Суббота, 31 07 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Працяг будзе: да юбілею Літаратурнага музея Максіма Багдановіча

  • Воскресенье, 11 апреля 2021 11:58

Не з калекцыі, не з унікальнага экспаната, а з росшукавай працы неабыякавых да Максіма Багдановіча асоб, з ідэі аб неабходнасці захаваць памяць пра славутага класіка, мемарыялізаваць яго спадчыну пачынаўся Літаратурны музей Максіма Багдановіча. Ініцыятарамі стварэння музея сталі бібліёграф Ніна Ватацы і пісьменнік, даследчык творчасці паэта Алесь Бачыла. 

Дарчы надпіс Максіма Багдановіча пад вокладкай яго зборніка.

Дарчы надпіс Максіма Багдановіча пад вокладкай яго зборніка

Літаратар быў апошнім, хто кантактаваў са спадчынніцай сям’і Багдановічаў Аўгустай Багдановіч, каму яна перадала матэрыялы з сямейнага архіва, быў знаёмы з іншымі нашчадкамі паэта. А ў жніўні 1971 года звярнуўся ў ЦК КПБ з прапановай аб стварэнні музея Максіма Багдановіча. Копіі многіх дакументаў перадала ў БДАМЛМ Ніна Ватацы за 10 гадоў да таго, як быў адкрыты музей. Яна не сумнявалася ў неабходнасці стварэння ўстановы і сваім аптымізмам пераконвала ў гэтым іншых.

Ідэя адкрыцця музея час ад часу абмяркоўвалася вышэйшым кіраўніцтвам Саюза пісьменнікаў, які ўзначальваў Максім Танк, і была агучана Пятру Машэраву. Нарэшце прынялі станоўчае рашэнне, і 1 красавіка 1981 года музей пачаў сваю дзейнасць як установа культуры. Але спачатку нават не меў уласнага памяшкання — першым яго прытулкам стаў Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы. Дырэктарам установы прызначылі Міхася Пазнякова. Пачаўся актыўны працэс збору і апрацоўкі экспанатаў для музея: заключаліся дамовы з Яраслаўскім музеем па абмене каштоўнымі рэчамі, шматлікія пытанні вырашаліся на ўзроўні Міністэрства культуры, вяліся перамовы аб продажы хаты ў фальварку Ракуцёўшчына, дзе Максім Багдановіч адпачываў улетку 1911 года (цяпер — філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры «Фальварак Ракуцёўшчына»), ладзілася адкрыццё помніка паэту ў Ракуцёўшчыне...

Сёння музейныя фонды налічваюць амаль 21 тысячу адзінак захоўвання. Сабраныя экспанаты адлюстроўваюць не толькі жыццё і творчасць Максіма Багдановіча —сведчаць аб станаўленні і развіцці беларускай літаратуры і культуры канца XIX — пачатку ХХ стагоддзяў і ранейшых перыядаў, ілюструюць складаны і шматгранны працэс засваення класічнай літаратурнай спадчыны ў духоўным жыцці грамадства. На мастацка-дакументальнай выстаўцы «40/40», што адкрылася да юбілею музейнай установы, прадстаўлены знакавыя прадметы з яе фондаў за кожны год існавання. Ідэя праекта — адабраць найбольш знакавыя прадметы за 40 гадоў па прынцыпе: 1 прадмет за 1 год.

— Прысутнічае і сорак першы экспанат, які прадстаўляе 2021 год: пачаўся адлік новага года нараджэння, — распавяла падчас экскурсіі навуковы супрацоўнік Валянціна Кароткіна. — Гэта альбом Барыса Аракчэева з яго замалёўкамі з камандзіровак у Яраслаўль. На падставе іх ён потым маляваў карціны. Экспанат трапіў у музей толькі сёлета. Гэта як сімвалічны крок наперад, які сцвярджае: працяг будзе!

Ручнік, вышыты траюраднай сястрой Максіма Багдановіча.

Ручнік, вышыты траюраднай сястрой Максіма Багдановіча

Першым экспанатам, што ўпрыгожыў выстаўку, з’яўляецца кніга Ніны Ватацы «Песні Максіма». Кожны з музейных прадметаў, акрамя таго, што сведчыць аб пэўным аспекце творчасці класіка, адначасова прадстаўляе тых асоб, якія дапамагалі ў стварэнні фондаў музея. Сярод самых каштоўных — выданні з аўтографамі Максіма. Так, пад вокладкай зборніка «Вянок» каліграфічным бісерным почыркам выведзена: «Тете Маше от любящего ее автора. М.Богданович». Побач пад шклом вітрыны — рэчы сям’і пісьменніка: выкшталцоная шкатулка цёткі Магдалены, гэблік — ім карыстаўся Адам Багдановіч, адзін з трох Слуцкіх паясоў, якія належаць фондам музея.

