Воскресенье, 05 04 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Знаёмцеся: Туркменскі празаік Мердан Баядаў

  • Понедельник, 27 января 2020 23:58

Туркменская літаратура сёння не дужа адкрытая. Прычыны на тое розныя, але ў большасці сваёй аднолькавыя для ўсёй постсавецкай прасторы. Раней руская мова, рускія літаратурна-мастацкія перыядычныя выданні, самі практыкі мастацкага перакладу спрыялі вядомасці болей-меней прыкметных пісьменнікаў з розных постсавецкіх рэгіёнаў, постсавецкіх рэспублік. Таму ў Беларусі добра ведалі Надара Думбадзэ, Чынгіза Айтматава, Анура Алімжанава, Іона Друцэ. Таму ў Туркменістане ведалі Івана Шамякіна, Васіля Быкава, Івана Чыгрынава – пры ўмове, што нават іх творы і не перакладалі на туркменскую…

А нацыянальная літаратура, між тым, развіваецца. І ў Туркменістане, і іншых нацыянальных прасторах, а сёння – і ў іншых суверэнных дзяржавах. Развіваецца, набывае новыя абсягі і туркменскае апавяданне. Шкада, што не часта мы знаёмімся з творамі суайчыннікаў Берды Кербабаева і Керыма Курбанняпесава, Курбандурды Курбансахатава і Клыча Куліева. І сустрэча з апавяданнем Мердана Баядава – гэта як праменьчык сонца з Караакумскага края. Яно і простае, і ў нечым складанае. А галоўнае – з тых твораў, якія клічуць кіравацца ў жыцці дабрынёю і спагадай. Знаёмцеся – апавяданне Мердана Баядава «Сапбы па мянушцы Голуб». Прачытайце яго ўважліва.

Алесь Карлюкевіч

 

Мердан БАЯДАЎ (Туркменістан)

Сапбы па мянушцы Голуб

Апавяданне

 

У якія толькі гісторыі не патрапіш! Хаця я і не з тых, хто цягаецца з вячорак на вячоркі, хіба што раз у стагоддзе зусім выпадкова не атрымаецца так, што я свабодны ад іншых клопатаў. Часам бывае, што я нават вяселлі блізкіх родзічаў мінаю. Але гэтым разам мне ўдалося вырвацца на пару дзён на вяселле ў аул. Жаніўся Бегенч. Мы з ім раней працавалі разам, ды і нядрэнна сябравалі. Нас сустрэлі з разгорнутымі абдымкамі. Асабліва мітусіўся перад намі аднавясковец жаніха, Арслан, – мы яго ведалі. Часам Арслан наведаўся да Бегенча ў горад, калі мы разам працавалі. Можа быць, ад таго, што даўно нікуды не выбіраўся, але мне падалося, што вяселле Бегенча прайшло надзвычай весела. Напрыканцы Арслан адазваў у бок мяне і яшчэ двух маіх калег:

– Пайшліце да мяне. Я толькі развітаюся з гаспадарамі, – сказаў ён і ўвайшоў у дом. Варта было толькі Арслану пайсці, як быццам з ніадкуль перад намі з’явіўся рыжы хударлявы хлопец, на выгляд наш равеснік. Ён адразу заявіў:

– Ого-оо! Госці з Ашхабада! Дык я вас і шукаю! Вы сёння начуеце ў мяне. Я Бегенчу абяцаў, што прыму ашхабадскіх.

Добра, што Арслан ў час падаспеў. Але ён толькі выратаваў нас ад няёмкага маўчання  ў гэты момант. Сітуацыю ж выратаваць яму не ўдалося. Арслан называў рыжага Сапбы – хутчэй за ўсё яго клікалі Сапарам.

– Сапбы, падумай сам, я з гэтымі хлопцамі ў Ашхабадзе разам працаваў, хлеб-соль разам еў. Цяпер, калі яны аказаліся ў маім сяле, непрыгожа будзе, калі я іх не прыму ў гасцях. Як гэта будзе выглядаць?

Сапбы, здавалася б, крыху задумаўся, а пасля спытаў:

– Тады чаму Бегенч прасіў мяне? Я ўжо каторы дзень рыхтуюся да сустрэчы гасцей. Ці чаму ты, як мужык, не папярэдзіў мяне зараней?

Па манеры размовы я зразумеў, што Сапбы быў на добрым падпітку.

Ці то Арслан не захацеў спрачацца з п’яным, ці то вырашыў не крыўдзіць яго, але пад началам рыжага хлопца мы рушылі да дома Сапбы.

З вуліцы магло падацца, што дом складаецца толькі з аднаго пакоя, але на справе пакояў у Сапбы аказалася цэлых тры. Мы ўвайшлі з вузенькай веранды, якую, пэўна, выкарыстоўваюць як кухню, – у кутку стаяла газавая пліта. І па левы, і па правы бакі веранды былі дзверы. Значыць, за кожнымі з іх – пакой. Разуліся на верандзе і прайшлі ў левы пакой. Мы прыселі, а Сапбар паслаў пасярэдзіне сачак. Ля правай сцяны стаяла старэнькая шафа з расшатанаымі дзверцамі. З яе Сапбы дастаў загорнуты ў паперу мел, акрэсліў ім сачак. Затым выйшаў, а калі вярнуўся, у адной руцэ ў яго было цэлых два чурэкі і яшчэ палавінка, а ў другой дзве піялы. Толькі ён сабраўся прасесці да нас, як у дзверы пралезла дзіцячая галава:

– Дзядзька Сапбы-ыы, бабуля загадала цябе паклікаць.

У дзверы прасунулася яшчэ адна галава, і паведаміла тую самую навіну:

– Дзядзька-ааа- аа, цябе бабуля кліча.

– Зараз іду,  – адмахнуўся Сапбы.

Праз некаторы час, пэўна, не дачакаўшыся дзядзьку, той з хлопчыкаў, хто аказаўся смялейшым,

З’явіўся ў праёме ізноў:

– Дзядзька-аа-аа, бабуля гаворыць, каб ты дастаў цукеркі, адкладзеныя для гасцей.

Гледзячы на Сапбы, хлопчык застыў у дзвярах, чакаючы яго рэакцыі. Сапбы ў сэрцах падняўся, узяў пляменніка за руку і выйшаў з пакоя. Доўгі час пасля не было ні Сапбы, ні «цукерак, адкладзеных для гасцей».

У пакой увайшла старая з чайнікам. Напружваючы не толькі зрок, але і шыю, плечы, адным словам, напружваючыся ўся, яна схілілася, каб разгледзець нас і прывітацца з кожным. Мы ветліва ёй адказвалі

– Вы, мусіць, не з нашай старонкі?

– Не, яны прыехалі з Ашхабада, адказаў старой Арслан.

– А, дык гэта значыць, што на вяселле да Бегенча. Ах, чаму ж Сапбы-джан не папярэдзіў мяне, што ў нас будуць госці? Вось, папіце чаю. А я пакуль што-небудзь прыгатую.

Арслан мякка запярэчыў:

– Не абцяжарвайце сябе, цётачка Мая, мы толькі зайшлі прывітацца, зараз пойдзем.

– Так? Ну добра! – адказала раптам старая, але адразу ж вінавата, ледзь чутна паправілася: – Не-не, хіба гэта праца? Раз ужо госці з самога Ашхабада, нельга іх адпускаць без пачастунка.

Яна з цяжкасцю прыўзнялася з месца, адчыніла скрыпучыя правыя дзверцы старэнькай шафы, якая абапіралася на сцяну. Жаночыя, мужчынскія, дзіцячыя рэчы, якія з нецярпеннем, здавалася, гэтага і чакалі, кучай з ніжняй паліцы вываліліся на падлогу. Старая толькі і зірнула на іх, выцягнула з верхняй паліцы вазачку з рознымі цукеркамі. Напэўна, гэта і былі тыя самыя, «адкладзеныя для гасцей». Яна паставіла вазу на сачак. Відаць, гэта і быў асаблівы пачастунак.

Старая прыняласяскладваць на месца вопратку, рэчы, якія вываліліся з шафы. Яна нешта бубнела сабе пад нос, я пачуў толькі: «Шмат іх, шмат звалена, вось і выпалі». Сярод незразумелага бурчання, яна не забывался звяртацца і да нас: «бярыце-бярыце, піце чай».

А для паўнавартаснага чаяпіцця ў нас не хапала піял. Перад намі стаяў чайнік і ўсяго дзве піялы. Нас жа, калі не лічыць Сапбы, было чацвёра. Арслан ажывіўся:

– Вы бярыце, налівайце сабе. Зараз прыйдзе Сапбы, і мы пойдзем.

А па твары яго было відаць, што настрой у яго паціху псуецца. Я разліў па піялах чай і перадаў таварышам. Старая, разабраўшыся з вопраткай, паўтарыла:

– Вы піце чай, – і выйшла з пакоя.

Арслан ужо пачаў тнервавацца адкрыта:

– Як непрыгожа атрымалася. Няхай толькі прыйдзе, адразу ж пойдзем дамоў.

Хлопцы, з якімі я прыехаў, глядзяць на мяне, а я і не ведаю, што і сказаць. Ды і доўгая адсутнасць гаспадара, па праўдзе кажучы, выклікала здзіўленне.

Арслан пачырванеў ад злосці, але ўсё ж спрабаваў нас падбадзёрыць.

Добра яшчэ, што Сапбы ўсё ж заявіўся, трымаючы ў руках яшчэ тры піялы. Арслан тут і выпляснуў на яго ўсю сваю злосць:

– Што ты за чалавек, запрашаеш людзей у госці, а сам сыходзіш?!

– Дык для іх і стараюся, сябра дарагі.

– Гэта вось так ты стараешся?

– А што, уласна кажучы, здарылася…

– Ледзьве не здарылася.., – Арслан уздыхнуў, спрабуючы стрымацца. – Трэба было зараней старацца, калі ведаеш, што ў цябе будуць госці, – працягваў ён і адвёў позірк.

Хаця Сапбы і быў у нецвярозым стане, але пасля гэтых слоў пачырванеў, як рак. Ён хацеў было ўстаць, але пахіснуўся. Ён спрабаваў трымаць галаву прама, увабраўшыы яе ў плечы, але яна ўсё адно хілілася ўправа. Ад яго мальбы на твары, і разам з тым поўнага ярасці погляду, скіраванага на Арслана, нам стала неяк не па сабе.

– Я пазваніў. Зараз усё будзе. А ты не лезь не ў сваю справу, зразумеў?

Ці то ў надзеі на падтрымку, ці то спрабуючы высветліць, згодны мы з Арсланам ці не, Сапбы акінуў нас позіркам. Арслан не спыняўся:

– Што «усё» будзе?

– Тое-сёе, выпіць будзе, закусіць будзе.

– Дык гэта ўсё патрэбна раней рыхтаваць!

– Табе якая розніца, ты гасцей прывёў – усё, бывай здаровы.

– Нікуды я без іх не пайду!

Мы з хлопцамі толькі і глядзім адзін на аднаго, ды маўчым. Надзвычай няёмкае становішча. І не ведаем нават, як быць. Нядобра прыйсці да чалавека дадому і паказваць сваё незадавальненне. Я і кажу:

– Усё ў парадку, нічога страшнага, Арслан. Сапбы, і табе не варта турбавацца, нам толькі б дзе пераначаваць. Мы на вяселлі наеліся.

А на самай справе мы былі галоднымі, як тыя ваўкі. На вяселлі, прызнацца, толкам нічога і не елі. Захочаш наесціся – не зможаш, па талерках усё размазана, не пачастунак – адна назва. За што ні вазьміся – усяго пакрысе, а змятаць з талерак непрыгожа. Паглядзіш цішком па баках – іншыя госці таксама не сказаць, каб з апетытам накідваліся на стравы. Клююць пакрысе, быццам птушаняты,. Вось і мы пасаромеліся. Ад гэтага апетыт, наадварот, яшчэ болей разыгрываецца. Па праўдзе кажучы, я думаў, што хаця б пасля вясельнага стала атрымаецца што-небудзь паесці…

– Не-не, зараз усё прывязуць.

Пашанотнасць Сапбы пасыпалася соллю на рану Арслана.

– Што ты за чалавек, не сорамна табе? І мяне сарамаціш перад гасцямі!

– Не хочаш сарамаціцца – валі за дзверы.

– Мы не з вялікай павагі з’явіліся ў тваім доме, ты сам запрасіў нас, ныў, як дзяўчо малое.

– Я цябе не клікаў, я запрасіў гасцей, а ты сам прывязаўся за намі.

Арслан не вытрымаў:

– Хлопцы, пайшліце.

Сапбы прыўзняўся з месца, яго трэсла ад крыўды і злосці, ніжняя губа адвісла:

– Ты за хлопцаў не вырашай! Думаеш, я не магу гасцей прымаць?! Лічыш мяне зусім нікчэмным?! Жадаеш маіх гасцей звесці? Думаеш, у цябе грошай болей, а?

