Суббота, 22 09 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Удмурція. Юм’яшур. Беларускі адрас

Народнага пісьменніка Удмурціі Вячаслава Ар-Сяргі і беларускага пісьменніка Васіля Ткачова, які жыве і працуе ў Гомелі, аб’ядноўвае добрая літаратурная дружба… У памяці ― верасень 2008 года. Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і РВУ «Літаратура і Мастацтва» праводзілі ў Мінску міжнародны «круглы стол» «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго». Прыехалі паэты, празаікі з Сербіі, Чарнагорыі, Таджыкістана, Расіі, Польшчы, сярод гасцей быў і народны пісьменнік Удмурціі Вячаслаў Ар-Сяргі. У размове з ім я заўважыў і наступнае: «Вось і працягваецца літаратурнае пабрацімства Удмурціі і Беларусі, якое распачалося яшчэ ў гады Вялікай Айчыннай вайны…» На Віцебшчыне ж ваяваў пісьменнік Міхаіл Лямін. Ён і кнігу напісаў пра вызваленне нашай старонкі ― «Чатыры гады ў шынялі». Але Вячаслаў распавёў мне другую гісторыю беларуска-ўдмурцкіх літаратурных стасункаў.

― Да згадкі пра Міхаіла Ляміна можна дадаць і той факт, што пад Віцебскам у 1944 годзе па-геройску загінуў выдатны ўдмурцкі паэт Піліп Кедраў. Ведаю, што нават некаторыя яго вершы перакладзены на беларускую мову… І друкаваліся ў зборніку «І ўспомнім былыя паходы», выдадзеным у 1990 годзе. Укладальнік Міхась Няхай уключыў у кнігу два вершы Піліпа Кедрава ― «Вер, Радзіма!» і «Адказ маці».

 

Знаю ― цяжка табе

ў час такі.

Але ты выклік дай свайму болю.

Ты за вёску схадзі да ракі,

Пакланіся там нашай таполі ―

Той, якую ў сваёй старане

Мой братуха садзіў ля дарогі.

А другая таполя хай мне

Пра наказ нагадае твой строгі.

Я вярнуся, матуля, дамоў,

Пастаю за сябе і за брата,

Каб жыццё пасля цяжкіх баёў

Стала зноўку

шчаслівым, багатым.

 

Але не вярнуўся. Застаўся ляжаць у беларускай зямлі.

― Ды гісторыя літаратурнага пабрацімства доўжылася і ў наступныя дзесяцігоддзі, ― расказаў далей Вячаслаў Ар-Сяргі. ― Па-першае, у Беларусі жыве і працуе пісьменніца Лідзія Возісава, якая нарадзілася ва Удмурціі. А яшчэ ў нас у Іжэўску ведаюць і любяць творчасць выдатнага празаіка Валерыя Болтышава, які нарадзіўся ў Віцебску. На вялікі жаль, ён нядаўна памёр. Апавяданні вашага земляка ў свой час заўважыў славуты рускі празаік Сяргей Залыгін, блаславіўшы сваёю прадмовай першую маскоўскую кнігу Болтышава. А па-другое, ты ж павінен ведаць празаіка і драматурга Васіля Ткачова, які жыве ў Гомелі. Васіль Юр’евіч ― часты госць ва Удмурціі.

Пачыналася усё ў 1970-я. Вось што расказвае ўжо пісьменнік Васіль Ткачоў, які зараз жыве і працуе ў Гомелі:

― Упершыню я пабываў ва Удмурціі ў 1971 годзе, пасля заканчэння другога курса аддзялення журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча. Перад гэтым, зімою, аднакурснік Валерый Глездзянёў гасцяваў у маіх бацькоў, у вёсцы Іскань Быхаўскага раёна, дзе яны настаўнічалі ў мясцовай школе. А летам дамовіліся наведацца ў краіну «вечна зялёных памідораў», як жартуючы называў Валера свой родны край. Спярша я зазірнуў дадому, а потым ірвануў у невядомую і загадкавую для мяне Удмурцію. Валера сустрэў мяне ў Мажге (станцыя, праз якую цягнікі ідуць на Далёкі Усход). А пасля паехалі ў вёску Юм’яшур Алнашскага раёна. Па дарозе заехалі ў раённую газету, дзе Глездзянёў да арміі працаваў літсупрацоўнікам. Паабяцалі, што будзем пісаць у «раёнку»… У Юм’яшуры я пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай ― Валянцінай.

