Версия для печати

Пушкініст з Гродзеншчыны: Расійскі бібліяфіл Павел Губар нарадзіўся ў Беларусі

  • Пятница, 05 марта 2021 18:33

25 студзеня 1885 года ў Гродзенскай губерні (дзе дакладна – на вялікі жаль, невядома) нарадзіўся калекцыянер і бібліяфіл Павел Васільевіч Губар. Праз шмат гадоў ён выкладаў у сваёй аўтабіяграфіі, што бацькі яго – паходжаннем з сяла Міжрэчча Ваўкавыскага павета. 

Закончыўшы Рыжскі палітэхнічны інстытут, Павел Губар у 1911 годзе прыехаў у Санкт-Пецярбург. І быў прыняты на працу на пасаду інжынера на завод фірмы Сан-Галі. Яшчэ  студэнтам, ён праходзіў практыку на адным з пецярбургскіх заводаў і тады патрапіў на Аляксандраўскі кірмаш. Патрапіў у пошуку тэхнічнай літаратуры, якой на той час выдавалася не так ужо і шмат. І «быў неверагодна здзіўлены мноствам кніжных лавак, дробных гандлёвых месцаў і кніжных развалаў». Крыху пазней менавіта тут ён пазнаёміўся з П. Яфрэмавым, якога сучаснікі лічылі «жывым летапісам рускай літаратуры і даведачнай энцыклапедыяй па рускіх абразах у шырокім іх значэнні».

З пазнейшых успамінаў Паўла Губара: “…Карыстаючыся парадамі Пятра Аляксандравіча, я пачаў збіраць і падбіраць кнігі XVIII і XIX стагоддзяў, галоўным чынам ілюстраваныя выданні, а таксама альбомы, малюнкі, літаграфіі, гравюры, як побытавыя, так і з выявамі Пецярбурга і яго ваколіц, Масквы, іншых гарадоў. Пазней пачаў збіраць Rossica, феерверкі і іншыя выданні па мастацтве з улікам таго, што ўсё павінна быць толькі ў добрым і выдатным выглядзе і захаванасці…”

А следам прыйшла і чарга кніг і матэрыялаў, так ці іначай звязаных з А. С. Пушкіным і яго эпохай. І ўжо на змену Аляксандраўскаму кірмашу прыйшлі букіністычныя крамы. І большай увагай карысталася крама М. Салаўёва, куды траплялі цэлыя прыватныя бібліятэкі, з якіх можна было істотна папоўніць калекцыю.

У 1913 годзе Павел Губар трапляе ў службовую камандзіроўку ў Англію. Там ён правёў паўгода. Пасля, ажно да рэвалюцыі 1917 года, Губар працуе інжынерам на Усходне-Кітайскай чыгунцы ў Харбіне, у Кранштацкім ваенна-марскім порце. З 1920-х гадоў наш зямляк – галоўны інжынер шэрагу праектаў буйных будаўнічых арганізацый і інстытутаў СССР.

У 1918 бібліяфіл садзейнічае перадачы Пецярбургскай Публічнай бібліятэцы вялікай (звыш 40 тысяч тамоў!) бібліятэкі выдаўца газеты “Новое время” А. Суворына. У НЭПаўскія часіны ў 1923 – 1927 гг. ураджэнец Гродзеншчыны валодае заснаванай ім разам з М. Волкавым букіністычнай крамай “Антыкварыят” па Неўскім праспекце ў доме нумар 72.

Калекцыю пушкіністыкі Паўла Губара (памёр кніжнік і калекцыянер 13 сакавіка 1976 года) у 1977 годзе ўдава збіральніка Настасся Рыгораўна Лівер (1899 – 1980) падаравала музею А. С. Пушкіна.

Усяго калекцыя П. Губара налічвае 3 тысячы адзінак. У складзе гэтага збору пушкініяны – 73 выданні твораў паэта, з іх 22 – прыжыццёвыя; 6 збораў твораў паэта; пераклады твораў А. С. Пушкіна на мовы народаў Еўропы. Тут і рэдкія выданні XVIII стагоддзя, але аснову складаюць выданні  XIX стагоддзя. У зборы Паўла Губара – выданні твораў Г. Р. Дзяржавіна, І. М. Крылова, М. В. Гогаля, М. Ю. Лермантава, М. А. Някрасава.

Адзін з самых галоўных рарытэтаў кніжнай калекцыі – канвалют са збора П. Яфрэмава – вельмі рэдкі “Тэатральны альбом” (1842 – 1843), які Яфрэмаў дапоўніў партрэтамі артыстаў і выявамі сцэн з балетаў і спектакляў з іншых выданняў. Уражлівай крыніцай па гісторыі Пецярбурга з’яўляецца і альбом з 12 літаграфій “Пецярбург у 21 годзе” М. Дабужынскага (выданне здзейснена Камітэтам папулярызацыі мастацкіх выданняў). А яшчэ ў калекцыі прысутнічае і альбом “Пецярбург. Руіны і адраджэнне” П. Шылінгоўскага (выдадзены ў 1923 годзе Паліграфічным аддзелам Акадэміі мастацтваў) з дзесяццю гравюрамі на дрэве і сямю лістамі літаграфаванага тэксту (ручны друк, наклад 500 асобнікаў).

 

Кастусь Лешніца

Выява: каталог збораў П.В.Губара ў музеях і бібліятэках Расіі, antikbooks.ru

Прочитано 3286 раз