Суббота, 22 09 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Беларускую песню спяю…

Адкрыўшы на партале “Созвучие: литература и публициста стран Содружества» старонку, прысвечаную народнаму пісьменніку Удмурціі Вячаславу Ар-Сяргі, мы кіраваліся рознымі нагодамі. Але самая першая і найважнейшая – сувязь гэтага літаратара з Беларуссю, беларускімі пісьменнікамі. Таленавіты удмурцкі празаік, паэт, перакладчык, кінасцэнарыст, драматург, валодае ўнікальным дарам – ён цікаўны да іншых народаў і іншых культур. Літаратурны ландшафт яму патрэбны ў судакрананні з падарожжамі. У яго сапраўдная ў душы і сэрцы – душэўная мастацкая геаграфія… Вось і з Беларуссю Вячаслаў не можа не сябраваць… Яшчэ летась “звяздоўская” пошта прынесла вось гэты верш… Спярша – у падрадкоўным перакладзе з удмурцкай на рускую мову. Газета звярнулася да лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міколы Мятліцкага з просьбай пераўвасобіць твор на нашу родную мову…    

Да Мікалая Міхайлавіча звярнуліся не выпадкова. Ён і раней перакладаў паэзію Вячаслава Ар-Сяргі, які ў 2008 годзе прыязджаў у Беларусь на традыцыйны міжнародны круглы стол айчынных і замежных пісьменнікаў “Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго”, прымаў удзел у Дні беларускага пісьменства ў Барысаве. Вершы Вячаслава Ар-Сяргі друкаваліся ў “Полымі”. А па-руску – у часопісе “Всемирная литература». Тады ж, у 2008 годзе, Вячаслаў Васільевіч перазнаёміўся са многімі беларускімі літаратарамі, шмат з кім пасябраваў. Зараз, калі часам піша па электронцы, згадвае светлай памяці паэта Юрыя Міхайлавіча Сапажкова. Згадвае іншых літаратараў, з кім яму давялося пазнаёміцца… Нейкае душэўнае, сардэчнае яднанне атрымалася ў Вячаслава з беларускім паэтам Віктарам Гардзеем. Яны, як памятаю, не толькі пра Беларусь і літаратуру гутарылі, але і пра нашаму Віктару Гардзею знаёмую раку Каму. Пра знаёмае абодвум Прыкам’е пагаварылі. Так спакваля ў Віктара Канстанцінавіча і шлях скіраваўся да перакладу кнігі вершаў удмурцкага паэта. І летась Выдавецкі дом “Звязда” кнігай Вячаслава Ар-Сяргі “Ранішні вецер у акне” адкрыў серыю “Сябрына: паэзія народаў Расіі”. Хацелася б убачыць у гэтай серыі і паэтаў з іншых нацыянальных літаратур Расіі. Выдавалі ж некалі па-беларуску калмыкаў Давіда Кугульцінава, Міхаіла Хонінава, татараў Закі Нуры, Мусу Джаліля, аварца Расула Гамзатава… Дык чаму б зараз не перакласці і не выдаць на беларускай мове татараў Роберта Мінуліна, Рэната Харыса, чачэнцаў Лулу Куні, Адама Ахматукаева, калмыкаў Веру Шуграеву, Эрдні Эльдышава, Рыму Ханінаву, балкарца Саліха Гуртуева..?! Іх выдатна ведае не толькі свая родная старонка. Іх чытаюць, іх друкуюць у перакладзе на рускую і іншыя мовы па ўсёй Расійскай Федэрацыі.

…У тую амаль дзесяцігадовай даўнасці паездку па Міншчыне наш удмурцкі сябра пабываў у вёсках Мётча Барысаўскага, Блужа, Блонь, Зацітава Слабада, горадзе Мар’іна Горка Пухавіцкага, гарадскім пасёлку Смілавічы Чэрвеньскага раёнаў, у самім Чэрвені. З вялікай цікавасцю ў Блужы ў школьным музеі распытваў пра Героя Савецкага Саюза воіна-“афганца” Мікалая Чэпіка. Была ў гэтых роспытах асаблівая нагода… У сярэдзіне 1980-х Вячаслаў служыў у войску у Туркестанскай акрузе, дакладней – у Ашхабадзе, з многімі беларусамі поруч. А дывізія, куды камсамольцаў Іжэўска і іншых удмурцкіх ваколіц накіроўвалі, была адмысловая – у ёй рыхтавалі папаўненне для савецкага кантынгента ў Афганістане… У тае дывізіі і іншая была гісторыя. У час вялікай айчыннай вайны яна насіла такую назву – 357-я стралковая… Сфарміравалася ў Іжэўску. Складалася ў значнай ступені з удмуртаў. І ў 1943 – 1944 гг. вызваляла Беларусь ад паганых фрыцаў. Народны пісьменнік Удмурціі Міхаіл Лямін, які сам ваяваў у складзе гэтага злучэння, напісаў пра беларускі шлях 357-й кнігу “Чатыры гады ў шынялі”. Так што, кропак судакранання з Беларуссю ў Вячаслава Ар-Сяргі звышдастаткова.

З тае паездкі па Міншчыне нарадзілася і некалькі беларускіх вершаў Ар-Сяргі – “У Камісарскім Садзе”, “Зацітава Слабада”… Сёння яны вядомыя і беларускаму чытачу. Як і вось гэты праніклівы, шчыры твор, з якім зараз і знаёмяцца чытачы “Созвучия».

Алесь Карлюкевіч

 

Вячаслаў АР-СЯРГІ,

народны пісьменнік Удмурціі

 

ВЕТРЫК – У БЕЛАРУСЬ

 

На Дзень Незалежнасці

Рэспублікі Беларусь

 

Беларусь, блаславёная Богам зямля,

Да цябе ветрам цёплым лячу я здаля –

Да тваіх, Беларусь, гарадоў

Цеплынёю душы я прыпасці гатоў…

 

Я праводжу сяброў у застолле,

Беларускую песню спяю…

Падару вам паклоны Прыкам’я,

А на памяць – і песню сваю!

 

Да сваіх беларусаў і ў вёсцы зайду,

Там на танец дзяўчыну-красу запрашу,

Да багатых сталоў у гасціны прыйду –

Ціха-мірна ў куце пасяджу…

 

Беларускаю радасцю поўны, –

Прагучала як голас святынь…

Дзень для добрага ветру – цудоўны,

Слёзы – ў дождж, і – цяплынь…

 

3 ліпеня 2016 года

 

З удмурцкай. Пераклаў Мікола Мятліцкі

Прочитано 460 раз Последнее изменение Пятница, 30 Июнь 2017 15:59
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии