Вторник, 16 07 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

«Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку» – традыцыя на будучыню!..

  • Понедельник, 17 июня 2019 12:01

Новым адрасам сучаснага кніжніцтва ў Беларусі становіцца фестываль у гарадскім пасёлку Мір.

«Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку», рупліва падтрыманыя Гродзенскім аблвыканкамам, Карэліцкім райвыканкамам, паказалі, што цікавасць да айчыннай кнігі на Гарадзеншчыне надзвычайная. Пра гэта гавораць і госці, удзельнікі фестываля. З некаторымі з іх пагутарыў наш карэспандэнт, задаўшы ўсяго адно пытанне: «Ці бачыце вы ў «Кніжных сустрэчах у Мірскім замку» традыцыю?»

Віктар Хурсік, кнігавыдавец, пісьменнік:

– Я добра ведаю гэтыя мясціны. Часта бываю на Гродзеншчыне. Разумею, якія імёны звязаны з гэтай старонкай. І лічу, што выбар пляцоўкі для кніжнага фестываля абраны правільны. Хацелася б шырэйшага інфармацыйнага суправаджэння праекту. Не так шмат, як мне падалося, было на фестывалі і жыхароў ваколіц. Не веру, што кніга ім не цікавая. Іншая справа, што патрэбны афішы, абвесткі… Я асабіста прэзентаваў на фестывалі кнігу пра Магдалену Радзівіл, зборнік Зоф’і Кавалеўскай «Мінскія абразкі».

Алесь Бадак, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура»:

– Гэтае першае кніжнае свята ў Мірскім замку – як вопыт асаблівай увагі да літаратуры гістарычнай, асветніцкай. На працягу дня мы размаўлялі з наведвальнікамі, пакупнікамі. Сустрэчы дапамаглі нам вылучыць і новыя тэматычныя акцэнты ў кнігавыданні. У 2020 годзе зробім некаторыя кнігі з улікам мірскіх падказак.

Навум Гальпяровіч, паэт, радыёжурналіст:

– Фестываль уразіў. Найперш тым, што ў адзін дзень столькі сабралася пісьменнікаў, дзеячаў культуры. Прэзентацыі Анатоля Бутэвіча, Віктара Хурсіка, Уладзіслава Місевіча (абавязкова прачытаю яго кнігу пра «Песняроў»!), Мікалая Ефімовіча (даведаўся, што вядомы тэлежурналіст яшчэ і аўтар кнігі пра Маю Плісецкую)…

Нур аль-Даіем Абда аль-Гадзір Хамад Аль-Ніел, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Судан у Рэспубліцы Беларусь:

– Я толькі яшчэ знаёмлюся з Беларуссю. Найперш, зразумела, займаюся арганізацыяй эканамічных, палітычных стасункаў паміж нашымі краінамі. І пасля візіту ў Мірскі замак, куды я патрапіў упершыню, уражаны ўвагай да кніжніцтва ў Беларусі. Спадзяюся, што мы станем рухацца да супольнай працы і ў гэтым накірунку. Чакаем беларускіх кніагвыдаўцоў на традыцыйным Хартумскім кніжным кірмашы.

Кастусь Качан, мастак:

– Мне здаецца, што ў кніжнай справы і выяўленчага мастацтва ёсць нямала кропак судакранання. А што, як не гістарычная атмасфера павінны спрыяць гэтаму?! Грамадства цягнецца да культуры. І творцам гэта трэба ўлічваць, адгукацца на гэты пасыл.

Валерый Казакоў, сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Расіі, намеснік старшыні ФНКА «Беларусы Расіі»:

– «Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку» павінны стаць добрай традыцыяй. Месцам, куды проста прыходзяць на сустрэчу з сябрамі, прыходзяць за новымі кніжнымі набыткамі. Дакладней – на сустрэчу з новымі кнігамі! Дзякуй арганізатарам, што змаглі супольна правесці такое сапраўды кніжнае свята!

… «Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку» – новы і цікавы праект, які прыцягнуў увагу да беларускай друкаванай кнігі. Добра было б мець такія асветніцкія, кніжныя праекты ў розных гарадах, розных рэгіёнах краіны. Хіба ж не шануюць друкаваную кнігу, хіба ж не цікавяцца ёю ў Віцебску і Магілёве, Гомелі і Брэсце, іншых гарадах, іншых куточках Беларусі?!

 

Гутарыў Мікола Берлеж

 

 

 

 

 

 

Прочитано 519 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии