Воскресенье, 19 09 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

«Мы жывём, каб вяртацца…»

  • Четверг, 22 апреля 2021 08:34

Не кожны пісьменнік на працягу многіх дзесяцігоддзяў працягвае ствараць, уважліва ўглядаючыся ў тое, што адбываецца навокал. Яскравы прыклад — Анатоль Вярцінскі, паэт, драматург, публіцыст, крытык, перакладчык, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР і многіх іншых узнагарод. Летась у выдавецтве «Кнігазбор» пабачыла свет яго новая кніга «Тым часам…». Зборнік складаецца з трох раздзелаў (вершаванага, эсэістычнага і публіцыстычнага) і раскрывае тэмы сучаснага жыцця ў яго шматграннасці. 

Мы жывём, каб вяртацца

час ад часу туды,

дзе мінула юнацтва,

дзе дзяцінства сляды.

З гэтых блізкіх кожнаму простых радкоў, напісаных у 1964 годзе, пачынаецца раздзел. Паэзія аўтара шмат кім прааналізавана, таму звернемся да найбольш свежых твораў у зборніку — ад 2000 года. У іх таксама, як у многіх папярэдніх, гучаць матывы вяртання і развітання — двух сусветаў, з якіх чалавеку прыходзіцца выбіраць усё жыццё, але надыходзіць час, калі альтэрнатывы ўжо не існуе. У гэтым кантэксце найбольш чароўны ў сваім спакоі верш «Развітанне з летам»:

Развітанне з летам —

не развітанне са светам.

Ды нешта падобнае ёсць пры гэтым.

Свет і святло. Свет і світанне…

Развітанне з летам —

                       са святлом развітанне?

Здаецца, і ў плане гукапісу тут нічога новага, і ў плане зместу не сказана нічога асаблівага, але твор нібы прымушае чарговы раз паўтараць гэты ланцужок: свет — святло — світанне — развітанне… Не менш прывабна такія матывы суадносяцца з тэмай сну. Аўтар дакладна перадае ў вершы з красамоўнай назвай «Ранішняя туга» тыя пачуцці, калі і сам не ведаеш, з чым ці з кім развітаўся і аб чым смуткуеш, прачнуўшыся ў перадсвітальнай цішы: ці гэта туга па тым, што сышло, ці па сустрэчы, якая ніколі не забудзецца, ці па блізкіх, якіх няма ў жывых, ці па маладосці, якую не вярнуць…

Незваротнасць развітання лірычнаму герою час ад часу ўсё ж даводзіцца прымаць, але гэтае прыняцце бывае розным. Так, у вершы «Пытаюся…» памяці Ніла Гілевіча ён звяртаецца да паэта: «Дружа, Ніл Сымонавіч, Ніле, // ты ў магіле? // Ты не на гэтым, // а на тым свеце?» Твор напісаны ў 2016 годзе, таму і нежаданне паверыць у рэальнасць яшчэ моцнае, таму і звычайныя натуральныя пачуцці выглядаюць прыземленымі, як і ў некалькіх дзясятках шчымлівых радкоў, напісаных пасля смерці жонкі Ады Вярцінскай. Якраз наступны верш «Ён недзе тут…» мае кардынальныя адрозненні ў светаадчуванні. У ім ніводнага разу не называецца «ён», але па згадках пра жонку Ірыну, пра абвяшчэнне мёртвым у сорак чацвёртым і іншых дэталях чытач пачынае разумець, што аўтар мае на ўвазе Васіля Быкава. Ён неаднойчы прамаўляе варыянты фразы, якая дала назву твору, напісанаму, між тым, у 2004-м — праз год пасля развітання назаўжды:

Не, ён не там, ён тут,

ён з намі.

Такі ж, якім яго мы зналі, —

суровы і прыветны, ветлы,

пахмурны, змрочны ды і светлы,          

ласкавы і патрабавальны,

зацяты і ўсёдаравальны…

Пра выключнасць гэтай асобы для пісьменніка кажуць не столькі прыведзеныя радкі, колькі апошні, які не мае патрэбы ў каментарыі: «І хай свяціцца імя яго!»

