біяграфіі, і таямніц творчасці, і сяброўскіх стасункаў, і праблем экзістэнцыйнага кшталту, і пытанняў захавання спадчыны пісьменніцы бібліятэкамі Беларусі і Польшчы), і святочнасцю атмасферы (той утульнай святочнасцю, якая бывае, калі ў доме паважанай імянінніцы збіраюцца любячыя яе людзі), і высокім узроўнем падрыхтаванасці (прынамсі, кожны удзельнік яшчэ да пачатку мерапрыемства атрымаў зборнік матэрыялаў з надрукаваным тэкстам свайго даклада), і агульнай настроенасцю на абуджэнне інтарэсу да жыцця і творчасці Элізы Ажэшкі і актуалізацыю разам з гэтым фундаментальнай цікавасці, гаворачы словамі Чэслава Мілаша, «да праблем этычных і нават метафізічных».

Чэслава Мілаша працытавала ў сваім дакладзе дацэнт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Алена Білюценка. «Ажэшка настойліва падкрэслівае, што ў жыцці салонным немагчыма знайсці дабрадзейнасць, каханне і шчасце», — гэтыя словы дакладчыцы не маглі не прымусіць падумаць пра тое, што ХІХ стагоддзе з яго «салоннымі лялькамі» і «жаночай дыскрымінацыяй», культам забавак і вечнага святкавання ў адсутнасць якіх бы там ні было, нават самых малых дасягненняў, перамог над сабой, з праблемай штодзённа бязмэтнага існавання, баўлення часу дзеля баўлення часу нічым не адрозніваецца ад нашага стагоддзя. Алена Білютэнка прысвяціла даклад экзістэнцыйнай універсальнасці рамана «Над Нёманам», але, насычаны яркімі аргументамі, ён пашырае кола ўспрымання і даказвае актуальнасць у нашы дні не толькі рамана «Над Нёманам», але і іншых твораў Элізы Ажэшкі. Самы час нам цяпер перачытваць, напрыклад, і «Пана Грабу», і «Паноў Пампалінскіх», героі якіх не зніклі ў пазамінулым стагоддзі, а без перашкод перайшлі незаўважна ў наш час. Так шмат у нас выходзіць і чытаецца новых кніг, а тое, што напісана даўно, не толькі не горш і не заслугоўвае забыцця, а часам гучыць і больш моцна, і больш дынамічна, і больш, значна больш па-сучаснаму. Пра тое, то Ажэшка — гэта назаўсёды, вось пра што былі сёлетнія чытанні.

Досыць актуальным і пабуджальным было выступленне прафесара Аляксея Пяткевіча, прысвечанае стасункам Элізы Ажэшкі з яшчэ адной гродзенскай пісьменніцай Вільгельмінай Касцялкоўскай. Не столькі іх творчым і асабістым стасункам варта надаць увагі, колькі пытанню ўшанавання памяці пра другую, менш вядомую, чым Эліза Ажэшка, але не менш для Гродна значную. Журналістка, перакладчыца, літаратурны крытык, інтэлектуалка, была яна большай арыстакраткай, чым першая, чым Эліза Ажэшка, якая «зазірнула пад стрэхі», і гэта паўставала паміж імі сцяной. Тым не менш, Вільгельміна Касцялкоўская безумоўна заслугоўвае ўвагі і памяці. Увагі заслугоўвае тым больш, што не маем мы як звычайныя чытачы ніякай магчымасці сёння па першым жаданні разгарнуць старонкі з яе творчасцю і ацаніць іх, узважыць, адчуць «на смак», а памяці заслугоўвае як не шараговая, а ўсё ж выбітная гродзенка. І нельга, маючы ў душы павагу да папярэднікаў, а ў сэрцы любоў да сучаснікаў, не прыслухацца да прапановы Аляксея Пяткевіча ўшанаваць памяць гэтай пісьменніцы вуліцай у яе гонар, і варта нам, маючы да сябе павагу, а да іншых любоў, ажывіць старонкі яе творчасці, вярнуўшы іх з небыцця. Тое самае варта зрабіць і ў дачыненні да вечна маладога, бо пражыў толькі 28 гадоў, даследчыка і папулярызатара біяграфіі і творчасці Элізы Ажэшкі ўраджэнца Гродна Людвіка Брунана Свідэрскага. Пра тое, што тэма Ажэшкі дазваляе адкрываць і іншых, незаслужана забытых, — пра гэта таксама сёлетнія чытанні.

Даклад госця з Расіі Дзмітрыя Касаткіна, камерцыйнага дырэктара выдавецтва «Художественная литература», прысвечаны перакладам на рускую мову рамана Элізы Ажэшкі «Мейр Эзафовіч», быў праслуханы з неверагоднай цікавасцю — у ім прысутнічалі і таямніцы, і адкрыцці, а новыя загадкі, і «дэтэктыўная» версія. «Пачалося з таго, — паведамляе Дзмітрый Касаткін, — што мне падарылі старую, моцна пашкоджаную кніжыцу — выданне «Мейра Эзафовіча» 1881 года». Чытанне гэтай кнігі выклікала вялікае захапленне і нават слёзы на апошніх старонках. Якім жа было здзіўленне чытача, калі ён перачытаў раман у іншых перакладах — спачатку Марыі Абкінай, а потым Іны Смідовіч. Кожны варыянт, як аказалася, мяняў ідэю твора, падпарадкоўваючы яе «павевам часу». Яшчэ адна цікавостка ад дакладчыка заключалася ў яго здагадцы: адным з перакладчыкаў рамана на рускую мову была… сама аўтарка: у тэксце можна знайсці шмат моўных «ляпаў», якія, што называецца, «з галавай» выдаюць перакладчыка-паляка. Сёння расійскае выдавецтва «Художественная литература» занятае тым, каб выпусціць у бліжэйшы час найбольш адаптаваную пад аўтарскі тэкст версію рускага перакладу гэтага па-сапраўднаму вялікага рамана. Пра тое, што даследчыкам варта не толькі чытаць, але і перачытваць адно і тое па многа разоў, бо кожны раз будзе што адкрываць, і цікавіцца акалічнасцямі не толькі стварэння тэкстаў, але і іх перакладання, — вось пра што яшчэ былі сёлетнія Міжнародныя Ажэшкаўскія чытанні, мерапрыемства цалкам важнае, без астатку патрэбнае, без прыўкрас цудоўнае і без выключэнняў змястоўнае.

 

Прысутнічала Святлана Воцінава

 

 

 

Прочитано 1197 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии