Суббота, 18 09 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Пухавіцкі літаратурны край. Ваколіцы Рудзенска  

  • Понедельник, 26 апреля 2021 15:59

Літаратурна-краязнаўчы маршрут вандроўкі да мясцін, звязаны з лёсамі беларускіх пісьменнікаў, давайце паспрабуем выбудаваць зусім непадалёку ад Мінска. У ваколіцах Рудзенска, куды найлепей дабірацца на электрацягніку.

І вось першы адрас. Шэлегі – адна з недалёкіх ад гарадскога пасёлка Рудзенск вёсачак. Уваходзіць яна, праўда, у Вузлянскі сельсавет. Паводле перапісу 1897 года у гэтай вёсачцы Цітвянскай воласці пражывала 146 жыхароў. Працаваў хлебазапасны магазін. З Шалягоў – і паэт Рыгор Папараць, да біяграфіі якога нячаста звяртаюцца гісторыкі літаратуры. Няма пра яго ніводнага радка ў шасцітомным біябібліяграфічным слоўніку «Беларускія пісьменнікі». Таму ў гэтай літаратурнай кропцы варта абавязкова спыніцца.

А між тым у перадваенныя гады Рыгор Папараць даволі актыўна друкаваўся ў газетах «Савецкая Беларусь», «Беларуская вёска», «Чырвоная змена», часопісах «Узвышша», «Полымя рэвалюцыі», «Беларусь калгасная». Малады паэт з’яўляўся членам літаратурнай арганізацыі «Маладняк», затым – і членам Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. Асобнай кніжкай свае творы Рыгор Папараць пры жыцці так і не выдаў. Гэтыя і іншыя акалічнасці біяграфіі паэта Рыгора Параці сталі вядомыя з сціплай кніжачкі вершаў «Даруйце мне», якая ўбачыла свет у Мар’інай Горцы, у серыі «Паэты Пухавіччыны». Сродкі на выданне выдаткаваў Пухавіцкі райвыканкам. Укладальнік выдання і аўтар прадмовы – дырэктар Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея Аляксандр Прановіч.

Сярод іншых твораў кнігі ўражвае, кранае сэрца асабліва гэты верш – «Даруйце мне»:

Даруйце мне…

Выгнанніку даруйце,

Мае пахілыя бярозы і стагі.

Па мне ў самоце, сцежкі,

Не сумуйце.

Мяне паклікалі чужыя берагі.

І апошняя страфа:

Даруйце мне…

Выгнанніку даруйце!..

Я падаю сапраўднасцю ля ног.

Я вас прашу:

Мяне вясной закуйце

Ў блакіт – бярозавы перапалох!

Напісаны гэтыя радкі ў Ленінградзе ў 1927 годзе. Як жа патрапіў туды Рыгор Папараць (сапраўднае прозвішча паэта – Сапун, нарадзіўся ён у вёсцы Шэлегі Вузлянскага сельсавета Пухавіцкага раёна). У 1921 годзе стаў слухачом рабфака пры Белдзяржуніверсітэце. Пасля паступіў на медыцынскі факультэт універсітэта. Але з часам любоў да слова перамагла. Рыгор Сапун паехаў вучыцца ў Ленінградскі універсітэт.

Таццяна Кекелева ў артыкуле «У справе жыццё людзі бачаць» напіша на пачатку 21 стагоддзя: «У 1925 г. Рыгор Сапун паступіў на першы курс факультэта мовы і матэрыяльнай культуры Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта (у 1930 г. факультэт рэарганізаваны ў Інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры, так званы ЛІФЛМ). Разам з ім, але на розных курсах, займаліся беларусы – паэт Язэп Пушча і будучы літаратуразнаўца Янка Шарахоўскі. На ленінградскі перыяд жыцця прыпаў росквіт літаратурнай творчасці Рыгора Папараці. У 1926 г. ён стварыў Ленінградскую філію «маладняка» з сямі чалавек і даслаў пра гэта ліст у ЦБ «Маладняка» ў Мінск (машынапіс захоўваецца ў БДАМЛІМ у фондзе літаратурнага аб’яднання «Маладняк»). Пазней стаў членам Беларускай секцыі Ленінградскай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў, у працы яукой браў вельмі актыўны ўдзел: уклаў і выдаў альманах «Цагліна ў падмурак» (сярод іншых твораў там былі надрукаваны апавяданне Р. Папараці «Грымасы» і вершы), як дэлегат удзельнічаў у III абласной канферэнцыі Ленінградскай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў і г.д.». (Роднае слова, 2002, №11)

І тут здарылася бяда. Самагубствам скончыў жыццё прэзідэнт Акадэміі навук Беларусі Усевалада Ігнатоўскі. Пад уражаннем страты малады паэт напісаў верш, даў прачытаць і перапісаць сябрам. Праз некаторы час Рыгора выключылі з універсітэта за «крамольные стишки, порочащие партию и советское правительство». А ўвесну 1937 года паэта арыштавалі . Ён прабыў у турме 6 месяцаў. Выпусцілі з фармуліроўкай: «Выслаць з Ленінграда і забараніць займацца літаратурнай дзейнасцю». Вярнуўся на радзіму. Настаўнічаў. Памерла першая жонка ‒ балерына Элеанора. У 1940 годзе ажаніўся з Любоўю Кузьмінічнай Арловай. У ліпені 1940 года перавёўся ў Дудзіцкую сярэднюю школу Пухавіцкага раёна. На самым пачатку Вялікай Айчыннай вайны нарадзілася дачка Кансуэла. Прыйшлі ліхія часіны акупацыі…У час Вялікай Айчыннай вайны партызаніў, змагаўся з ворагам у складзе партызанскай брыгады «Беларусь». Пасля быў на фронце. Пад Кёнігсбергам цяжка паранены. Вярнуўся дахаты. З 1945 па 1948 гг. быў дырэктарам і настаўнікам рускай мовы і літаратуры дудзіцкай школы. У красавіку 1948 года паэта не стала. Такая вось кароткая біяграфія ў апантанага, закаханага ў літаратуру чалавека.

Архіў паэта, перададзены жонкай Любоўю Кузьмінічнай Арловай, зберагаецца ў Пухавіцкім раённым краязнаўчым музеі.

Як мне падаецца, у асобе Рыгора Папараця айчынная літаратура страціла тонкага своеасаблівага лірыка, чые вершы, несумненна, былі б упрыгожваннем беларускага пісьменства. Прачытаем жа яшчэ адзін яго твор, напсіаны ў 1931 годзе, ‒ верш «Пра завеі пачуццяў»:

Сядзіш ты ў самоце, прытулена змрокам,

І слухаеш песні, што дзесь даканалі,

Скажы мне, скажы… Я не веру прарокам,

Хто прадзе з вачэй тваіх смутку каралі.

Сядзіш і не чуеш…Я ж плачу й пытаю,

Чало маё глыбока ўзаралі…

Адзін па балоце я вохкім ступаю,

І сэрца губляе рубіны-каралі. (Роднае слова, 2002, №11).

 

Шэлегі – радзіма крытыка, літаратуразнаўца Алеся Макарэвіча. Ён нарадзіўся тут 30 жніўня 1918 года. У 1939 годзе закончыў літаратурна-лінгвістычны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута. Настаўнічаў у Хойніцкай сярэдняй школе на Гомельшчыне. У лістападзе 1939 года прызваны ў Чырвоную Армію. У час Вялікай Айчыннай вайны ў баі пад Ельняй быў цяжка паранены і трапіў у канцлагер. Вызвалены ў сакавіку 1945 года. Да снежня 1945 года знаходзіўся ў дзеючай арміі. З 1946 года настаўнічаў на Пухавіччыне, у Талькаўскай СШ. У 1947-1949 гг. – аспірант кафедры беларускай літаратуры Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага. Наступныя гады жыцця нашага земляка звязаны з Магілёвам, дзе ў педагагічным інстытуце Алесь Антонавіч быў дацэнтам, загадваў кафедрай, займаў пасаду дэкана філалагічнага факультэта. Кандыдат філалагічных навук. У 1960 прыняты ў Саюз пісьменнікаў. На творчым рахунку Алеся Макарэвіча – кнігі «Сатыра Кандрата Крапівы» (1962), «Кароткі літаратуразнаўчы слоўнік» (1963, 2-е выданне ‒ 1969), «Ад песень і дум народных» (1965), «Фальклорныя матывы ў драматургіі Янкі Купалы» (1969). Памёр Алесь Антонавіч у росквіце сіл – 30 снежня 1967 года.

…Завітаем давайце і ў Цітву, якая некалі з’яўлялася цэнтрам воласці Ігуменскага павета. У Цітвянскую школу хадзіў і Міхась Чарот – Міхась Кудзелька.

З Цітвы родам – паэт Уладзімір Хадыка. Нарадзіўся 3 студзеня 1905 года. З маленства працаваў парабкам. У 1923 годзе скончыў агульнаадукацыйныя курсы ў Мінску. Пацаваў настаўнікам пачатковых класаў у вёсцы Асака. А потым – сакратаром Дудзіцкага сельскага савета…

Сяргей Іванавіч Грахоўскі, адзін, калі так можна сказць, з доўгажыхароў беларускай літаратуры, пакінуў цікавыя ўспаміны пра Уладзіміра Хадыку – «Другому сэрцу перадам»: «Сапраўдны паэт у пэўнай ступені – прарок, закліканы «глаголом жечь сердца людей», ісці хоць на адзін крок наперадзе падзей. Не рэгістраваць, а прадбачыць важнае ў жыцці, быць разведчыкам і вешчуном наступнага, а часам і ўласнага лёсу.

Праз напластаванне гадоў такім паэтам мне бачыцца Уладзімір Хадыка. Шкада, што яго амаль не даследаваная творчасць не стала здабыткам масавага чытача, не дайшла да аматараў паэтычнага слова. Можа, замінае тое, што з пэўнага часу ўсталявалася ўяўленне, нібыта ўся маладнякоўская і белаппаўская паэзія – «бурапенная» самадзейнасць, далёкая ад дасканаласці, глыбіні думкі і пачуццяў. Ёсць у гэтым нейкая доля праўды, але толькі не ў дачыненні да вершаў Хадыкі.». (Грахоўскі С. Так і было. Мн., 1986. – с. 141).

Сяргей Іванавіч Грахоўскі, з якім мне давялося ліставацца, а пасля, як я вярнуўся ў Беларусь у 1990 годзе, не аднойчы і сустракацца, заўсёды ва ўспамінах і вусных размовах вызначаўся ўвагай да дэталяў. Імкнуўся ўспаміны пра некага зрабіць насычанымі тым, што памятаецца менавіта яму. Таму і гэты нарыс «Другому сэрцу перадам» чытаецца наўздзіў цікава.

«І асоба яго супадала з ягонай паэзіяй. Ёсць тыпы людзей нечым падобныя адзін да аднаго. Падобных на Хадыку за ўсе гады я не сустракаў. Ён быў асаблівы, прыкметны ў любым натоўпе, запамінальны на ўсё жыццё. Вышэй сярэдняга росту, мяккі ў хадзе (ішоў і крышачку спружыніў ці нават накльгаваў), з густымі, як той «снапок аўса», спелымі валасамі, бледна-ружовы твар, глыбокія сінія-сінія вочы і сакавітыя, па-дзявочы чырвоныя вусны. Як і многія тады, ён хадзіў з кіёчкам, у шчыгульным , часцей чорным, касцюме, у мяккім шэрым капелюшы, у белай кашулі з крухмальным каўнерыкам. Ніколі яго не бачыў неахайным, расхлістаным, непаголеным. Яго пагляд прамяніўся вясёлымі іскаркамі, а як ён звонка смяяўся ад дасціпнага жарту, ад смешнай гісторыі, і сам быў майстрам расказаць нешта вясёлае. А калі хваляваўся і гаварыў з запалам, вусны дрыжалі, і нервова перарываліся словы, да заікання. Амаль заўсёды ён хадзіў з вялікім партфелем на два замкі, бо ў ім пэўны час мясцілася ўся рэдакцыя «Полымя», а Хадыка быў яе адзіным штатным работнікам.

У той неўсталяваны час, калі яшчэ не ўсе пазбавіліся ад рапаўскіх крытэрыяў ацэнак, увішныя кан’юктуршчыкі ўмелі засланіць і закрэсліць многія глыбокія па думцы і дасканалыя па форме творы. Ад іх нападак Хадыку абараніў славуты Мікалай Асееў.

Апошні раз мы развіталіся з Хадыкам у снежні 1937 года і не сустракаліся больш ніколі…». (Грахоўскі С. Так і было. Мн., 1986. – с. 143-144).

Тут, відаць, ёсць пэўная блытаніна. Бо арыштаваны быў Уладзімір Хадыка ў 1936 годзе. Пра гэта сведчаць і энцыклапедычныя дадзеныя, і ўспаміны Станіслава Шушкевіча, з якімі мы яшчэ пазнаёмімся. Відавочна, Сяргей Іванавіч Грахоўскі меў на ўвазе снежань 1936 года.

І ўсё ж – яшчэ невялікі ўрывак з успаміну С. Грахоўскага: «Сапраўды, кожны радок ягонай лірыкі пісаўся крывёю сэрца. Паэт на пачатку творчай дарогі разумеў сваю місію і спадзяваўся дагаварыць тое, што да яго не мог дагаварыць «народ нямотны». На жаль, не давялося! Як запавет, поўны веры ў будучае беларускай савецкай паэзіі, сёння чытаюцца Хадыкавы радкі:

Зляту на сухазем’е лістам –

Ўладар начэй і дзён ўладар.

Вятры па горле галасістым

Прагоняць вір крыві і хмар.

 

Тады сваіх здабыткаў кайстру,

Што не дабраў, што стойваў сам,

Я перадам другому майстру,

Другому сэрцу перадам. (Грахоўскі С. Так і было. Мн., 1986. – с. 145-146).

Відаць, самую падрабязную біяграфію, якая фактычна ўяўляе сабою кнігу ў кнізе, пакінуў пра Уладзіміра Хадыку вядомы дзіцячы паэт, мемуарыст Станіслаў Пятровіч Шушкевіч (1908 – 1991). У яго кнізе «Вяртанне ў маладосць» (Мінск, 1968) ёсць асобны раздзел – «Уладзімір Хадыка». Пісьменнік падрабязна расказвае пра тое, як пазнаёміліся бацькі легендарнага паэта – швачка Зося (родам яна з мястэчка Зембін) і Марцін-кавалерыст (ён слугаваў аднаму з мінскіх паноў, таму ж, што і швачка Зося). Пажаніўшыся, маладыя людзі перабраліся ў родную вёску Марціна – Цітву. Там і нарадзіўся Уладзімір Хадыка. Сабраўшы багатую фактуру,Станіслаў Шушкевіч узнаўляе многія дэталі з маленства, юначых гадоў паэта. Як, напрыклад, і гэтую сустрэчу з анучнікам (чалавекам, які збіраў па вёсках розны хлам – найперш анучы, а разлічваўся іголкамі, гузікамі, пярсцёнкамі, напарсткамі, мылам і іншымі дробнымі, але патрэбнымі рэчамі): «Вялізнае бярэмя анучаў імчаў бялявы хлапчук у кароценькіх штоніках.

‒ Дзядуля, за гэтыя анучы дай мне кніжку з казкамі!

‒ Чый жа ты будзеш, хлопча? Пэўна, не тутэйшы, вельмі ж чысценькі ды і апрануты не па-вясковаму. Ці не панскі ты?

Натоўп зарагатаў. Нейкі рабаціністы хлопец з цёмна-русай чупрынай аж сагнуўся ад смеху. Ён, прысеўшы, біў далонямі па каленях і крычаў:

Угадаў, анучнік, угадаў. Ён сын пана палкоўніка Марціна. Марцін як лясне, як стрэліць пугай, дык рэха па сяле аж гадзіну разыходзіцца, а як затрубіць у берасцянку, дык каровы, як салдаты, маршыруюць.

Бялявы хлопчык у кароценькіх штоніках пачырванеў, маўкліва глянуў аднавяскоўцам у вочы і прыціснуў да грудзей дзве тоненькія кніжкі.

А чалавек з агніста-рыжай барадой перарваў рогат.

Вы чаго прысталі да Уладзіка! Яму сем год, а чытае як рэпу грызе. Ды і пісаць ужо можа. А вы, дурні цёмныя, рагочаце!

Усе змоўклі. Анучнік дастаў са сваёй дарожнай каролбкі аловак, саскочыў з козлаў воза-будана і падаў бяляваму Уладзіку аловак:

Вазьмі ад мяне, хлопча, падарунак!

Уладзік глянуў на натоўп і, падзякаваўшы старому, з усіх ног кінуўся ў завулак, выбег за вёскуі накіраваўся ў лог. Паміж лоз і алешын пралягала вузенькая сцежка. Яна вяла да рэчкі Пціч. Тут у засені каранстага дубка прысеў Уладзік, разгарнуў рукою высокія травы і кветкі, загаварыў да іх:

Ага, глядзелі ў ваду, а цяпер прыглядаецеся ў кнігу. І вам цікава?!

Усе ў Цітве ведалі, што Марцінаў Уладзік, калі заставаўся сам-насам, размаўляў з птушкамі і дрэвамі, з травамі і кветкамі, а дома на печы – з катом Базылём».

(Шушкевіч С. Вяртанне ў маладосць. Мн., 1968. – с. 64-65).

З мастацкай біяграфіі У.Хадыкі, напісанай С. Шушкевічам, мы даведваемся шмат цікавага, пра што ўжо ў гісторыі літаратуры ў дачыненні да нашага земляка і не згадваецца. Сям’я Марціна і Зосі была шматдзетная. Браты і сёстры Уладзіміра – Вера, Алеська, Люба, Оля, Ніна, Міколка. У суседніх Дудзічах жыў брат Марціна. У час белапольскай акупацыі Уладзімір быў знаёмы з рудзенскім настаўнікам Міхасём Кудзелькам (паэт Міхась Чарот). І, відавочна, разам са старэйшым таварышам удзельнічаў у падпольнай рабоце супраць акупантаў. Пасля, у 1920-ыя, служыў паэт у Чырвонай Арміі. Звернемся да нарыса С. Шушкевіча: «Ён нейкую хвіліну хваляваўся. Раптам усе пачулі спакойны ўраўнаважаны голас:

Дарагія таварышы! Усяго тры дзесяткі кіламетраў ад нас граніца. Стары варожы свет ад нас зусім блізка, вораг часта на нас шчэрыць свае звярыныя зубы. Мы запэўняем вас, што моцна будзем трымаць зброю ў руках і, калі вораг парушыць наш мірны спакой, дадзім сакрушальны чырвонаармейскі адпор…

Гэта гаварыў Уладзімір Хадыка. Ён усё ж сумаваў, што пакідае свае агульнаадукацыйныя курсы, што пакідае сваіх аднакурснікаў, настаўнікаў.

Поезд з грукатам памчаўся на поўдзень. На станцыі Рудзенск прыгадаліся Уладзіміру родныя мясціны, партызанскі сябар Міхась Кудзелька (Чарот). Захацелася напісаць яму ліст, падзякаваць за змешчаную ў газеце нізку вершаў. Прыйшоў на памяць і настаўнік роднай мовы і літаратуры Язэп Плашчынскі (Пушча). Гэта ж ён благаславіў яго першыя творы ў друк.

Але калі Уладзімір выняў з чамаданчыка блакнот, то перад вачыма стала родная маці, любыя сёстры і браты. Каму пісаць?

У блакноце вырас слупок самага шчырага і сардэчнага верша, прысвечанага дарагой Радзіме». (Шушкевіч С. Вяртанне ў маладосць. Мн., 1968. – с. 72-73).

Вярнуўшыся з вайсковай службы, Уладзімір Хадыка працаваў на гаспадарцы ў роднай вёсцы, сакратарстваў у Дудзіцкім сельскім савеце. Падзеяй для маладога паэта сталася вылучэнне яго дэлегатам з’езда Усебеларускага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў «Маладняк». Перабраўшыся ў Мінск, Уладзімір Хадыка знайшоў сабе месца ў эпіцэнтры літаратурнага жыцця. Вельмі прыязна паставіўся да вершаў маладога і таленавітага мастака слова Янка Купала. Уладзімір Хадыка быў частым госцем у хаце народнага песняра Беларусі. Калі крытыкі-аглабельшчыкі накінуліся на Хадыку за шэраг вершаў, змешчаных у яго першым зборніку «Суніцы», Купала настойліва бараніў маладога творцу. Вядома выказванне класіка прыгожага пісьменства пра тое, што такіх лірыкаў, як Хадыка, « у нас не так ужо і многа».

Жыў у Мінску Уладзімр Хадыка па завулку Даўгабродскім. Тут і быў арыштаваны. 3 кастрычніка 1937 года адбылося пасяджэнне спецкалегіі Вярхоўнага Суда БССР пад старшынством Васіля Карпіка. Уладзіміра Хадыку на дзесяць гадоў пазбавілі волі і яшчэ на пяць гадоў паражэння грамадзянскіх правоў пасля адбыцця пакарання ў папраўча-працоўных лагерах.

«Я нёс знясіленага таварыша ў час снежнага бурану сібірскім стэпам, я плакаў над маленькім лісточкам, з якога даведаўся, што каменная глыба раздушыла майго таварыша ў вапняным кар’еры 1 ліпеня 1940 года, ‒ піша Станіслаў Шушкевіч, які сустракаўся з У. Хадыкам ў час зняволення. ‒ Я ведаю, што спрадвечную батрачку Зосю, маці паэта, выгналі з кватэры сына і яна на старасці год пайшла па людзях шукаць прытулку.

Я ведаю, што засталася бяздомнай жонка паэта Фаіна з невялічкім сынам Уладзікам на руках.

О, якая трагедыя! Гэтую ж няшчасную жанчыну выдаў былы царскі падпалкоўнік Галакціён Венядзіктавіч нямецкім фашыстам, і яе расстралялі як жонку савецкага паэта. Той Галакціён, у якога бацька паэта Марцін быў фурманам, вартаўніком, парабкам.

Сярод попелу тысяч невіноўных людзей каля вёскі Трасцянец ляжыць попел сямігадовага Уладзіміра Уладзіміравіча Хадыкі, сына паэта…»

(Шушкевіч С. Вяртанне ў маладосць. Мн., 1968. – с. 85-86).

Непадалёку ад Рудзенска – і Варонічы, радзіма паэта Генадзя Кляўко. Тут, 1 мая 1932 года ў сялянскай сям’і і нарадзіўся гэты яркі творца. Пасля заканчэння Рудзенскай сярэдняй школы (1950) паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна. За год да заканчэння ўніверсітэта (з 1954) адначасова стаў працаваць у рэдакцыі газеты «Калгасная праўда» (зараз – «Белорусская нива»). У 1961 – 1973 гг. – літсупрацоўнік, адказны сакратар часопіса «Вожык». У 1973-1979 г. – намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Полымя». Член СП СССР з 1964 года. Узнагароджаны медалём. Памёр 21 жніўня 1978 года. Упершыню з вершамі ў рэспубліканскім друку выступіў у 1950 годзе. Аўтар зборнікаў вершаў «Абветраныя далягляды» (1962), «Сто крокаў» (1967), зборнікаў вершаў і паэм «Прыстань» (1974), «Плуг» (1978), «Вязьмо» (1984), зборнікаў гумарыстычных вершаў і мініяцюр «Лайдак і кнопкі» (1964), «Каб не сурочыць» (1971), «Што праўда, то не грэх…» (1971), «Падкова над парогам» (выбранае, 1979). Для дзяцей выдаў кніжку вершаў «Першы салют» (1964). Перакладаў на беларускую мову творы пісьменнікаў народаў СССР. У 1975 годзе ў яго перакладзе выйшаў зборнік паўднёва-асецінскай паэзіі «Трубіць алень». Такая, здавалася б, кароткая біяграфія ў Генадзя Кляўко.

Але ж біяграфія паэта – у яго вершах. Давайце зазірнём у адну з першых кніг Генадзя Кляўко. Чытаем:

Я прыйшоў у той дом,

Дзе гарачыя пахнуць аладакі,

Я прыйшоў у той дом –

Захацелася матчынай ласкі.

 

Захацелася мне

На хвіліну назад азірнуцца

І з узгорка гадоў

У дзяцінства на хвілю вярнуцца.

 

Я прыйшоў у той дом –

Ён стаіць пасярэдзіне саду.

І з узгорка гадоў

У дзяцінства на хвілю вярнуцца.

 

Вось на ганак ступіў

У кароценькіх штоніках шэрых

І дзіцячай рукой

Адчыняю рыпучыя дзверы.

 

Мне ўсміхаюцца ў доме

І печка,

І вокны, і сцены…

Толькі штосьці сягоння

Твар маці такі задуменны.

 

Ціха кажа:

Відаць,

Нам тут жыць засталося нямнога.

Сёння трэба, сынок,

Нам збірацца хутчэй у дарогу…

 

Азірнуліся мы,

Калі выбух пачулі снарада,

І з узгорка убачылі,

Як зашугала над садам.

 

…Я прыйшоў у той дом,

Дзе гарачыя пахнуць аладкі,

Я прыйшоў у той дом –

Захацелася матчынай ласкі.

 

І баюся цяпер

Пакідаць гэты дом на хвіліну:

Я калісьці ў ім

Назаўсёды дзяцінства пакінуў.

 

Толькі выйду на шлях,

Азірнуся з узгорка –

Над садам

Ён ізноў запалае,

Разбіты варожым снарадам. (Кляўко Г. Сто крокаў. Мн., 1967. – с. 7-8).

Як бачыце, простыя, шэраговыя вясковыя паселішчы, а колькі розных літаратурна-мастацкіх артэфактаў звязана з іх гісторыяй. І так – не толькі на Рудзеншчыне, Пухавіччыне, але і па ўсёй Беларусі!.. Не забыліся б наступныя пакаленні пра гэтыя ўнікальныя адрасы літаратурнай памяці…

 

Алесь Карлюкевіч

Прочитано 4088 раз