Воскресенье, 13 06 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

У лёсе Міхася Карпенкі паядналіся дзве радзімы — Беларусь і Туркменістан

  • Понедельник, 19 апреля 2021 18:02

Неяк на пленуме Саюза пісьменнікаў Беларусі сярод іншых ініцыятыў былі агучаны прапановы па мемарыялізацыі памяці пра пісьменнікаў. Што ж, здавалася б нічога дрэннага ў гэтым няма. Хаця, як мне асабіста падаецца, слушнай з’яўляецца заўвага на гэты конт з боку кіраўніка творчага саюза Мікалая Чаргінца пра тое, што ўсталяванне дошак, наданне назваў вуліцам, іншыя мемарыяльныя ініцыятывы судакранаюцца з няпростымі перапонамі заканадаўчага, адміністрацыйнага характару. І падумалася тады, на пленуме, яшчэ вось пра што. У пісьменнікаў ёсць немалы рэсурс дзеля захавання памяці пра папярэднікаў: трэба часцей згадваць іх у друку. І ў літаратурна-мастацкіх выданнях, і ў рэспубліканскіх і мясцовых газетах. Трэба часцей самім землякам нагадваць пра розных знакамітых прашчураў. У тым ліку — і пра мастакоў слова. 

Міхась Карпенка з Магілёўшчыны ў гэтым плане ўвагай фактычна абыйдзены. Але прычынай таму і няпростая яго біяграфія, яго жыццё, большая частка якога прыйшлася на газетную службу ў Туркменістане...

Памёр паэт і журналіст літаральна паўтара дзесяцігоддзя назад (удакладнім — 15 красавіка 2006 года) магілёўскі паэт Міхась Карпенка (нарадзіўся 11 ліпеня 1930 года ў хоцімскай вёсцы Максімаўка. Жыў, выйшаўшы на пенсію, з пачатку 1990-х таксама на Хоцімшчыне — у вёсцы Чарняўка). Было ж і 90 гадоў з дня яго нараджэння. Згадкі пра гэтую дату, прызнацца, нідез і не знайшоў... А між тым цікавы лёс. Няма, на жаль, яго біяграфіі ні ў шасцітомніку «Беларускія пісьменнікі», ні ў «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі», ні ў «Беларускай Энцыклапедыі». Не заслужыў, атрымліваецца? Чаму згадваю пра неабходнасць энцыклапедычнай увагі да пісьменніцкага лёсу?.. Ды хаця б таму, што так ужо ў нас атрымліваецца, што многія біяграфіі сціраюцца, знікаюць у нябыт. А пасля патрэбны ледзьве ці не тытанічныя намаганні, каб вярнуць памяць пра нашых суродзічаў. Вось і доктар філалагічных навук прафесар Адам Мальдзіс разам з групай ініцыятыўных даследчыкаў падрыхтаваў унікальны даведнік пра беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі ў свеце. Але ж, зразумела, што не ўсе туды з землякоў увайшлі. Бо зараз інфармацыя пра многіх з іх збіраецца па крупінках. Дык, відаць, варта занатоўваць на розных медыйных рэсурсах многае пра блізкіх да нас па часе суродзічах, каб пасля нешта засталося ў нацыянальнай гістарычнай памяці...

Лёс Міхася Карпенкі пакручасты. Апошняя кніга паэта пабачыла свет у Мінску — у 2001 годзе. Назва — «Бацькоўскае поле». Пад адной вокладкай — вершы (іх 16) і паэма, якая дала назву ўсёй кнізе. Паэма, у якой Міхась Фядотавіч выклаў гісторыю свайго роднага паселішча ў гады калектывізацыі, у Вялікую Айчынную, выклаў лёс свайго бацькі. Пісаў М. Карпенка па-руску. А пачынаў на беларускай мове... Прыхільна пра яго творы адгукаліся і Ніл Гілевіч, і Максім Танк. Ды так распарадзілася жыццё, што ў літаратуру, у паэзію ён «уцякаў» ад штодзённай журналістыкі, якой займаўся ў Туркменістане.

...Пасля сямігодкі Міхась Карпенка паступіў у Гродзенскае культасветвучылішча. Тут упершыню і выступіў у друку — у абласной газеце «Гродзенская праўда». З падтрымкі заходнебеларускага паэта Міхася Васілька, пра якога пасля заўсёды ўспамінаў толькі добрым словам. Закончыўшы вучылішча, звязаў лёс з журналістыкай. Працаваў у «Магілёўскай праўдзе», «Піянеры Беларусі». З тых 1950 — 1960-х гадоў — знаёмства, добрыя стасункі з Адамам Мальдзісам, Максімам Танкам. У 1964 годзе Міхася Фядотавіча пасля заканчэння Цэнтральнай камсамольскай школы (ці Вышэйшай?) пры ЦК ВЛКСМ накіравалі ў Туркменістан. Спярша працаваў у Краснаводску. Стварыў там выдатную, запатрабаваную чытачом газеты. Сам даволі часта выступаў у выданні. І не мог не пісаць вершы. Але ўжо па-руску...

З’явіліся новыя сябры. Тады з журналістыкі ў рускую літаратуру Туркменістана ішлі Валянцін Рыбін, Васіль Шаталаў, Юрый Рабінін, Мікалай Залатароў, Вадзім Зубараў... Пачаўшы актыўна друкавацца ў рускамоўнай перыёдыцы Ашхабада, Туркменістана (а такіх выданняў было і не так ужо густа), Міхась Фядотавіч да 1991 года паспеў выдаць ці не дзясятак вершаваных зборнікаў. І не толькі ў Ашхабадзе, але і ў Нукусе (сталіца ўзбекскага, аўтаномнага Каракалпакстана — Нукус быў жа побач з Ташаузам, дзе Карпенка з 1971 года рэдагаваў абласную газету «Ташаузская правда»). Памятаю назвы некаторых з тых кніг: «Красный колос», «Моя кочующая юрта», «Вишенка», «Песня дутара»...

Я пазнаёміўся з Карпенкам у сярэдзіне 1980-х, калі прыехаў з Львова (закончыў аддзяленне журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча) па размеркаванню ў Ашхабад. Пра Міхася Фядотавіча ведалі ўсе ашхабадскія беларусы. І Мікола Калінковіч, І Васіль Ткачоў, і Уладзімір Грачоў... Ездзілі да яго ў Ташауз, сустракаліся ў Ашхабадзе. Карпенка для ўсіх знаходзіў час. Дапамагаў як мог. Журналістаў, літаратараў друкаваў у «Ташаузской правде». А гэта — ганарары, магчымасць зарабіць нейкую капейчыну, што і для творчага люду заўсёды было актуальным.

У сувязі з 60-годдзем Міхася Фядотавіча як вядомага ў Туркменістане журналіста адзначылі званнем заслужанага работніка культуры рэспублікі. А ў галаве ў Карпенкі былі думкі пра адно — вяртанне дамоў, у Беларусь. Амаль 40 гадоў аддаўшы Туркменістану, ён заставаўся сынам роднай Хоцімшчыны. Таму і хату купіў паблізу, у Чарняўцы. Але вяртанне было няпростым... Пра гэта сведчыць і адзін з лістоў Міхася Фядотавіча, які ён адрасаваў мне 8 ліпеня 1997 года. У пісьме — і напружанне першых постсавецкіх гадоў, і мышленне таго часу... «Дарагі Алесь, добры дзень!

Толькі што аддыхаўся і прыйшоў у сябе ад туркменскай спякоты. І нервовых перажыванняў. Вырашыў напісаць Вам ліст.

У Туркменіі я пражыў паўгода (маецца на ўвазе прыезд пасля вяртання ў Беларусь — А. К.). Паехалі мы з жонкай перад Новым годам. Ехалі з Масквы цягніком праз Ташкент, таму што цягнік на Туркменію даўно адмянілі. У Ташкенце пераселі на каракалпацкі цягнік і даехалі да Ташауза. Гэтае «задавальненне» запатрабавала сем дзён.

Адразу ж пасля прыезду накіраваліся атрымліваць маю пенсію. Але яе мне не выдалі. Абяцалі з дня на дзень. Валакіта зацягнулася на 4 месяцы. У Міністэрстве сацзабеспячэння зрабілі вывад, што я атрымліваў пенсію ў Хоцімскім райсабесе, што мяне моцна прынізіла і пакрыўдзіла. У Ашхабадзе стаў хадайнічаць за мяне Васіль Шаталаў (пісьменнік). Нам. міністра Аразаліеў сказаў Васілю, што на «Карпенка рыхтуюць крымінал». З Ашхабада зрабілі запыт у Хоцімскі райсабес. І толькі пасля таго, як прыйшоў ліст у адказ, што я не меў нават прапіскі, не з’яўляюся грамадзянінам Беларусі, ніякай пенсіі не атрымліваў, — пенсію мне за два гады выдалі. Інфляцыя яе амаль што ўсю з’ела. На гэтыя грашы я змог толькі купіць білет на самалёт ад Ашхабада да Масквы.

Пенсійную справу ў Ашхабадзе мне на рукі не выдалі, а выдалі даведкі для прад’яўлення па месцы пастаяннага жыхарства, Хоцімскаму райсабесу. Валакіта і тут зацягнулася. Робяцца запыты ў Ашхабад, а адтуль адказы не паступаюць. Вось як дрэнна быць персанальным пенсіянерам...

Дарэчы, ці ўлічаць у Хоцімску пры прызначэнні мне пенсіі, што я з’яўляюся заслужаным работнікам культуры Туркменіі? Мне здаецца, што не.

Некалькі разоў ездзіў у Хоцімск з нагоды прапіскі. Патрабуецца цэлая кіпа папер. Збіраю. Добра, што на руках ёсць адмацавальныя талоны з Ташауза. Пасля ж трэба атрымаць грамадзянства беларускае. Пытанне будзе выносіцца на сесію райсавета. Але, спадзяюся, што ўсё адолею. І грамадзянства атрымаю, і некалі пенсію дадуць.

Кантэйнер з рэчамі з Ташауза прыбыў. Праўда, шмат рэчаў зламалася, але іх можна падрамантаваць.

Як бачыце, крыві мне сапсаваць давялося ў Туркменіі шмат. Узненавідзеў многіх чыноўнікаў у тым далёкім краі. Дзякуй сябрам і таварышам з былых супрацоўнікаў, якія ў цяжкія дні падтрымлівалі мяне маральна і матэрыяльна.

Пісьменніцкае жыццё ў Туркменіі захірэла. Друкуюцца рэчы, якія ўсхваляюць адных высокіх кіраўнікоў і іх радню..." Перапыню цытаванне, каб зазначыць, што яшчэ з партыйных часоў Міхась Фядотавіч быў добра знаёмы з Сапармурадам Ніязавым. Як і раней, ставіўся да яго з павагай. Але вось з-за сціпласці, разумення, што ў 1990-я гг. дыстанцыя паміж шэраговым пенсіянерам і прэзідэнтам Туркменістана аказалася зусім іншая, да Сапармурада Ніязава звяртацца не стаў.

Чытаем далей ліст нашага земляка: «З рускіх пісьменнікаў у Ашхабадзе застаўся толькі Васіль Шаталаў. Усе выехалі ў Расію. Мой любімы паэт і сябра Вадзім Зубараў няўцямна загінуў. Патрапіў пад машыну, пераходзячы дарогу. Нёс буханку хлеба жонцы ў бальніцу.

Праважаў мяне ў аэрапорце Васіль Шаталаў. Абняліся і развіталіся назаўсёды.

У Чарняўцы ў мяне ўсё па-ранейшаму, як і было, так і засталося. Праўда, старшыня калгаса выдзеліў воз дроў. І гэта мяне моцна ўзрадавала.

Высылаў я заяву на імя Васіля Зуёнка, каб узялі мяне на ўлік у СП. Мяркую, што задаволяць просьбу ў Мінску.

