Пятница, 18 06 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Анатоль Разановіч. Прасвятленне

Каму не марыцца пра лепшае... Праўда, часам нават і не падазраем, што ў прыдатак да таго лепшага могуць быць зусім нечаканыя «павароты лёсу». Не ведаў пра тое і Рыгор Cемянчук, які меў стары «масквіч», але даўно марыў пра сапраўдны еўрапейскі аўтамабіль, паўтараючы сабе і сябрам вядомы выраз авантурыста Астапа Бэндэра: «Аўтамабіль — не раскоша, а сродак перамяшчэння». І вось нарэшце — а было тое на пачатку 90-х, калі трохі прыадчынілася «жалезная заслона», — у Рыгора з'явіліся грошы, каб купіць недарагое замежнае аўто. Патэлефанаваў польскаму сябру Дарыюшу ў Любартуў, невялікае мястэчка па дарозе на Люблін. Павітаўшыся, адразу перайшоў да справы: папрасіў купіць яму машыну. Польскую, нямецкую, французкую альбо італьянскую. Карацей кажучы, любую, але зробленую ў Еўропе. 

— Якую мадэль? — паспрабаваў дапытацца Дарыюш.

— Сам выберы, — паклаўся Рыгор на досвед і густ польскага сябра.

— Колькі маеш пянёндзаў? — пацікавіўся Дарыюш.

— Дзевяцьсот марак, — па даўняй звычцы прыцішыў голас Рыгор.

У трубцы павісла маўчанне. Дарыюш, мабыць, прыкідваў, што больш-менш вартае можна купіць за такія адносна невялікія грошы. Рыгор зразумеў і папярэдзіў:

— Больш грошай няма, так што машыну бяры надзейную, каб хоць два-тры гады паездзіць. А там паглядзім, што з ёй рабіць.

— Розуме, — буркнуў Дарыюш. — Кеды машына будзе ў мяне, то я зазвоню.

Праз тыдзень патэлефанаваў і сказаў толькі два словы:

— Купіў самаход...

Кінуўшы трубку, Рыгор сціснуў свае касцістыя кулакі, рэзка ўскінуў іх уверх і гучна ўсклікнуў:

— Ёсць!

З кухні выглянула жонка. У яе вялікіх карых вачах было здзіўленне:

— Ты чаго?

— Машыну Дарыюш нам купіў! — Рыгор паляпаў далонню ў свае шырокія грудзі.

— А якую? — паспрабавала ўдакладніць Святлана.

— Ды якая розніца?! — ускіпеў Рыгор. — Галоўнае — машына ў нас ужо ёсць. Машына!.. Сёння вечарам выязджаю.

Ён уявіў сябе за рулём іншамаркі — і добры настрой тут жа вярнуўся.

— Што, на ноч гледзячы? — занепакоілася жонка.

— Так, — Рыгор кіўнуў. — Каб раніцай быць там. Да Бяла-Падляскі паеду на цягніку, там — аўтобусам, і гадзін у восем-дзевяць буду ў Дарыюша.

Святлана ўрэшце ўсвядоміла важнасць падзеі: купля машыны. Абняла Рыгора і ласкава загаварыла:

— Цяпер мы зможам у любы час ездзіць у вёску да бацькоў, сваякоў ці з сябрамі на прыроду. Здорава!

— Здорава, — пагадзіўся Рыгор. — Але ж машына патрэбна не для таго, каб проста ездзіць. Яна павінна грошы зарабляць.

— У якім сэнсе?

— У прамым, — усміхнуўся Рыгор. — На машыне буду ў Польшчу ездзіць. Прычым не толькі тавар вазіць, каб прадаваць, але і людзей з сабой браць. Напрыклад, суседа Мікалая. Ён за тое плаціць будзе.

— Нядобра на суседзях нажывацца, — паківала галавой жонка.

— Нядобра без грошай быць, — прабурчаў Рыгор. — Ці мала што...

— А што?

— Ну, а раптам на лячэнне грошы спатрэбяцца?.. У нас у вёсцы, ты ж бачыш, пасля Чарнобыльскай катастрофы амаль кожны тыдзень хтосьці памірае. Гэта ў нас. А ў Брэсце, іншых гарадах? Мала пра тое пішуць-гавораць, але ж радыяцыя, нібы змяюка, паўсюль паўзе, кусае. Прыпаўзла — атрымлівай... Як задумаешся, то страшна.

— Ой, не кажы ты пра такое, — адмахнулася жонка. — Чаго бяду наклікаць? Што наканавана, кажуць, тое ні на якім кані не аб'едзеш. А ў нас во хутка дзіцятка будзе. Дай Бог, каб усё добра.

