Среда, 23 09 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Знаёмцеся: Туркменскі празаік Максат

  • Воскресенье, 17 ноября 2019 14:40

З Максатам Бяшымавым (як аўтар празаічных твораў ён падпісваецца ўсё ж як Максат) мы пазнаёміліся ў час адной з маіх паездак у Ашхабад. У апошнія гады я быў там у 2009, 2012, 2014 і 2015 гадах. А некалі – у 1985 – 1988 гг. – і стала жыў і працаваў там. Максат Бяшымаў – з пакалення маладых туркменскіх пісьменнікаў. Працуе ў часопісе перакладной літаратуры «Дунья эдэбіяты» («Сусветная літаратура»). Працуе і як рэдактар тэкстаў, і як непасрэдна перакладчык. Наша электроннае ліставанне з цікавым пісьменнікам дапамагае мне болей-меней аб’ектыўна ўяўляць сучасны літаратурны працэс у Туркменістане. І, як на мой погляд, сам Максат – адзін з яркіх прадстаўнікоў гэтага працэсу. Прапаную ўвазе чытачоў адно з апавяданняў майго туркменскага сябра ў перакладзе на беларускую мову.

Алесь Карлюкевіч

 

 

МАКСАТ

(Туркменістан)


Зацьменне напалову

(апавяданне)

Такое здараецца паўсюль. Аднак у нас гэта эпідэмія прыйшла неспадзявана. І параўнальна нядаўна. Памятаю, што ўсё пачалося з тэлевізійных навін. Тонкая, кастлявая бландзінка на фоне раз’юшанага натоўпу расказвала пра чарговыя забастоўкі ў Грэцыі, у той час, калі Дурсун падавала вячэру. І ўгледзеўшыся ў тэлеэкран, яна, Дурсун, марудна апусцілася з вялікай талеркай плову побач са шчаціністым мужам, які сядзеў на дыване, падціснуўшы пад сябе ногі. Старадаўняя іранская люстра з мноствам крышталёвых завушнічак раскідвала па пакоі цьмянае жаўтаватае святло – адна з трох лямпачак перагарэла.

Акрамя вакна, зацягнутага карычневай шторай, і тэлевізара з цюнерам на падстаўцы, у пакоі нічога, здаецца, і не было. Ніводнага лішняга прадмета мэблі! Маладая пара жыла сціпла, ды і яны абодва – муж і жонка – атрымалі выключна традыцыйнае туркменскае выхаванне, таму трапезнічаць за сталом не прызвычаіліся. І кожны раз засцілалі пасярод пакоя накідку. Ямчэй уладкоўваліся на мяккім туркменскім дыване і абыходзіліся без усялякіх сталовых прыбораў. Так ім здавалася смачнейшай сціплая ежа. Дзынькалі шклянкі, па-змяінаму шыпела ў іх газіроўка, а высокая бландзінка на экране ўжо завершыла рэпартаж і хуценька паставіла апошнюю кропку: «Нікалета Пракапрыпанта. Спецыяльна для Еўраньюс».

– Вось табе і нааа-аа, – ледзь не праспявала Дурсун, – нічога сабе імя – Нікалета Трапіканка!

– Тваё імя яна і зусім не змагла б выгаварыць. Язык можна зламаць, – сказаў муж, і адкусіўшы ляпёшкі, паспешліва затарабаніў, – Агулдурсун Дурдымухамедава.

Жанчына крыўдна скрывіла вусны.

– Быццам у цябе самога імя такое ўжо і кароткае! – адказала яна. І… паляцела ў нейкую пустэчу.

Усеабдымная белізна асляпляючым сполахам абхапіла яе свядомасць. Яна спатыкнулася на палове фразы ці нават на палове думкі. І ўпала ў ступар. Такое адчуванне прыйшло, што быццам, роўна таму камп’ютару, яе саму адключылі ад нармальнага жыцця. Перазагрузілі, адным словам. Усё гэта доўжылася нейкую маленькую частачку секунды. І ўсё ж гэта доўжылася… Толькі што яна спяшалася праспяваць імя мужа, пажартаваць тым самым са свайго роднага і блізкага чалавека, як раптам не змагла ўспомніць, як яго, любімага, роднага мужа, завуць. А супруг, які тым часам ні пра што не падазраваў, адзін завершыў паяданне салаты аліўе, пачаў смакаваць плоў, пры гэтым рассцілаўся жонцы ў кампліментах.

– Ох, гэтыя твае салаты – яны лепш за ўсё! І плоў сёння атрымаўся, як ніколі, ясі не наясіся.

