Воскресенье, 24 10 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Засевак жывых астравоў

  • Среда, 18 августа 2021 10:24

Не такі і часты ў літаратуры выпадак, калі адзін пісьменнік, выступаючы ў розных жанрах, дасягнуў бы вялікага поспеху. Але Віктар Гардзей сваёй творчасцю яскрава засведчыў гэта. Яго паэзія — настолькі прасветлена-лірычная, што такое ўражанне, быццам увабрала ў сябе ўсю пяшчоту Палесся з ягонай нерушавасцю. 

Віктар Гардзей. Фота Кастуся Дробава.

Віктар Гардзей. Фота Кастуся Дробава

Проза таксама не пазбаўлена лірычнасці. Аднак яна і з філасофскай засяроджанасцю, дзякуючы якой ва ўсёй шматграннасці зноў жа спасцігаеш непаўторнасць зямлі гэтай — пачынаючы з вёскі Малыя Круговічы Ганцавіцкага раёна, у якой ён нарадзіўся 19 жніўня 1946 года. Ды і саміх палешукоў — мудрых, дасціпных і, канешне ж, таленавітых і працавітых.

Творы для дзяцей, напісаныя ім, — такое багацце фантазіі, што дзіву даешся. Прасякнуты яны і тонкім гумарам, які высвечваецца дыяментамі-іскрынкамі. Ім жа, дарэчы, напоўнены і шмат якія празаічныя творы аўтара.

Публіцыстыка Віктара Гардзея — нязменная выразнасць жыццёвай пазіцыі. Хоць у параўнанні з многімі пісьменнікамі ён, як кажуць, не трыбун, затое, калі нешта напіша, за душу бярэ.

Пераклады ж Віктара Канстанцінавіча — нязменная павага да арыгіналу. Разам з тым і ўменне прыўнесці тое сваё, што, не адмаўляючы таленавітасці тэксту, дазваляе ў нечым лепш праявіцца і яго ўласнаму дараванню.

Аднак найбольш ярка талент Віктара Гардзея ўсё ж раскрыўся ў паэзіі. Як «дарослай», так і для дзяцей. Адметныя ж задаткі яго відавочныя ўжо ў першай кнізе «Касавіца» (1975). Акурат з гэтага зборніка і пачалося стварэнне ім уласнага паэтычнага свету, у якім заўсёды ёсць месца спаконвечным матывам дабра, справядлівасці, лучнасці з бацькоўскай зямлёй, любасці да блізкіх людзей.

На паверхню выходзіць толькі сваё — самабытнае, ад чаго хораша і светла становіцца на душы. Як у вершы «Начное неба»:

 

Вылежвалася днём, няйначай,

Яно, нібы папар, і ўжо

Маладзічок у хмарках скача,

Як па няўдобіцы плужок.

 

Па ім прыціхлы вечар сее

Мільёны год мільёны зор.

Начное неба, — як засевак,

Дзе ні абмежкаў, ні разор.

 

Маладзічок лязо не сплюшчыць,

Арэ ўсё неба, як папар,

Затым яшчэ і поўня лушчыць

Пасля яго палянкі хмар.

 

Шмат падобных твораў (безумоўна, не ў сэнсе паўтору: эксплуатацыю адных і тых жа выяўленчых сродкаў ён ніколі сабе не дазваляе, а ва ўменні ствараць адпаведны настрой, такі паэтычны малюнак, ад якога абавязкова нешта ў душы зварухнецца) і ў наступных яго кнігах: «Верасное пасляслоўе» (1978), «Засевак Радзімы» (1983), «Незабудкі азёр» (1985), «Узрушэнне» (1988), «Дзікая пчала» (1994) і іншых.

Тая свежасць і прасветленасць, што заўважалася ў яго ранніх вершах, цягам часу не гублялася, не растрачвалася. Гэта не проста аднойчы прамоўленае, а выказанае тады, калі не ставала сіл, каб устрымацца і не пачаць давяраць свае думкі і пачуцці паперы. У рэшце рэшт, такая і ўся ягоная паэзія. Ён не «вымучвае» вершы, а жыве імі. Яны плоць ад плоці яго самога — рамантыка і летуценніка, які і з гадамі не губляе гэтых якасцей.

Шмат вершаў ён прысвяціў роднай вёсцы. І хоць Малыя Круговічы не заўсёды называюцца, сумнення няма — гэта яны. Вёска для Віктара Гардзея — скарбніца яго лепшых дзён. Як і ўся прырода роднае аселіцы: «За вёску іду, як у храм». З гадамі з’яўляюцца і матывы нейкай душэўнай неўладкаванасці ў тлумным горадзе:

Каб не пабег я рана-раным

За вёску і яшчэ далей,

Дык не хадзіў бы знерваваным

І жыў бы, можа, весялей.

 

Не азіраўся б я праз далі

І не хадзіў бы сам не свой,

Каб так шалёна не свісталі

Шпакі ў тым ранку за смугой.

 

Міхась Стральцоў выказаў нешта падобнае праз вобраз «сена на асфальце». Замілаванне паэта — частка замілавання кожнага гараджаніна ў першым пакаленні, які знаходзіцца на своеасаблівых ростанях. Часам яму самотна ў горадзе, хочацца вярнуцца да сваіх вытокаў. Але ці патрэбен ён там? Ды і ад жадання да ўчынку — адлегласць. І далёка не заўсёды жаданне ператвараецца ва ўчынак.

Аднак сённяшняе ягонае ўспрыманне вёскі ўжо не тое, якім было раней. Многае змянілася, змяніўся і сам лірычны герой:

 

У лясах, што аж да небакраю,

Нехта тут блукае ўжо другі.

Стану я на выспе — пагукаю

Сам сябе, вясёлага, з імгі.

 

Дае аб сабе знаць і іншая, балючая нота. І не толькі таму, што ў родных мясцінах дасюль адчувальны чарнобыльскі прысмак. Прысутнічае і асабісты боль, ад якога нікуды не дзенешся, не схаваешся. Таму і нараджаюцца творы драматычнага зместу, з трагічнай падсветкай:

 

Чаму ж так? Гляджу вінавата.

Лёс вырваў з пагляду майго

І сына-салдата, і брата,

І брата яшчэ аднаго.

 

Толькі паэт на тое і паэт, што ён разважае і пра жыццё ўвогуле, і пра смерць як заканамернае завяршэнне зямнога існавання чалавека. Пры гэтым ідзе найперш ад асабістага, прамаўляючы вуснамі лірычнага героя:

 

Вунь Харона чаўны. І — бязмоўе.

Кінуў лёс пакаленні на тлум.

У бяроз, як і ў нас, белакроўе,

І нямала прасвятлення для дум.

 

Але ён дасягае і той высновы, якая дазваляе зразумець, што жыццё бясконцае ў сваёй хадзе і кожны, хто жыве, павінен напоўніцу радавацца яму, ведаючы, што наперадзе чакае штосьці новае, яшчэ нязведанае і неспазнанае:

 

Не спяшайце, чаўны, не адчальце:

Мноства з’яў таямніцай пакуль.

Вось і сёння па мокрым асфальце

Вожык бег, а куды і адкуль?

 

Не знікаюць з вершаў В. Гардзея смутак, адчай. Аднак усё ж куды больш у іх радасці, светласці, паэтычнай свежасці. Паэт знаходзіць у сабе сілы пераадолець песімізм, душэўную адзіноту. Ягоны лірычны герой спяшаецца жыць, дзяліцца сваімі вялікімі і малымі радасцямі. Гэта асабліва добра відаць па вершах, у якіх апяваецца прырода, што аднолькавая ў сваім харастве ў розныя поры года. Удыхаючы гэтае хараство на поўныя грудзі, пачынаеш упэўнівацца ў тым, што сам ты таксама жывая часцінка гэтага вялікага хараства: «Разумею: я патрэбен // Полю шэраму ў вясне. // Момант ісціны, што ў хлебе, // Па жыцці вядзе мяне». І далей:

 

Не сагрэлася б пад снегам

Без майго дыхання рунь.

Нахапілася адлега.

Ручаі бягуць угрунь.

