Версия для печати

Да 255-годдзя з дня нараджэння аўтара «Кнігі джунгляў»

  • Вторник, 29 декабря 2020 23:37
  • Автор  Сугучча

30 снежня 1865 ў Бамбеі (Індыя ў той час з’яўлялася калоніяй Вялікабрытаніі) нарадзіўся англійскі паэт, празаік і публіцыст Джозаф Рэдзьярд Кіплінг.

Як мінімум шэсць кніг класіка англійскай літаратуры перакладзены на беларускую мову і выдадзены ў Мінску. Першая з іх пабачыла свет праз два гады пасля смерці Кіплінга – у 1938 годзе (памёр пісьменнік 18 студзеня 1936 года ў Лондане, дзе і пахаваны): «Рыкі-Цікі-Таві». Яшчэ праз год, у 1939 годзе, ‒ зборнік «Казкі». У 1974 годзе ў перакладзе Васіля Хомчанкі пабачыла свет кніга Джозафа Рэдзьярда Кіплінга «Чаму ў слоніка доўгі нос». У 1981 і 1982 гг. – «Маўглі. З “Кнігі джунгляў”». Перакладчыкам апавяданняў – Сяргей Міхальчук. У 1994 годзе – зборнік апавяданняў і казак «Маўглі».

Дарэчы, Кіплінг – першы англійскі пісьменнік, які атрымаў Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры. Гэта ўжо пасля прэмію атрымалі Бернард Шоу (1925), Дж. Галсуорсі (1932), Томас Эліят (1948), Бертран Расел (1950), Уінстан Чэрчыль (1953)  і яшчэ шэсць пісьменнікаў. Кіплінг быў адзначаны за «моц назіральнасці, арыгінальнасць творчай фантазіі, мужнасць ідэй і цудоўны талент аповеду, што характарызуюць творы гэтага сусветна вядомага аўтара». Сярод узнагарод класіка англійскай літаратуры – ганаровыя ступені ўніверсітэтаў Парыжа, Страсбурга, Афін і Таронта, Оксфардскага, Кембрыджскага, Эдынбургскага, Дарэмскага ўніверсітэтаў.

Пісьменніка лічаць адным з лідараў мастацкага слова, хто істотна ўзбагаціў англійскую мову арыгінальнымі метафарамі.

Будзем спадзявацца, што і надалей беларускія перакладчыкі прадоўжаць свой зварот да пераўвасаблення празаічных і паэтычных твораў Кіплінга на беларускую мову.

 

Максім Веяніс

Прочитано 268 раз Последнее изменение Вторник, 29 декабря 2020 23:37