Суббота, 31 07 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Літаратурная памяць Смілавіч

Смілавічы – старажытнае мястэчка на Чэрвеньшчыне. Зусім непадалёку ад Мінска. Якраз па дарозе на Магілёў. Мажліва, блізкая адлегласць і была прычынай таго, што сюды даволі часта – і ў дзве мясцовыя школы, і ў сельскагаспадарчы тэхнікум, і ў мясцовае прафтэхвучылішча – завітвалі на сустрэчы беларускія паэты, празаікі… Хто ж і калі гасцяваў у Смілавічах з кагорты беларускіх пісьменнікаў розных пакаленняў? Давайце паспрабуем узнавіць вось такую літаратурна-краязнаўчую інфармацыю.

Ад мясцовага краязнаўцы, аўтара некалькіх кніг (і, заўважым, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі) Івана Ярашэвіча некаторы час назад (на вялікі жаль, Іван Паўлавіч памёр) удалося даведацца, што яшчэ ў 1971 годзе ў СПТВ № 23 выступала паэтэса Вера Вярба. Яна падпісала і кніжку вершаў «Высакосны год»: «Чытачам бібліятэкі СПТВ № 23 на добры ўспамін ад аўтара». Аўтограф датаваны 1 красавіка 1971 года.

А ў 1973 годзе ў Смілавічы наведаўся паэт, празаік, перакладчык Мікола Хведаровіч. З той сустрэчы, як і сёння яшчэ расказваюць у Смілавічах, у памяці засталося тое, што ён вельмі шмат расказваў навучэнцам і выкладчыкам сельгастэхнікума пра свае шматлікія сустрэчы з пісьменнікамі, найперш – з вядомымі беларускімі літаратарамі.

З пісьменніцкай кагорты частым госцем у Смілавічах быў паэт-песеннік Алесь Ставер. Спрыяла гэтаму і тое, што ў тэхнікуме выкладчыкам працаваў яго стрыечны брат – Аляксей Мікалаевіч. Сын педагога Уладзімір вось што ўспамінае пра тыя сустрэчы: «Вельмі любіў паэт прайсціся па парку Ваньковічаў, падыхаць ліпавым водарам». У 1975 годзе Алесь Ставер падарыў бібліятэцы тэхнікума сваю кнігу «Лірыка».

У 1980 годзе перад вучнёўскай моладдзю выступаў паэт Пятрусь Макаль. Ён падарыў бібліятэцы кнігу паэзіі «Заручыны».

Не мінаў Смілавіч у розныя гады і беларускі паэт Алесь Пісарык (нарадзіўся ў 1954 годзе; некаторы час жыў непадалёку – у вёсцы Дукора Пухавіцкага раёна). Алесь Пісарык працаваў у юнацтве ў Смілавіцкім сельспажыўсаюзе.

У Смілавіцкай СШ № 1 памятаюць выступленні паэтаў Міколы Маляўкі і Міколы Мятліцкага. Наведвалася ў гэтую школу і пісьменніца-казачніца Алёна Масла, аўтар многіх кніг, адрасаваных дзецям. Дарэчы, сумесна з настаўнікамі і вучнямі яна прымала ўдзел у пасадцы дрэўцаў у школьным садзе.

Даспадобы Смілавічы прыйшліся і паэту, празаіку, перакладчыку Міколу Аўрамчыку. У свой час ён прымаў удзел у мерапрыемстве, прысвечаным творчасці празаіка Эдуарда Ярашэвіча, які доўгі час жыў у Смілавічах, у выніку захворванняў быў прыкуты да ложка.

Добра ведаюць жыхары сённяшняга гарадскога пасёлка празаіка, паэта, дзіцячага пісьменніка Генадзя Аўласенку. Ён працаваў у Смілавічах у ПТВ № 23. Тут і знайшоў сваю нявесту, ажаніўся. Зараз жыве ў Чэрвені. Па-ранейшаму займаецца літаратурнай працай. У розных выдавецтвах краіны выходзяць яго кнігі, найперш – адрасаваныя дзецям.

Выступалі ў розныя гады перад чытачамі ў Смілавічах фалькларыст Мікола Котаў, празаік Васіль Феранц, паэт Змітрок Марозаў. Зімою 1998 года прыязджала і паэтэса Валянціна Аколава. Дакладаная дата – 1 снежня. Чытала вершы пра каханне, іншыя творы – з кніг «Случарыны», «За тым лугам зялёненькім».

У бліжэйшы да нас час гасцяваў у Смілавічах паэт і празаік Леанід Дранько-Майсюк. Вось што сам пісьменнік успамінае пра Смілавічы: «… У Смілавічах выступаў некалькі разоў. Першыя два выступленні адбыліся ў пятніцу 4 лютага 2011 года – у СШ № 2 і ў Смілавіцкім сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі. Другі раз прыехаў у Смілавічы ў чацвер 19 траўня 2011 года таксама на два выступленні – у мясцовым каледжы і зноў у сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі. Трэцяя вандроўка прыпала на 1 верасня 2012 года – першая творчая сустрэча прайшла ў СШ № 2, другая сустрэча ў № 1. найбольш запомніліся тыя імпрэзы, якія весела адбываліся ў сельскагаспадарчым парфесійным ліцэі. Тады там працавалі слаўныя выкладчыкі – Корсік Юры Васільевіч, Дубовік Марыя Анатольеўна, Плахатнюк Святлана Паўлаўна. А свае выступленні ў ліцэі я пачынаў з такіх радкоў:

Жадаеш радасць мець?

Тады любой парою

У Смілавічы едзь –

І адпачнеш душою!..

 

Ніколі не старэй,

Квітней вясновым садам!

Шчаслівым будзь, ліцэй,

І ўсю Еўропу радуй!»

З літаратурных гасцей Смілавіч – і паэт Віктар Шніп. «Выступаў я ў Смілавічах у музеі Хаіма Суціна. Два ці тры разы…» Ведаю, што ў музей Хаіма Суціна наведваліся і празаік Алег Ждан, і паэтэса, празаік, журналістка Людміла Рублеўская.

У Смілавічах нарадзіўся 31 студзеня 1940 года празаік, краязнаўца Уладзімір Шулякоўскі, аўтар кніг «незвычайная карыда», «Козачка-шахматыстка», «Сяржант-сыравар», «Зуб мудрасці».

З мястэчкам, а сёння гарадскім пасёлкам Смілавічы звязаны лёсы празаіка Івана Клімянкова, Іллі Барысава, Міколы Корзуна, Вячаслава Зайцава, якія тут вучыліся ці працавалі. Сапраўды, паселішча ў шэрагу тых мясцін, якія прынята лічыць літаратурна-мастацкім, культурным гняздом.

 

Алесь Карлюкевіч

Выява: Смілавіцкі парк (Вікікрыніцы)

Прочитано 2880 раз