Воскресенье, 19 09 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Марфалогія Кветкі

In Memoriam: H. Flower

— l. НАРЦЫСІЯДА —

I. Лірыёпа

Матчыны рукі з адлівам арыстакратычнага блакіту абвіваюць маю шыю: каханне з адценнямі сада-маза ці аб’юз са знакамі пашпартнай легітымнасці? Рака, поўная жаўтаротых качак, песціць сваіх рэдкіх каляровакрылых лебедзяў, але калі ў вадзе з’яўляюцца качкі з белым пер’ем і гнуткімі шыямі, на іх не зважаюць да той пары, пакуль кроў з іх дзюбаў не ападзе долу і не змяшаецца з зыбкай паўпразрыстай глебай. Твітарскія дні блакітных крывей як кліпавае ідалапаклонства боскай адзёжы, хаця аднаму Акудовічу вядома, якія ўнутры нас павінны быць колеры і які доўгі гістарычна-спектральны шлях прайшла рака, каб нарэшце стаць бацькаўшчынай для птушак саміх па сабе. Але ногі прымхавага калоса, на жаль, зусім не з рачнога глею, таму асноўных шляхоў выжывання для недалебедзяў толькі два: замкнуцца ў родным куце з пачуццём віны за тое, што асяроддзе не так афарбавала тваё пер’е і кроў, ці збегчы калі не ў вырай, то хаця б у такое гета, дзе таксічная дыферэнцыяцыя ўлічвае больш пытанняў, чым звычайная заалогія.

II. Люстэрка

Я жыву ў часы, калі іронія стала неадменным слоем у амаль кожным выказванні, таму да значэння «белага» як «светлага» і «правільнага» з часам будзе наліпаць адчужана-прыніжальнае «паліто». Якасна іншы паварот прымае гэты мазахісцкі матыў у сучаснай паэзіі: добрым тонам лічыцца адсутнасць устойлівых суб’ектаў выказвання (і стварэнне на іх месцы пратэічных транссуб’ектаў), а адзіным дапушчальным спосабам тэкставага самаўкладання застаецца аўтафікшн, дзе паўната ўласнага быцця зводзіцца да халоднага, быццам зафіксаванага чужой рукой, дакумента. Яўген Горан сваёй дэбютнай кнігай «Атэль» парушае каноны сучаснай дэсуб’ектывізацыі самым грубым чынам: акрамя тэкстаў, напісаных наўпрост ад уласнага імя, старонкі поўняцца пастановачнымі фотаздымкамі, на якіх аўтар то падзяляе сваю галізну з дзяўчынай, то саступае кадр іншай пары (на фоне гэтага змяшчэнне свайго цела на вокладку кнігі падаецца з’явай даволі будзённай). Яўна плоцевыя і кінестэтычныя матывы як лірыкі, так і суправаджальнага візуалу яднаюць Яўгена нават не столькі з культам цела, колькі з пераасэнсаваннем яго язычніцка-міфалагічнага мінулага.

III. Антырэха

На першы погляд вершы Яўгена Горана — гэта быццам бы фільмы. Там нібыта ёсць прамая раскадроўка. Ледзь відаць, як наязджае камера, ледзь відаць, як яна бярэ агульны план. Часам там нібы ўзнікаюць прывідныя цітры. І гэта нешта накшталт чорна-белага кіно: колькі б колеру там у тэкстах не ўзнікала. Але раптам здаецца, што герой кіно крочыць прама ў камеру — і вось мы бачым яго побач з сабой. І часткова разумеем, што не ён, а мы да яго ступілі, апынуліся ў яго фільме. І гэта ў такіх тэкстах ледзь не самае дзіўнае. Аднак. Любоў аўтара да кінематографа і ўвогуле да прыгожай карцінкі вельмі павярхоўная і статыкі ў ёй нашмат больш, чым дынамікі. Агульныя месцы бытавых пейзажаў персаналізуюцца з дапамогай вобразнай макраздымкі. Паэзію Горана можна назваць не столькі каляровай, колькі звышкаляровай, бо адбываецца сінестэтычны эфект: пастэльным тонам адпавядае не матэрыяльная лексіка, а хутчэй стыль і гук самога пісьма. Аднак стаць калегам паэта паздымачнай пляцоўцы перашкаджае адна фундаментальная для большасці тэкстаў кнігі дэталь.

