Воскресенье, 19 09 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Раўчак: фальклорная памяць

Ёсць у Пухавіцкім раёне невялікая вёсачка – Раўчак. Знаёмая і мне з дзяцінства. Калісьці збіраў тут грыбы. Поруч з паселішчам у 1960-1980-ыя гады заўсёды летавалі вайскоўцы з Мар’інай Горкі. У бліжнім лясочку – дзве танкавыя гары, дзе вайскоўцы выпрабоўвалі сваё майстэрства, выконвалі розныя практыкаванні на тэхніцы. Ваколіцы заўсёды былі перасечаны акопамі, траншэямі, лініямі сувязі… І тады, у маленстве, я мала задумваўся пра характар людзей, якія жывуць у Раўчаку, зусім не ведаў, што ёсць там цікавыя песенніцы. І дарэмна… На шчасце, лёс падараваў сустрэчы з адным чалавекам, які быў аказаўся больш уважлівым. Але ж аб усім па парадку. 

Раўчак – паселішча, якое, як і мая родная Зацітава Слабада, належыць да Пухавіцкага сельсавета. У 1930-ыя гг. тут быў і асобны калгас «Ураджайны край». Пасля раўчацкая палявая брыгада далучылася да калгаса імя Чапаева з цэнтральнай сядзібай у вёсцы Зацітава Слабада. Затым – яшчэ адно аб'яднанне, ужо ў СВК «Пухавічы» (пэўны час нават разам з Пухавіцкай ПВС) з цэнтральнай сядзібай у вёсцы Пухавічы. Працавала ў Раўчаку Навапольская пачатковая школа (па назве суседняй вёсачкі Наваполле), якую зачынілі ў 1971 годзе. Настаўнічала ў Раўчаку ў 1960-1970-ыя мая маці – Яніна Міхайлаўна Ладуцька. Чаму школа называлася Навапольскай… Бліжэй да Зацітавай Слабады, калі ісці да колішняй цэнтральнай сядзібы калгаса імя Чапеаева, знаходзілася вёсачка Наваполле. Зусім маленечкая, у некалькі хат. Але ж вось і школа там была…

Але, мяркую, цікавымі будуць сведчанні пра побыт, фальклор насельнікаў Раўчака, якімі з намі дзеліцца ўраджэнец вёскі Станіслаў Крэпскі. Ён час ад часу выступае ў друку – з вершамі, краязнаўчымі нарысамі (у газеце «Пухавіцкія навіны», часопісе «Полымя»). Выпускнік філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, падпалкоўнік запаса Станіслаў Крэпскі доўгі час служыў ва унутраных войсках МУС, зараз працуе у адным з мінскіх каледжаў. Слова – Станіславу Крэпскаму: 

– ...Яшчэ студэнтам філалагічнага факультэта, на фальклорнай практыцы, кіраўніком якой у мяне быў Ніл Сымонавіч Гілевіч, я запісаў песні, паданні, прыказкі, прымаўкі і нават адну казку маіх землякоў. На шчасце, гэтыя паперы захаваліся – ажно з 1967 года! Захавалася не ўсё, а хутчэй – тое, што я не аддаў ва ўніверсітэт, магчыма, пабаяўся, зыходзячы са зместу запісаў, са зместу запісанага фальклору. Памятаю, што было і такое, аб чым зараз і шкадую. Песні-балады Зоні Гуткоўскай, якая даводзілася цешчай майму дваюраднаму дзеду Адасю Луцэвічу, я паленаваўся запісваць. А яна ж ведала іх вельмі шмат, неверагодна шмат! Былі ў яе рэпертуары песні гукання вясны, пасяўныя, песні на касавіцу, жніўныя, асеннія, зімнія, вясельныя. Мне здаецца, што добрую іх частку яна сама і прыдумвала. Яна, зразумела, нічога не запісвала, а ўсё трымала ў памяці. Відаць, маёй нядбайнасці паспрыяла і тое, што Зоня была жанчынай няпростай, вострая і нават жорсткая на язык. У час вайны яна была жонкай партызанскага камандзіра Фінскага. Той загінуў, і Зоня сыйшлася з жыхаром Раўчака Гуткоўскім, які страціў жонку. 