Некаторыя каштоўныя экспанаты — з тых, што трапілі ў музей у апошнія гады, — дэманструюцца ўпершыню. Напрыклад, выданне Паўла Шэйна «Матэрыялы для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю» за 1893 год, дзе змешчаны некалькі дзясяткаў матэрыялаў, напісаных Адамам Багдановічам па расповедах бабулі Рузалі. Кнігу перадаў у фонды Антон Брыль.

Малюнак Уладзіміра Караткевіча пад вокладкай кнігі Міколы Грынчыка «Максім Багдановіч і народная паэзія» летась ужо выстаўляўся. На твары, павернутым да ўяўнага суразмоўцы на тры чвэрці, у адчайных вачах, здаецца, адбіўся ўвесь трагізм свету…

— Калі глядзім на малюнак, азадачваемся, хто на ім: Максім ці Адам. Хутчэй за ўсё, Караткевіч маляваў Максіма, — распавядае Валянціна Кароткіна. — Пад малюнкам ёсць і аўтограф Уладзіміра Караткевіча. Тут жа выданне «Сатырыкона» 1912 года з творам Максіма Багдановіча пра сароку…

Самы стары па ўзросце экспанат на выстаўцы — з тых, што ні разу не экспанаваліся, — старадрук 1736 года выдання, напісаны на старапольскай і лацінскай мовах. Максім Багдановіч ставіўся да падобных рэчаў з заміраннем сэрца…

З мілых для вока рэчаў утварыўся і жаночы куток — прадметы, звязаныя з гісторыямі і даследчыкаў, і родных, і сяброў. Мініяцюрны нататнік Зоські Верас з яе малюнкамі, запісамі, вершамі, побач — брошка Яніны Каханоўскай і аўтограф Веры Рыч, якая перастварыла па-англійску некаторых айчынных класікаў, матэрыял Дануты Бічэль з яе аўтографам. З неэкспанаваных каштоўнасцей — ліст стрыечнага брата Максіма Багдановіча Пятра Гапановіча. У лісце да сям’і Пётр выказвае заклапочанасць адносна пошукаў Максіма… Як можна меркаваць са зместа, пасля заканчэння ліцэя Максім пачуваўся настолькі душэўна адзінокім і беспрытульным, што не ведаў, куды падацца. Пётр перасцерагаў родных: сваяк хоча паехаць у Ніжні Ноўгарад. І раіў зрабіць усё магчымае, каб гэты план не рэалізаваўся. Пятру здавалася: Максім мае ў дачыненні да сястры Нюты рамантычныя пачуцці… Цяпер мы можам толькі здагадвацца, што рабілася тады ў душы юнака. Як вядома, выправіўся ён у свой апошні шлях на радзіму, у край, якім жыў і які быў прытулкам яго найсвятлейшых мар…

Адкрыццё выстаўкі наведалі былыя супрацоўнікі музея, вядомыя грамадскія дзеячы, прадстаўнікі іншых устаноў. Сярод прысутных была і нашчадак Максіма Багдановіча па бацькоўскай лініі Вольга Дашкоўская:

— Музей, дзе мне заўжды вельмі прыемна бываць, з’яўляецца эпіцэнтрам захоўвання памяці Максіма. А сёння на выстаўцы пабачыла ручнік, які калісьці прынесла ў фонды. Ён быў вышыты траюраднай сястрой Максіма Дар’яй. Калі знайшла ручнік, Дар’і ўжо не было на свеце, і зразумела, што найлепшым месцам для яго будзе музей — так захаваецца памяць не толькі пра Максіма, але і пра яго родных. Недарэмна, невыпадкова рэч гэтая засталася не знішчанай падчас вайны, калі ў агні загінула амаль усё…

Прадметы, прадстаўленыя на выстаўцы, трапілі ў Беларусь з розных краін: Украіны, Польшчы, Вялікабрытаніі, ЗША, Расіі. З Яраслаўля, дзе створаны Мемарыяльны дом-музей Максіма Багдановіча, супрацоўнікі айчыннай установы атрымалі віншавальны адрас.

Сярод каштоўных падарункаў, якія сталі ўласнасцю музея да юбілейнай даты, — работа графіка Яўгена Куліка «Максім Багдановіч». Яна передадзена з Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Ліст Аляксандра Храбравіцкага, даследчыка творчасці Уладзіміра Караленкі (вядома, што дачка У. Караленкі і Вера Гапановіч былі сяброўкамі), перадала ў фонды на святкаванні юбілею былы галоўны захавальнік Тамара Кароткая.

Яна Будовіч

Фота аўтара

Крыніца: «Літаратура і мастацтва»

Прочитано 2574 раз