Понедельник, 17 05 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Магія разгадак

  • Воскресенье, 02 мая 2021 22:11

Мы не ведаем, колькі таемнага схавана вакол нас. Якія людзі хадзілі па вуліцы, дзе жывём; што знаходзілася на месцы будынка, у якім мы працуем, дзвесце гадоў таму? Час і ўяўленне — галоўная магія нашага сусвету. Яны прывіваюць нам паводзіны, вызначаюць характар асобнага чалавека ці насельнікаў цэлай вёскі, вырашаюць, на што спадзявацца і чаго сцерагчыся. Магія наслойваецца на месца або рэч гадамі, перажытымі падзеямі, людзьмі, і толькі той, хто ведае пра гэтыя сляды і ўмее іх чытаць, здольны бачыць схаванае.

«Зніч ваўкалака» — прыгодніцкая аповесць Валерыя Гапеева — ставіць за мэту не толькі распавесці захапляльную гісторыю, але і звярнуць увагу маладых чытачоў на незлічоныя загадкі, што прыхоўвае наш звычайны, паўсядзённы свет.

Сюжэт аповесці па жанры класічны: летнія канікулы, кампанія падлеткаў, загадкавае закінутае месца, такое ж загадкавае знікненне дзяўчыны, міфалогія старажытная змешваецца з сучаснай. Героі павінны разгадаць шыфр, каб знайсці шлях да скарбу і выратаваць сяброўку.

У той жа час аповед мае выразныя прыкметы конандойлаўскай «Сабакі Баскервілей»: нешта вые на балотах, і героі бяруцца ісці па слядах, каб выявіць, што акажацца праўдай: змрочная легенда або простыя чалавечыя прыдумкі.

Але, нягледзячы на звыклы падыход да апавядання, нельга сказаць, што ўсе загадкі разгадваюцца лёгка і адразу. Аўтар асцярожна балансуе паміж містыкай і дэтэктывам, гуляе з чытацкім успрыманнем, то паглыбляючы яго ў лёгкае атмасфернае апісанне летняга адпачынку, то цягнучы праз цёмны лес, дзе не ведаеш, якая пачвара выскачыць з-за куста, куды прывядзе густы туман.

Галоўных герояў чатыры. Стась і Васіль — два гарадскія хлопцы, якія па збегу абставін вымушаны праводзіць першы месяц апошняга школьнага лета ў вёсцы. Аўтар старанна разводзіць іх характары, каб яны не зліваліся ў адзін, нягледзячы на тое, што хлопцы слухаюць адну музыку і гуляюць у адны гульні. Для гэтага кожнаму прапісваюцца ролі ў прыгодніцкіх аперацыях: адзін усіх вядзе і за ўсё адказвае, другі кіруе навігацыяй.

Яшчэ ёсць Яніна — малодшая на год дзяўчынка, мясцовая жыхарка. Яна для сюжэта адыгрывае адразу некалькі другасных роляў: патрэбна і як «прыўкрасная дама», рамантычная цікавасць для абодвух герояў, і як мясцовая правадніца, і проста для таго, каб трэцяй у прыгодніцкай кампаніі падлеткаў была дзяўчынка. Аўтар падарыў ёй складаныя, неадназначныя паводзіны і характар, але бачым мы іх толькі збоку — вачыма хлопцаў.

Чацвёрты герой — студэнт-этнограф Арцём, які канцэнтруе ўсе загадкі, праз яго ствараецца нагода для прыгод. І гэтага ж персанажа аўтар робіць правадніком сваіх думак. Арцём вельмі моцна абураецца, што беларусы не ведаюць сваёй міфалогіі, што па міфах старажытнай Грэцыі мы здаём іспыты ва ўніверсітэце, а ў сваёй нават не можам сказаць, якія зоркі і як называлі іх нашы продкі. Арцём абураецца, калі яго сябры несур’ёзна ставяцца да расповеду бабулі, і чытае ім цэлую лекцыю пра сімвалізм казак.

Тэма перадачы таемных ведаў, перадачы гісторыі ў спадчыну, ведання свайго радаводу працягваецца праз увесь сюжэт чырвонай ніткай. Разуменне каштоўнасці і сімвалічнасці фальклору змешваецца з верай у магічныя праявы свету і стварае эфект, пра які згадвалася ў пачатку гэтага тэксту: тыя, хто ўмее разгадваць сімвалы, бачаць незвычайную моц ужо ў іх саміх, нават калі яны пабудаваны на самых звычайных рэчах.

Вядома, нельга не заўважыць, што свет, у якім разгортваюцца падзеі, не зусім рэальны, хаця і мае ўсе атрыбуты. Згодна з законамі жанру, сусвет быццам падыгрывае героям, паварочвае падзеі менавіта так, як зручна персанажам. Напрыклад, калі Арцём едзе ў Мінск, каб адшукаць у бібліятэцы патрэбныя звесткі, яго абкрадаюць на аўтавакзале, забіраючы 50 рублёў, але пакідаюць тэлефон, які каштуе яўна разоў у дзесяць больш.

У глыбокім лесе, побач з таемнай ваеннай базай, выдатна працуе навігатар, сувязь і інтэрнэт. Ад балотнага бруду і вільгаці ратуюць чорныя смеццевыя мяшкі. Вайскоўцы, якія прыехалі на заданне, купляюць агуркі ў мясцовых жыхароў і радасна камунікуюць, адказваюць на пытанні.

Зноў жа, па законах жанру, у персанажаў усё атрымліваецца, яны знаходзяць дапамогу і разуменне ў дарослых, а любая памылка выпраўляецца за некалькі гадзін. І самі героі апісаны ў нечым наіўна. У іх размовах і разважаннях не заўсёды можна пазнаць сучасных падлеткаў. Аўтар час ад часу ўпісвае слэнгавыя выразы ў іх гаворку, але імі маўленне герояў не насычае. Шаснаццацігадовыя хлопцы чырванеюць і напружваюцца ад прысутнасці дзяўчынкі, пачынаюць размаўляць з ёй неяк па-іншаму, калі яна апранае белую сукенку.

Гісторыя, звязаная са старажытнай легендай, наскрозь прасякнута несучаснымі і нават пазачасавымі разважаннямі і рэакцыямі. Паўсядзённае жыццё герояў апісваецца са згадкамі нейкіх кінапраглядаў і гульняў у камп’ютар, але падрабязнасці і эмацыянальная насычанасць сцэн з’яўляюцца, толькі калі хлопцы ідуць на рыбалку ці смажаць шашлык. Здаецца, для аўтара гэтая аповесць стала і пэўнай спробай уласнай настальгіі і рэфлексіі.

Містычны пласт сыходзіцца з рэальным, і фінал твора не дае адназначнага адказу, чым ёсць разгаданая героямі таямніца, ці мае магічную прыроду або яе можна растлумачыць рацыянальна. За мэтавую аўдыторыю аповесці можна прыняць падлеткаў — чытачоў аднаго з героямі пакалення. Пабудова сюжэта выразна на гэта паказвае. Але ці здолеюць яны праасацыяваць сябе з героямі, ці счытаюць і як успрымуць паведамленне, якое аўтар жадае да іх данесці, сказаць цяжка. У любым выпадку саму гісторыю дачытаць да канца цікава.

Дар’я Смірнова

Крыніца: Літаратура і мастацтва, № 17/2021.

Прочитано 46 раз