– Эй, дурань, я табе чалавечай мовай тлумачу: гэтая сітуацыя ні табе, ні мне не да твару. Мы лепей пойдзем…

У дзверы ўвайшла старая. Павісла цішыня. У адной руцэ ў яе была талерка са смажаным гарбузом, у другой, крыху меншай, – нарэзаная цыбуля. Відаць, гэта і была закуска. Напэўна, таму, што Сапбы стаяў, а ўсе тым часам сядзелі, яна працягнула талеркі яму. У пакой уляцеў старэйшы з хлапчукоў-пляменнікаў, паклаўшы пасярэдзіне сачака лыжкі і з такой самай хуткасцю выбег. Старая, пэўна, зразумела, у чым справа, і таму вырашыла сесці з намі.

– Ну, хлопчыкі, пачынайце есці.

– Цётачка Мая, мы ўжо збіраемся сыходзіць, не варта было непакоіцца, – паважліва заўважыў Арслан, але і адламаў кавалачак чурэка.

– Сыходзіш – дык сыходзь, а гасцей, якія прыйшлі ў мой дом, я табе саступаць не збіраюся! – стаяў на сваім Сапбы.

Арслан шукаў падтрымкі ў вачах старой:

– Цётачка Мая, я рыхтаваўся да іх прыходу…

– Я таксама доўга рыхтаваўся! – ізноў пачаў Сапбы.

– Гэта ты так рыхтуешся?

– Табе якая розніца?!

– А, чаго з табой спрачацца…

– Вось і валі адсюль…

– Ахх, што б я з табою зрабіў.., – Арслан ударыў правым кулаком аб левую далонь і пакачаў галавою.

– Зрабі, а мы паглядзім. Нешта ты шмат пра сябе ўяўляеш! – не адставаў Сапбы.

Старая ўсё ж такі не вытрымала:

– Спыніся, Сапбы, зараз жа! Што за выкрунтасы? Хіба можна гнаць чалавека з дома? Што значыць «валі адсюль»?

– Ён сам пачаў, спрабуючы мяне прынізіць!

– Ён праўду гаворыць: табе варта было папярэдзіць, што ў нас будуць госці, мы падрыхтаваліся б зараней да іх прыходу.

Сапбы не было чаго і сказаць, а я з сораму гатовы быў скрозь зямлю праваліцца. Надзіва няёмкае становішча. Быццам кожнае слова ў адрас Сапбы адрасавалася і мне. І сказаць нічога не магу.

А Сапбы ніяк не с упакоіцца:

– Я сказаў хлапцам, яны зараз прынясуць з камерцыйнай лаўкі ўсё, што трэба. Ты пра гэта, мамачка, не перажывай. Ідзі, займайся спакойна сваімі справамі.

Старая прапусціла яго словы без усялякай увагі і звярнулася да Арслана:

– Ты, сынок, ужо адвядзі гасцей сёння да сябе, а да нас яны заўтра яшчэ прыйдуць.

Малітва Арслана была пачутая. Але гэтая навіна, канешне, не ўзрадавала Сапбы.

– Ды што ж гэта такое, сёння ўсе настроіліся супраць мяне!

– Мы запросім іх заўтра, так будзе лепей для ўсіх, – спрабавала супакоіць яго старая.

– Што я не зрабіў бы – усё атрымліваецца наадварот, усё-ё-ё наадварот!

Сапбы рэзка прыўзняўся і выйшаў, грукнуўшы дзвярыма. У пакоі павісла цішыня.

Я пазіраю на хлопцаў – яны не лепей мяне, скукожыліся, утаропіліся позіркам у падлогу. Трэба было б нешта сказаць, але ніяк не падабраць адпаведныя словы. Ізноў першым загаварыў Арслан:

– Цётачка Мая, мы пойдзем. Няёмка выйшла, але хлопцы зразумеюць. Мы на Сапбы не ў крыўдзе.

– Што зробіш… Ва ўсіх госці, і яму, пэўна, беднаму, захацелася праявіць гасціннасць… Сказаў бы наперад, я б нешта прыдумала…Нас жа таксама трэба папярэджваць. Госці ж самі сябе не накормяць, зараз такі час, што і двух чалавек прыняць не так проста.

Мармытанне старой слухаць было яшчэ складаней. Лепей бы ўжо не ўваходзілі ў гэты дом… Ды і гарбуз смажаны ці паспытаў хто? Нікому не было справы да яды.

Мы прачыталі паслятрапезную малітву і выйшлі. Сапбы не падыйшоў да нас, яго зусім нідзе паблізу не было відаць. Але трэба было б развітацца перад тым, як сыйсці… Але што зробіш, калі яго няма. Нас выйшла праводзіць старая, на развітанне кожнаму пажадаўшы шмат добрага.