Дурсун, зусім нічога не разумеючы, моўчкі ўтаропілася ў яго круглы твар, на падбароддзе, якое скакала то ўверх, то ўніз. Дурсун хвалявала тое, якое імя носіць гэты чалавек, з якім яна вось ужо тры гады дзеліць ложак. Падобнага характару нязвыклыя пытанні, быццам разбуральныя тарнада, пранесліся па яе разгубленым розуме, пакідаючы за сабою дробныя і непазнавальныя аскепкі паўсядзённасці. Дурсун зрабілася надзіва страшна. Ёй усяго толькі за трыццаць гадоў – кідацца ў маразм пакуль яшчэ, пагадзіцеся, ранавата. Няўжо гэта Альцгеймер? Яна тройчы плюнула пад каўнер і пастаралася спыніць лёгкую дрыготку, якая абхапіла ўсю жанчыну. Муж, які ўсё ж заўважыў яе хваляванне, запытаўся, у чым справа. Але Дурсун адмахнулася:

– Дробязь, дарагі, ты галоўнае – еш спакойна і не хвалюйся, – сказала яна і квола, краёчкамі вуснаў усміхнулася. Відаць, баялася пакрыўдзіць суджанага, які часам мог успыхнуць з любой нагоды. Затым Дурсун ізноў задумалася, але так і не змагла згадаць імя мужа. Ці то ён Бердымурад, ці то Гельдымурад…

Але ж трэба было неяк выходзіць з сітуацыі. І яна вырашыла праверыць дакументы, якія захоўваліся ў спальні ў сейфе. Ён стаяў акурат ля іх ложка. На гэтым рашэнні і супакоілася. І тут ужо ў яе самой разгуляўся апетыт. Пасля добрай вячэры і турэцкай мыльнай «оперы» муж прачытаў малітву і пайшоў у свой пакой. А Дурсун прыбралася і памыла посуд. Затым узяла блакнот і склала спіс неабходных рэчаў і прадуктаў, якія трэба было купіць. Пасля гэтага яна па ўсталяванай звычцы прыняла ванную, апранула тэракотавага колеру начную кашулю на голае цела і ўвайшла ў спальню. Там было цёмна. Яна намацала на сцяне выключальнік і націснула на яго. І спуджана задрыжэла: у пакоі раздаўся стрэл. Люстра ў форме блакітанага месяца задрыгацела таксама – гэта мільганула і пагасла адна з вальфрамавых лямпачак. Засталося гарэць яшчэ дзве. Муж у дрымоце сядзеў на ложку. Толькі і сказаў:

– Выключай і кладзіся спаць. Раніцай я замяню.

Зірнуўшы на мужа, яна раптам успомніла пра нядаўнюю блытаніну з яго імем. Маленькі сейф стаяў каля падгалоўя ложка. Але адчыняць яго, залазіць у сейф зараз, гледзячы на ноч, падалося б як мінімум дзіўным. Таму Дурсун адклала пошукі і лягла на ложак тварам да акна. Ёй з цяжкасцю ўдалося расслабіцца, але не прайшло і трох мінут, як яна адчула на шыі гарачае мужчынскае дыханне, а да грудзей бесцырымонна прабраліся нечыя халодныя пальцы. Яны груба сціснулі цвёрдыя саскі і затым марудна слізганулі ўніз, да прамежнасці. Ад мужчыны патыхнула потам. Але не вельмі моцна, не нагэтулькі, каб сапсаваць чароўны момант. Шчыльна заплюшчваючы павейкі, Дурсун цяжка ўздыхнула. Сама таго не жадаючы, напружыла мышцы сцёгнаў. Але было ўжо позна. У жылах яе закіпела кроў ад ўзбуджэння. Даўно з ёю не здаралася нічога падобнага. Яна ўся аддалася рукам мужчыны. І рашылася адкрыцца поўнасцю. З усё яшчэ прыкрытымі вачыма перавярнулася на спіну. Але з-за патока эйфарыі, якая хваляй накрыла яе, звівалася бы змяя. Хутка ўсё цела ахапіла трымценне. І вось ужо муж узабраўся на яе, дакладна ведаючы, што яна дасягнула піка асалоды. Яна абхапіла яго спіну, літаральна ўчапілася ў яе пазногцямі і прыцягнула да сябе, жадаючы адчуць увесь цяжар яго цела. Гэтай ноччу ўсё адбывалася дакладна быццам на самай справе ўпершыню, і да ўсяго астатняга быццам з чужым чалавекам, – і ёй давялося прызнаць пра сябе, што ў гэтым хавалася асаблівая асалода.

