Версия для печати

Персанальная выстава мастачкі Надзеі Пашкевіч

  • Воскресенье, 28 февраля 2021 12:46

...Прысвячаецца 130-годдзю з Дня нараджэння Максiма Багдановiча.  

Распачаўся юбілейны год для Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Стварэнне мастацкай выставы Надзеі Пашкевіч – гэта першы падарунак да дня нараджэння Максіма Багдановіча.

Творчасць Максіма Багдановіча поўная глыбокай эстэтычнай і лірычнай інтуіцыі, многія вершы літаральна насычаны аналітычнымі радкамі і складаюць разам цэласную праграму сапраўднага чалавечага жыцця, кодэкс духоўных паводзінаў чалавецтва. Кожны яго твор моцна ўздзейнічае на чалавека, пранікае ў самую душу і натхняе іншых творцаў.

Надзея Пашкевіч стварыла адмыслова мастацкія работы на вершы Максіма Багдановіча да яго юбілею. Застаючыся ў кантэксце роднай беларускай культуры, вобразнасці і музычнасці, паэзіі і прыроды, мастачка шукае і адкрывае для сябе новыя магчымасці для творчасці. Карыстаючыся традыцыйнымі  матэрыяламі алейнага і пастэльнага жывапісу, Надзея Пашкевіч надае сваім палотнам новае гучанне - з плаўнай цякучасцю ліній, тонкасцю танальных пераходаў, з воплескамі цёплых тонаў, часам абагульненымі вобразамі (фігурамі), часта з закручанай спіральнай кампазіцыяй. Такім чынам, мастачка стварае сваю новую метафізічную прастору, разлічаную на тонкае медытатыўнае ўспрыманне.

Па музычным настроi гэтыя работы блізкія да сачыненняў  Дэбюсі, Чурлёніса і іншых кампазітараў-сімвалістаў першай паловы 20-га стагоддзя. А ўласцівае шматлікім работам Надзеі кампазіцыйнае спіральнае развіццё ліній і каляровых плям надае карцінам дадатковую дынаміку і энергію, нагадваючы нейкую тонкую гульню прыродных стыхій і касмічных віхур.  Гэтая гульня ліній і колераў, уздзейнічаючы на гледача, не пакідае яго абыякавым. У цэлым, працуючы ў рэчышчы лірычнага (рамантычнага) абстракцыянізму, мастачка стварае свой вобразны свет ілюзій, бачанняў і станаў , што падобна нейкаму паэтычнаму настрою.

Невыпадкова, Надзея Пашкевіч сваю персанальную выставу прысвяцiла 130-годдзю выдатнага беларускага паэта  Максіма Багдановіча. І цэлая серыя работ мастака па сваім лірычным гучанні рэзаніруе з паэтычнымі радкамі паэта, што дазваляе гледачу яшчэ больш прачуць паэзiю і працу мастачкі. Сваёй выставай Надзея Пашкевіч аддае даніну павагі і любовi да паэзіі Максіма Багдановіча, праводзячы паралель паміж паэзіяй і жывапісам, паказваючы, што ўся творчасць - адзінства.

Адкрыццё выставы – 4 сакавіка 2021 года ў 19.00.

Выстава працуе з 01.03.2021 па 23.03.2021

Літаратурны музей Максіма Багдановіча

г.Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а

Тэлефон: 8 017 355 22 95

Прочитано 618 раз