Прайшлі гады. Так здарылася, што і Валерый Глездзянёў, і Васіль Ткачоў служылі ваеннымі журналістамі ў Туркестанскай ваеннай акрузе. Разам з сем’ямі наведваліся ва Удмурцію. Валерый Глездзянёў і пазнаёміў свайго беларускага сябра з народным паэтам Удмурціі, галоўным рэдактарам дзіцячага часопіса «Кізілі» Германам Хадыравым. У Васіля Ткачова да гэтага часу ўжо была кніга апавяданняў для самага юнага чытача ― «Хітры Данік». І Герман Аляксеевіч прыцягнуў калегу да актыўнага супрацоўніцтва ва ўдмурцкім дзіцячым часопісе «Кізілі».

― Калі я перабраўся з Сярэдняй Азіі на радзіму, у Гомель, мяне запрасілі да ўдзелу ва Усесаюзнай нарадзе маладых пісьменнікаў у Каралішчавічах, ― расказвае Васіль Ткачоў. ― Тады і пазнаёміўся з удмурцкім празаікам Пятром Чарновым. Сябраваў таксама з удмурцкімі пісьменнікамі Уладзімірам Раманавым, Міхаілам Фядотавым, Анатолем Дзям’янавым. Тады пазнаёміўся і з Вячаславам Ар-Сяргі. Разам выступалі перад чытачамі, ездзілі па рэспубліцы. Пасля Чарнобыльскай трагедыі я вазіў ва Удмурцію гомельскіх дзяцей на аздараўленне… Памятаю і літаратурнае свята ў райцэнтры Краснагор’е. Валодзя Раманаў, як і я, ― апантаны грыбнік. Здаралася паўза паміж выступленнямі, мы ішлі ў лес. Аднойчы ідзём па гравійцы ў грыбы, а насустрач ― трактар «Беларус». Валодзя мне і гаворыць: «Твой зямляк, Васіль…»

А слаўны сын Удмурціі журналіст, публіцыст Валерый Глездзянёў загінуў у Афганістане. Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі (яшчэ адным ордэнам Чырвонай Зоркі быў адзначаны пры жыцці). Пахаваны ў Ташкенце. Васіль Ткачоў разам з жонкай і сынам пабываў на магіле сябра. Пра лёс яго напісаў вялікі нарыс «Варзінка ― выток ― рака». Напоўнены болем, перажываннямі пра страту, аповед быў надрукаваны ва ўдмурцкім літаратурна-мастацкім часопісе «Молот», у калектыўным зборніку, прагучаў па рэспубліканскім радыё… Зусім нядаўна пазваніў Вячаслаў Ар-Сяргі:

― Чытаю ў перакладзе на рускую мову новыя п’есы Васіля Ткачова. Збіраюся нешта прапанаваць нашаму тэатру.

А я ўспомніў факты з літаратурнай, тэатральнай гісторыі. Ішлі ж у свой час у Іжэўску спектаклі па п’есах беларускіх драматургаў Кандрата Крапівы, Кастуся Губарэвіча, Аркадзя Маўзона, Андрэя Макаёнка…

Трэба яшчэ дадаць і тое, што Вячаслаў Ар-Сяргі, пабываўшы ў Беларусі, напісаў цыкл вершаў, прысвечаных Беларусі, ― а дакладней: пухавіцкай вёсцы Зацітава Слабада, чэрвеньскаму паселішчу Камісарскі Сад, проста беларускай старонцы… Таксама В. Ар-Сяргі пераклаў на удмурцкую мову урывак з прадмовы Францыска Скарыны да кнігі “Юдзіф”.

Алесь Карлюкевіч

Фота: myudm.ru

Прочитано 339 раз Последнее изменение Воскресенье, 29 Октябрь 2017 17:24
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии