Понедельник, 29 11 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Мастацкія старонкі ваеннай газеты

  • Воскресенье, 20 июня 2021 13:36

22 чэрвеня 2021 года – 100 гадоў «Белорусской военной газете. Во славу Родины». Гісторыя выдання, якое самым цесным чынам звязана з гісторыяй беларускага перыядычнага друку, яшчэ і гісторыя беларускай літаратуры, беларускага кніжніцтва. Як і гісторыя беларуска-расійскіх літаратурных сувязяў.

Першым рэдактарам выдання быў, між іншым, грамадскі і палітычны дзеяч, публіцыст, літаратурны крытык Радзівон Шукевіч-Траццякоў (1893 – 1938), які пасля рэдагаваў і «Беларускую вёску». Лёс цікавага, можна сказаць, легендарнага чалавека завершыўся ў ГУЛАГу ў 1942 годзе.

З «Красноармейской правдой» звязаны многія беларускія пісьменнікі. Першая публікацыя Кандрата Крапівы адбылася менавіта ў гэтай газеце ў 1922 годзе – вершаваны фельетон «Жылі-былі». Пачатак Вялікай Айчыннай вайны сустрэў з рэдакцыяй ваеннай, а пасля франтавой газеты Міхась Лынькоў. Ён рэдагаваў газету «За Савецкую Беларусь!», якая адлюстроўвала падзеі на трох франтах – у тым ліку і на Заходнім, дзе друкаваным органам з’яўлялася «Красноармейская правда». У 1942 годзе ў газеце пачынаюць друкавацца раздзелы легендарнай паэмы Аляксандра Твардоўскага «Васіль Цёркін». З ваенным лёсам газеты звязана жыццё, служба, творчасць рускіх пісьменнікаў: Морыс Слабадскі, Аляксей Суркоў, Яўген Вараб’ёў… У газеце нёс службу мастак, графік Арэст Вярэйскі.

У час Вялікай Айчыннай вайны «Красноармейская правда» выходзіла яшчэ і на мовах іншых народаў Савецкага Саюза – узбекскай, таджыкскай, туркменскай, казахскай. І ў нацыянальных рэдакцыях гэтых выданняў, якія чыталі байцы ўжо 3-га Беларускага фронта, знаходзіліся таксама пісьменнікі. Мне пашчасціла ліставацца з таджыкскім літаратарам Фатэхам Ніязі, які напрыканцы 1980-х – у пачатку 1990-х гг. жыў у Душанбэ. І ў Ашхабадзе ў Туркменістане давялося некалькі разоў сустрэцца з Аннакулі Мамедкуліевым, супрацоўнікам туркменскай рэдакцыі. Дарэчы, яшчэ у час Вялікай Айчыннай вайны Аннакулі-ага напісаў і выдаў у Ашхабадзе на туркменскай мове (асобнай кнігай!) паэму «Канстанцін Заслонаў».

У першыя пасляваенныя гады ў газеце, якая ўжо стала называцца «Во славу Родины», служылі ваеннымі журналістамі беларускія паэты Пятро Прыходзька, Міхась Калачынскі. А напрыканцы 1960-х – у пачатку 1970-х гг. – выдатны рускі паэт Аляксандр Дракахруст, перакладчык на рускую мову твораў Рыгора Барадуліна, Анатоля Вялюгіна, Сцяпана Гаўрусёва, Сяргея Грахоўскага і іншых добра вядомых беларускіх творцаў.  У штаце рэдакцыі былі члены Саюза пісьменнікаў Мікалай Яромушкін, Іван Скарынкін, Пётр Харкоў, Георгій Папоў (пасля – шматгадовы намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Нёман»).

Пасады кіраўнікоў «Во славу Родины» займалі празаік Віктар Трыхманенка, паэт Рыгор Сакалоўскі (у 2005 – 2011 гг. Рыгор Васільевіч з’яўляўся старшынёю Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі). Нельга не згадаць аўтара кніг нарысаў, паэзіі і прозы Аркадзя Капілава, які аддаў ваеннай газеце каля трыццацці гадоў жыцця. Аўтарам шэрагу кніг з’яўляецца ваенны журналіст Міхаіл Нардштэйн. Адказным сакратаром газеты служыў падпалкоўнік Святаслаў Асіноўскі, які выдаў шэраг гісторыка-краязнаўчых кніг, прысвечаных сваёй роднай Аршаншчыне, прысвечаных знакамітым постацям нашай Айчыны.

У розныя дзесяцігоддзі аўтарамі газеты былі вядомыя беларускія пісьменнікі – Пімен Панчанка, Іван Шамякін, Пятрусь Броўка, Анатоль Сульянаў, Аляксандр Капусцін, Ганад Чарказян…

Так што, біяграфія газеты «Белорусская военная газета. Во славу Родины» ‒ гэта яшчэ і біяграфія літаратурна-мастацкага характару, пра што і хацелася ўзгадаць у стогадовы юбілей газеты.

Кастусь Ладуцька

Прочитано 8080 раз