Понедельник, 17 05 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Сяргей Панізьнік. Маё поле будзе засеяна! Завершыкі – творчая справаздача Сусветнаму Дню Паэзіі

  • Понедельник, 22 марта 2021 08:24

Сяргей Панізнік / Панізьнік, псеўданім Сяргей Папар/ нарадзіўся 10.05.1942 г. Друкуецца з 1959 г. У пісьменніцкім таварыстве з 1967 г.

Зборнікі паэзіі: «Кастры Купалля» /1967/, «Палявая пошта» /1972/, «Крона надзеі» /1975/, «Чало і век» /1979/, «Слова на дабрыдзень» /1982/, «Мацярык» /1984/, «Стырно» /1989/, «А пісар земскі…» /1994/, «Пры сьвячэньні…» /2004/, «На ўсе вякі…» /2011/,»Нас – многа! Гадоў увершаваныя радкі» /2012/, «Выбранае. Паэзія за паўстагоддзя творчай працы» /2017/, «На падкове Дзвіны» /2019/.

Кнігі для дзяцей: «Акуль вясёлка п»е ваду» /1981/, «Жыцень» /1986/, «Мы – грамацеі!» /1989/, «Золкая зёлка» /1999/, «Літары ў расе» /2011/, «Гасцінцы з пуцявін-гасцінцаў» /2016/.

Кнігі дакументальнай прозы: «Пасля вогненных вёсак…» /1980/, «Браніслава» /1985/, «Освейская трагедия : Книга народной памяти» /1992/, «Дзеці вайны»/разам з Людмілай Грамовіч, 1993/.

У кнігу «Абліччы сустрэчаў» /2017/ увайшлі нататкі пра пісьменнікаў, навукоўцаў і дзеячаў культуры з пасляслоўем Адама Мальдзіса /»Восем краін Сяргея Панізьніка»/.

Укладальнік зборнікаў: «За цябе, Радзіма» /1984/. «Латышская савецкая паэзія: анталогія ў двух тамах» /разам з Мірдзай Абалай, 1984/. «Воляй азорыцца свет» /1985/, «Ветразь» /1985. 1990, 1991/, «Песня Даўгавы» /1986/. «Наш Нёман» /разам з Лаймонісам Інісам, 1988/, «Падарожная кніжка Скарыны» /разам з Валянцінай Дышыневіч, 1990/.  «Крывіцкія руны: беларускія пісьменнікі Латвіі» /2003/. «Уладзімір Караткевіч. Быў. Ёсць. Буду! Успаміны, інтэрв»ю, эсэ.» /раздзел «Гуклівы і чуйны» з фотаздымкамі/. «Тысяча гадоў добраму суседству. Беларуска-літоўскае гістарычнае і літаратурнае сужыццё: анталогія» /2009/. «Уладзімір Караткевіч: вядомы і невядомы» /раздзел «Свет мяне паўторыць» /2010/. «Добрыя лекі: латышскія народныя казкі ў перакладзе П. Масальскага» /2013/. «Я адзавуся! Кніга пра Каліноўскага і Касінераў Свабоды» /2014/.

Укладальнік кнігі Максіма Багдановіча «Узор василька» /1985/, дзесяці выпускаў гістарычнай літаратуры «Бацькаўшчына» /1990 – 2002/ –  лаўрэат літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка за публіцыстычную творчасць, ідэю стварэння і падрыхтоўку да выдання зборнікаў «Бацькаўшчына» /2000/. Укладальнік зборніка твораў Янкі Купалы «Явар і каліна» /2000/.

Укладальнік разам з Міхасём Казлоўскім кніг выбраных твораў Віктара Вальтара /2009/, Вольгі і Сяргея Сахаравых /2015/, Пятра Сакола і Валянціны Казлоўскай /2016/, зборніка «Крывіцкія руны – ІІІ: Беларускі культурна-асветны мацярык у Латвіі» /2019/.

