Воскресенье, 13 06 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Памяці Касыма Нурбадава

30 красавіка 2021 года пайшоў з жыцця вядомы ў свой час на ўсё постсавецкай прасторы туркменскі дзіцячы паэт і празаік Касым Нурбадаў.

Так склалася, што ў яго жыцці прысутнічала шчырая прывязанасць да Беларусі, беларускай літаратуры. Мы пазнаёміліся з Касымам Нурбадавым у сярэдзіне 1980-х гадоў. І адбылося гэта дзякуючы нашаму земляку – Мікалаю Калінковічу, які і дагэтуль не аднойчы сустракаўся з Касымам, а на той час рыхтаваў у выдавецтве «Магарыф» сваю гісторыка-публіцыстычную кнігу. Нурбадаў працаваў у выдавецтве галоўным рэдактарам. Настаўнік па адукацыі, ён толькі яшчэ пераехаў у сталіцу Туркменістана. Друкавацца з вершамі пятнаццацігадовы юнак (а нарадзіўся Касым Нурбадаў 3 ліпеня 1951 года) пачаў у часопісе «Піянер» у 1966 годзе. Першая кніга – «Чэжмежыгім» («Мядзведзіца») выйшла ў Ашхабадзе ў 1979 годзе. У 1980 маладога літаратара прынялі ў Саюз пісьменнікаў СССР. У 1985 годзе выйшла з друку кніга «Калыска мора». Яе нараджэнню паспрыялі ўражанні, звязаныя з жыццём Касыма каля Каспійскага мора. Падзеяй у туркменскай дзіцячай літаратуры стала кніга К. Нурбадава «Белыя чайкі» (1989 год). А апошняя туркменская кніга нашага сябра пабачыла свет у 2009 годзе – «Дзень нараджэння Медзіны»… Лічы, што болей як дзесяцігоддзе не было ў яго сустрэч з чытачом. І ў туркменскай прасторы, і ў іншых старонках… А між тым, у 1980-я – на пачатку 1990-х гг. кнігі Касыма Нурбадава адна за другой выходзілі ў Маскве ў перакладзе на рускую мову. Выходзілі вялікі тыражамі. І мне ўжо падавалася, што паважаны літаратар набірае надзвычайную творчую сілу і па праву зойме ў туркменскай нацыянальнай літаратуры месца класіка дзіцячай літаратуры, народнага паэта Туркменістана Каюма Тангрыкуліева. Касым Нурбадаў абараніў і кандыдацкую дысертацыю – «Літаратурная спадчына Ахмет Ахундава-Гургенлі». Быў прызначаны дырэктарам Інстытута мовы і літаратуры імя Махтумкулі і намеснікам кіраўніка Цэнтра нацыянальнай культурнай спадчыны Туркменістана. Ды жыццё бывае пераменлівым…

У 2009, 2012, 2014 і 2015 гадах мне давялося пабываць у Туркменістане ізноў. І найперш са старых сваіх сяброў я імкнуўся пабачыць якраз Касыма Нурбадава. Ездзілі з ім на падземнае возера Бахардэн. Пабывалі ў Саюзе мастакоў Туркменістана. Для мяне адкрыццём стала тое, што туркменскага пісьменніка прынялі ў нацыянальны саюз мастакоў. Пра сувязь літаратуры і жывапісу, графікі, увогуле розных відаў мастацтва мы якраз і гутарылі шмат у адну з паездак. А яшчэ адкрыццём для мяне з тых сустрэч стала і тое, што ў 1970-я гг. Касым шмат ліставаўся з нашым беларускім паэтам-франтавіком Іванам Муравейкам, перакладаў яго вершы на туркменскую мову. Акрамя Міколы Калінковіча, з беларусаў Касым Нурбадаў быў добра знаёмы і з Валянцінам Лукшам, спрыяў выданню яго вершаванай кніжачкі ў Ашхабадзе…

Аказаў туркменскі літаратар і самую шчырую падтрымку выданню на туркменскай мове анталогіі беларускай дзіцячай літаратуры. З гэтай нагоды звяртаўся да мяне – і пры падрыхтоўцы каментарыяў да кнігі, і ў звязку з напісаннем прадмовы. Кніга пабачыла свет, здаецца, у 1989 годзе.

Нашы стасункі з туркменскім сябрам дапамаглі і таму, што ў Мінску ў серыі «Сяброўства без межаў» (яе распрацавалі ў выдавецкім доме «Звязда» для выдання перакладных кніг, адрасаваных дзіцячаму чытачу) пабачыла свет кніга вершаў і апавяданняў Касыма Нурбадава «Гулялек – Чырвоны мак, або Тонкі сшытак». Гулялек – імя туркменскай дзяўчынкі, якая толькі пайшла ў школу. Імя перакладаецца як «кветка мака». Не толькі ў туркменаў, але і ў шмат якіх іншых народаў мак – сімвал прыгажосці, дзявочай абаяльнасці. Трэба было бачыць, як Касым радаваўся нараджэнню гэтай беларускай кнігі. У той час яго імя амаль чамусьці не згадвалася ў Туркменістане. А паэт заставаўся паэтам. І займаючыся педагагічнай дзейнасцю ў архітэктурна-будаўнічым каледжы, Касым Нурбадаў прыклаў усе намаганні, каб стварыць у навучальнай установе музей Вялікага Фрагі – класіка туркменскай нацыянальнай паэзіі Махтумкулі. Мне пашчасціла пабываць у гэтым музеі, куды я перадаў і кнігу вершаў Махтумкулі ў перакладзе на беларускую мову. А выступаючы перад студэнтамі і выкладчыкамі – расказаў пра тое, якія сілы, намаганні для пераўвасаблення на беларускую мову паэзіі Махтумкулі прыклаў наш сучаснік вядомы беларускі паэт Казімір Камейша.

У кожнага – свой жыццёвы век, адмераны, відаць, яшчэ да нашага нараджэння… Касым Нурбадаў прайшоў па жыцці годна, з паважлівым стаўленнем да навакольнага свету. Выхаваў таленавітых дзяцей, якімі ганарыўся. І ўсе свае творчыя памкненні аддаваў шчыраму выхаванню юных чытачоў. Быў захоплены творчасцю, пошукам сваіх арыгінальных мастацкіх вобразаў, сімвалаў, параўнанняў… І яшчэ прыйдзе час, калі добрае, спагадлівае мастацкае слова Касыма Нурбадава будзе запатрабавана.

 

Алесь Карлюкевіч

Прочитано 1187 раз