— Дай Бог... — уздыхнуў Рыгор. — Чацвёртая гадзіна ўжо, буду збірацца...

ІІ

Любартуў сустрэў Рыгора цішынёй і марудлівым рухам гарадскіх аўтобусаў.

«То не Варшава...» — з ноткамі лёгкай іроніі падумаў Рыгор, сузіраючы местачковае жыццё.

Ужо не раз бываў ён у польскай сталіцы — па справах, як сам казаў. Прадаваў на цэнтральным стадыёне, пераабсталяваным пад рынак, цыгарэты, запалкі ды сухі спірт у таблетках. Гэтая штука, дарэчы, спірту ані грама не мае, толькі полымя, калі гарыць, на спіртавое падобнае. Зручна з сухім гаручым нават у воглым лесе вогнішча запаліць, дровы ў каміне, вугаль у мангале. Цыгарэты, запалкі прыносілі прыбытку яму ўдвая, а сухое гаручае давала навару яшчэ больш. Каб таблеткі разбіралі хутчэй, Рыгор запальваў адну на прылаўку, і гарэла яна да канца гандлёвага дня. Такая грубая, але «гарачая» рэклама заўсёды спрацоўвала. Эфект яе ўзрастаў, калі Рыгор падаграваў сабе банку тушонкі проста за прылаўкам: і гарыць, і грэе, і смачна пахне...

— Цо то ест? — дзівіліся патэнцыйныя пакупнікі.

Рыгор з выглядам знаўцы тлумачыў. І проста на вачах сухі спірт рос у цане, ішоў нарасхват.

Цяпер ён прыехаў у Польшчу не прадаваць — купляць, бо павінны ж нашы мары спраўджвацца.

— Чэсьць! — радасна й шчыра павітаў яго светлавалосы і кучаравы Дарыюш. Запрасіў госця ў свой асабняк. Гаварыў ён, як заўсёды, па-польску, перасыпаючы мову беларускімі ды рускімі слоўцамі.

— Не-е, у дом не пойдзем, — замахаў рукамі Рыгор, якому карцела ўбачыць машыну. — Ты прабач, але я ж не гасцяваць прыехаў.

— Як хцэш... — Дарыюш паказаў рукою на гараж. — Прошэ...

Перад Рыгорам паўстаў легкавік — двухдзвернае купэ з транзітнымі нумарамі. Рыгор углядаўся ў яго і не верыў: няўжо за 900 марак? Машына — светла-зялёны металік, бліскучыя дыскі, храмаваныя бамперы, на даху — люк, на вечку багажніка — чорны спойлер, які нібы падкрэслівае хуткасныя вартасці мадэлі. Адным словам, сіла.

— Я такіх яшчэ не бачыў... — выдыхнуў нарэшце ўзрушаны Рыгор.

— То праўда? — не паверыў Дарыюш.

— Так, — пацвердзіў Рыгор. — А што за мадэль?

— «БМВ», трэцяя мадэль, — без усялякіх эмоцый кінуў Дарыюш. — Немцы выпускаюць. Шыбка едзе. Поспробуеш?

— Давай! — загарэўся Рыгор.

Селі ў машыну, прычынілі дзверцы. І падалося Рыгору, што ён у нейкім лятальным апараце. Для чалавека сціплага і простага ў побыце, з вясковым радаводам такое адчуванне было натуральным. «БМВ», нягледзячы на ўзрост, сваю марку трымаў годна: шум з вуліцы ў машыну не трапляў, рухавік не роў, як у Рыгоравым «масквічы» ці «Волзе», а нібы муркатаў — вельмі ціха. У прыгожым, амаль раскошным салоне плыла лёгкая музыка, на шчытку прыбораў — з устаўкамі з натуральнага дрэва — свяцілася ўсё. Да таго ж па нагах і вакол усяго цела разлівалася дзівосная прахалода.

— Куды ехаць? — Рыгор адчуваў, як рукі яго і ўсё цела злёгку прабівае дрыжыкамі. — За горад?

— Так, на дрогу до Любліна. — Дарыюш накінуў на сябе аўтамабільны рамень. — З повротэм.

Рыгор, кранаючы з месца, рэзка — так атрымалася з непрывычкі — зняў нагу з педалі счаплення і паддаў газу. Машына, пракручваючы заднімі коламі, ірванулася ўперад.

— Увага! — спалохана ўскрыкнуў Дарыюш. — Цо ты робіш?..