Для серыі «Школьная бібліятэка»: «Шыпшына» /аўтар Максім Багдановіч, 1991/, «У бязмежную даль: кніга пра Максіма Багдановіча» /1996/, «Слаўны сын Беларусі: кніга пра Скарыну» /1994/. «Жыві ў свабодзе! Кніга пра Каліноўскага» /1996/. «Родныя вобразы» /Янка Купала, Якуб Колас/; разам з Яўгенам Хвалеем, /1997/. «Свой пачэсны пасад: кніга пра Янку Купалу» /1999/.

У зборніку «Сустрэча роднасных сусветаў» /1997/ змешчаны  пераклады вершаў паэтаў з Азербайджана, Венгрыі, В»етнама, Грузіі, Казахстана, Кыргыстана, Латвіі, Літвы, Малдовы, Расіі, Славакіі, Туркменістана, Украіны, Чэхіі і вершы Панізьніка /Папара/ ў перакладзе на англійскую, балгарскую, латышскую. польскую, рускую, украінскую, чэшскую мовы.

У зборніках «На ўсе вякі…» /2011/, «У краіне паэтаў = Au pays des poetes  /2011/, «Poetes russes, belarusses et  polonaise» /2013/ змешчаны вершы С. Панізьніка ў перакладзе на англійскую і французскую мовы Дагмар Уолкат, Алены Таболіч, Ніны Дзябольскай. У 2019 г. у Бялградзе выйшаў зборнік С. Панізьніка «Вішні цвітуць»: перакладчыца на сербскую мову Даяна Лазарэвіч.

Вершы Сяргея Панізьніка, пакладзеныя на музыку, апублікаваныя ў спеўніку «Дабравест» /2006/,  запісаны на дыску «Арэлі» – Сяргей Панізьнік у вершах і песнях» /2011/.

Аўтографы пісьменнікаў роэных пакаленняў сабраны на дыску «Дарчыя надпісы», а таксама ў кнізе-альбоме  «Аўтографы з кніжніцы Сяргея Панізьніка /1960 – 2011/». /2016/.

Запісаныя на магнітафон вершы і песні Уладзіміра Караткевіча, вершы Ларысы Геніюш і Рыгора Барадуліна зафіксаваныя на дыску «Галасы». /2009/.

Узоры абрадавай спадчыны роднага Прыдзвіння  запісаны на дысках «Пад ясну зарыцу: песенна-абрадавая традыцыя Мёршчыны па матэрыялах  аўдыёкалекцыі Сяргея Панізьніка» /2013/ і «Вясельныя песні і найгрышы вёскі Лявонпаль і яе наваколляў» /2016/.

«Песні, далучаныя да вечнасці: са збораў Сяргея Панізьніка»: 147 запісаных фальклорных твораў у 1968—1970 гг. у Мёрскім р-не Віцебскай вобласці змешчаны ў выданні «Беларускі фальклор. Матэрыялы і даследаванні». Зборнік навуковых прац.    Выпуск 2. Мінск «Беларуская навука». /2015/.

«Созвучие. Литература и публицистика стран Содружества». /Партал газеты «Звязда»/  27.07.2018. «У гонар памяці пра Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча – беларускага паэта, празаіка, драматурга, кінасцэнарыста, перакладчыка, публіцыста». Верш-прысвячэнне «Парнас Караткевіча» і 5 фотаздымкаў  ад Сяргея Панізьніка.

Часопіс «Верасень». № 22, 2020. Сяргей Панізьнік. «Хамутоў не зналі коні продкаў». /Да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча/.

Сяргей Панізьнік у 1979 г. на Віцебшчыне заснаваў музей «На шляху з Грэкаў у Варагі» /»Хата бабкі Параскі», в. Цінкаўцы Верхнядзвінскага р-на/. У 1999 годзе стварыў Музей радзімазнаўства пры Лявонпальскай сельскай бібліятэцы  /в. Лявонпаль Мёрскага р-на/.

Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны /1991/, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь /1996/, Ордэнам Трох Зорак Латвійскай Рэспублікі /1998/, Дыпламант міжнароднага літаратурнага конкурсу ЮНЭСКА «Сустрэча двух сусветаў» /1992/.

Ганаровы грамадзянін Асвеі /2003/.

На посцілцы Ядзьвінні Панізьнік вытканы ўзоры — памяць продкаў з эпохі арыяў. У цэнтры тканіны — ромб, у які ўтканы белы чатырохкутнік — як замова гаспадыні: «Маё поле будзе засеяна». Экспанат з філіяла Музея радзімазнаўства пры Лявонпальскай сельскай бібліятэцы /1999 г./

У 2005 г. праходзіў пленэр «У пошуках Атлантыды. Лявонпаль». Малюнак Алены Бабіч-Каральковай «Лявонпаль — радаводны маўзалей».

Дыплом за ўдзел у Міжнародным конкурсе «ЮНЭСКА» «Сустрэча двух сусветаў» /1992/– у гонар адкрыцця Калумбам Амерыкі.

Калаж Ягора Фядзюшына /10.05.2013/. 

Герб Львова

Рушнік-абярэг Белавус Параскі з-пад Дзісны: выявы Берагіні, Вясны-Лады — памяць русалляў з ХІ–ХІІ ст. Ідыяграма вады — знак з эпохі неаліту.

***
Суладдзе Слоў – у выплесках натхнення.
Назоўная ў іх вобліках смуга.
     З раскрыленых пялёстваў праяснення
     я сведчу, як расце радок з імгнення,
     якому я і татка, і слуга.
Ад правіднення і да прамаўлення
за аўтара тут  радасць і туга.

***
Смялей расплюшчу вочы – патрывожыць
не Свет вялікі, не яго прастор,
не крыж бажніцы, не далёкі бор, –
     сябе, каб у завулачку нябожым
зародак-верш не стаў жыццю нягожым…
Пазнаў: з ім я дайду і да Каложы.
З Айчынай шлях высокі і прыгожы!

***
     Жыву не ў доўг. Падатак мой вялікі.
Я аддаю за кожны вольны дых
Цяпло-Любоў, дзе захаплення блікі
і шчабятанне ласкі, верша ўсклікі…
     Плачу і за сябе я, і за тых
      ашчаднікаў былых і маладых, –
     прыхілістых адно выкручваць  бзыкі…
Пачую неўпападныя прыкрыкі, –
плачу й за іх, каб выправіўся слых
і пасвятлелі недаверцаў лікі.

***
Перабяру гады,– вярнуцца ў самы лепшы.
     Няма пушчэйшых: кожны – у цане.
І ў новы Круг напрошваюцца вершы:
     якія з іх пажытак праглыне?
Усе свіргочуць радасна і горка.
     Каторы з іх  – напразапас – вавёрка
схавае ў прахалодным будане?

***
У Бацькаўшчыны гонкі дым,
     трапечуць рэкі, перакаты…
Не адхіляецца Гальфстрым:
     у зыбкіх промнях– продкаў пража…
Для Бацькаўшчыны праца – паша
     у існаванні векавым,
калі на кожнай вежы – стража.

***
Гукні – і будзеш як Атлант.
Прыстройся: – Я  Карыятыда!
     І рэха адшукае клад:
Зямля сумоўнасцю  спавіта.
Датуль нямее Атлантыда,
     пакуль Айчына не раскрыта,
пакуль Сястру не стрэне Брат:
– Мы – беларускасці арбіта!

***
Здаволюся пагодай, зыркім днём,
раптоўнаю хвілінай разняволля…
     Тады й натхненне з радасным агнём,
     тады й сумленне не пячэ, а коле…
Уздых… І поўніць ссохлы вадаём
расінкамі-слязінкамі спатоля.

***
Узважу  Час, які ляціць наўстырч –
праз пень-калоду, праз вярыгі плёсу.
Узважу  Час, а з ім жыцця залозу.
………………………………………………………
Хай млын чакае новага завозу…
Адно гляджу: не спатыкнуўся б кліч
айчыннага разгушканага лёсу.

***
Дзякло за хлеб і за пальнюк нясмачны.
За злюбкі, за нелады – дзякло.
За глыбіню і ўзлёт жыцця я ўдзячны:
     яно і калыхала, і пякло.
     Сплаціў за тое, што са мной было,–
і з будучыняй не буду мець разладу:
не траплю недацёпам у сіло,–
не падпаду пад чорную расплату.

***
Спынілася Імгненне ў насцярозе:
“Прыўкраснае хто ўмее спасцігаць?”
     … Брыдотамі мы намасцілі гаць,
      грахоўнасцю сваёй: “мацьперамаць…”
Мне б супыніць Імгненне – на маленне:
–Прашу Душы маланкавае ўменне
     люстэркам прыгажосці стаць!

***
     Не зварухнуўся  аркушык паперы.
І прывіды не стукаліся ў дзверы
ні ў паралельным свеце, ні ў тутэйшым.
     Ніхто з сяброў не кінуўся на вершы.
Каб не згубіць дыханне трапяткое,–
агучваю не словы, не радкі –
     завершыкі. А што гэта такое?
Перадаецца нешта гаваркое
в а ч ы м а, разам з поціскам рукі.

***
У Бога дзве далоні – Дзень і Ноч.
     Прыходзіць ноч, нясе далонь да лона,–
     і я схіляю голаў для паклона,
каб новы дзень мой не прабег наўзбоч.
     А дакранецца додня даланя –
     прымаю дабраславенне дня…
Зноў радуецца сонейка карона.

***
Пустога бэшлу завідкі бяруць.
Ён круціць мітулямі: тчэцца звяга.
     Па сціменніку даўней хадзіла дзяга…
     Цяпер – такога – ў сведкі падбяруць.
Ён вочы вырачыць на праўду, слепіндзя…
І вырак дасць – даўбешачкай – суддзя.

***
Калі б не сонца – засень
вятрылася ў гняздо.
Калі б не ліпа – ясень,
калі б не я, то хто
     пад сонца стаў, пад вецер
     і месца на планеце
     прытульнае агледзеў?
Быў родны дом з Хрыстом,
з яго крыжом-наследдзем,
з Вялікаднем-прасвеццем…
…Ішоў з бязвернай клеці
     ў Яго бязмерны Дом.

***
Знаёмцаў незабытых пераняць –
на цеціву напятую наткнуцца:
     – Вы – у цалосьці, родненькія людцы?
     Мае таксама костачкі звіняць…
Журчыць дражліва Босая вада.
Стаіць на строме той жа кот лавушчы…
     Гадамі зараслі мы ў гарадах,–
     але ад пространі і чуткай і відушчай
не засланіла побытная пушча.
І Босая вада заве: – Айда!

***
Дзень патухне і настрой надломіцца.
Промні працы адкладу на потым…
   Беларусь была і ёсць свавольніцай:
    Волю не змушае да работы.
     Вочы адкрывае людзям додніцца,
       надае свабодзе пазалоту.
/ Беларусы вожыкамі колюцца
і таўкуць саміх сябе ля плоту /.

***
Гарбы задумлівых аблокаў –
маіх набыткаў хатулі.
А ў жаўталісьці на зямлі –
усё, што лёгка нагалёкаў.
     Знікае крокаў след, і рэха
     у скамянелых камяках.
На небе поўня як прарэха,
Зьніч вечнасці на маяках.
Прамоўленыя словы згусьлі.
Мяне трымаюць мысьлі-гусьлі,
     наструненыя на вяках.