 

Праўдзіва сказаў пра Віктара Канстанцінавіча яго старэйшы сябра Мікола Купрэеў: «Знешне традыцыйныя, простыя па форме, вершы яго кранаюць сэрцы чытачоў глыбокім пачуццём, свежым радком, эмацыянальным паэтычным вобразам, які зелянее травой і лісцем, шуміць маем, сінее небам, грыміць добрым громам над роднай зямлёй. Добра, хораша жыць у паэтычным свеце Віктара Гардзея […]».

Пра што б ні пісаў, робіць так, што паэтычны малюнак настолькі зрокава ўспрымальны, якім можа быць толькі на жывапісным палатне таленавітага мастака. Яго паэзія традыцыйная ў сваёй аснове, належыць да класічнай плыні. Ён далёкі ад эксперыментатарства, яго не вабіць мастакоўская мудрагелістасць і вобразная рэбусавасць. У гэтым добра праяўляецца і блізкасць Віктара Гардзея да народнай стыхіі. У яго асобе нацыянальная паэзія мае свайго годнага прадаўжальніка.

Лепшыя творы са зборнікаў «Чырвоны грабеньчык» (1976), «На арэхавай палянцы» (1982), «Коцікі на вярбе» (1988), «Мой тата — трактарыст» (1989), «Зай, які лічыў варон» (1992), «Зайкава балалайка» (1998), «Сарочына цырульня», «Мудры воран» (абедзьве 2013) і іншых даўно сталі хрэстаматыйнымі. Яны ўключаюцца ў розныя калектыўныя зборнікі, падручнікі, дапаможнікі. Адзін жа з іх — «Зайчыкавы ноты» — без перабольшання класічны ў беларускай дзіцячай літаратуры:

 

У музычнай школе

Зайчык дзень прабыў.

— До-Рэ-Мі — фасоля!

Ноты ён вучыў.

 

Потым ля загона

Рваў струкі за трох

І спяваў натхнёны?

— До-Рэ-Мі — гарох!

 

Рэдка каму ўдаецца так арыгінальна, непаўторна і ў той жа час дасціпна вымавіць тое, што, безумоўна, дзетак не пакіне абыякавымі. Ды і персанаж, такі знаёмы і любімы, што спрыяе яшчэ лепшаму ўспрыманню твора. Дарэчы, заяц, як відаць з кніг, — любімы персанаж і самога Віктара Гардзея.

Асабліва шырокі рэзананс мела яго «Малая дзіцячая Чырвоная кніга». Адзін том яе прысвечаны рэдкім прадстаўнікам фаўны, другі — флоры. Дылогія пра «чырванакніжнікаў» — унікальная з’ява ў беларускай дзіцячай літаратуры. Амаль 20 гадоў аддаў ёй. Атрымалася як бы энцыклапедыя для маленькіх. Вытрыманы алфавітны прынцып падачы матэрыялу, а назвы жывёл, птушак, насякомых, прыведзены ў адпаведнасць з іх сучаснай навуковай кваліфікацыяй. Гаворка пра іх вядзецца як у вершах, так і ў прозе.

Свайго роду працяг дылогіі — кніга «Птушка года Беларусі. 2000 — 2020» (2020). Вершы і замалёўкі знаёмяць з пярнатымі, якія ў пэўным годзе былі названы своеасаблівым сімвалам нашай краіны. Як і заўсёды ў Віктара Канстанцінавіча, яна напісана так, што не толькі дзеткам у радасць яе прачытаць. Чытачу даросламу таксама не лішне атрымаць для сябе карысную інфармацыю.

Празаічныя ж творы Віктара Гардзея вызначаюцца аўтабіяграфічнасцю. Пачынаючы з аповесці «Дом з блакітнымі аканіцамі», што даў назву яго кнізе, дэбютнай у гэтым жанры (1984). У наступнай «Карані вечнага дрэва» (1988) цэнтральнае месца займае аповесць «Жыта ганьбу не заслоніць» з жыцця пасляваеннай заходнебеларускай вёскі. У рамане «Бедна басота» (2003) на прыкладзе Малых Круговіч праўдзіва расказаў пра жыццё Заходняга Палесся ў першыя гады пасля правядзення калектывізацыі.