Раніцай яна прачнулася ў адзіноце. За акном толькі пачынаўся світанак. Прыняўшы душ і паснедаўшы амлетам, яна выправілася на базар, захапіўшы складзены з вечара спіс. Нядзеля, ці Базарны дзень, як тут любяць гаварыць. Санлівыя гандляркі, загарэлыя насільшчыкі, юныя грузчыкі, якія лаяліся ўзахлёб, мноства розных пакупнікоў, потныя мужыкі з узрушанымі фізіяноміямі, тлустыя цёткі з віскатлівымі галасамі, грудастыя какеткі ў сукенках, што шчыльна аблягалі іх стан, – усё гэта змяшалася ў адзін пярэсты малюнак, у бесталковы гоман. Усе штурхаліся, натоўп рухаўся па сваіх, нікому не падуладных законах, без усялякага парадку і без усялякай сістэмы. Натоўп віраваў, прыцягваў і адштурхоўваў, шумеў і аглушаў, спакушаў, але твары кожнага сустрэчнага адразу ж змываліся са свядомасці Дурсун, не пакідаючы і слядочка. Твары і людзі здаваліся жанчыне індыферэнтнымі манекенамі на прылаўках. Накупіўшы сушанай садавіны, яна зайшла ў краму. Пакункі пакінула ў камерасховішчы, узяла ключ ад сваёй шафы, захапіла па дарозе вазок. І пайшла да гандлёвых стэлажоў парфумы. Клала ў вазок шампунь, мыла… Спынілася, каб зрабіць пазнаку ў сваім спісе. І раптам уся здранцвела. Аслупянела пачала ўглядацца ў свой лісток паперы. Станок для галення. Пена для галення. Антыперспірант… Каму патрэбны гэтыя рэчы, калі яна іх не ўпісвала?! Дурсун здзівілася. Яна рашуча выкрасліла лішнія пункты, пераканалася, што купіла ўсё астатняе, што было неабходна купіць, і накіравалася да касы… Пешшу дабралася дахаты з цяжкімі пакетамі ў руках. І каля пад’езда сустрэлася позіркам з незнаёмым здаровым мужчынам, які сядзеў на лаўцы. Твар мужчыны зарос шчэццю. Незнаёмец дзіўна паглядзеў на яе і выпрастаўся, спрабуючы нешта сказаць. Але, пэўна, перадумаў. І ўсё дзіўна працягваў пазіраць ёй услед. «Можа быць, жадае дапамагчы мне, але саромеецца адважыцца.» – падумала Дурсун і не стрымала ўсмешкі. Яна паспешліва паднялася па лесвіцы на другі паверх і рэфлексіўна націснула на кнопку званка. Раздаўся працяжны звон. «Ой, якая ж я дурніца!» – усклікнула яна і паставіла пакеты на выкладзеную гранітнай пліткай пляцоўку. Пашурудзіла ў сумачцы і выцягнула адтуль ключ, уставіла яго ў замок. Паспрабавала павярнуць, але нічога не атрымлівалася – высветлілася, што дзверы адчынены. Са страхам і разгубленасцю яна пераступіла парог свайго дома. Усё ў кватэры было схавана ў сляпой, непрагляднай цемры. Нішто нават і падказкі не давала на тое, што недзе звонку існуе сонейка і прабіваецца праз вокны ў кватэру. Амаль што касмічная чорная дзірка, якая ўсталявалася пасярэдзіне гарадской мітусні. Здавалася, кавалачак гэтай жахлівай чарнаты пагражае схапіць цябе і забраць у бяздонную пустэчу. Дурсун увайшла ў калідор і пачала намацваць сцяну ў пошуках выключальніка, як раптам у плячо ўчапілася чыясьці жылістая рука. Жанчына ўздрыгнула, душа кінулася ў пяткі, ногі падламаліся. Невядомая рука лёгка развярнула яе, як нейкую ляльку. Ля парога стаяў той дзіўны незнаёмец, якога яна сустрэла ля пад’езда. Ён страшна насупіў бровы. З-за абсупіўшага паўзмроку яго твар падаваўся яшчэ болей пагрозлівым.

– Што вы робіце?! – выдавіла з сябе спуджаная Дурсун. – Я буду крычаць!

– Якога чорта вы залезлі ў мой дом! – гэта ўжо закрычаў мужчына і выштурхнуў яе на пляцоўку. – Вось якая нахалюга! Вылятай адсюль, б…

Дурсун паспрабавала паклікаць на дапамогу, але ў панічным жаху засталася нерухома стаяць на пляцоўцы. І моўчкі пазірала, як дзверы яе ўласнай кватэры зачыняюцца прама ў яе перад носам.

 

З туркменскай. Пераклад Алеся Карлюкевіча

Прочитано 349 раз