Среда, 08 04 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Наталля Канстанцінава. Індульгенцыя на злачынства. Апавяданне

  • Воскресенье, 16 февраля 2020 13:47

— Я забіў сваю жонку і не ведаю, як жыць далей!

Калі ён прамовіў гэта, я адразу паверыў і засумняваўся, ці маю права яму дапамагаць. Але ж і звяртацца ў паліцыю мне таксама не хацелася. Занадта вялікая рызыка для маёй рэпутацыі высокапрафесійнага псіхолага, надзейнага памочніка ў эмацыянальна складаных сітуацыях, якому можна даверыць любыя таемныя думкі і перажыванні. Бо калі пойдуць чуткі, што мой кліент апынуўся ў турме, няхай сабе і заслужана, да мяне больш ніхто не захоча звяртацца. Таму, павагаўшыся, я вырашыў цвёрда прытрымлівацца адной з асноўных запаведзяў нашага брата: не судзіць і не ацэньваць кліента, а проста прафесійна аналізаваць. Але ўсё-ткі для канчатковай яснасці асцярожна ўдакладніў:

— Як я зразумеў, вы здолелі пазбегнуць адказнасці?

— Так! — з горыччу ўсклікнуў мужчына. — Калі б я мог расплаціцца за свой учынак, мне стала б значна лягчэй! Але ўся трагедыя ў тым, што я не магу ісці ў турму. У мяне такая тонкая душэўная арганізацыя — я там не вытрымаю!

Я ўважліва прыгледзеўся да кліента. Гадоў 35, высокі, фізічна моцны. Апрануты ў дарагі касцюм, гладка паголены, ён не выдаваў на далікатную натуру, хутчэй, меў выгляд чалавека, звыклага да добрага і камфортнага жыцця.

— Чым вы займаецеся? — пацікавіўся я.

— У мяне свой бізнес. — Але ж каб займацца бізнесам, трэба быць жорсткім, хваткім, практычным. — Уявіце сабе, я — нетыповы выпадак! Я вельмі ўражлівы, усё глыбока адчуваю і перажываю. Дзякуючы гэтаму ў мяне надзвычай развітая інтуіцыя, якая дапамагае мне прымаць удалыя для бізнесу рашэнні.

— Вы хаця б думалі аб тым, каб здацца паліцыі?

— Паверце, я шмат разоў гэтага хацеў! Але варта мне пачаць збірацца ва ўчастак, як ахоплівае такі панічны жах, што рукі і ногі дранцвеюць, язык прыліпае да нёба, і я не магу ні варухнуцца, ні слова вымавіць! Што ж мне рабіць?! Здаецца, карціна ясная. Гэты спадар элементарна баіцца абмежаванняў і нястачаў турэмнага жыцця, але хавае дробнаэгаістычныя матывы за міфам аб сваёй асабліва ўразлівай душы.

— Дык чаго ж вы жадаеце? Каб я дапамог вам справіцца са страхам?

— На жаль, гэта выключана. Каб вы навучылі, як мне жыць далей. Пачуццё віны мучыць мяне, жыццё страціла сэнс. У мяне ніколі не было схільнасці да п’янства, але цяпер я прыахвоціўся да выпіўкі. Справы бізнесу мяне больш не цікавяць. Ён добра наладжаны, і пакуль што ўсё няблага ідзе само сабой, але хутка пачне развальвацца. Мне вас рэкамендавалі як найлепшага псіхолага ў горадзе. Кажуць, вы з самай глыбокай роспачы вяртаеце да жыцця. Зрабіце гэта для мяне!

Я задумаўся. Сапраўды, галоўнай мэтай маёй працы заўсёды было дапамагчы кліенту знайсці ўнутраны рэсурс, каб жыць далей, у якіх бы абставінах ён ні апынуўся. Праўда, забойцаў сярод іх яшчэ не траплялася. Але ж злачынства ўжо здзейснілася… Дык, можа, паставіцца да сітуацыі як да прафесійнага выкліку?

— Добра, я дапамагу вам! — паабяцаў я. Мужчына расквітнеў.

