Среда, 01 12 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Канкурэнт Багдановіча — Альфонс Петрашкевіч

  • Вторник, 17 августа 2021 08:02

На пытанне «Як становяцца класікамі літаратуры?» адказ, хутчэй за ўсё, будзе прадказальны: «Дзякуючы сваім творам». Цалкам слушна, нельга не пагадзіцца. Пры гэтым многія не задумваюцца, што за сённяшнім агульнанародным прызнаннем, хрэстаматыйнасцю мастацкай спадчыны стаяць у мінулым рэальныя, незаўважныя старонняму воку асобасныя механізмы падтрымкі, папулярызацыі, урэшце — культывавання творчасці таго ці іншага аўтара.

Новы час — новыя героі

Храналагічны прамежак з 1917 да 1920 года адметны для Беларусі рэальнымі крокамі на шляху дзяржаўнага будаўніцтва. На такі гістарычны шанец у нашаніўскі, культурна-асветніцкі перыяд, не было практычна ніякіх спадзяванняў і планаў. Сцішанае вайной літаратурнае жыццё саступіла месца росквіту публіцыстыкі, прысвечанай бурным абмеркаванням лёсу народа на зломах гісторыі. Статус цэнтра беларускага культурнага і палітычнага жыцця спакваля пераходзіць ад Вільні да Мінска.

На парадку дня ў гэты час паўставала неабходнасць стварэння пантэона нацыянальных герояў. Першая сусветная вайна, рэвалюцыйныя хваляванні, грамадзянскае супрацьстаянне спарадзілі незлічоную колькасць трагічных ахвяр. Невылечныя на той час хваробы бралі сваю даніну.

Увага архітэктараў нацыятворчасці факусіравалася на нядаўніх стратах у падзвіжніцкай працы, асабліва — у мастацкай літаратуры. Выпрацоўваўся своеасаблівы «жыційны канон» новага часу, якому ўжо не адпавядала шляхецкае паходжанне большасці беларускіх пісьменнікаў ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў. На першае месца, яшчэ задоўга да паўнамаштабнага ўсталявання  бальшавіцкай ідэалогіі, выходзіў сялянскі (радзей — пралетарскі, разначынскі) радавод. Запатрабаванымі аспектамі біяграфіі прэтэндэнта на залічэнне ў нацыянальны пантэон сталі акалічнасці, якія традыцыйна ўпісваліся ў каардынаты асаблівай людской увагі і спагады, — сіроцтва, цяжкая праца, невылечная хвароба, ранняя смерць.

Альфонс Петрашкевіч і Максім Багдановіч падобны не толькі сваімі лёсамі і творчасцю. Заўчасны адыход абодвух аўтараў напярэдадні рэзкіх сацыяльных размежаванняў і супрацьстаянняў прадвызначыў іх палітычную неангажаванасць. Пры гэтым ад самага пачатку А. Петрашкевіч меў некаторыя значныя перавагі перад «паэтам з берагоў Волгі». Выхадзец з ваколіц Крайска, што ў цяперашнім Лагойскім раёне Мінскай вобласці, у вачах грамадскасці быў сваім, мясцовым самародкам, заўважаным і выхаваным у нацыянальным духу дзякуючы маральнай падтрымцы беларус-кіх інтэлектуальных лідараў.

Творчыя памкненні таленавітага паэта звярнулі на сябе ўвагу сучаснікаў. Вельмі яскрава пра гэта сведчыць верш Андрэя Зязюлі «Альфонсу Петрашкевічу», змешчаны ў газеце «Беларус», што выдавалася ў Вільні лацінскім шрыфтам, ад

17 ліпеня 1915 года. Эпістала вытрымана ў нашаніўскім духу культывавання фальклорных вобразна-выяўленчых сродкаў. Пажаданне аўтара, адрасаванае «Гуслярочку», — зайграць «…дзіўныя песні // Аб шчаслівай долі, // Да якой мы на прадвесні // Рвёмся з пут няволі». Выказана аптымістычнае спадзяванне, што «Леты гора перакліча, // Шчасця пажадае, // Да работы ўсіх пакліча // Думка маладая».

На асобе Альфонса Петрашкевіча пасля вечнага спачыну сканцэнтравалася беспрэцэдэнтная ўвага нацыянальнай перыёдыкі. Публікаваліся не толькі яго кароткія жыццяпісы, хваласпеўныя характарыстыкі творчасці, але і невядомыя вершы, урэшце — фотапартрэт, рэдкая па тым часе падзея, не дазнаная сучаснымі даследчыкамі.

Калі звярнуцца да фондаў вядучых кніга- і архівасховішчаў Беларусі, супаставіць матэрыялы акадэмічных, даведачных, а таксама рарытэтных выданняў, то можна заўважыць досыць парадаксальную сітуацыю: на многія дзесяцігоддзі з фокусу ўвагі даследчыкаў поўнасцю выпала нацыянальная перыёдыка некаторых мінулых гадоў. А менавіта зварот да надрукаванага слова дае сёння рэальныя магчымасці запаўнення гістарыяграфічных лакун беларускай літаратуры.

Для спецыялістаў архіўнай справы вядома такое паняцце як затуханне тэкстаў, што маюць дрэнную аснову і слабую графіку. У сітуацыі з аб’ектам нашай увагі гэтае вызначэнне можна пашырыць на розныя крыніцы інфармацыі.

Падрыхтоўчыя накіды

У «Анталогіі беларускай паэзіі» (1961, т. 1) пра А. Петрашкевіча (Ф. Калінку) усяго некалькі радкоў: «…вясковы паэт-самавук. Нарадзіўся ў 1894 г. і памёр у 1918. Больш дакладных біяграфічных звестак няма. Друкаваўся на старонках “Нашай Нівы”». Творчасць праілюстравана трыма вершамі: «Не смейся», «Песня» («Ой, пайшоў бы ў свет далёкі…»), «Песня» («Не хадзі на горку…»).

Не нашмат пабагацела інфармацыя ў першым томе «Анталогіі…» за 1993 год. Дадаўся яшчэ адзін псеўданім (Пранцішак Красоўскі), пералік выданняў, з якімі супрацоўнічаў паэт, а таксама дробныя штрыхі да абмалёўкі творчасці: «З 1911 г.друкаваў лірычныя і гумарыстычныя вершы…»; «распрацоўваў класічныя паэтычныя формы». Ілюстратыўная вершаваная траістасць вытрымана і ў гэтым выданні: «Не смейся…», «***Скачы, браце, ў роднай хаце», «***Хацеў бы ветру быць я братам».

Куды больш разгорнутыя звесткі пра жыццё і творчасць Альфонса Петрашкевіча прадстаўлены ў біябібліяграфічным слоўніку «Беларускія пісьменнікі» (1995, т. 5). Постаць паэта пачала набываць больш-менш канкрэтныя абрысы, хаця і ў гэтым, і ў названых вышэй выданнях адсутнічае яго фатаграфічная выява. Названа дата і месца спачыну — 20 мая 1918 года, фальварак Вінцантова Вілейскага павета Віленскай губерні; прыведзена новая фактаграфія: шляхецкае паходжанне, ранняе сіроцтва, выхаванне ў дзядзькі-селяніна, атрыманне пачатковай адукацыі, праца на зямлі і інш. У ранніх вершах, напісаных на рускай і польскай мовах, А. Петрашкевіч высмейваў норавы засцянковай шляхты. Прыкладна ў 1909 годзе пад уплывам Змітрака Бядулі паэт трывала стаў на беларускі літаратурны шлях. «Услед за М. Багдановічам, — адзначана ў даведніку, — А. Петрашкевіч паспяхова культываваў такія паэтычныя формы, як трыялет, раманс, элегія…» На жаль, засталіся ў рукапісах, лёс якіх невядомы, «каля ста вершаў, некалькі невялікіх ліра-паэм…»

Архіўныя зацемкі

Мінская газета «Беларускі шлях» ад 28 мая 1918 г. паведамляла на сваёй першай старонцы сярод галоўных навін: «Прыйшла да нас сумная вестка, што 20 г.<этага> м.<есяца> скончыўся ў засценку Вінцэнтава, Крайскай вол.<асці> Вілейскага павету ад запалення плуцу наш малады пясняр А. Петрашкевіч (Ф. Калінка)».