Рыгор прамаўчаў ды ўжо без рыўкоў павёў «БМВ» па вуліцы, а потым па трасе на Люблін. Машына паводзіла сябе паслухмяна, ды энергічнасць з яе аж праменіла. І як толькі Рыгор дадаваў газу, «БМВ», нібы неаб'езджаны жарабец, гатовы быў, здавалася, прыпадняцца на дыбкі, несціся туды, куды скіруе рух гаспадар. Аж хацелася Рыгору закрычаць ад унутранай радасці, што перапаўняла грудзі, ад палёту душы, ад здзяйснення даўняй «ружовай» мары пад назвай «Іншамарка».

Стрымліваючы свае пачуцці ды эмоцыі, Рыгор за пару кіламетраў да Любліна разважліва, без рэзкіх рухаў развярнуўся ды пагнаў машыну ў Любартуў. Цяпер яму хацелася ўжо як мага хутчэй вярнуцца ў Брэст, дзе чакалі яго маладая жонка ды сябры.

— Гербата, кава, вудка? — усміхнуўся Дарыюш, калі прыехалі да яго на двор.

— Не, дзякую! — адмовіўся Рыгор. Дастаў грошы, аддаў сябру. — Дзякуй табе... Дзенькую!.. Прыязджай да мяне. Я і мая жонка будзем цябе чакаць.

— Пшыеду, — паабяцаў Дарыюш.

На развітанне ён патлумачыў, што калі на ноч пакідаць «БМВ» у двары ці ставіць на незнаёмай стаянцы, то лепш вымаць аўтамагнітолу з панэлі: хаваць у багажнік альбо забіраць з сабой.

— Для чаго гэта? — здзівіўся Рыгор.

— Без радыё самаход працоваць ня бэндзе: такая канструкцыя, — патлумачыў Дарыюш. — До побачэння!

Паціснуўшы адзін аднаму рукі, мужчыны абняліся. Гэта быў знак павагі, удзячнасці, простага чалавечага жадання сустракацца зноў і зноў. Хоць на польскай зямлі, хоць на беларускай.

ІІІ

Каб скараціць шлях да Брэста, Рыгор за Любартовам звярнуў з асноўнай трасы на мястэчка Парчаў — прасёлкавую дарогу. Яна была звілістай, вузкай, бегла праз палі, лясы, хмызнякі. Ды машына і па такой дарозе ішла настолькі лёгка, плаўна, што Рыгору захацелася спаць. І ён, з недасыпам, амаль задрамаў, калі яго «БМВ» рэзка стаў абганяць легкавы «фіят». Адлегласць паміж аўто ўсё звужалася, вось-вось бакі машын сутыкнуцца. «Бандыты», — імгненна зразумеў Рыгор. Ён з абурэннем і страхам кінуў позірк у салон чужой машыны. Згледзеў чатырох маладых хлопцаў у скуранках. Той, што сядзеў справа ад кіроўцы, прыадчыніў фортку, закрычаў:

— Курвэ, затшымайсь!

Адчуўшы небяспеку, Рыгор дадаў хуткасці, панёсся ў бок мяжы, спадзеючыся там знайсці абарону — ці то ў жыхароў Парчава, ці то ў паліцыі... Усё роўна ў каго, але толькі наперад!

Кіламетраў дзесяць «БМВ» і «фіят» ішлі амаль упрытык: як у чарзе на мяжы ці ў гарадскім заторы. Тры ці чатыры разы па заднім бамперы «БМВ» біў «фіят» сваім
перадком. Абодва самаходы ўздрыгвалі, а з імі нервова тузаліся і людзі.

— Затшымайсь! — крычаў той жа хлопец, калі правае крыло «фіята» на пару імгненняў раўнялася з левым крылом «БМВ». — Заб'ю!..

Відаць было, бандзюга не жартаваў: у руках яго Рыгор убачыў пісталет. Час ад часу ён ляцеў пасярэдзіне дарогі: каб не мог абагнаць «фіят». Але сустрэчныя машыны прымушалі «БМВ» зноў ціснуцца да правага боку, каб не сутыкнуцца.

«Што рабіць?» — у галаве Рыгора шалёна калацілася адзінае пытанне. Ён ужо разумеў, бачыў: гоніцца за ім кодла бандытаў, каб пачысціць яго кішэні ці забраць і машыну. Такіх выпадкаў, ведаў, на польскіх дарогах шмат. Сярод бандытаў былі як палякі, так і беларусы, рускія, украінцы — злачынны інтэрнацыянал з былога Саюза і краін Варшаўскага дагавора. Розныя прайдзісветы, аслепленыя прагай лёгкай нажывы, бязбожна рабавалі людзей, не зважаючы на іх узрост, пол ці нешта іншае.