У гэтым пошуку мяжы паміж «ёсць» і «няма», «быў» і «не стала», «тут і там» (верш «Дзіўнае адчуванне») праходзяць многія разважанні паэта, у якіх счытваецца філасофія чалавека сталага веку, схільнага параўноўваць, пытацца, шукаць. Анатоль Вярцінскі ніколі не адасабляе сябе ад агульнага цэлага пад назвай «грамадства», не знаходзіцца з ім у канфрантацыі. Яго роздумы тычацца альбо свайго ўнутранага «я», альбо калектыўнага «мы». Найбольш выразна гэта выяўляецца ў вершы «Пра саміх сябе» (памяці Анатоля Сыса), дзе «мы» роўна «я» і адначасова — рабы і ўладары, персоны грата і нон грата, ворагі і браты.

Пэўная публіцыстычнасць і нават катэгарычнасць назіраецца ў некаторых паэтычных творах, напрыклад, прысвечаных мове: «Зноў пра нашу мову» і «Моўная мадэрнізацыя». У апошнім прапаноўваецца меркаванне пра неалагізмы ў беларускай мове, якія замяняюць мілагучныя звыклыя словы: «замест “выдатна”, “хораша”, “слаўна”, // тут як тут “крута”, “файна”». «Іншы час — іншае слова?» — пытаецца творца, дэманструючы сваё стаўленне да з’явы, але ж не ставіць «дыягназаў», а запрашае да дыскусіі.

Найбольшае жаданне гэтай дыскусіі выяўляецца ў эсэістычных і публіцыстычных творах. Першая група амаль цалкам прысвечана постацям беларускіх творцаў апошніх дзесяцігоддзяў. Анатоль Вярцінскі вядзе размову пра некаторыя старонкі жыццяпісу Алеся Мары, Міхася Стральцова, Генадзя Бураўкіна, Івана Навуменкі, Максіма Танка… Тут чытач пазнаёміцца з поглядам аўтара на іх творчую і грамадскую дзейнасць, успамінамі, так ці інакш звязанымі з гэтымі асобамі. Дарэчы, адно эсэ крыху выбіваецца з агульнага шэрагу: загадкавая назва «“Эта мова величава и проста…”, або Маякоўскі супраць… Пуціна» насамрэч не апраўдвае чаканняў, таму што чытачу прапаноўваецца звычайнае супастаўленне фактаў, якія могуць быць папросту заменены на іншыя.

Апошні раздзел складаецца з найменшай колькасці твораў, і вылучаецца сярод іх апошні пад назвай «Сто гадоў таму», прысвечаны Максіму Гарэцкаму і кнізе «На імперыялістычнай вайне. Запіскі салдата 2-й N-скай артылерыйскай брыгады Лявона Задумы». Анатоль Вярцінскі прыводзіць фрагмент тэксту, дзе герой кляне вайну, і адзначае наступнае: «Паказваючы вайну, чалавека на вайне, Максім Гарэцкі як мастак-рэаліст, мастак-псіхолаг імкнецца высветліць, якім чынам і якім коштам чалавек можа ўсё ж не паддавацца “людскому статку”, супрацьстаяць форс-мажорным абставінам вайны, заставацца самім сабой, захоўваць сваю непаўторную годнасць». Артыкул напісаны ў 2014 годзе, праз сто гадоў пасля падзей, апісаных у творы Гарэцкага і таго маманту, калі яго герою — Яхімчыку — здавалася, што ў наш час «рай будзе на зямлі». Чаму Анатоль Вярцінскі акцэнтуе ўвагу менавіта на гэтым творы? Чаму завяршае кнігу на такой тэме? Здаецца, мэта — пакінуць чытача ў роздуме: не столькі пра сябе, колькі пра навакольны свет.

Яўгенія Шыцька

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 322 раз