Среда, 01 12 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

«Я думаю па-беларуску, мова — мая душа...»

  • Среда, 17 февраля 2021 08:04

«Я думаю па-беларуску, мова — мая душа...». Прызнаецца малады настаўнік з вясковай школы, дэлегат УНС Антон Лабаноўскі.

Прычым не дзесьці ў вузкай кампаніі або школе, дзе ён выкладае беларускую мову і літаратуру. Ён гэта зрабіў і з трыбуны шостага Усебеларускага народнага сходу, на якім прысутнічаў як дэлегат ад Магілёўскай вобласці. Словы 28-гадовага настаўніка не нейкі там піяр. Гэта яго шчырае стаўленне да роднага слова. Ён меў усе магчымасці застацца выкладаць свой прадмет у гарадской школе, але паехаў у аграгарадок Мяжысеткі. Яго прадмет, напэўна, адзін з самых любімых у вучняў. Яны ідуць на заняткі і ведаюць, што з іх настаўнікам сумна дакладна не будзе. 

Спачатку было слова

Антон Лабаноўскі прыйшоў у сваю прафесію па прызванні. Яго маці і бабуля таксама настаўнікі і былі толькі за, каб Антон працягнуў дынастыю. А вось за выбар прадмета ён удзячны сваёй настаўніцы Алене Селязнёвай, якая прывіла яму любоў да роднай мовы.

— Я думаю па-беларуску, гэта мова маіх продкаў, мая душа, я не маю права не ведаць яе, — кажа ён і спрабуе прывучыць да гэтага сваіх вучняў.

Дарэчы, вясковую школу Антон выбраў асэнсавана. «Я сам вучыўся ў вёсцы і добра ведаю псіхалогію яе жыхароў», — прыводзіць ён неаспрэчны аргумент. Маўляў, і людзі тут прасцейшыя, і шчырасці больш, а сельскія дзеці лягчэй уключаюцца ў навучальны працэс. Ды і класы на вёсцы меншыя, чым у горадзе, прасцей дайсці да кожнага, удзяліць больш увагі. Ён супраць сумнага чытання прадмета і нейкіх там звышвысокіх патрабаванняў. Наадварот, лічыць, што крык і адсутнасць павагі да вучня, могуць цалкам адбіць у яго цікаваць да вучобы. А настаўніку вельмі важна, каб адбыўся кантакт. «Мне заўсёды хочацца хутчэй з вучнем дамовіцца, чым злавацца на яго, — прызнаецца ён. — Ёсць такая думка, што, калі чалавеку кажаш штосьці шэптам, ён цябе слухае больш уважліва. Не я гэта прыдумаў, я толькі ўзяў гэта сабе на ўзбраенне». У рабоце настаўнік выкарыстоўвае малюнкі, каб вучням было лягчэй разабрацца з тэмай. І ніколі не глядзіць на падлетка з вышыні сваіх ведаў, наадварот, імкнецца размаўляць на яго мове. Толькі так можна спадзявацца на нейкі вынік. Шкада толькі, што для больш дасканалага вывучэння мовы не хапае часу. Бо 45 хвілін для замацавання адразу некалькіх тэм занадта мала.

— Для дзяцей, якія чуюць часцей рускую мову, гэта важна, — адзначае настаўнік. — Асабіста я часта карыстаюся беларускай і ў звычайным жыцці. І майму сыну, а бацькам я стаў у 21 год, яшчэ на пятым курсе ўніверсітэта, лягчэй яе разумець. Але я яму яе не навязваю, я прывіваю любоў праз дыялогі, гульню. Прымусам нічога не дабіцца. Чалавек павінен сам зрабіць свой выбар. Да таго ж я пішу вершы, а апошнім часам пачаў ствараць казкі для сына. Дачка яшчэ маленькая, але яна таксама ўжо прывыкае да роднай мовы.

З чаго пачынаецца радзіма?

Вядома, што з мовы і таго месца, дзе ты нарадзіўся. Таму Лабаноўскі і аддае так шмат увагі краязнаўчай рабоце.

— Для маіх вучняў радзіма пачынаецца з майго кабінета, там ёсць некалькі экспанатаў культурнай спадчыны тутэйшай мясцовасці, месца, дзе яны нарадзіліся і жывуць, — кажа ён. — Прапаноўваю дзецям складаць свае радаводы, бо знаёмства з гісторыяй роднага краю часцей за ўсё пачынаецца праз сям'ю. Перакананы, што ўсе мае вучні ведаюць паходжанне назвы Мяжысеткі.