IV. Нарцыс

«Старый фокус, поддельное мастерство» паловы (ці крыху больш) тэкстаў — выразны аўтарскі эгаэстэтызм. Паэт, калі складаў кнігу, быццам бы спадзяваўся, што «решительно невозможно» прачытаць яе залпам. Быццам не дапускаў, што з вершаў спадзе «запоздалый блестящий фантик», усплыве «боязнь глубины, страх дна». Быццам не ведаў, што дзесьці ў крытыцы, як на судзе, яго ж словы могуць быць накіраваны супраць «гладких // Жеманных мальчиков, // Восстающих из красоты»«Точно школьник рифмует первый влюблённый стих», Горан ставіць на рэпіт «Аудиофайлы, папка Поумирать», дзе адзін і той жа «пейзаж — // Пастелью и молоком»: у якасці аперытыва — «вино»«ликёр» ці шампанскае «Вдова Клико», а побач расцякаюцца «поэтичные волосы» «По // Немыслимым // Волосам» «С влажными волосами», пакуль «трагичного персонажа // Лирического героя» ахоплівае «жажда воды»«морской прозрачной воды» падчас шчырай спробы «живую, мёртвую лить воду на страницы». Канечне, можна разглядаць гэтыя самапаўторы «Как нечто прозрачное, // Ценное, // Хрупкое», але, як мне бачыцца, «большее покажется глупым вещизмом, // пошлой безвкусицей, что бы то ни было». Грэчаскі паэт Цірэсіяс Эверэс неяк сказаў, што «паэт жыве, пакуль сябе не бачыць», але ў гэтай частцы вершаў у вочы толькі і лезе, што Горан і яго «пошлый отель».

— ll. АРФЕЯ —

V. Ліра

Аўтавыратаванне: ператварыць трывіяльныя творы ў трывала вартыя. З садзейнічання Дзмітрыя Вадзеннікава, мэтра і майстра маскоўскай паэтычнай інстытуцыі «Хороший текст», горшыя інтэнцыі Горана (эстэтычная тэндэнцыйнасць з кінестэтычнай пагардай у авангардзе) былі з цягам часу часткова выцягнутыя. Краіне, якой да крывавага кашлю начхаць на крокі крохкіх каляровакрылых качанят, наканавана выкідваць з вокнаў кавалёў-каралёў з навыкамі квеньямоўя і ў выніку скасоўваць сакрэтныя скрыжаванні, скіраваныя да катарсісу, каб на кантрасце з тэкставай крывёй квітнелі скура ды косці. Ад дакументальных медытацый Марыі Маліноўскай — да я-генетыўнай раўнавагі Яўгена Горана: падобныя парадыгмы пакідаюцца на водкуп карыстальнікам выключна рускіх кантэкстаў. Перараджэнне ж і абуджэнне Эжэна набліжае княжакніжныя жаноцка-манерныя жэсты да камерна-жрэцкага джазавага самажэрства, а джынсы ды джэмпер хціва дыстылююцца ў вербальна-паджары міжрадковы ўраджай.

VI. Каліёпа

Ёсць пытанне аб прапісцы (пераважна паэтычнай): Горан — беларус ці рускі? Зноўку лебедзі ды качкі, ды птушыныя правы іх. Хай сабе сам аўтар з Мінска, толькі любіць ён паэтаў рускаарыентаваных: дзе Фанайлава з Гаралік, там Казарын і Свароўскі. Тып пісьма/традыцый/стылю, да якога ў беларускіх творах не знайсці спасылак (хіба рэдкіх). У Маскве Яўген вучыўся паэтычнаму майстэрству, кніга выдадзена ў «Эксма» (і наклад — каля дзвюх тысяч), прэміяльнае прызнанне тое ж: з пушкінскім ухілам (колькі рускамоўных прэмій цяпер ёсць у Беларусі?). Што ж атрымліваем: Горан — цалкам рускі, плоць ад плоці? Як жа быць з усімі тымі вечарынамі, што ў Мінску аўтар некалі наведаў: сольнікі і оўпэн-майкі (Даўгаполаў, Ахрамовіч, Сцепанец і мноства іншых)? Я лічу, што творчасць сёння ў глабалізаваным свеце б’ецца з прывідам канструктаў (сацыяльных ці то іншых): касты прафесіяналаў бачаць статуснасць у гета, з-за чаго інтуітыўна побач ворагаў шукаюць. Так, былі б у нас умовы з асяроддзем і падтрымкай, быў бы Горан беларусам дзесьці па-за мінскай школай. Не патрэбен — зафіксуйце дэзертырства з поля бою антыкасмапалітычных самаідэнтыфікацый.