Як можам пераканацца, назва роднай мясціны сучаснікамі паэта фіксавалася ў трохі адрозным варыянце: фальварак Вінцантова / засценак Вінцэнтава. Указанне дакладнай прычыны смерці («запаленне плуцу») гаворыць аб блізкім знаёмстве аўтара допісу з нядаўна спачылым, а назва хваробы (пакуль не высветленай) мае відавочны рэгіянальны характар.

Перад намі не проста некралог, а ўзнёслая характарыстыка творчасці: «Паэзія яго — шчырая, простая, пісаная мазольнаю рукою маладога селяніна-хлебароба. Гэта — скромны салоўка беларускіх зялёных далін, кволага бярэзніка ля рэчкі. Вішнёвы сад, зялёны дубок, язмін, жаўронак, думкі ратая, бытавыя абразкі засцянковай шляхты — матывы яго паэзіі».

Некалькімі сказамі акрэслены цяга да ведаў, уласная асветніцкая дзейнасць спачылага: «Калінка, кончыўшы толькі народную школу, рваўся да навукі ў горад, але варункі жыцця беднага ратая рэдка каму гэта пазваляюць»; «…на ўсёй сваёй ваколіцы шырыў беларускае друкаванае слова і беларускую ідэю». У газеце «Беларускі шлях» ці не ўпершыню ў гісторыі, яшчэ задоўга да стварэння першых нацыянальных літаратурна-мастацкіх аб’яднанняў, словы спачування выказаны ад майстроў пяра як асобнай творчай карпарацыі: «Рэдакцыя ад імяні ўсіх беларускіх пісьменнікаў выказвае свой шчыры сум-жаль бацькам і сваякам без пары спачыўшага навекі маладога паэта».

Газета «Вольная Беларусь» (Мінск) ад 9 чэрвеня 1918 года адвяла асноўную выдавецкую плошчу сваёй перадавіцы пад артыкул «Дзве страты»: «Вось ужо другі год, як вясна адбірае ў нас нашых лепшых людзей. Летась у весну, 26 (12) мая, пайшоў да Бога свечкаю М. Багдановіч, а сяголета ў адзін дзень, 20-га мая, памерлі двое: К. Каганец і новы пясняр, малады вясковы хлопец Ф. Калінка (А. Петрашкевіч)».

Даруем невядомаму журналісту памылку ў даце спачыну аўтара «Вянка» (на самай справе — 25 мая), прапусцім напісанае ім пра жыццёвы і творчы шлях Каруся Каганца, вылучым толькі некаторыя характарыстыкі творчасці Альфонса Петрашкевіча: «У яго песнях адбіваюцца ціхія, задуменныя беларускія пейзажы, простыя думкі селяніна-хлебароба, каторы рысуе быт свайго жыцця. Яго сумная і падчас гумарыстычная паэзія паказвае нам у простых, ніштучных формах шчырасць душы, парыванні да чагось лепшага, светлага і святочнага».

Мінскі часопіс «Варта» (1918, №1, кастрычнік) змясціў на сваіх старонках два невялікія нарысы, падпісаныя крыптанімам С. П., — «Карусь Каганец (Кастравіцкі)» і «Альфонс Петрашкевіч (Ф. Калінка)». На жаль, з тэкстамі гэтых публікацый нам пакуль што не ўдалося азнаёміцца. Адзіны экзэмпляр «Варты», які захоўваецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі (электронная копія даступна ў інтэрнэце), не поўны, патрэбныя старонкі адсутнічаюць. Параўноўваючы тэксты папярэдніх публікацый, напрошваецца гіпотэза, што іх аўтар — адзін чалавек, а за крыптанімам С. П. стаіць Самуіл Плаўнік (пісьменнік Змітрок Бядуля).