У Арслана нас сустрэлі добра. На сачаку чаго толькі не было. Для нас прыгатавалі адразу тры стравы. Але настрой ад гэтага ў мяне не палепшаў, і здавалася, што яго, добрага настрою, не было ні ў кога. Мне было шкада Сапбы. Ды і няёмка, што мы сыйшлі, не развітаўшыся. Паміж справай я запытаўся ў Арслана яго тэлефонны нумар.

– Недзе павінен быць у мяне запісаны яго МТС-аўскі…

Ён пашукаў у тэлефоннай кніжцы. Прадыктаваў мне нумар і дадаў:

– Ты запішы яго як «Сапбы Голуб». У нас шмат хто з моладзі носіць такое імя, а вось запытаешся Голуба – усе пакажуць на яго.

Мяне не вельмі цікавіла яго мянушка, таму я і не запытаўся, за што хлопца празвалі Голубам. Я пазваніў, але нумар быў адключаны… А ў кантактах так і засталося запісана: «Сапбы Голуб».

…Прайшло з таго часу , ні многа ні мала, а гады два. Я ехаў з працы дадому ў час пік, аўтобус быў перапоўнены. Ледзьве не ў абдымках у мяне аказаўся хлопец, твар якога падаўся мне надзіва знаёмым. І раптам я ўспомніў – гэта Сапбы, той самы Голуб! Я ўсміхнуўся яму, жадаючы паказаць, што мы знаёмыя. Ён жа падаўся назад, наколькі гэта было магчыма ў перапоўненым аўтобусе, і адвярнуўся ў бок. Ён усімі сіламі спрабаваў праціснуцца скрозь натоўп, але гэта ў яго не атрымалася, і таму давялося развярнуцца спіною да мяне. А сам спадцішка паглядвае на мяне: відаць, спрабуе здагадацца па майму твару, ці пазнаў я яго. Значыць, мяне Сапбы Голуб пазнаў, але яму сорамна гэта паказаць.

Што рабіць?

Нагадаць пра тое, што я быў у яго ў гасцях – ці мала што, хлопцу ізноў стане не па сабе, ды навошта вярэдзіць старую рану?

Але ж нічога дрэннага тады не здарылася – з кім не бывае…

Тады чаму ж ты ўсміхаешся, як дурань? Чаму вінаваціш сябе? Чаму да гэтай пары трымаеш у памяці цётачку Маю? Калі гэта так нязначна – вазьмі, ды выкраслі з памяці?

Усё адно гэта неяк няправільна…

Спрэчка у маёй галаве ўсё яшчэ працягваецца, але я ўсё ж хацеў пазбавіць Сапбы ад непрыемнага ўспаміну. Я лёгка стукнуў яго па плячы і запытаўся:

– Сябра, гэты аўтобус ідзе на вакзал?

– Не-не, – твар Сапбы засвяціўся, быццам гара звалілася з яго плеч, – гэты аўтобус ідзе да Цекінскага рынку, ты лепей выйдзі ля першага парка і дайдзі да вакзала пешшу, – адказаў ён з усмешкай.

Да самага першага парка з вакна ў яго радасны твар дзьмуў вецер. Несумненна, цяпер ён пазбавіўся ад гэтага непрыемнага адчування і быў упэўнены, што я зусім забыўся пра яго і пра падзеі таго дня. А мяне радавала, што прычынай гэтай упэўненасці стаў я. Якое задавальненне бачыць яго спакойным! Хаця ў гэтым і не было неабходнасці, але я сыйшоў на прыпынку ля першага парка. І з Сапбы развітаўся, як з выпадковым сустрэчным. Я ўвайшоў у парк, прысеў на першую лаўку, што патрапілася мне на вочы. Дастаў тэлефон, адшукаў і выдаліў кантакт Сапбы Голуба. Мне не хацелася нават хаця б выпадковым званком нагадваць пра сябе. А галоўнае – я змог паказаць яму, што на ўсё забыўся. Гэта супакойвала мяне. Але сам я ніколі не змагу забыцца на Сапбы, які па простасці сваёй усімі праўдамі і няпраўдамі імкнуўся прыняць гасцей, і цётачку Маю, якая згарала ад сораму за яго правіну.

З туркменскай. Пераклад Алеся Карлюкевіча

Прочитано 102 раз