Среда, 29 09 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Тое, што не дасць сябе зламаць

  • Вторник, 27 апреля 2021 22:56

Чаму творы маладой аўтаркі Сафіі Ворсы сталі папулярнымі адразу? Пісьменніца засведчыла факт свайго з’яўлення ў літаратуры, будучы яшчэ школьніцай, у 2017 годзе, калі выйшла першая кніга апавяданняў «Дзесяць простых гісторый», пра якую загаварылі. Не расчаравала і выданне, што пабачыла свет сёлета ў «Беларускай Энцыклапедыі імя Петруся Броўкі» — апавяданні, аб’яднаныя пад агульнай назвай «Рыба». «Аўтар акунае чытача ў сваю, не падобную на іншыя сістэму каардынат і ў даступнай форме паказвае, як можна знайсці радасць там, дзе не чакаеш, як не варта шукаць шчасце там, дзе яго няма», — пазначана ў анатацыі. Паспрабуем прайсці шляхамі героеў Сафіі Ворсы… 

Герой нашага часу

«Ёсць такія рэчы ў свеце, што зусім не абавязковыя. Школа, грошы, статус, праца. Для многіх усё гэта вельмі істотна, але ёсць і тыя, каму Вавілон іншародны. Такія людзі ніяк не могуць праглынуць і перастрававаць пачастунак гэтага свету, змірыцца з сістэмай», — прадстаўляе пісьменніца свайго героя ў першым з апавяданняў, назва якога настройвае на рамантычна-ўзнёслае ўспрыманне — «Чалавек за аблокамі».

Вобраз дзяўчыны, які вымалёўваецца з далейшых дыялогаў — быццам абарваных, калі-нікалі ўзятых, здавалася б, з розных кантэкстаў, з яе ўласных думак — тыповы для сучаснай моладзі. Прадстаўнікі яе, з аднаго боку, разумныя, не звыклыя вырашаць праблемы за кошт іншага, ведаюць, як і дзе знайсці патрэбную інфармацыю, а з іншага боку, у чымсьці непрыстасаваныя і, магчыма, залішне даверлівыя. Для іх вонкавы свет істотны тым, што з’яўляецца крыніцай гармоніі і натхнення, сродкам атрымаць энергію… Яны хутчэй назіральнікі, чым актыўныя вытворцы, якія ні перад чым не спыняцца ў дасягненні мэты. Ды і ці ёсць у іх тая мэта?.. Ці ведаюць, чаго хочуць ад жыцця? Не ведаюць. Але тое, што яны маглі б адказаць на пытанне, падсвечвае яго з адваротнага боку: ведаюць тое, чаго не хочуць. І нашмат больш, чым вонкавы, значыць для іх унутраны ўласны свет, вытканы з уяўленняў, настрояў, мімалётных думак і вобразаў, успамінаў і мрой, патаемных сэнсаў і тонкіх асацыяцый. Яны зробяць усё мажлівае, каб заставацца ў гармоніі з сабою, — і ў гэтым бачыцца іх галоўная сіла, якая пры любых, нават самых цяжкіх знешніх абставінах не дасць сябе зламаць, перакраіць на іншы лад, падпарадкаваць і прымусіць рабіць тое, што не адпавядае перакананням.

«Адваротны» бок медаля, альбо працяг станоўчых якасцей героя Сафіі Ворсы (вызначэнне досыць умоўнае, узятае тут для зручнасці: насамрэч у прыродзе няма «станоўчага» і «адмоўнага»), — у імкненні ідэалізаваць тое, што падабаецца, і ўзводзіць ідэал да абсалюту, у празмерным даверы да сваіх пачуццяў, у нежаданні аналізаваць… Карціна сустрэчы закаханых пасля расстання даўжынёй у год: «Мы як быццам паставілі фільм на паўзу, а цяпер уключылі на тым жа моманце. Ёсць такія людзі, якія зусім як ты. Проста як ты. Нават знешне падобныя. Можа, і праўда некалі мы былі веліканамі, але багі, раззлаваўшыся, рассяклі кожнага на дзве часткі. <…> Можа, я і Кафейнік калісьці былі адным чалавекам? Воддаль гэта адчуваецца мацней». Ні адняць, ні дабавіць: перажыванне героямі найвышэйшага шчасця… Магчыма, пазней яны зразумеюць: кахаць на адлегласці нашмат прасцей, створаны вобраз заўжды адпавядае тваім чаканням, што не заўсёды спрацоўвае з рэальным жывым чалавекам побач. Але гэта ўжо сюжэт для іншага апавядання…