Уцалелыя старонкі часопіса дораць яшчэ адну знаходку — «Многа зорак…» Ф. Калінкі з падзагалоўкам «Пасмертны верш», пазнакамі часу і месца стварэння: 1915 год, засценак Вінцэнтава.

 

Многа зорак ў небе ясных

                         Не злічыць ніколі,

Мала дзён у жыцці шчасных —

                         Нешчаслівых болей.

Пагляджу на зоркі ў ночы

                         Радасць там і воля…

І заплачуць слязьмі вочы

                         Ад нуды ды болю.

І так труднінька жыць стане,

                         Хоць завый з ваўкамі…

Ах, ці скора доля з’яне,

                         Запануе з намі!..

 

Завершанасць партрэта

Першы нумар часопіса «Рунь» (поўная назва — «Рунь беларускае літаратуры і мастацтва») ад 2 мая 1920 года — гэта творчы маніфест выдання. У ім змешчаны своеасаблівы праграмны дыптых: верш Янкі Купалы «У вырай!» і эсэ Змітрака Бядулі «Рунь». Менавіта ў гэтым выпуску на сёмай старонцы змешчаны матэрыялы, прысвечаныя другім (!) угодкам з дня смерці А. Петрашкевіча (Ф. Калінкі).

Паўстае завершанае біяграфічна-творчае трыадзінства. Перад намі вялікі партрэт паэта, з якога глядзіць дапытлівы юнак з кнігай у левай руцэ. (Можна з вялікай верагоднасцю сцвярджаць, што ў распараджэнні выдаўцоў быў арыгінал здымка.) Невялікі тэкст з характарыстыкай жыцця і творчасці А. Петрашкевіча ўяўляе сабой сціслы пераказ памятных публікацый 1918 года. Верш «Перасцярога (Беларускім дзеткам)» — своеасаблівы запавет заўчасна спачылага паэта:

 

Дзеткі, дзеткі, не глумеце

Гэтых кветак-васількоў,

Без патрэбы іх не рвеце

І не керзайце вянкоў.

 

І не кідайце на шляху,

Падарожны каб таптаў,

Каб бязсільных і бяз паху

Вецер з пылам разам гнаў.

 

І не кідайце, каб сонца

Іх сушыла, іх пякло,

Лепш нясіце на ваконца,

Дзе спакойна і — святло…

 

Хай памруць яны ў спакою,

Не стаптаныя нікім,

І паблякшаю красою

Хай напомняць прышласць ўсім.

 

У «Гісторыі беларускай літаратуры» (Вільня, 1920), падрыхтаванай Максімам Гарэцкім, сціслыя звесткі пра Альфонса Петрашкевіча ў парытэтным тэкставым аб’ёме змешчаны на адной старонцы з інфармацыяй пра Антона Навіну, Сяргея Палуяна, Старога Уласа і інш. Ігнат Дварчанін апублікаваў у «Хрэстаматыі новай беларускай літаратуры (ад 1905 году)» (Вільня, 1927) два вершы паэта — «Перасцярога» і «***Скачы, браце, ў роднай хаце…» На гэтым, па сутнасці, і спынілася ўваходжанне Філафея Калінкі ў гісторыю нацыянальнага пісьменства.

Спадчына аўтараў, згаданых М. Гарэцкім побач з А. Петрашкевічам, была сабрана і вернута да чытача ў 1990-х гадах. Думаецца, выданне кнігі творчага пабраціма М. Багдановіча значна ўзбагаціла б наша бачанне літаратурнага працэсу перыяду фарміравання нацыянальнай класікі.

Мікола Трус, кандыдат філалагічных навук

Ілюстрацыя: Альфонс Петрашкевіч. Фота з часопіса «Рунь», 1920 г., №1.

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 4341 раз