Падчас наступнай сустрэчы я пачаў распытваць Дзімітру — так ён назваўся — пра дзяцінства і юнацтва, каб высветліць, якія інтарэсы і захапленні былі ў яго да знаёмства з будучай жонкай. Можа быць, умелай стымуляцыяй я змагу ўзмацніць былыя схільнасці, і  яны зноў прывяжуць яго да жыцця. Па гэтай схеме я працаваў яшчэ два сеансы. Старанна ачышчаў «я» Дзімітру ад псіхалагічных сувязяў з былой жонкай, каб ён зноў адчуў сябе паўнавартаснай асобай. І такая методыка пачала даваць першыя вынікі. З выразу твару Дзімітру знікла прыгнечанасць, у вачах пачало прабліскваць ажыўленне. Напрыклад, калі ён расказваў аб прыёмах ігры на скрыпцы (гэтаму мастацтву Дзімітру навучаўся ў музычнай школе). Або калі разважаў пра сучасныя прынцыпы робататэхнікі (аказалася, з падлеткавага ўзросту ён рэгулярна чытае артыкулы па гэтай тэме). Натхнёны першымі поспехамі, я ўсё больш пранікаўся прафесійным азартам. У рэшце рэшт ён настолькі ахапіў мяне, што я поўнасцю забыўся на маральны бок пытання і толькі захоплена шукаў спосабы рашэння праблемы. І ў парыве натхнення я сказаў Дзімітру:

— Часта лічаць, што багатым вопытам трэба ганарыцца. Што жыццё даецца дзеля таго, каб паспрабаваць усё. Ці задумваліся вы, што ў дадзеным выпадку пад словам «усё» звычайна разумеюць толькі добрае? Няшмат людзей перажылі вопыт забойства, а вы перажылі. Паглядзіце на гэта як на набытак.

Ад гэтых слоў Дзімітру проста заззяў.

— Дарэчы, — працягваў я, — вы ж не хочаце паўтарыць гэты вопыт?

 — Што гэта значыць? — Дзімітру выразна збялеў.

— Вы ўжо загубілі аднаго чалавека — жонку, не губіце ж і сябе. Наадварот, жывіце, захоўвайце эфектыўны стан. Можа, гэтак вы часткова кампенсуеце зробленае зло. Вось скажыце, у вашым бізнесе ёсць наёмныя работнікі?

 — Канечне, іх шмат, і я выплачваю ім добры заробак.

— Вось бачыце, вы даяце многім людзям магчымасць забяспечваць сябе і свае сем’і. Дык не пазбаўляйце іх гэтай магчымасці, развівайце свой бізнес.

Напрыканцы сеанса Дзімітру меў выгляд энергічнага, гатовага да актыўных дзеянняў чалавека. Здавалася нават, што ён з нецярпеннем чакае выпадку даказаць, што яшчэ шмат на што здольны.

Падчас тэрапеўтычных стасункаў я не распытваў яго аб падрабязнасцях, звязаных з жудасным здарэннем, — каб ён не канцэнтраваўся на негатыўных перажываннях. Але на развітанне ён сам прамовіў:

— Ведаеце, мне захацелася вам прызнацца. Я забіў сваю жонку, таму што дакладна даведаўся: яна збіраецца мне здрадзіць. Вы навучылі мяне, як трэба думаць, як знаходзіць у дрэнным добрае. І цяпер я разумею: я зрабіў добра. Я выратаваў яе, узяўшы грэх на сябе. Мажліва, гэта нават ахвяра з майго боку.

Я здрыгануўся. Мяне раптам працяла ўсведамленне ступені цынізму таго, чым я займаўся. Гэта ўжо нагадвала кашчунства. Я адчуў нейкі містычны жах. Якое жудаснае тварэнне рук маіх, як зыначыў я паняцці дабра і зла! Але назад ужо нічога не вернеш. Я скамечана развітаўся з Дзімітру, перапыніўшы плынь падзякі.

Пасля сыходу вернутага да жыцця забойцы я не знаходзіў сабе месца. Зноў і  зноў успамінаў яго фінальныя словы, і  ўсё больш мяне ахоплівала трывога. Паступова я зразумеў: яна выклікана не толькі тым, што я раскайваюся ў зробленым. Мяне турбуе штосьці, звязанае с цяперашнім і будучыняй. «Я дакладна даведаўся, што жонка збіраецца мне здрадзіць», — чарговы раз пракруціў у  галаве я. І раптам мяне быццам лупцанула токам: месяц таму да мяне звярнулася кліентка Ілона, якая скардзілася, што яе мучыць жаданне здрадзіць мужу, і прасіла дапамагчы разабрацца, ці мае яна на гэта права. Прыкладна ў той жа час да мяне ўпершыню прыйшоў Дзімітру. На сеансе з Ілонай мы пачалі аналізаваць яе схаваныя матывы, але да канца ў сітуацыі не разабраліся. Больш Ілона не з’яўлялася, і я падумаў, што яна здолела зрабіць гэта сама. Але чакайце, чакайце... Нядаўна яна зноў патэлефанавала! Сустрэча прызначана на заўтра. Не разумеючы выразна, чаму, я адчуў унутранае перакананне, што Ілона неяк звязана з гісторыяй Дзімітру. Зразумела, пытанне, ці не яна яго жонка, абсурднае: жанчына жывая і здаровая. Але трывога мяне не пакідала. Праверыць, ці ёсць паміж імі сямейная сувязь, па прозвішчах я не мог: кліенты заўжды называюцца выдуманымі імёнамі.