Замест паходу да псіхатэрапеўта

З падобнага ж «поля» і героі апавяданняў «Update» і «Бегункі». Яны самотныя да самай глыбіні сваёй юначай душы. Але для самадастатковасці не стае гармоніі і любові да сябе — якраз на любоў яны вельмі галодныя, таму здольны прыняць за яе ілюзію ўсё, што сустракаюць на сваім шляху. Гэта патрэбна ім для досведу. Для таго, каб памыліцца і зрабіць высновы… Унутраны стрыжань не ламаецца, хоць яго і шкуматаюць у розныя бакі неспрыяльныя ўмовы, цяжкія абставіны. У гэтым рэчышчы апавяданні Сафіі Ворсы, асабліва «Update», можна разглядаць як дапаможнік па выхадзе з крызіснай сітуацыі. Герой, якога ніхто не разумее — ні бацькі, ні аднагодкі, ні каханая, — вырашае развітацца з жыццём і рэжа сабе вены. Разам з аўтарам мы ідзём за героем след у след і размотваем клубок яго ўнутраных перажыванняў, што спрычыніліся да суіцыду. Прычым гэта не штосьці глабальнае, а маленькія кроплі нявырашаных праблем і непражытых напоўніцу «гештальтаў»: спецыяльнасць, якую не было жадання атрымліваць, работа, якую няма ахвоты выконваць, любімая справа, для заняткаў якой не ставала матывацыі, і падобнае.

Самае каштоўнае адкрыццё, якое робіць герой апавядання, — гэта адкрыццё сябе: «Я проста зразумеў, дзе схаваны гэты мех асуджанасці, што спараджаў ува мне адзіноту. З аднаго боку, дастаць яго лягчэй за самае лёгкае, але ж мы ведаем гэты парадокс: усё немагчымае проста і ўсё простае немагчыма. Уся псота стаілася ўнутры мяне. Я сам сабе і асуджэнне, і зласлоўе, і ганьба. Усё жыццё я не ведаў, што рабіць, а цяпер, калі з гэтым жыццём развітваюся, — ведаю». Пускавым момантам для ўсведамлення таго, што жыццё саткана з любові, была прыемная згадка галоўнага героя. Ён ухапіўся за яе, як тапелец за саломінку і… выплыў. І, «перазагрузіўшыся», разруліў тыя праблемы, што падаваліся невырашальнымі. Метад, які ў тым дапамог, можа ўзяць на ўзбраенне кожны: «Уявіце, што вы на востраве, зусім-зусім адзін. Вас будзе непакоіць, колькі вы важыце альбо як выгаворваеце літару “р”, наколькі дарагое ў вас аўто, ці па статусе вы апранутыя?..»

Сімвал рыбы

Прытчавы характар мае апавяданне «Рыба», усё ў ім сімвалічна. Рыба з яе пастаяннымі метамарфозамі і жаданнямі, якая шукала сваё жыццёвае наканаванне, вельмі нагадвае чалавека — у чымсьці псіхалагічна няспелага, нясталага з яго кіданнямі з адной крайнасці ў іншую, шкадаваннем аб страчаным раі.

Поўнае сімвалаў і апавяданне «Пошукі паразумення». У чымсьці яно перагукаецца з «Маленькім прынцам»: «Калі з-за смерці сябра маё сэрца разбілася першы раз, я даў сабе клятву, што больш ні да кога не прывяжуся. І некалькі стагоддзяў я блукаў халоднымі бурамі па зямлі. А ўночы шкуматаў дрэвы і гучна выў, каб усе пачулі мой боль. Няма сэнсу ў такім жыцці. І я зноў вярнуўся да таго, з чаго пачаў. Знаходзіў тых, хто жыве больш, але несмяротных не было, і я зноў разбіваўся аб скалы адчаю. Аднак любыя пакуты свету вартыя тых хвілін, што ты правядзеш у эйфарыі любові да кагосьці…»

Апавяданні Сафіі Ворсы, напэўна, не дадуць адназначных адказаў на пытанні, накшталт што лепш: любіць альбо не любіць, прырастаць душой альбо не. Але бясспрэчна тое, што яны здольны зруйнаваць краты самаізаляцыі і ўяўнай адзіноты, куды часам кожны заганяе сябе сам. 

Яна Будовіч

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 312 раз
Другие материалы в этой категории: « «Мы жывём, каб вяртацца…» Магія разгадак »