— Затшымайсь!..

Рыгор пачуў глухі стрэл — і тут жа востры боль працяў патыліцу, а праз імгненне бакавым зрокам ён згледзеў, як асыпалася шкло ў правых дзвярах. Скасавурыўся ды ўбачыў, што і задняя шыбка разбітая. Значыць, куля прайшла па крывой навылет, не закрануўшы яго, а ў патыліцу дзюбнуў кавалачак з задняга шкла. Рыгор машынальна правёў далонню па ране, адчуў мокрасць: кроў.

«Хоць бы якую вену не кранула, — пранеслася ў галаве. — Бо крывёй сыду...»

Глянуў на «ганчакоў». Яны, пэўна ж, вырашылі-такі вырвацца ўперад, перагарадзіць дарогу. І тут быццам нешта ўнутры ў Рыгора спрацавала, і страх у ім нечакана знік. З'явілася такая злосць, што, здавалася, дай ёй волю, і яна, як лавіна, знясе-перакуліць бандыцкую машыну, запоўніць дарогу
і ўвесь свет.

— С-сукі!.. — завыў Рыгор і аж у падлогу ўціснуў педаль газу.

Вузкая дарога — не надта паляціш. Ды дзе там разважаць! Любой цаной адарвацца б ад зграі. Заехаць у любое мястэчка і нарэшце спыніцца.

Рыгор, амаль уціснуўшы руль у грудзі, пагнаў, не разбіраючы дарогі: роўны асфальт, старая брукаванка, ямы... «Хутчэй, хутчэй!» — загадваў ён сам сабе ды прышпоранаму на поўную моц самаходу.

І «фіят» пачаў адставаць.

«Дагналі?!.» — хваля шалёнай радасці аж калыхнула Рыгора.

Ён прыўзняў галаву, дзіка засмяяўся. І тым, відаць, парушыў нейкі нябачны баланс, тузануў неасцярожна за танюсенькую нітачку, што трымае кожнага з нас ад нараджэння. У той жа момант правыя колы самахода скаціліся з асфальту на ўзбочыну, пайшлі віляць па пяску. Руль біла так, нібы ён жывы ды трасецца ў ліхаманцы. Рыгор ад нечаканасці рэзка ўзяў налева — і ўраз машына пайшла юзам, яго ўжо не слухалася. Крутнуў назад. «БМВ» завыў і правым бокам слізгануў па прыдарожнай траве. Яшчэ праз імгненне машына вылецела на абочыну і на ўсёй хуткасці прайшлася правым бокам па прысадзістай сасне, здзіраючы з яе галіны ды кару.

«Канец!» — мільганула ў галаве.

Магчыма, ён паспяшаўся так падумаць ды пры тым з усёй сілы, нібы ставячы кропку, націснуць на тормаз. І «БМВ» як звар'яцеў. Заднія колы машыны, адарваўшыся ад зямлі, прыўзняліся, перадок яе заскрыгатаў, і па лесе рванай хваляй пакаціўся рэзкі гук: нібы перадсмяротны ўздых дзікай істоты з фантастычнага кіно...

Калі Рыгор прыйшоў у сябе, то пабачыў нейкіх людзей. Яны выцягвалі яго з машыны... Паклалі пры дарозе... Колькі ён там праляжаў?.. Свядомасць вярнулася ў Парчаўскай лякарні толькі на наступны дзень. Аніколькі не здзівіўшыся, нібы так і павінна быць, Рыгор доўга пазіраў спачатку ў светлае акно, потым павярнуў галаву — і ўбачыў жонку. Быццам у нейкім дрыготкім святле, якое раптам пралілося і ў яго душу — аж унутры пацяплела. Прыціснуўшы рукі да грудзей, Святлана стаяла побач і плакала.

«Ты чаго?» — хацеў запытаць ён, але не спытаў, бо язык быў такі сухі, што і варочацца не хацеў. Паспрабаваў усміхнуцца, і тое ўдалося. Размазваючы слёзы па твары адной рукой, прытрымліваючы асцярожна жывот другою, Святлана прыпала да яго твара, прашаптала:

— Ты жывы...

— Машына... — выціснуў Рыгор.

— Ды купім яшчэ, купім табе машыну... — шчасліва паабяцала жонка.

— Добра, — ледзь чутна, хрыплавата ды няўпэўнена прашаптаў Рыгор — і сам падзівіўся свайму новаму голасу.

Пераклаў з рускай мовы Іван Ждановіч

Крыніца: Звязда

Прочитано 784 раз