Усю ноч я напружана думаў. А калі на наступны дзень пачаўся сеанс з Ілонай і па маёй просьбе яна апісвала мужа, я ўжо ў думках скрыгатаў зубамі: о, які я дурань! Як я мог даць сябе падмануць! Вядома, выпадак быў заблытаны, але ж я — спецыяліст з велізарным досведам! Куды падзелася маё ўменне бачыць глыбіні чалавечай натуры? Не, яно праявілася, але занадта позна! І вось цяпер я не паспеў падрыхтавацца да крызісу. У тым, што ён здарыцца, і вельмі хутка, можа быць, нават сёння, я не сумняваўся. І на гэты раз, на жаль, не памыліўся.

 

Калі пасля сеанса я адчыніў дзверы, каб выпусціць Ілону, перад намі ў холе стаяў Дзімітру з пісталетам у руцэ. «Я ўсё ведаю! — усклікнуў ён. — І я не дазволю табе здзейсніць грэх!» Ілона збялела, але глядзела на мужа цвёрда і бясстрашна. Так, усё-такі Дзімітру быў яе мужам. Я занадта позна здагадаўся, што ён прыйшоў да мяне, толькі маючы намер здзейсніць забойства. Відавочна, ён яшчэ вагаўся, ці зможа пераступіць маральныя нормы, баяўся пачуцця віны, дэпрэсіі, згрызотаў сумлення. А я дапамог яму пазбавіцца ад усіх страхаў і выдаў, так бы мовіць, індульгенцыю на забойства. Чаму ж я паверыў Дзімітру, калі ён сказаў, што ўжо забіў? Відавочна, ён так глыбока пранікся сваёй ідэяй, так горача гэтага хацеў, што ў думках успрымаў як факт, які ўжо адбыўся. Такі псіхалагічны феномен сустракаецца, мне гэта добра вядома. Але чамусьці ў дадзеным выпадку я яго не распазнаў. Мяне ўвяла ў зман унутраная перакананасць Дзімітру, да таго ж сам сэнс яго паведамлення пра забойства жонкі выклікаў мноства супярэчлівых думак, і я «павёўся», як стажор-першагодак. Што ж, цяпер менавіта я павінен выправіць сваю памылку і ўратаваць жанчыну. — Дзімітру, — сказаў я, — я разумею, што гэта не тваё сапраўднае імя, але звяртаюся менавіта да цябе. Забудзь усё, што я гаварыў. Гэта няпраўда. Я проста хацеў зарабіць паболей грошай. На самай справе, калі ты заб’еш жонку, будзеш адчуваць сябе жахліва. Душэўныя пакуты не дадуць табе спакою. Да таго ж табе не ўдасца пазбегнуць турмы, бо ў твайго злачынства ўжо ёсць сведка!

— Не, док, вы мне галаву не задурыце! — хрыпла засмяяўся Дзімітру. — Назад не адкруціце, позна. Я добра зразумеў усё, чаму вы мяне вучылі. Дзеля грошай альбо не, вы былі вельмі пераканаўчым. Я вам глыбока паверыў, і ніякіх пакут сумлення дакладна не будзе. Ды й вы не станеце сведчыць супраць мяне. Інакш я раскажу паліцыі, чаму вы тут вучыце, як выхоўваеце забойцаў. Вас пазбавяць ліцэнзіі і зняславяць, калі не пасадзяць як саўдзельніка. Так што я зараз заб’ю гэтую распусніцу, а вы дапаможаце мне схаваць сляды.

Мужчына ўзвёў курок. Я зрабіў крок і засланіў сабой Ілону. Дзімітру націснуў на спуск. Але стрэлу не адбылося, толькі пачуўся сухі шчаўчок. Я зразумеў, што пісталет даў асечку, кінуўся да мужчыны і, пакуль ён не паспеў апамятацца, вырваў з яго рук зброю.

— Сыходзьце! — крыкнуў я Ілоне. — Так, я пайду, — прамовіла яна, гледзячы на Дзімітру, з годнасцю расправіўшы плечы і бліскаючы вачыма.

