Пятница, 18 06 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Захар Бірала: «Здзівіў надзвычайнай сціпласцю…»

  • Понедельник, 17 мая 2021 14:36

На Пухавіччыне добра памятаюць паэта, сатырыка, дзіцячага пісьменніка Захара Якаўлевіча Біралу (1906 – 1993). Чалавек паспрабаваў на сабе многія выпрабаванні, пакуты XX стагоддзя.

Першая кніга яго сатырычных твораў – «Смех і радасць вёскі» – пабачыла свет у 1929 годзе. У 1934 – 1936 гг. выкладаў беларускую і рускую мовы ў Лагойскай сярэдняй школе. 14 лістапада 1936 года быў арыштаваны. У 1937 годзе прыгаварылі да васьмі гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у Горкаўскай вобласці, працаваў на лесанарыхтоўках. Вызвалены ў 1940 годзе. Прайшоў праз Вялікую Айчынную вайну. Быў паранены. Пасля вайны працаваў у Мар’інагорскім сельскагаспадарчым тэхнікуме – да 1973 года… Рэабілітавалі пісьменніка ў 1958 годзе. У Саюз пісьменнікаў прынялі толькі ў 1980-м…

І ўсе пасляваенныя дзесяцігоддзі паэт імкнуўся вырвацца з цянётаў забыцця. Наладзіў цеснае супрацоўніцтва з «Вожыкам», друкаваўся ў іншых  перыядычных выданнях. У пухавіцкай раённай газеце «Сцяг працы». Кіраваў літаратурным гуртком у сельсгастэхнікуме. Некаторы час – літаратурным аб’яднаннем пры рэдакцыі пухавіцкай «раёнкі». І вельмі шмат выступаў, ездзячы па Пухавіччыне. У школах, на прадпрыемствах, у калгасах, у сельскіх клубах. Людзі з задавальненнем слухалі яго сатырчыныя творы, магчыма, шукаючы падабенства праблем і персанажаў на месцах з мастацкімі знаходкамі Захара Якаўлевіча.

Часта бываў Захар Бірала і ў Чэрвені, Чэрвеньскім раёне. Мясціны гэтыя – па суседству з Пухавіччынай. Некалькі гадоў назад мне давялося гутарыць з смілавіцкім настаўнікам, краязнаўцам Іванам Ярашэвічам, які і сам актыўна займаўся літаратурай. Вось што ўспомніў тады Іван Паўлавіч пра Захару Біралу:

‒ У 1968 – 1971 і 1977 – 1979 гады я працаваў выкладчыкам грамадскіх дысцыплін Смілавіцкага прафесійна-тэхнічнага вучылішча ў гарадскім пасёлку Смілавічы. Менавіта ў гэты час (год, прабачце, я дакладна не памятаю) аднойчы і адбылася сустрэча моладзі гарадскога пасёлка з паэтам Захарам Біралам. Зала была запоўнена літаральна бітком. У твар паэта, відаць, ніхто не ведаў. І папярэдне пра паэта ніхто нічога не паведаміў. Пэўна, у адпаведнасці з тым часам чакалі маладога і жвавага патлатага творцу, у модным фрэнчу, белай сарочцы і пры гальштуку. На сцэну ж выйшаў пажылы мужчына, такіх можна было шмат сустрэць і ў саміх Смілавічах. Відавочна, што песнійнага ўзросту. Сухашчавы. Сціпла апрануты. Прадставіўся ж нам як выкладчык Мар’інагорскага тэхнікума і паэт. У зале, гэта я назіраў на свае вочы, адчулася расчараванне, пайшлі размовы, ніяк не звязаныя з літаратурай. Але вось Захар Бірала прачытаў два вершы – і літаральна завалодаў увагай аўдыторыі. І трымаў гэтую шчырую ўвагу да канца сустрэчы. Усталявалася поўная цішыня. Выступленне перарывалася толькі  апладысментамі, адарасаванымі і манеры чытання, і трапным выразам з вершаў… Паэт чытаў найболей сатырычныя і гумарыстычныя творы на самыя злабадзённыя жыццёвыя тэмы. Усё гэта адпавядала думкам, настрою слухачаў. Гучала пявучая родная мова, гучала натуральна, без усялякага надрыву. І выступленне ўспрымалася вельмі і вельмі добра… І тут я хацеў бы звярнуць увагу на адну акалічнасць. Адказваючы на пытанні слухачоў, адным сказам Захар Якаўлевіч паведаміў, што да вайны быў рэпрэсаваны. І ў зале горача заапладзіравалі. Такі факт не мог не ўразіць. І мне падумалася, што які сціплы перад намі чалавек, мог жа пачаць вечарыну адразу з расповеду пра свой лёс. Не, ён сказаў коратка пра сябе толькі напрыканцы…

Праводзілі Захару Біралу з той смілавіцкай цёплай залы стоячы. Апладысменты пашаны гучалі некалькі хвілін.

Мікола Берлеж

Прочитано 1162 раз