Воскресенье, 24 10 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Чарадзейнае пяро і прывід класіка. Блізіцца 65-гадовы юбілей літаратурнага музея Якуба Коласа

  • Понедельник, 16 августа 2021 11:22

Адразу некалькі важных «коласавых» дат прыпадае на жнівень. Па-першае, дзень смерці Якуба Коласа: паэт сышоў з жыцця 65 гадоў таму, 13 жніўня 1956 года. Па-другое, 65-гадовы юбілей дома-музея пісьменніка, які адбудзецца 16 жніўня.

Аб нашым класіку сказана, здаецца, усё: літаратуразнаўцы аналізуюць творы, настаўнікі распавядаюць біяграфію, а прыхільнікі творчасці ў чарговы раз перачытваюць «Новую зямлю». Але візуалізаваць жыццёвы шлях пісьменніка дапамагаюць менавіта музеі. Напярэдадні юбілею музея «Звязда» сустрэлася з Марыяй Казакевіч — загадчыцай навукова-асветніцкага аддзела літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. 

Дом пісьменніка, нягледзячы на тое, што ён знаходзіцца ў самым цэнтры Мінска, удала «схаваўся» ад гарадскога шуму і мітусні. Здаецца, што гэты кавалачак зямлі нібы ўзялі з беларускай глыбінкі і казачным чынам перанеслі ў сталіцу. Стварэнню гэтай ілюзіі дапамагаюць старыя дубы, якія растуць у садзе. Пісьменнік пераехаў сюды ў 1944 годзе і пражыў тут да самай смерці.

Праз тры дні пасля смерці паэта, 16 жніўня 1956-га, была прынята пастанова «Аб увекавечанні памяці народнага паэта Якуба Коласа», адным з пунктаў якой было: стварыць у Мінску літаратурны музей Якуба Коласа Акадэміі навук БССР і філіял гэтага музея ў сяле Мікалаеўшчына.

— Для першых наведвальнікаў музей адчыніў свае дзверы 4 снежня 1959 года, — распавядае Марыя Казакевіч. — Штогод 13 жніўня, у дзень смерці Якуба Коласа, члены сям'і паэта, літаратары, грамадскія дзеячы, мастакі, навукоўцы, супрацоўнікі музеяў горада Мінска, а таксама ўсе неабыякавыя збіраюцца разам, каб ушанаваць памяць славутага пісьменніка.

Першым дырэктарам музея, а таксама захавальнікам і збіральнікам фонду стаў старэйшы сын паэта Данііл Канстанцінавіч Міцкевіч. Ён займаў гэтую пасаду дваццаць гадоў і за згаданы час правёў вялікую пошукавую работу. Першы паверх дома прысвечаны літаратурна-дакументальнай экспазіцыі. Там прадстаўлены фотаздымкі з сямейнага архіва, лісты Якуба Коласа, а таксама некаторыя экзэмпляры рэдкіх выданняў. Другі паверх мемарыяльны: падняўшыся па лесвіцы, вы зможаце ўбачыць пакоі, у якіх жылі сыны паэта, гасцёўню з вялікім раялем і, вядома ж, рабочы кабінет самога Якуба Коласа. Дарэчы, менавіта за тым сталом, падчас напісання ліста да сябра, у трынаццаць гадзін дваццаць хвілін, паэт памёр.

Сёння музей ладзіць шмат мерапрыемстваў. Як адзначае Марыя Казакевіч, многія актыўнасці накіраваны на моладзь: «Мы імкнёмся да таго, каб музей стаў своеасаблівай культурнай пляцоўкай для правядзення вольнага часу, а не пыльным архівам, як цяпер мяркуе моладзь».

«Крочым у школу разам з Коласам»: праект, адрасаваны дзеткам, якія вучацца ў пачатковай школе. Прэзентацыі, квэст-гульні, віктарыны, майстар-класы, тэматычныя заняткі, экскурсіі, а таксама разнастайныя віды творчай дзейнасці дапамагаюць раскрыць здольнасці, закладзеныя ў кожным дзіцяці з нараджэння, пазнаёміць з беларускай мовай, літаратурай і культурай.

«Кватэрнік у дзядзькі Якуба» — гэта сустрэчы з музыкантамі. На вечарыны запрашаюцца маладзёжныя музычныя гурты, літаратары-пачаткоўцы, акцёры, і кожны ахвотны можа завітаць у музей і далучыцца да сучаснай беларускай культуры.