***
Мы начамі адыходзім,
непрытомна завісаем…
Нашы думы з галасамі
першабытнасцю лагодзім.
     Крылы соннасці не студзім:
     добра быць у Паднябессі!
     …А з пупышачкі на ўзлессі
     рыфмы сыплюцца на грудзі.
У дыханні-рыфмаванні,
у прасненні-праясненні
зноў мяне трымае цвержа.
     І калі выходжу з цені,–
     бачу: ўецца па-над вежай
     верша свежага заверша.

***
Суняцца і заглыбіцца ў маўчанне,
недарабіць і тое, што б ты змог?
     А для чаго самкнуліся случанне –
     каб вырас мох?
Прыўладзіць бы замшэлае стагоддзе
і з лядаў павыносіць смалякі
ці ж  не пад сілу? Гулі зноў у модзе.
     Чые ж сынкі  нядотыкі святкуюць,
     мясцюрацца пад недалужны звон…
…Саміх сябе балткрэвы атакуюць
і на загрыўку веку маракуюць:
а ёсць яшчэ і Божанькі закон…

***
Пільнуе каляндар бурлівыя нядзелькі.
Праводзіць кожны дзень да вызнанай мяжы.
І нітачку прадзе з кужэльнае кудзелькі:
каму на вузялкі, а для святой нядзелькі
пазыбаць на крыжы камок маёй душы.

***
Крыло з вясельнаю струной
плыве не ў сутарэнь.
Дзе развінаецца руно –
не сцелецца шчыгрэнь.
     Сыходзяць хмары стараной
     на неабдымны дзень.
     Хай расцілаецца руно,
     а толькі не шчыгрэнь.
Заваладарыў у гняздзе
кахання першацвет.
Я злюбнай, роднай мілаце
складаю запавет,–
     каб у сямейнае вакно
     ярчэй глядзеў прамень,
     каб залацілася руно,
     сціраючы шчыгрэнь.

***
Я правяраю даўні след:
адновіць ён абрысы Краю?
Абліччы валадароў з манет
глядзяць на мой нязграбны Свет:
нібы наноў яго ствараю.
     Учэпістая даўніна
     пад ногі вываратнем прэцца.
Там – у атожылку – струна,
у кожнай рытвіне – вайна,
а вырва – Крывіяй завецца.
     Ашчадна ў гэтай малацьбе
     ствараю самаго сябе…
     …Душа, азызлая ў пасьбе,
     зноў на падмурак села грэцца.

***
“Ты, Надзея, сканаеш апошняй…”
Чужакоў той апошні прысуд
не здаволіў Надзею – і пожняй
выйшла раніцай сеяць расу.
     Не гібець жа зямным атуросткам,
     сухату не ўздымаць на людзей.
     …Абнадзея над кожным пялёсткам
     да маіх дарастае грудзей.
Мне айчынны дазор давярае –
не апошняму між пасланцоў.
А паспешны прысуд “мудрацоў”
безнадзейна ў агні дагарае.

***
У Львове горкі сорам навучыў
сябе вярнуць у самаснае селішча.
     Ад роднай гістарычнай велічы
     Львоў уручыў ратоўныя ключы.
Сарваў я анямення абручы,
святло знайшоў у забруснелым сховішчы,
Нацыянальныя  спазнаў радовішчы.
     Цяпер і ў апраметнае начы
     Льва Львова анікому не змагчы.

***
Мне маладзік – шчытом, а ветах – чоўнам.
Начны дазор плыве па моры чорным,
     аберагае сны прарочыя, каб додзень
     усім праснутым выяўляў адвагу.
     Ім надаваў кальчужную рубаху –
і не рубакам быць – стырно трымаць,
з начы акрутнай смела выплываць.

