Пятница, 17 09 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

«Галасы свету» часопіса «Полымя». Райнер Марыя Рыльке

  • Пятница, 04 декабря 2020 13:00

Пакора без няволі

Рыльке Райнер Марыя (1875—1926) — аўстрыйскі паэт і перакладчык з італьянскай, рускай і французскай моў. Нарадзіўся ў Празе. Навучаўся ў кадэцкім і вышэйшым ваенным вучылішчах, пасля — гандлёвым вучылішчы ў Лінцы, а ў 1895 годзе здаў экзамены на атэстат сталасці ў Празе. Першы зборнік вершаў «Жыццё і песні» выдаў у 1894 годзе. Наведваў лекцыі ў Пражскім, Мюнхенскім і Берлінскім універсітэтах. У 1897—1900 гадах шмат падарожнічаў, у тым ліку па Італіі і Расіі. З 1902 года пасяліўся ў Парыжы, нейкі час працаваў сакратаром у скульптара Радэна. З 1903 года вандраваў па Швейцарыі, Даніі, Францыі, Германіі, Італіі, а таксама краінах Паўночнай Афрыкі. У 1916 годзе праходзіў ваенную службу ў Вене. У 1917—1918 гадах жыў у Швейцарыі, дзе выступаў з публічнымі чытаннямі сваіх вершаў і дакладаў. Пачынаючы з 1923 года падоўгу знаходзіўся ў санаторыі на Жэнеўскім возеры ў сувязі з пагаршэннем здароўя. Памёр 29 снежня 1926 года ад лейкеміі.

 

АДВЕНТ

Сняжынак статкі Вецер пасвіць

па лесе, як пастух Зімы,

і мрояць елачкі: «Пашчасціць,

у строй святы ўбяромся мы».

І пільна слухаюць ялінкі,

мо белым шляхам хтось ідзе,

і ў Ноч Святую мкнуць галінкі,

растуць насустрач ёй штодзень.

 

ДАБРАВЕШЧАННЕ

Словы анёла

Бог не наблізіў да сябе

нікога нават з нас.

Але дабраславіў Цябе

Ён у дзівосны час:

ні ў воднай столькі між жанок

не йдзе ад рук святла.

Я — дзень, жывой вады глыток,

Ты дрэвам узрасла.

Стаміўся я, шлях доўгі мой,

Даруй, бо не сказаў:

Той, хто з каронай залатой,

нібыта сонца ззяў.

Табе, што мроіла здавён,

нябеснага пасла

шле з весткаю цудоўнай Ён:

Ты дрэвам узрасла.

Я крылы разгарнуў свае,

Запоўніў Твой дамок,

але ледзь бачны я Табе,

нібы глядзіш здалёк.

І больш самотнай у сваім

жыцці Ты не была;

я — подых ветрыку ў гаі,

Ты дрэвам узрасла.

Анёлы ўсхваляваныя,

іх радасць не суняць:

вялікае, жаданае

час надышоў прыняць.

Адбыўся сон Твой, я кажу,

што бачыла шмат год,

і наспявае час, гляджу,

Табе прынесці плод.

Нядоўга ўжо чакаць пары

найбольшай з брам усіх

адчыненай быць. Унутры

Цябе, нібыта ў гушчары,

гук слоў анёльскіх сціх.

Сноў безліч падсумоўвае

узмах майго крыла.

Чакае Бог, цудоўны ён…

Ты дрэвам узрасла.

 

АЎТАПАРТРЭТ 1906 ГОДА

 

Шляхецтва старажытнага адзнакай

аздоблены разрэз яго вачэй.

У іх сінеча й страх, як у дзяцей,

пакора без няволі аніякай,

як у службоўцаў і жанчын хутчэй.

Вялікі рот усё казаць прасцей

прывучаны, без выдумкі ўсялякай.

А лоб у засені схаваўся мяккай —

прыкмета ўсіх удумлівых людзей.

Праз час вышэйзгаданае адным

назваць пакуль што мне не выпадае,

яго яшчэ нічога не яднае —

ні радасці, ні беды — толькі мае

усё глыбокі змест, схаваны ў ім.

 

Пераклад з нямецкай Андрэя Касцюкевіча

 

Чытайце больш цікавых матэрыялаў у часопісе «Полымя» і на сайце выдання

Прочитано 3713 раз