«Мясцінамі Коласа ў Мінску» — пешаходная экскурсія па мясцінах, звязаных з паэтам. Можна наведаць дворык Акадэміі навук, на карысць якой Якуб Колас працаваў больш за трыццаць гадоў, прагуляцца да плошчы Якуба Коласа і ўбачыць помнік паэту і героям яго твораў работы Заіра Азгура. Затым у парку імя Максіма Горкага даведацца месцазнаходжанне даваеннага дома сям'і Міцкевічаў, пра дом Коласа на Старажоўцы, што сям'я паэта арандавала пэўны час у заможнага гаспадара Вільгельма Русецкага. Праз Свіслач ляжаў шлях да дома Янкі Купалы, з якім Коласа звязвалі гады шчырага сяброўства. Далей прайсці да Мінскага астрога, дзе паэт правёў тры гады ў зняволенні, даведацца пра Коласа-педагога каля Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Выпускныя і вяселлі ў доме Якуба Коласа. Пры папярэднім заказе ў музеі можна адзначыць важную дату. Раней вялікай папулярнасцю карысталася святкаванне вяселля ў доме пісьменніка. Калі малодшы сын Якуба Коласа Міхась Канстанцінавіч быў жывы, ён даваў маладым блаславенне на шчаслівае жыццё. Таксама маладыя падпісвалі пяром і чарніламі Коласа пагадненне на шлюб. Тыя паперы захоўваюцца ў музеі да гэтага дня.

Зразумела, што свае сляды Якуб Колас пакінуў не толькі ў Мінску. Нарадзіўся паэт у вёсцы Акінчыцы, сучасная тэрыторыя Стаўбцоўскага раёна. А вось раней гэтыя землі належалі самім Радзівілам, у той час бацька пісьменніка працаваў лесніком у іх уладаннях.

Сёння тыя хаты, у якіх жыла сям'я Міцкевічаў, таксама ператвораныя ў музеі. Іх асноўнай мэтай з'яўляецца адлюстраванне дзяцінства пісьменніка. Акрамя таго, філіялы знаёмяць з бытам беларускіх сялян.

Атрымліваецца, што элементы спадчыны паэта захаваліся ў розных месцах: і ў Стоўбцах, і ў мінскім доме, і ў самой сям'і Якуба Коласа. Каб азнаёміцца з усім гэтым, трэба будзе выдаткаваць не адзін дзень. Але вынік варты намаганняў. Хоць бы дзеля таго, каб у сваёй свядомасці зламаць школьны стэрэатып пра тое, што Якуб Колас — гэта толькі аўтар «Новай зямлі». Вам адкрыецца шмат цікавых фактаў пра яго і як пра рознабаковага творцу, і як пра чалавека. Ці ведалі вы, напрыклад, што Колас быў адным з першых уладальнікаў тэлевізара ў Беларусі? Або што ў яго было шэсць машын, кожная з якіх адпавядала рознаму перыяду ў жыцці (дарэчы, сам Колас падзяляў жыццё на кругі). У доме-музеі вам распавядуць аб усіх гэтых рэчах. А каб з'явілася дадатковая нагода завітаць на вуліцу Акадэмічную, анансуем адкрыццё часовай экспазіцыі. У дзень памяці паэта, 13 жніўня, пачала работу выстаўка пад назвай «Я — часовы вандроўнік...» На ёй прадстаўлены як фотаздымкі пісьменніка, так і рэчы з асабістага гардэробу.

Няхай юбілей музея не пройдзе незаўважаны.


Цікавыя факты

  • У доме-музеі жыве прывід. Супрацоўнікі музея мяркуюць, што гэта дух самога пісьменніка. Ужо не адзін раз розныя людзі чулі тагасветныя гукі: нібы па лесвіцы падымаецца пажылы чалавек. Супрацоўнікі прызнаюцца, што ў такія моманты ім робіцца крыху жудасна.
  • У дуб, які некалі пасадзіў сам Якуб Колас, трапіла маланка. На жаль, дрэва знаходзіцца ў аварыйным стане і ў хуткім часе яго прыйдзецца ссячы, бо інакш яно можа зваліцца на дом.
  • На тэрыторыі музея жыве вавёрачка Ядвіся. Калі вам пашанцуе сустрэць звярка, яго можна пачаставаць арэхамі.
  • Пяро, якім пісаў Колас, здзяйсняе жаданні. У гэтым прызнаюцца як самі наведвальнікі, так і супрацоўнікі музея. Трэба проста напісаць ім запаветную мару і набрацца цярпення. Такую магчымасць дом-музей дае раз на год: падчас «Ночы музеяў» ці ў Дзень усіх закаханых.
  • Калі пачалася вайна, Колас вырашыў з'ехаць з Мінска. Ён схаваў свае рукапісы і асабістыя рэчы ў сейфе, які закапаў на тэрыторыі парка Горкага. Ужо пасля вайны той сейф выкапалі і адчынілі. На жаль, рукапісы не захаваліся, але засталіся срэбныя чарачкі. Цяпер гэтая скрыня стаіць у кабінеце пісьменніка. Як кажуць супрацоўнікі музея, падняць яе вельмі складана.

Арына Карповіч

Здымкі з фонду музея

Крыніца: Звязда

Прочитано 3650 раз