***
Між Мерыцай і Волтай – сонцацвет!
Жывыя кветкі? З імі ўсё магчыма.
Быць без жывародных красак немагчыма.
І зёлкі вераць у Паралельны свет
між дзвюх лагчынаў.
Не вычарпаны дух зямлі да дна.
Канца няма ў радзінным Небакраі.
Пачуў усплёскі: –Вунь яна, відна!
Лагчыны прыкарытнікі не скралі
і не ўвялі ў чужынскі закутон.
…Ох, не паддаўся Волты аўтахтон.

***
З пупышак упялёсткаваўся год.
     Зноў рунь, Каласавіны, умалот…
          Рассунуўшы сядзібаў аўшакі –
у продкавыя ўпёрся я вякі.

***
Ох, сівеў на ветравеі:
пасылалі на кудышкі…
там, дзе пыл асеў на веі .–
ліў я ісціну ў кубышкі.
     І свянцоная вадзіца
     непагадзь з мяне змывала.
     …Мама за мяне маліцца
     разам з сонцам уставала…
Праз Грамніцы чуцен голас
родненькі – нібы спрасоння…
…Мне прымружылася сёння:
“Сам я –недацёрты колас,
     Мама – зёлачка ў вазоне”.

***
Вось тут і думай… Думанне – пакуты.
А што, калі не лезьці за вуглы,
а быць да свайго логава прыкутым,
прывязаным да хатняе шулы?
     І хай там нехта лезе ў расцяробы,
     валтузіцца за праўду для людзей…
     А я, здаволіўшы свае вантробы,
     успыхваю… І ўсё радзей, радзей.
О, думанне! Спажыва для надзей!
За вугал пагляджу, каб схамянуцца:
– Я злодзей, я замкнуўся ў сваёй будцы,
дзе ўжо няма надзеі для падзей.
    Надзеі не прыходзяць без людзей.
     …Адуманага, вы прыміце, людцы.

***
Сам па сабе жыву штодня.
А дзе зарыстая радня?
     Ці не падсохлі карані
     у недалюбленай радні?
Сваёй самотнаю гульнёй
даўно я ў ростані з раднёй.
     На раздарожжах даганю
     пакрыўджаную радню.
Скажу душы сваёй: – Радней!
    Радном радні як і раней
     прытулле сэрцаў абагрэй!

***
Краіна – не акраец,
не лустачка – пасціцца.
     Вось я – прыдзвінскі малец:
     на ўскрайку мне гняздзіцца?
Я – сын Мацерыка,
увесь з яго рашчыны.
     І не ўскладзе рука
     Крыж на мяжу Айчыны.

***
Зноў прытулілі ствол і крона;
каля карэнняў я блукасты.
Мне Бацькаўшчына – абарона
ад сухастойнасці зубастай.
     Я еду, над зямлёй лячу,–
     а ніці роднасці сучу
на прадзіва – укараніцца.
І Дрэва Роду не баіцца:
Айчыну – вечнасці даўжніцу –
я ад сябе не адлучу.

***
Склаюцца падумкі то ў трывогу,
     а то ў суцешша.
І я збіраю сілы на падмогу,
     для абнадзежжа:
–Не  ляжам камякамі ў полі ворным
     не ў апярэнні…
Старонку Ведаў перагорнем –
не быць у падмятайлах дворні…
     М ы – у   с т в а р э н н і !

***
Дні лапаталі, шлёпалі… Пагода!
За пятніцай з’явілася субота –
     для супакою? Не, для разварота!
Каб тыдзень не заблытала кудзеля,–
разважлівая выбегла нядзеля.
     Нядзеля ж месяц запражэ ў работу,
каб месяцы дзяўблі дарогу году,
дзе наша чынавенства не брыдзе,–
     то грукне, а то шлёпне па вадзе…