За кнігу прозы «Уратуй ад нячыстага» (1995) яму прысвоена Літаратурная прэмія імя Івана Мележа. З’яўляецца таксама лаўрэатам прэміі «Залаты Купідон» (2007). Аднак не менш дарагія Віктару Канстанцінавічу і «ўзнагароды» землякоў. Да ягонага 50-годдзя Ганцавіцкі райвыканкам у Малых Круговічах прысвоіў назву вуліцы, дзе правёў ён свае юныя гады. Пазней на месцы хаты, у якой жыў, з’явіўся памятны знак.

У адным з вершаў у зборніку «Касавіца», малады на той час паэт прызнаваўся:

 

І заўсёды ў выраі не блізкім

Ёсць патрэба бачыць родны дом:

Да зямлі сваёй хілюся нізка

Ластаўкай перад дажджом.

 

Гэты выраз — «Ёсць патрэба бачыць родны дом» у дачыненні да Віктара Канстанцінавіча набывае сёння больш значны і больш шырокі сэнс. У жыцці і творчасці пісьменніка адчуваецца патрэба пастаянна бачыць родную Беларусь — Беларусь, як той дом, у якім жыць усім нам разам. І які будаваць супольна, у меру таленту кожнага. Што і робіць упэўнена паэт, празаік, дзіцячы пісьменнік, перакладчык Віктар Гардзей.

Значна пазней, калі стаў ужо вядомым пісьменнікам, ён напісаў аўтабіяграфічную трылогію «Аселіца ў басейне Чорнага мора». Аселіца гэтая, па ягоных словах, сапраўды зіхацела, свяцілася ўсімі колерамі вясёлкі адразу за хатай, а ў самой хаце «па ўсёй сцяне, дзе тырчыць нейкі цвік, абапал вялікай торбы развешана процьма старых бабуліных каптуроў і чэпчыкаў, якія, сцёршыся да дзірак, яшчэ доўга служаць гаспадыні ў якасці пакоўных торбачак для зёлак». Хлопчыкам, нахадзіўшыся з бабуляй па лясах і лугах, ён ужо і сам добра ведаў, што пры хваробах жывата карысна піць адвар з альховых шышак, глог памагае сардэчнікам і нервовым людзям, а калі ў некага моцны кашаль і ліхаманка, то ад прастуды лепшага сродку, чым гарачы ліпавы чай, на свеце, мабыць, не бывае. Тое, што многія ахоўныя расліны таксама маюць лекавыя ўласцівасці, ён і стараўся падкрэсліць у другім томе сваёй «Малой дзіцячай Чырвонай кнігі». Пры гэтым абавязкова напамінаў, што нельга забываць, які від знаходзіцца пад пагрозай знішчэння. Значыць, трэба падумаць, зрываць тую ці іншую зёлку ці хай лепей расце. Пры хваробе яе можна замяніць іншай, якая больш распаўсюджана.

Кніга «Дзікая пчала» адкрываецца вершам «***На Палессі матчынае мовы…» Ён пра непаўторную родную мову:

 

На Палессі матчынае мовы

Ёсць яшчэ жывыя астравы,

Дзе гаркоту здыме пах мядовы

І суцешыць пошум баравы.

 

Аднак яшчэ і пра тую нерушавасць, якую сёння напаткаеш толькі ў глыбінцы, на самым улонні прыроды:

 

Зарыкае поплаў вечаровы,

І сціхае бор, пакуль жывы,

І, як птушкі, прылятаюць словы

На свае лясныя астравы.

 

Гэтыя жывыя астравы, астравы лясныя — такія жыццядайныя яшчэ і таму, што ёсць у нашай літаратуры творца, які не толькі не забывае роднай мовы (дзякуй Богу, пераважная большасць пісьменнікаў клопатна ставяцца да яе), але і тым, наколькі таленавіта піша, пастаянна пераконвае: лепш, чым па-беларуску, не выкажаш. А гэта ўжо каму што дадзена.

Алесь Марціновіч

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 2592 раз