Пакуль усё. Я вам надаеў сваім плачам. Прабачце...»

Ды не, Міхась Фядотавіч, вашы лісты былі як добрыя вестачкі. Праўда, з сумным зместам. Не заўсёды мелася магчымасць дапамагчы паэту, журналісту. Дзякуй «Звяздзе» і «Народнай газеце», якія тады, у 1990-я, на пачатку 2000-х, далі матэрыялы пра розныя жыццёвыя перыпетыі, складанасці ў лёсе заслужанага сына сваёй Радзімы. Дарэчы (пра гэта сведчыць і арганізатар літаратурнага жыцця на Магілёўшчыне Уладзімір Дуктаў), пасля выступлення «Звязды» Міхася Карпенку паставілі на ўлік у Магілёўскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. Тады вось што пісаў Міхась Фядотавіч Уладзіміру Дуктаву: «... Ваш ліст мяне вельмі ўзрадаваў. Я думаў, што маё 70-годдзе пройдзе незаўважаным. Але вось знайшоўся добры чалавек у Вашай асобе. І я Вам шчыра ўдзячны...»

Недзе (відаць, у Чарняўцы, дзе жыве сын пісьменніка — Сяргей Міхайлавіч) застаўся архіў літаратара. Відаць, не ўсё надрукавана. Бо не памятаю, што дзесьці, за выключэннем кнігі «Бацькоўскае поле», Міхась Фядотавіч друкаваўся. Засталіся, магчыма, і лісты, перапіска з тым жа Мікалаем Калінковічам — рускім і беларускім пісьменнікам, які таксама пэўную частку свайго жыцця аддаў Туркменістану. З Міхасём Карпенкам сустракаўся ў Ташаузе і Маскве ( на апошнім з’ездзе Саюза пісьменнікаў СССР) і наш вядомы беларускі празаік і драматург Васіль Ткачоў (таксама ў 1973 — 1980 гг. — туркменістанец, жыў і працаваў у Ашхабадзе). Працавалі ў 1960 — 1990-я гг. у туркменскай журналістыцы і іншыя ўраджэнцы Беларусі. У тым ліку — радыёжурналіст Уладзімір Грачоў, галоўны рэдактар рэспубліканскай партыйнай газеты «Туркменская искра» Васіль Слушнік, Мікалай Шчарбачэня... Многіх з гэтай кагорты яднала з Міхасём Фядотавічам шчырая дружба. Чаму б не ўспомніць пра гэта, а адпаведна і пра паэта і добрага чалавека асобнай кнігай, чаму б не перавыдаць яго творы?.. Мо спрычыніцца да гэтай справы і Магілёўскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі?.. Альбо — Саюз пісьменнікаў Беларусі..? Сапраўды, чаму б не выдаць кнігу паэзіі Міхася Карпенкі ў серыі «Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі»..? Дарэчы, у зборнік гэты можна было б уключыць і эпісталярыю Міхася Карпенкі. Ён ліставаўся і з беларускімі перыядычнымі выданнямі ў 1950-ыя гг., з многімі журналістамі і пісьменнікамі. Ліставаўся з беларускім даследчыкам Міколам Калінковічам, які некаторы час жыў у Ашхабадзе, з туркменскімі літаратарамі. Выступаў Міхась Фядотавіч у туркменскім перыядычным друку і як публіцыст.

Ды, калі б ўпарта заняцца ўзнаўленнем туркменскага перыяду ў біяграфіі Міхася Карпенкі, таксама шмат што можна было б дадаць да ўспомненага зараз. Жывуць яшчэ ў Ашхабадзе туркменскія пісьменнікі, якія ведалі Карпенку, сустракаліся з ім. Мо ўспомнілі б нашага земляка Тыркіш Джумагельдыеў, Агагельды Аланазараў, Касым Нурбадаў, ды шмат хто яшчэ...

Алесь Карлюкевіч

Крыніца: Звязда

Прочитано 756 раз
Другие материалы в этой категории: « Российская премия – туркменскому писателю