Цяпер настаўнік разам з вучнямі збіраецца далучыцца для стварэння інтэрактыўнай карты гісторыі з хэштэгам «Мая зямля — Прыдняпроўе». У справе плануецца задзейнічаць усіх, пачынаючы ад жыхароў, заканчваючы мясцовай уладай. Бо інфармацыі трэба шмат і рознабаковай.

— Гэтая карта будзе ўяўляць сабой дадатак, з дапамогай якога можна выбраць для сябе маршрут экскурсіі або пазнаёміцца з мясцовасцю дыстанцыйна, — удакладняе педагог.

Трэба шмат ведаць і быць крэатыўным

Калі займаешся любімай справай, у цябе няма ніякіх шанцаў рабіць яе дрэнна. Не дзіўна, што Антон Лабаноўскі імкнецца ў сваёй рабоце да дасканаласці. Сёння магчымасцяў для развіцця неабмежаваная колькасць, толькі не лянуйся, эксперыментуй. Шматлікія адукацыйныя інтэрнэт-сэрвісы, анлайн-стасункі, сайты крэатыўных педагогаў — усё гэта на карысць тым, хто не прывык працаваць сумна. Трымаць сябе ў форме вельмі дапамагаюць конкурсы. І самы прэстыжны — конкурс педагагічнага майстэрства «Настаўнік года», пераможцам якога Антон Лабаноўскі стаў летась на абласным этапе. А вось свайму станаўленню як педагога, суразмоўнік удзячны ў першую чаргу Магілёўскаму абласному інстытуту развіцця адукацыі. Адсюль і гэта яго смеласць, упэўненасць, перакананасць. Ёсць вопыт удзелу і ў міжнародным конкурсе «Пазнанне ў сутворчасці». Калі лёс дае шанц паглядзець, што могуць іншыя і сябе паказаць, чаму не скарыстацца?

Настаўнік, які вядзе актыўнае грамадска-палітычнае жыццё, папулярызуе беларускую мову (не трэба яе лічыць першай або другой, яе проста трэба ведаць), не ўпускае магчымасцяў паспрабаваць сябе на трываласць (прафесійныя конкурсы якраз тое, што ў гэтым дапамагае), не можа не выклікаць цікавасці да сябе. Папулярнасць таксама цяжкае выпрабаванне, перакананы Антон, таму лічыць правільным абстрагавацца, а часам зусім не рэагаваць на знешнія раздражняльнікі. Яго справа не палімезаваць, а вучыць дзяцей. І гэтым ён займаецца з усёй адказнасцю.

«Не мяняць, а ўдасканальваць...»

Антон Лабаноўскі кажа, што, калі ехаў на Усебеларускі народны сход, хваляваўся. Бо разумеў, што будзе выказваць не толькі асабістыя думкі, а пажаданні сваіх калег, родных, знаёмых. Нешта мяняць у сучаснай сістэме адукацыі няма сэнсу, лічыць ён, а вось удасканальваць неабходна. Напрыклад, тую ж прафарыентацыю. Гэта дрэнна, калі выпускнік школы не ведае, кім бы ён хацеў працаваць.

— Я вось настаўнік, але гэта не значыць, што ўсе мае вучні павінны выбраць гэтую прафесію, — кажа ён. — Трэба стварыць умовы, каб і пра іншыя спецыяльнасці яны ведалі не па расказах. Не лішнім будзе ўвесці ў адукацыйны працэс нешта накшталт экскурсій на прадпрыемствы, прамысловыя аб'екты, у аграгаспадаркі. А яшчэ рабіць пазакласныя мерапрыемствы з удзелам і запрашэннем прадстаўнікоў розных прафесій. Каб вучні не толькі купляліся на нейкую там прывабную абгортку — маўляў, ідзіце да нас, не пашкадуеце, — а бачылі працу знутры, знаёміліся з яе асаблівасцямі, цяжкасцямі, перавагамі. Тады менш будзе расчараванняў у маладых спецыялістаў. Маўляў, мы зусім іншае сабе ўяўлялі.

— У Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на наступную пяцігодку шмат пасылаў для развіцця, — адзначае Антон Лабаноўскі. — Я бачу, колькі ўжо зроблена і колькі яшчэ трэба зрабіць для таго, каб наша краіна стала яшчэ больш моцная і прыгожая. І тут шмат чаго залежыць ад кожнага чалавека канкрэтна. Самаадданая работа на месцах паспрыяе нашаму агульнаму развіццю.

Нэлі Зігуля

Фота з архіва аўтара

Крыніца: Звязда

Прочитано 368 раз