— Я пакіну цябе назаўсёды, нават дадому не вярнуся за рэчамі. Больш ты мяне не пабачыш! А я яшчэ сумнявалася, ці маю права табе здрадзіць! Я даўно адчула ў табе жорсткасць і не магла быць з табою шчаслівай. Ты хочаш усё кантраляваць і ў бізнесе, і ў сям’і. Я жыла з табой як у клетцы, мне было душна! Не спрабуй мяне знайсці, нічога не атрымаецца! Мне ёсць да каго звярнуцца, ён дапаможа мне з’ехаць далёка-далёка! Бывай!

Жанчына імкліва выйшла. Дзімітру памкнуўся за ёю, але я пагрозліва сказаў:

— Э, не, стаяць спакойна! — і навёў на яго пісталет. Мой былы кліент застыў. Затым я загадаў яму зайсці ў кабінет і замкнуў яго там (збегчы ён не мог, таму што на маіх вокнах усталявана ўдаратрывалае шкло — на ўсялякі выпадак: ці мала якія надарацца кліенты). Пісталет па дарозе дадому я выкінуў у раку.

...Выпусціў я паніклага і панурага Дзімітру толькі наступнай раніцай, калі Ілона, як яна казала, павінна была знаходзіцца далёка. Увечары тыя, хто называўся Дзімітру і Ілона, у раскошна абсталяваным пакоі святкавалі поспех. Жанчына піла віно і залівіста смяялася.

— Слухай, як пацешна выглядаў гэты псіхолаг, калі кінуўся мяне абараняць! Калі б ён ведаў, што пісталет не зараджаны! Але як ты здолеў настолькі дакладна прадбачыць яго рэакцыю?

— Я не сумняваўся, што самаўпэўненасць прывядзе яго да памылак. Як табе вядома, жонку я сапраўды забіў, бо яна хацела са мной развесціся і забраць свае грошы, якія складаюць асноўную частку капіталу, укладзенага ў мой бізнес. Таму я быў пераканаўчым, калі паведаміў, што здзейсніў злачынства. А супаставіўшы мой расповед з тваім, псіхолаг павінен быў зрабіць выснову, што ты — мая жонка. І цяпер ніхто не западозрыць мяне ў забойстве. Бо аўтарытэтны псіхолаг засведчыць, што жонка сышла ад мяне жывая і здаровая, з’ехала далёка назаўжды, прычым была настолькі раз’юшаная, што не думала пра грошы. У нашым поспеху ёсць і твая вялікая заслуга. Ты выдатна сыграла сваю ролю. І так удала загрыміравалася пад маю жонку, што калі псіхолаг пачне апісваць, як ты выглядаеш, усе павераць, што ты — гэта яна.

— Нездарма ж я актрыса! Мілы, ты стрымаеш слова, папросіш свайго сябра, дырэктара тэатра, узяць мяне на працу?

— Вядома, я абяцаў — і я выканаю! Ангажэмент табе забяспечаны! — А нам абодвум забяспечана шчаслівае жыццё! Мы ж будзем жыць разам?

— Абавязкова, калі міне нейкі час. Ажаніцца з табой я не змагу, афіцыйна буду не разведзены з жонкай, каб захаваць правы на яе грошы. Але ты пераедзеш да мяне, і я буду цябе забяспечваць.

— Я вось яшчэ не разумею. Як ты змог пераканаць псіхолага, што перажываеш з-за забойства?

— Котачка мая, я ж сапраўды перажываў! Забіваць не так проста, асабліва ўпершыню. У мяне былі і душэўная прыгнечанасць, і містычныя жахі, і нават згрызоты сумлення. Але псіхолаг мяне ўсяго гэтага пазбавіў!

— Але тады як жа ў такім стане ты змог прыдумаць і разлічыць нашу авантуру?

— Такая ў мяне асаблівасць, што розум і пачуцці не залежаць адно ад аднаго.

— Пупсік, які ты ў мяне незвычайны!

«Так, я незвычайны, — думаў Дзімітру. — Хутка я і цябе заб’ю. Ты, дурніца, паверыла, што я захачу дзяліцца з табой грашыма і ўсё жыццё пражыць з бояззю, што ты пачнеш мяне шантажыраваць? Не, даражэнькая. Я цябе заб’ю, ужо нават прыдумаў, як. Заб’ю і буду жыць далей. Бо я цяпер добра ведаю, як гэта робіцца».

 

Наталля Канстанцінава,

апавяданне друкавалася ў газеце «Літаратура і мастацтва» № 49 за 20 снежня 2019

Прочитано 92 раз