***
Разветраная клавіятура нетраў
з тэмпературай тэмперамента –
у тэмбры крылатага тэнара…
     Тэмпера
Раддзівілаўскія драмы… Зарыва.
Мармуровыя  аркі  тэатра.
Зэдлікі. Марыва задніка…
     Мазаіка
Атынкаваная каланада,
кананадная буфенада,
антыкварная рыска, крэска…
     Фрэска
Ліра пастаральнага пастушка,
стыло, застольная кружка.
У прысценку  падушка, пасцель…
     Пастэль

***
     Пытальнікам застыў замгнённы Коўш:
     –І ты за акіянам? Дзе начуеш?
Там жаўранка на додні не пачуеш,
хоць луг прайдзі  – упоперак і ўздоўж.
     І ранішняе сонца не тваё,
     хаця з-над Беларусі збегла ўчора…
– О, мне і ноч – утульная пячора,
а Коўш замгнённы – для мяне  цаўё.
     З Палярнай Зоркай буду сябраваць,
     каб з вершам у Каўшы пераначаваць.

***
                  Абломак
                    дрэва…
            Пад карою слізь…
             Стаілася  ля пня
             суччо прыроды…
  З-пад Пірамідаў і народаў броды...
  Дзе ж Беларусі нашай высь і нізь?
   Ды я не павалюся –  так упруся,
  каб Слова стала кронай Беларусі.

***
Рассунутыя дні. І я – ушыркі:
прастора –ад пляча і да пляча.
Не згасла абнадзейнасці свяча.
Гісторыя гнібела ад мяча,
а потым дакраналася скарынкі…
…Ляціць мой птах з надзеяй ў вачах:
трапечуцца – усе яго пярынкі.
Я берагу свой меч. 
Вунь лыч падкапыча:
ахвоціцца на вольныя іскрынкі.

***
Крыжы?  Стаялі. Не было званіц
на лядах, расцяробах, раздарожжах…
     Намуленыя працай агароджы
     праходу не давалі да крыніц.
Намоленае сопкае святло
ад кожнага насельніка плыло.
     Няма Крыжа…Каб не было заможжа,–
     садзілі Ведзьмака на памяло.

***
 Праўду я здабуду:
Дух мой – для работы.
Клянчыць я не буду:
– Дзе  мае ільготы?
     Хто працуе справа,
     а хто злева вісне?
     Вам дазвол і права:
     дыхаць, верыць, мысліць.
Сам сябе прымушу
вылузгацца з ціны.
…Ў нашым Іярдане
яшчэ будуць ксціны.

***
Мой Травень – схрон.
     Упоравень высокіх крон,
дзе лета распасцёртыя абдымкі,–
     складае вершы ён?
Ды не ! Сам дастае са скрынкі.
     У Травеня я толькі паштальён.

***
Ну вось і я адзначыцца прыйшоў.
Не зломак, стаўлю подпіс-перакрэсце…
Ці ж сам прыйшоў? Не! Валадар знайшоў:
     –Не швэндацца і пад сябе не грэбсці –
     каб слепіндзёй на стромы ўлады лезьці!
…Гаспадаром мне гаспадарку весьці,
слаць Богу – у падзяку –  Дабравесце,
а не набыт ад чорных барышоў.

***
Лам’ё ад весніц, ад садоў карчы.
Старыя хутары і сёння паляць.
А што пакінуў хутар мой? Ключы,
якімі адмыкаю сёння Памяць.

***
Жывіцы куст укараніўся ў жвір.
     Вунь зверабой у камяняку ўпёрся.
Па беразе – па старажытным ворсе –
     хаджу я, зёлак верны канваір.
А позвы – у жыццё – як  адбываць?
     Ажыны мяць, гняздзечкам птушкі цешыцца?
Зямельку ўмеюць кветкі цалаваць,–
     і я хачу з каханаю кунежыцца.

***
Згарнула свой вузялок зіма.
Я зноў ачуньваю з лістотай:
мая вясенняя істота
глядзіць з пупышкі, не з вязьма…
/ Снапа з мяне яшчэ няма/.

