Версия для печати

Мікола МЯТЛІЦКІ. ГАА МАН ПІША ПАРТРЭТ КУПАЛЫ

  • Вторник, 27 июня 2017 09:09

Месяца жоўты акраец,

Снег, уначы падталы.

Духам акрэплы кітаец

Піша партрэт Купалы.

 

Выпала гэтак стацца,

Сёння – і назаўсёды

З годнасцю людзьмі звацца

Вызваленаму народу!

 

Ён мройна партрэт малюе

Таго, хто ў краі далёкім

Сэрцам гарачым чуе

Будучыні крокі,

 

Хто ахвяруе народу

Сэрца жар небывалы,

Хто вёў-гукаў да свабоды.

Ён малюе Купалу.

 

І вочы славянскія ясняцца,

Як дзве таемныя зоркі.

І промень зыркаты лашчыцца,

З творцам вядзе гаворкі.

 

І зарыва агнявое

Грае ў фарбах усходу.

Яшчэ не астыла зброя,

Што здабыла свабоду.

 

І вырастае постаць

Нязнанага велікана.

І вось ён, штрышок апошні,

Пакладзены Гаа Манам.

 

І ў сэрцы, і ў свеце світае,

І цемрыва гаснуць прагалы.

Духам акрэплы кітаец

Піша партрэт Купалы.

 

Мікола Мятліцкі 

Фота ў загалоўку: Гаа Ман

Прочитано 2908 раз