VII. Арфей

Белакаменная беспаваротна змяніла кінаштампаваны ідыястыль паэта: на месца танкаскурай мляварухомай раскадроўкі прыйшлі вастрагубыя і сухадумныя пошукі агульнасусветнай праўды. Нават эгафатаграфічны візуал кнігі на імгненне быццам прыслухоўваецца да слованалітых перамен і шчырагулліва падміргвае: так па абедзве старонкі вакол верша з вогнестатычнымі абдымкамі ў якасці цэнтрапачуццёвага вобраза размешчаны разбіты на дзве паловы фотаздымак узаемапераплеценых рук, якія выносяць усюдыіснасць абдымкаў на метавёрстачны ўзровень. Але адкрыццё гэтай цалкам эгацэнтрычнай кнігі нават не ў тым, што самакрытычны Горан уступае ў супрацьдыялагічныя зносіны з самалюбівым Горанам, а ў тым, што першы знаходзіца па-над другім настолькі параперсанальна высока, што ўспрымае таго не як паўнавартасную сваю бэта-наіўную версію, а як плоскабыційную істоту зусім іншага парадку. Як уласнастворанага двухмернага персанажа.

VIII. Анаўрыдыка

Дыхатамія, ключавая для кнігі, ствараецца наўпрост на нашых вачах: стары садоўнік (аўтарскі самаіранізм) азіраецца на юнага фларыста (маё дапаўненне). Глыбіня ўглядаецца ў павярхоўнасць, погляд ад трэцяй асобы размешчаны перпендыкулярна погляду ад першай, кінематаграфічны зрок звонку трапляе пад філасафічны зрок унутр. Культ цела (тэкстуальны і візуальны) пазбаўляецца ганарліва-дыянісійскай плоцевасці і наўзамен набывае самабічавальна-апаланічную духоўнасць (у пэўнай ступені можна нават дапусціць, што адбываецца пераход ад язычніцкіх светапоглядаў да хрысціянскіх). Нарэшце, свежая кветка, якую памясцілі паміж кніжнымі старонкамі, з часам робіцца кветкай-сухадумам, манументалізуецца ў стан гербарыя: чорна-белага аскетычна-экспрэсіянісцкага постмортэма да самое сабе. І болей за тое: дзесьці ў папяровай глебе гэтага саду зарыты і труп самога Фларыста. Парадаксальна, але чым больш касмічнае гніенне раскалупвае зямлістыя вусны мёртвага, тым менш смага вяжа рот жывога. Але хто каго сапраўды аб’ядае, хто каго корміць?

— lll. УЗЫХОД —

IX. Метамарфоза

Метамарфічнае, флюіднае стаўленне да ўласнай асобы — адзін з галоўных урокаў, які толькі можа перадаць творца. Творца сыходзіць ва ўласны сад сцяжынамі любові (і спінай адчувае, як нешта няўлоўнае падымаецца — насустрач — праз яго), але сыходзіць не па штучныя рамантычныя катарсінкі, а каб знайсці самога сябе. Сябе, вядома, знайсці не атрымліваецца нават праз працяглыя гады пошукаў, але на зваротным шляху ён сам не заўважае, як у задуменнасці пранізвае нечыя грудзі. Грудзі абодвух вандроўнікаў рэзаніруюць ва ўнісон, творца азіраецца і разумее, што праводзіць зрокам уласную, юнацкую, постаць. Постаць Яўгена Горана на працягу кнігі паўстае ў спектры асоб розных ступеней самаўсвядомленасці, дзе кожная легітымізуе кожную і тут жа стварае вакол суседзяў аддаленыя рызаматычныя кантэксты. Кантэксты і іх суцэльнае павуцінне робяць мажлівым суіснаванне паўміфалагічных юнакоў у адной плоскасці з іх абнуленымі двайнікамі на службе ў кармічнай дэканструкцыі, чыя нестабільная сімбіятычная сума раскрывае быццё як нешта флюіднае, метамарфічнае.

X. Аід

Узыходзіць над дахам гатэля смяротнае сонца. Пастаяльцы самнамбулююць. Рэха Робіна Уільямса вядзе сваю звыклую лекцыю для паэтаў і пра паэзію. Бо паэзія — усюды, кожны — паэзія, нельга саромецца. Нешта пра кветкі, элегічная афарыстыка з прыдыханнем гуллівага містыцызму. Бутоны ружаў у юнацтве. Гатэль прачынаецца і пачынае вылічваць паэтаў. Гукапісныя энікі-бэнікі, зноў містыцызм, без яго нікуды. Вы прайгралі і выйгралі, бедныя людзі, адразу, як сюды трапілі. Вы аднекуль прынеслі з сабою перамогу і паражэнне. Пара-жэнне — бы той каламбур, праз які ўсё павінна скончыцца. Сонца — яечня фруктовая: неба заліла лімонным сокам. Слепіцца, спіцца. Расце па-над садам малекульнае павуцінне, нечы трохмерны ля-нотны стан. Гэта не проста мінор, а хаўтуры па нашым юнацтве, нашай паэзіі, нашых хаўтурах. Кветкі, якія прынеслі на могілкі, самі прабіліся з-пад граніту. Гэта не сонца, а жоўтая кропка, кола, фігура мовы. Гэта не кветкі, а ты ўзышоў у жыццё.

Ігнат Раманаў

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 212 раз