Прывядзём некаторыя запісы Станіслава Крэпскага, зробленыя ў Раўчаку. 

З вясельных песень (хутчэй, відаць, – частка, фрагмент ад агульнага вясельнага абраду):

Прыехаў на заручыны

Конік дарогай змучаны,

Бо дарожанька далёкай была,

Покуль да Ганулечкі прывяла.

 

Выхадзі, Ганулечка, выхадзі:

Адчыні дзверайчкі, паглядзі,

Ці харошы хлопчык ідзе,

За сабой сваточкаў вядзе.

 

Ой як ясны месячык пры зары,

Ды харошы хлопчык на двары.

Я сватоў, мамачка, прывячу

Замуж за Ясіка я хачу. 

 

Са жніўных песень:

 

Ведзьма па полі лятала,

У жыцейку куды вязала,

У жыцейку куды вязала

Бяду – гора наклікала

 

Як я маладзіца

Востры серпейка вазьму

Кудлы ведзьміны абыйду,

Кудлы ведзьміны не зачаплю.

 

А як прыйдзе мой татка

Агнём кудля спаліць

Бяду - ведзьму з поля згоніць. 

 

А яшчэ ж прыказкі:

Хітры гаспадар не тужыць, бо і з воўкам дружыць.

Ва ўдавы-суседкі смачныя і аб’едкі.

Уцякла выдра, а лісу хвост выдаў.

З самага рання палілася баня, без нагляду курэла, а к вечару згарэла.

Паехаў Ян у сне за акіян, а як прачнуўся – дамоў вярнуўся.

Летам Ганка гнула спінку, а зімою ела шынку.

Салавей - не сарока, бярэ нізка і высока. 

Каго летам цень халодзіць, той зімку босы ходзіць. 

Вельмі цікавымі падаюцца загадкі, запісаныя Станіславам Крэпскім:

Срэбны ражок узлез на стажок (Маладзік).

Калі злосці поўныя косці, дык ён масты мосціць (Мароз).

Ляціць без крылаў, раве без рыка (Вецер).

Зверху неба, знізу неба, я па ім у чаўне еду (Возера).

Ваду бачыць, а піць просіць (Кнігаўка).

Прабег праз лес, мордай у торбу ўлез (Конь есць авёс).

Сярдзіты Мірон пусціў у дрэва агонь (Пярун). 

Хто ўночы ў клубок звіўся, ды ў неба ўзвіўся (Дым).

З барадой, ды не дзед, а з рагамі, ды не карова (Казёл).

Сядзіць Ігнат сярод град, кафтан чырвоны, хахол зялёны (Бурак).

Хто на носе чарпак носіць? (Журавель над калодзежам).

Што да іншых літаратурна-мастацкіх памятак гэтай старонкі, то ў 1970-ыя гг. наведваў Раўчак пісьменнік Анатоль Бутэвіч (нарадзіўся ў Нясвіжскім раёне, вучыўся на філфаку Белдзяржуніверсітэта разам з раўчакоўцам Станіславам Крэпскім), аўтар многіх кніг, адрасаваных, як правіла, юнаму чытачу, гістарычнага рамана «Каралева не здраджвала каралю», перакладчык на беларускую мову вядомага польскага пісьменніка-фантаста Станіслава Лема. Прыязджаў Анатоль Бутэвіч і на вяселле ў Раўчак. Мо з часам і напіша нешта Анатоль Іванавіч пра невялікую лясную вёсачку…

Такія вось літаратурна-краязнаўчыя штрышкі ў памяць пра адно з пухавіцкіх паселішчаў. 

 

Максім Жалезінка

 

Прочитано 4174 раз