А памяркоўнасць наша бокам
выходзіць, што ні гавары.
Пакрыўдзіць можам ненарокам,
а больш цалуем, ліжам… Вокам
кагось зачэпім… О, сябры!
Пад рэбры часта ставім кроквы…
А дзе нязрушныя муры?

 

***
Сама сябе прырода корміць
і ахвяруецца для нас.
     Ой, хутарок напэўна помніць:
     карміў мой бацька ў адначас
сям’ю, краіну і калгас.
Разбіты працаднём, пагас.
     Ад той дзяржаЛы сёння – роўнядзь…
     …Князь Справядлівасці – мой Спас.

***
Перакаціўся дзень праз панадворак.
Яго віціна з лайбаю сплыла.
     Вунь за жульвіцай я, калі мне сорак,
      а, пасталелы, тут – ля памяла.
Пад сонца падліковы мой рахунак
памкнуўся – і на суку завіс.
      На панадворку – лёсу сціплы клунак.
     Свой яблык я пакуль што не дагрыз.
Задумаўся:  з чаго пачну світанне,
што промнікам на дрэве запісаць?
     Нямудры выбар: крылцы запасаць,
     на чуб Мацерыка паслаць вітанне.

***
З праменьчыка жуклівага самкнуўся,
у чэрствую пячору я замкнуўся.
     Пад коранем крыўдлівасці акрэп?
     Не сінізна, там сівізна і крэп…
І зноў наповерх ісціны вярнуўся.
Сабраць шалушкі крыўды я нагнуўся,
а выпрастаўся – промня дакрануўся.
     Дух пасвяжэў. Прычасце – чэрствы хлеб.
     Какорына?  О, мой Крывіцкі Герб.

***
Анёл-ахоўнік – праведнік-настаўнік.
     Абараняе ён ад наслання
і ад нашэптаў сённяшніх і даўніх.
     Калі ж пануе ў целе толькі страўнік,–
ён апускае крылы: ў руху звабнік…
     І нада мною д’ябла даланя.

***
Усцешаны  чужым жыццём пагодным,
падобным на неспазнаны Рай.
     Нацешаны я ўсмешлівым і родным
     акрайчыкам маўлення – словам “Край”.
     Устрапянецца мой крывіцкі гай.
Ад слова гулкага мы зноў пачнем
дужэць і выяўляць, хто глух і нем.

***
Не падганяй гадоў наплывы:
на ўсё свой час. І дзень імклівы
     цябе агорне і ўзнясе.
Не ты адзін ля цёплай грывы:
імчым, шчаслівыя, мы ўсе.
     Каб не было пустоты ў працы,–
не будзем у прагал вяртацца.
Прызванне  брацтва: нараджацца
      іскрынкамі ў жывой расе.
Прабудны дзень – каб не баяцца,
свабоднай нацыяй азвацца,
     дзе мы – узнёслымі –  усе!
––––––––––––––––––––––––––––––––––––––––––––––––––––––––––––––-

Каложа – царква, помнік архітэктуры ХІІ ст. у г. Гродна.
Атлант – тытан; Карыятыда – у старажытнагрэчаскай  міфалогіі эпітэт багіні лясоў
і палявання; дзякло – падатак з сялян ВКЛ; бэшла – недарэка, неахайны чалавек;
круціць мітулямі – зняважлівае выказванне пра хітрыкі;  сціменнік – жулік-прайдоха;
Босая вада – вобраз першабытнасці, чысціні; Зьніч – святы агонь, першавыток жыцця,
святла, цеплыні;  руно, шчыгрэнь – тлумачэнні здабычы аўчыны, багацця;  аўтахтон –
мясцовы жыхар; Коўш з сузор’я Вялікая Мядзведзіца; Іярдан – рака ў Палесціне, каля
 якой верагоднае месца Хрышчэння Ісуса; Спас – свята ўраджаю.

Прочитано 148 раз