Среда, 29 09 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Кацярына Масэ. «…і малочная кропля бяздзеі супыняе сусветны патоп»

  • Пятница, 02 октября 2020 10:29
  • Автор  Сугучча

Кацярына Масэ нарадзілася 19 лютага 1997 года ў Мінску.  
«Шукаю спалучэнні вядомых слоў, каб даць слова невядомаму. А там, дзе спалучэнні слоў бяссільныя, я вынаходжу самі словы».

 


 

прадчуванне

 

прадчуванне кусае таропкія губы —

там — пад скурай — узыходзіць азімая кроў,

быццам сповіткі вен на фарфоравай чашы.

а на днечку — ружовы асадак віна,

 

паспытаўшы якога, уздымаецца дубам

тагасветам спароджаны парастак зноў,

і зямля, малако вечных зім увабраўшы,

адфармоўвае плоць знітаваннем радна.

 

на іскрыстую гліну цялеснасці груба

кімсьці кінута неба трухлявых шатроў —

скрозь прарэхі прасвечвае тое, што страшна

немагчымасцю быць прадчувальным да дна…

 

 

малочная кропля

 

дзённым россыпам сонечнай солі

не вылечны верад сузнання.

найгаючы бальзам на ранне —

чарнаём сузорнае столі;

 

ды язмінавы лёд дыхання,

на спакой пакрыёмае права...

у небе спражана золата знання

з гаркатой цемразерневай кавы.

 

там — у гушчы начы непадзельнай —

не схапіць анічога ўраздроб,

і малочная кропля бяздзеі

супыняе сусветны патоп.

 

заклён

 

плынь начы залагоджана зроку цяжкі́м вяслом.

абсыпаючы саван вальпургіевых павекаў

белым макам прарочых сноў,

варажбіт узыходзіць на ніву, куды з сяйвом

не сягала рука ні Бога, ні чалавека.

кроў зары астывае, мінуўшы палярны круг,

дзе амброзіяй сочыцца вены сусветнай сквар,

дзе вада выціскаецца з мякішу цвёрдых скал

і не мочыць рук.

слова тоіцца ў снезе — гарыць вастрыём заклён.

варажбіт супакойны — яго не турбуе плён.

ён гавее бяссоннем, і завязь святла прарочыць:

неўзабаве зардзее скрозь попельны вакаём

зараніцы чырвоны жомчуг.

 

 

лунамлечная панна

 

стыне ноч. дыяфрагмы гартуецца сталь.

і марознай гравюрай кладзецца дыханне

цьмы на луннае цэдры падгнілы хрусталь.

цень збаўлення лунае ў скудлачанай багне,

 

па якой праплывае ў шаўковай ладдзі

захінутая ў вопрадзень дымнага пуху

лунамлечная панна — нявеста суддзі —

таго самага, хто шматгалосныя рухі

 

штоўдарна грымлівасцю молата чыніць.

і драпежны надрыў тарфянога аргана,

і пушыстых імхоў срэбраносная сырасць

услаўляюць нявесту найвышняга пана.

 

вадзяная лілея ім смачна туруе —

белакрылы зефір па-над глеістай ваннай,

і ўскрыкваюць духі балот: «алілуя!», —

праваджаючы світу нябеснае панны.

 

 

золата

 

калі высмагаюць лятучыя рэчывы змыслу,

з катла ўваскрасаючы плазменным іменем духа,

праз трэнне напружаных слоў спараджаючы іскры,

 

я доўга дранцвею над зеллем, спрабуючы слухаць

спіртныя вібрацыі рытму і звонкія сокі,

што жывяць цурчаннем гамункула тайнага тэксту.

 

так спорыцца праца, й сасуд ужо досыць глыбокі,

каб там зарадзілася чыстае золата зместу.

 

 

суцяшэньне

 

я пазнаю свой голас сярод шматгалосся душы

па празрыстасці звону, што льецца з яе вышынь.

там вятры, спатыкаючы выдых аб выдмы губ,

іх з маўчаннем і гукам засведчаць спрадвечны шлюб.

 

і званоў курганы адамкне ветравы набат,

страсяне бераг неба ўваскрэслы душы прыбой.

твайго імені літары складваць пачну наўгад —

і ты ўчуеш мяне, бо ужо гаварыў са мной.

 

морак сну кане ў досвітны водбліск маіх вачэй,

і вада, здавен скутая вусцішам, — пацячэ,

каб здабыць паўнату суцяшэння ў вечна імклівай

непахіснасці часу, не змушанай волі прыліву...

 

P.S. Матэрыяламі дзеліцца часопіс «Маладосць», якому ўдзячныя за супрацу!

 

Прочитано 398 раз Последнее изменение Пятница, 02 октября 2020 10:31